Вялікі дзявочнік
05.03.2011
—
Новости Общества
|
Банцікі, рушачкі і кветачкі — неад'емныя элементы жаночага гардэробу. Шопінг, кар'ера і справы амурныя (у адвольнай паслядоўнасці) — абавязковыя тэмы для гутарак сучасных паненак. А заўсёдныя атрыбуты вячорак для лэдзі — гэта, вядома ж, бесклапотны смех і сардэчныя прызнанні на тэму "ўсе мужыкі ..." за келіхам чаго-небудзь з бурбалкамі. У прадстаўнікоў моцнай паловы хапае сваіх, "закрытых", зон: на рыбалку, футбол ды ў гараж яны звычайна выпраўляюцца без дам. Героі "Іроніі лёсу" вунь мелі звычай хадзіць у лазню напярэдадні Новага года. А шмат вы чулі пра жаночыя традыцыі? Нашы каляжанкі на Захадзе, напрыклад, штогод святкуюць Дзень сябровак. Першага жніўня яны дружна робяць манікюр, песцяцца ў спа-салоне і перамываюць косці знаёмым. У гэты дзень забараняецца праменьваць даўнюю сяброўку на новага кавалера і займацца нежаночымі справамі. Раз на год жа можна выкраіць час і правесці яго ў кампаніі таварышак! Такое свята рызыкуе з'явіцца і ў беларусак. Збор подпісаў за яго поўным ходам ідзе на сайце www.dеnроdrug.bу. Аўтар- ка гэтых нататак стала 3760-й. Грэх не папоўніць каляндар яшчэ адным святам! Да жніўня яшчэ далёка, але ж нястомныя беларускі ўжо правялі рэпетыцыю вялікага дзявочніка. Напярэдадні вясны — пары, калі не прыкрытая капелюшамі і кажухамі жаноцкасць абуджаецца ад зімовага сну — прадстаўніцы прыгожай паловы сабраліся ў сталічным Доме кіно на чыста жаночую вечарыну. На дзявочніку былі заўважаны, напрыклад, спявачкі Іскуі Абалян і Іна Афанасьева, шоу-дзіва і пісьменніца Тамара Лісіцкая. Хто ж упусціць шанц правесці вечар з сяброўкамі?! За келіхам іскрыстага Еvе паненкі атрымалі асалоду ад жывой музыкі, дызайнерскіх калекцыйных рэтраплакатаў пачатку ХХ стагоддзя і, натуральна, усмак нафатаграфаваліся. Які ж дзявочнік без памятных здымкаў? Што яшчэ любяць жанчыны, дык гэта каб усё было, як у кіно! Новая модная стужка Вудзі Алена "Ты сустрэнеш таямнічага незнаёмца" яшчэ раз нагадала ім пра тое, што лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх яшчэ не бываў. У сэнсе, самая жаданая жанчына — тая... на якую глядзіш праз акно. То бок, дамачкі, давайце імкнуцца да новага, не стамляцца здзіўляць сваіх мужчын, асвяжаць адносіны. Тым больш, вясна на дварэ! Ала МАЧАЛАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Банцікі, рушачкі і кветачкі — неад'емныя элементы жаночага гардэробу. Шопінг, кар'ера і справы амурныя (у адвольнай паслядоўнасці) — абавязковыя тэмы для...
|
|