Перачытай Багдановіча!. 21.by

Перачытай Багдановіча!

12.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Плакаты з такім надпісам, магчыма, з'явяцца на вуліцах беларускіх гарадоў

Днямі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску адбылося першае пасяджэнне рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Арганізацыйны камітэт, у які ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі, прадстаўнікі Гродзенскага, Мінскага, Брэсцкага аблвыканкамаў і гарвыканкамаў, Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Саюза пісьменнікаў Беларусі, распрацаваў цэлы шэраг мерапрыемстваў па ўсёй краіне, якія будуць прапагандаваць і папулярызаваць творчасць славутага беларускага паэта.

— Гісторыя ўшанавання памяці Максіма Багдановіча і папулярызацыя яго творчасці пачынаецца з 1918 года з арганізацыі мерапрыемстваў да 1-ай гадавіны смерці паэта, — распавядае міністр культуры Павел Латушка. — З таго часу для захавання імя і творчасці паэта для нашчадкаў зроблена шмат. У 1981 годзе ў Мінску з'явіўся Літаратурны музей Максіма Багдановіча. У Гродне захаваўся дом, дзе жыла сям'я Багдановічаў, і там таксама створаны музей. У Яраслаўлі створана экспазіцыя "Беларусі паэт з берагоў Волгі". А ў 2003 годзе ў Ялце па ініцыятыве Міністэрства культуры Беларусі ажыццявілі добраўпарадкаванне магілы паэта. Нам ёсць чым ганарыцца, але пачэсная справа святкавання 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ставіць перад намі новыя задачы. З нагоды гэтай ганаровай даты мы плануем зрабіць альбо дарабіць тое, што яшчэ не паспелі. Спадзяюся, што дзяржаўныя ўстановы па ўсёй краіне падтрымаюць наша высакароднае памкненне данесці рамантычную паэзію беларускага класіка да кожнага беларуса.

Сярод асноўных мерапрыемстваў, прысвечаных надыходнай даце, па словах міністра культуры, рэстаўрацыя дома ў Траецкім прадмесці Мінска, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. У рамках Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" Міністэрства культуры таксама плануе выдаткаваць фінансавыя сродкі ў аб'ёме 1 100,0 млн бел. руб. на выкананне работ па капітальным рамонце Літаратурнага музея Максім Багдановіча (рамонт даху, замена аконных і дзвярных блокаў, унутранае аздабленне будынка, усталяванне тэхналагічнага абсталявання і ўпарадкаванне тэрыторыі музея). Сёлета плануецца выдаць энцыклапедыю "Максім Багдановіч" і зрабіць 3-е перавыданне факсімільнага выдання адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча "Вянок".

— Апошні наклад кнігі "Вянок" у 50 тысяч экзэмпляраў разышоўся, — тлумачыць Таццяна Шаляговіч, дырэктар Літаратурнага музея М. Багдановіча. — Але тым не менш кніга ўсё адно застаецца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Сярод іншых гучных падзей, прымеркаваных да 120-годдзя паэта, усталяванне помніка Багдановічу ў Гродне і правядзенне ўжо традыцыйнага рэспубліканскага свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета".

Міністэрства адукацыі заклікае да актыўнага ўдзелу ў святкаванні значнай даты навучэнцаў усіх навучальных установаў Беларусі: ад дашкольных да вышэйшых. Акрамя вечароў творчасці і разнастайных экскурсій па сцежках Багдановіча, школьнікам, напрыклад, будзе прапанаваны конкурс сачыненняў пра жыццё і творчасць Максіма. Найлепшыя сачыненні, як паабяцаў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно, будуць надрукаваныя ў педагагічных і рэспубліканскіх СМІ.

Тэле- і радыёэфір абяцае спецыяльныя інфармацыйныя матэрыялы і відэасюжэты, прысвечаныя Багдановічу.

— Магчыма, будзе відэа- ці аўдыяпраект, у якім вядомыя людзі чытаюць вершы паэта, — плануе Павел Латушка.

"Белвідэацэнтр" рыхтуе дакументальны фільм пра Максіма Багдановіча, Мінсувязі — канверт з арыгінальнай маркай, каляндар і нататнік, Нацыянальны банк — памятную манету з выявай паэта, а Мінскі гарвыканкам мусіць парупіцца пра выданне крэатыўных шырокафарматных плакатаў з выявай Максіма Багдановіча і размясціць іх на рэкламных стэндах Мінска. Бігборды да 120-годдзя паэта з'явяцца, магчыма, і ў іншых гарадах Беларусі.

Святкаванне ўгодкаў Максіма Багдановіча абяцае мець сапраўды маштабны агульнарэспубліканскі размах. І праўда, добра было б, каб кожны беларус, зайшоўшы ці ў краму, ці на пошту, ці ў іншае грамадскае месца, узгадваў, што сёлета ўгодкі паэта, які ўзняў беларускую мову і літаратуру да еўрапейскага ўзроўню.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Плакаты з такім надпісам, магчыма, з'явяцца на вуліцах беларускіх гарадоў Днямі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску адбылося першае пасяджэнне...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика