Мора Паўла Місько (развагі ў абдымку з кнігай). 21.by

Мора Паўла Місько (развагі ў абдымку з кнігай)

15.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзіцячая літаратура — гэта ўводзіны ў беларускую мову і культуру, сваёй творчасцю даказвае пісьменнік Павел Місько. Менавіта нацыянальная дзіцячая літаратура змалку выхоўвае чалавека, які лічыць сябе часткай таго ці іншага народа.

Вядомаму пісьменніку Паўлу Місько 14 сакавіка споўнілася 80 гадоў. Большая частка творчасці Паўла Андрэевіча — гэта акурат уводзіны ў Беларусь для малых. І гэта зусім не дзіўна, таму што Павел Місько — былы "звяздовец", у 1959—1964 гг. працаваў уласным карэспандэнтам нашай газеты па Гродзенскай вобласці.

Павел Андрэевіч родам з глыбінкі, са Случчыны, скончыў журналісцкае аддзяленне філфака. Што яшчэ трэба пісьменніку для выдатнага ведання мовы, як не сталенне сярод жывой народнай гаворкі і прафесійнае аздабленне натуральнага чуцця? Творы Місько больш за ўсё і чапляюць жвавасцю мовы, нацыянальным каларытам, характэрнымі персанажамі. Яшчэ са школы дзеткі памятаюць забаўных сабачак Булькі і Боба з амаль фантастычнай аповесці "Прыгоды Бульбобаў".

Хоць піша Павел Андрэевіч не толькі для дзяцей. Яго апошняя кніга прозы "Прыгавораны да жыцця" выйшла ў 2007 годзе. У яе ўвайшлі вельмі глыбакадумныя філасофскія тэксты для дарослых. Адзін з іх — "Ніль адмірары, альбо Я выбіраю смерць" — выдатная антыўтопія, значная для нашай літаратуры, небагатай на творы ў такім гуманістычным жанры. Уразіла аповесць "Зялёныя змеі". Амаль дэтэктыўны сюжэт, праблема Чарнобыля, аўтэнтычныя матывы: сын хоча перазахаваць косці бацькоў, якія засталіся на "зоне"...

Аднойчы, размаўляючы са сваімі сябрамі, высветліла, што большасць з іх памятае з дзяцінства рускіх казачных герояў, персанажаў рускіх дзіцячых кніг. Беларускіх герояў памятаюць адзінкі, ды і тое не ў такой колькасці, як рускіх.

Стала мне жудасна крыўдна. Чаму гэта беларусы так дрэнна ведаюць/памятаюць беларускую дзіцячую літаратуру? На жаль, школьныя настаўнікі не заўжды выхоўваюць прыязнае стаўленне і любоў да роднай культуры, мовы, літаратуры. Таму і ў памяці беларускія героі не адбіваюцца. Але ж яны ёсць! Іх багата! Самых цудоўных, цікавых і незвычайных! Яны нясуць дзецям дабрыню і беларускае светабачанне, дапамагаюць разабрацца ў нацыянальным характары і менталітэце, быць беларусамі з дзяцінства!

Вось узялася пагартаць кніжку казак Паўла Місько "Прыйдзі, дзень-залацень!", выдадзеную ў 1993 годзе. Гэтую шыкоўную кнігу, наскрозь працятую беларускасцю, з сакавітай мовай і цёплымі добрымі ілюстрацыямі В. Валынца сёння не купіш у кнігарнях. Чамусьці нікому не прыходзіць у галаву выдаваць кнігі беларускіх дзіцячых пісьменнікаў хоць бы да круглых датаў... А дзіцячай літаратуры ў нас дэфіцыт. Калі замала сучасных дзіцячых пісьменнікаў, дык чаму б не перавыдаваць класікаў?! Бацькі не выхаваюць сваіх дзяцей беларусамі толькі на Пушкіне, Барто, Андэрсане ды братах Грым... А добрыя беларускія дзіцячыя кніжкі не залежваюцца на прылаўках. Сама правярала. Вунь "Касмічную кнігу ў творах беларускіх пісьменнікаў", якая выйшла ў "ЛіМе" ў 2010 годзе і якую ўкладала Расіа Баравікова, імгненна размялі. Цяпер не дастаць. "Прыйдзі, дзень-залацень!" Паўла Місько ў свой час таксама размялі. Дзеці зачытвалі яе да дзірак. Яшчэ б! У кнізе распавядаецца аб прыгодах і сталенні хлопчыка Ваняткі, які аказваецца "ўцягнуты" аўтарам у сюжэты разнастайных беларускіх народных казак (бытавых, чарадзейных і пра жывёл). Шчыра кажучы, для свайго часу гэта досыць эксперыментальны падыход: на традыцыйнай глебе народных казак аўтар стварыў новага героя, новыя вобразы традыцыйных казачных персанажаў. Мова Паўла Місько выштукаваная, сакавітая, рытмізаваная і нават рыфмаваная, хоць казкі і напісаныя прозай. У беларускай дзіцячай літаратуры аналагаў такому няма.

