Час адраджаць муры
01.03.2011
—
Новости Общества
|
Людзі выратуюць замкі, да якіх аказаліся бязлітаснымі войны і стагоддзі.
Зямлёй замкаў называюць Гродзеншчыну. У Прынёманскім краі іх дзевяць. І кожны з гэтых старажытных муроў нясе адбітак нашай гісторыі. Цярпліва чакаюць сваёй чаргі на рэканструкцыю Стары замак ў Гродне і Навагрудскі, усё ніжэйшымі з гадамі становяцца руіны знакамітага Крэўскага замка, усё слабейшымі аркі скляпенняў Гальшанскага... Таму невыпадкова ініцыятыва стварэння дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”, якую адобрыў кіраўнік дзяржавы, зыходзіла ад міністра культуры Паўла Латушкі і старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры падчас адкрыцця пасля рэканструкцыі Мірскага замка. Як ідзе распачатая вялікая справа адраджэння гэтай гістарычнай спадчыны, якой надзвычай адорана Гродзеншчына?
У кожнага свая слава
Калі спытаць, які замак сёння з’яўляецца самым вядомым у Беларусі, многія, напэўна, адкажуць — Мірскі. Гэта адзіны замак на тэрыторыі нашай краіны, які ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Амаль поўнасцю адноўлены замак ХVI ста-годдзя, які памятае Радзівілаў і вытрымаў усе войны, што пракаціліся за яго век па беларускіх землях, сёння адзін з найбольш папулярных турыстычных аб’ектаў краіны, нацыянальны здабытак. А калі ўзыходзіш на Замкавую гару і дакранаешся да старажытнай, амаль разбуранай вежы Навагрудскага замка, адчуваеш, што менавіта тут захавалася сувязь часоў і няма замка больш вядомага, чым той, каторы, як і сам старажытны Навагрудак, называюць калыскай беларускай нацыі.Адноўлены Новы замак у Гродне, другое жыццё, а разам з тым і вядомасць, набыў Лідскі замак Гедыміна. Але далей, на жаль, падарожжа па зямлі замкаў — Гродзеншчыне пакуль што ляжыць па руінах.Ці зрушылася з месца праблема выратавання старажытных муроў? Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесены 21 замак. Стары і Новы замкі ў Гродне, Лідскі, Мірскі, Гальшанскі, Навагрудскі, Любчанскі, Крэўскі, Геранёнскі — гэта замкі Гродзеншчыны. Зараз з мэтай захавання помнікаў абарончага дойлідства Міністэрствам культуры распрацоўваецца праграма дзеянняў “Замкі Беларусі”, якая разлічана на сем гадоў і будзе забяспечваць каардынацыю мерапрыемстваў па захаванню і эфектыўнаму выкарыстанню помнікаў. На рэалізацыю праекта ў маштабе краіны плануецца накіраваць звыш 180 мільярдаў рублёў. Да памеру фінансавання кожнага замка будзе асабісты падыход, у залежнасці ад стану.Са свайго боку Гродзенскі аблвыканкам ужо накіраваў у Міністэрства культуры прапановы па відах і плануемых тэрмінах работ па захаванню замкаў Гродзеншчыны. Планы выглядаюць наступным чынам. Комплекс Старога замка ў Гродне, дзе ёсць намер выканаць кансервацыю і рэстаўрацыю гістарычных пабудоў, плануецца ўключыць у дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2012 год. А ўвогуле тэрмін правядзення работ тут разлічаны да 2018 года.
У праграму “Культура Беларусі” на 2011—2015 гады будуць уключаны Лідскі замак, руіны Гальшанскага, Навагрудскага. Дарэчы, Лідскі замак ёсць намер поўнасцю аднавіць ужо праз тры гады. На Навагрудскім на працягу пяці гадоў плануецца выканаць работы па кансервацыі руін з частковай рэканструкцыяй вежы Шчытоўка.У Гальшанах прадугледжваецца кансервацыя рэшткаў муроў, арганізацыя іх экспанавання. Такі ж лёс наканаваны рэшткам замка ў Геранёнах, якія адносяцца да помнікаў археалогіі. Плануецца ўжо ў гэтым годзе за кошт правядзення раённых суботнікаў іх закансерваваць, а тэрыторыю добраўпарадкаваць.На фрагментах знакамітага замка XIV стагоддзя ў вёсцы Крэва Смаргонскага раёна ёсць намер таксама правесці работы па кансервацыі абарончых муроў, а паўночную вежу пасля рэканструкцыі прыстасаваць пад размяшчэнне музейнай экспазіцыі. Гэты аб’ект прапанаваны ў праект Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь.Такім чынам, вытокі фінансавання справы адраджэння замкаў абазначаны. Але акрамя выдзялення на гэтыя мэты сродкаў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў застаецца месца і для асабістай ініцыятывы кожнага беларуса.
Талака і саборнасць
Людзі, якім дарагі Любчанскі замак, што таксама памятае Радзівілаў, не сталі чакаць, калі да яго дойдзе чарга рэстаўрацыі. Восем гадоў таму па ініцыятыве земляка, афіцэра ў адстаўцы Івана Пячынскага стварылі дабрачынны фонд, які так і назвалі “Любчанскі замак”. Напачатку не верылася, што такая амбіцыйная акцыя працягнецца доўга і прынясе свае плады.— Мы ўзяліся ратаваць замак, як кажуць, талакой і саборна, паколькі тады не бачылі альтэрнатывы. Тры гады з васьмі пайшло толькі на тое, каб атрымаць згоду розных інстанцый на вядзенне рэстаўрацыйных работ на запусцелым, амаль разбураным замку, — расказвае Іван Антонавіч.Запалу на добрую справу хапіла, і ў выніку ініцыятыву падхапілі валанцёры з Беларусі і Польшчы. За гэты час звыш шасцісот энтузіястаў адпрацавалі на рэстаўрацыі замка прыкладна пяць тысяч чалавека-дзён. Агульнымі намаганнямі ўжо шмат зроблена па выратаванню замка. З удзячнасцю Іван Пячынскі адзываецца аб студэнтах архітэктурнага факультэта БНТУ і іх кіраўніках, прафесарах Валерыю Кожару і Уладзіміру Трацэўскім, навуковым кіраўніку аб’екта Аляксандру Кропатаве, аб памочніках з Лігі дабравольнай працы. Дарэчы, сам Іван Антонавіч, сталічны жыхар, як мінімум два дні на ты-дзень прысвячае замку.— Студэнты на прыкладзе Любчанскага замка не толькі пішуць курсавыя работы, але і сваімі рукамі падымаюць яго з руін. Гэта і ёсць сапраўднае дачыненне да справы захавання нашай гісторыі і культуры, — зазначае ён.У тым, што Любчанскі замак будзе адноўлены і стане выкарыстоўвацца згодна са статусам архітэктурнага помніка рэспубліканскага значэння, Іван Пячынскі ўпэўнены. Сваю каманду аднадумцаў гэты апантаны чалавек ужо стварыў. Ці ж гэта не прыклад для неабыякавых да сваёй спадчыны беларусаў?
Застылая ў камені гісторыя
Яна нам патрэбная для таго, каб упэўнена глядзець у будучыню
Святлана МАРОЗАВА, прафесар, доктар гістарычных навук, загадчыца кафедры гісторыі Беларусі ГрГУ імя Янкі Купалы: — Кажуць, што народ, які не ведае сваёй гісторыі, не мае будучыні. Замкі Беларусі — гэта застылая ў камені гісторыя, гэта для нас і наступных пакаленняў, так сказаць, матэрыялізаваная гісторыя. Нават руіны замкаў уражваюць сваёй веліччу і нясуць у сабе вялікі выхаваўчы патэнцыял. Разам з тым сумныя відовішчы некалі жамчужын беларускай зямлі — нашых знакамітых замкаў, дзе адбываліся падзеі еўрапейскага значэння (возьмем хоць бы Крэўскую унію 1385 года, якая змяніла геапалітычную сітуацыю ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе), як ніколі нагадваюць пра хуткаплыннасць часу.Лёс гэтай унікальнай спадчыны залежыць ад нас, ад нашых дзеяння або бяздзеяння. У апошнім выпадку ад Крэўскага і Гальшанскага замкаў, напрыклад, праз некалькі дзесяцігоддзяў могуць застацца толькі груды камянёў.На маю думку, вельмі своечасовай стала прапанова аб прыняцці дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”, распрацоўка якой распачата. Яна павінна прадугледжваць аналіз стану ўсіх замкаў, біяхімічны аналіз іх будаўнічых матэрыялаў, завядзенне “дасье” на кожны замак, вызначэнне прыярытэтаў аднаўлення з улікам гістарычнай значнасці і фізічнага стану аб’ектаў. Затым павінна ісці кансервацыя руін, верагодна, частковае іх аднаўленне, рэстаўрацыя больш-менш захаваных замкаў. Абавязковай умовай рэстаўрацыі павінна быць захаванне аўтэнтычнасці інтэр’ераў, вонкавага аблічча замкаў, нават новавырабленых будаўнічых матэрыялаў (напрыклад, ідэнтычны гістарычнаму састаў цэглы). Наступным крокам павінна стаць стварэнне інфраструктуры для эфектыўнага выкарыстання адноўленых замкаў, уключэння іх у культурны і турыстычны абарот. Абавязковай з’яўляюцца таксама папулярызацыя гэтай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і добра пастаўленая яе рэклама.Усё гэта павінна рабіцца аб’яднанымі высілкамі органаў улады, устаноў адукацыі і культуры, рэстаўрацыйных майстэрняў, уласнікаў помнікаў, грамадскіх аб’яднанняў і сродкаў масавай інфармацыі.Рэалізацыя гэтай праграмы будзе спрыяць павышэнню духоўнага і інтэлектуальнага ўзроўню беларускай нацыі і развіццю ў краіне турыстычнага бізнесу.
Міхаіл КАЖУРА, намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама: — Аднавіць замак — толькі палова справы, патрэбна, каб ён ажыў. Такі еўрапейскі вопыт, як перадача замкаў у асабістую маёмасць, для Беларусі не характэрны, але гэта не выключае поле дзейнасці для бізнесу. Таму рэстаўрацыю замка і развіццё інфраструктуры ў населеным пункце, дзе ён размешчаны, патрэбна планаваць, на маю думку, адначасова. Толькі ў такім выпадку замак ажыве і стане акупным турыстычным аб’ектам, а не проста музеем, наведаўшы які турысты адправяцца траціць грошы ў сталіцу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людзі выратуюць замкі, да якіх аказаліся бязлітаснымі войны і стагоддзі. Зямлёй замкаў называюць Гродзеншчыну. У Прынёманскім краі іх дзевяць. І кожны з гэтых...
|
|