Асабіста я заўжды ставілася да беларускай мовы з нейкім сакральным трымценнем. І здаецца мне, што калі дзеці будуць чытаць кніжкі, напісаныя такой паэтычнай прозай, як, напрыклад, у Паўла Місько, то вырастуць добрымі людзьмі, сапраўднымі беларусамі. Дзіцячая літаратура развівае лексічны запас дзіцяці, таму кнігі, дзе ёсць дыялектызмы, нейкія рэдкія слоўцы, ім чытаць карысна — гэта ўзбагачае іх гаворку і ўяўленне пра родную мову.

"Села рабка ў гняздзечка і знесла яечка. Бабка рада, дзедка рады, скончыліся ў іх сваркі і звады. Бо калі баба з дзедам сварыцца? Калі ў гаршку трасца варыцца. А калі ў хаце калоціцца? Калі ў гумне не малоціцца", — перачытвала я "Прыйдзі, дзень-залацень!" і аж пішчала ад задавальнення. Як трапна, як складна, як ладненька! Як мне падабаюцца гэтыя стылізацыі пад народныя прымаўкі і мудраслоўі!

Думаю, беларуская літаратура (любая і сучасная) павінна мець нацыянальныя адрозненні. Яна не павінна быць падобнай на рускую, амерыканскую ці кітайскую. Яна павінна быць беларускай — і тэмы, і мясцовасць, і імёны павінны быць беларускімі. Гэтым мне і падабаецца творчасць Паўла Місько. І "Прыгоды Бульбобаў" (гісторыя, расказаная сабачанём), і "Грот афаліны" (пра сяброўства дэльфіна з чалавекам), якія чытаюць пазакласна ў школе, дужа падабаюцца дзецям.

Добра памятаю раман для падлеткаў Паўла Місько "Мора Герадота" пра партызанскую вайну на Палессі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Але раман цікавы найбольш тым, што мае вельмі шмат падсюжэтаў, якія знаёмяць дзяцей з даўняй гісторыяй Беларусі, у прыватнасці, нашага Палесся. Для мяне некалі было сапраўдным адкрыццём тое, што старажытны грэчаскі філосаф Герадот пісаў пра мора, якое знаходзілася на тэрыторыі нашай краіны. Пазней я даведался, што ў "Мельпамене" гісторык прыгадвае Палескае Ледавіковае мора, вядомае як Мора Герадота. Але наколькі насамрэч важна, каб дзіцячая літаратура была працятая такога кшталту інфармацыяй. Бо менавіта такія факты выхоўваюць у малым патрыятызм і гонар за родную краіну. Такія факты малы яшчэ не можа прачытаць нідзе, бо нічога, акрамя дзіцячай літаратуры, яму яшчэ не даступна. Таму бацькі абавязкова павінны рупіцца пра тое, каб у ручкі дзіцятку траплялі разумныя і добрыя беларускія кніжкі. А як жа інакш? Як жа яму спрачацца з тымі, хто будзе лічыць Беларусь менш "прасунутай" і развітай, чым, напрыклад, Амерыка? Чым прывабіць у будучыні сябра з замежнай краіны, каб той прыехаў у госці ў Беларусь?! Нацыянальная дзіцячая літаратура акурат і рыхтуе падмурак для нараджэння Асобы — гуманіста, патрыёта, справядлівага сумленнага чалавека. Такога, як выхоўваюць творы Паўла Місько.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Фота з архіва пісьменніка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзіцячая літаратура — гэта ўводзіны ў беларускую мову і культуру, сваёй творчасцю даказвае пісьменнік Павел Місько. Менавіта нацыянальная дзіцячая літаратура...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика