Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь: "Кожны пяты зварот прызнаны абгрунтаваным". 21.by

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь: "Кожны пяты зварот прызнаны абгрунтаваным"

18.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Блізкая ўлада

  Рыгор Васілевіч сустрэўся з працоўным калектывам Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання і правёў прыём работнікаў прадпрыемства.

Пракурорская абарона

У актавай зале завода сабралася шмат людзей, каб паслухаць Рыгора Васілевіча. На ўласна прыём са сваімі праблемамі і пытаннямі запісалася 7 супрацоўнікаў "Магілёўліфтмаша", але спачатку Генеральны пракурор у даступнай форме расказаў пра сучасныя тэндэнцыі ў заканадаўстве і прававой практыцы.

Наперш выступоўца звярнуў увагу на Дырэктыву Прэзідэнта № 4, якая прадугледжвае большую свабоду ў рэгуляванні працоўных адносін, што ў канчатковым выніку павінна зрабіць працу людзей больш эфектыўнай, дазволіць зарабляць болей і жыць лепей.

Рыгор Васілевіч таксама расказаў аб працы пракуратуры. Сёння ў гэтай сістэме працуе каля 2 тысяч пракурорскіх работнікаў, што ў два разы меней за працоўны калектыў завода ліфтавага машынабудавання. Пракуроры прызначаны абараняць правы грамадзян і суб'ектаў гаспадарання, патрабаваць належнага выканання законаў у краіне.

Паводле слоў Рыгора Васілевіча, за апошнія гады ў Беларусі назіраецца скарачэнне ўзроўню злачыннасці: за апошнія 3 гады — болей чым на 20%. Колькасць забойстваў скарацілася амаль на 40%, разбойных нападаў — напалову, рабаўніцтваў — больш чым на 40%.

— Дзяржава і праваахоўныя органы робяць усё, каб абараніць правы грамадзян ад злачынных замахаў, — робіць выснову Генеральны пракурор.

Цяпер пракуратура краіны сур'ёзна займаецца прадухіленнем злачынных рэцыдываў. Іншая вельмі актуальная задача: сачыць за тым, каб дзеці з праблемных сем'яў выхоўваліся ў нармальных умовах. І, вядома, у сацыяльнай дзяржаве ніхто не дазволіць пры мадэрнізацыі вытворчасці выкідаць людзей на вуліцу: трэба ствараць новыя працоўныя месцы і даваць магчымасць зарабіць. Цяпер узровень беспрацоўя у краіне каля 1%.

Усеагульная інтэнсіфікацыя працы, дарэчы, закранула і пракуратуру: калі ў 2007 годзе пракурорскія работнікі разглядалі 7,5 тысячы зваротаў, то летась ужо 12,5 тысячы грамадзян звярнуліся ў пракуратуру, але колькасць пракурораў ад тых часоў не павялічылася.

Звароты на месцах

Рыгор Васілевіч адзначыў у гутарцы з журналістамі, што ў нашай дзяржаве ёсць грунтоўная прававая база для працы са зваротамі грамадзян, каб афіцыйныя асобы самым уважлівым чынам разбіраліся з імі. Між тым, калі скласці ўсе інстанцыі, па краіне ходзіць па коле вялізная колькасць зваротаў людзей, якія лічаць, што іх правы абаронены не належным чынам.

— Мы праводзілі аналіз такіх зваротаў: абсалютная іх большасць вырашаны належным чынам, — сказаў Рыгор Аляксеевіч. — Але і ў гэтай бочцы мёду ёсць свая лыжка дзёгцю. І калі высвятляецца, што чалавек гадамі дамагаўся аднаўлення свайго права і за ім была праўда, а інстанцыі няўважліва паставіліся і не высветлілі ўсе абставіны, то гэта падаецца вялізным мінусам у працы ўсіх органаў улады. Таму, безумоўна, важнейшая задача ўладных структур — гэта вельмі ўважлівае і сур'ёзнае стаўленне да зваротаў грамадзян.

На гэта апошнімі гадамі звяртае ўвагу і кіраўнік дзяржавы.

— Мне здаецца, што павінны быць пастаяннымі выезды афіцыйных асобаў у рэгіёны, каб праводзіць на месцах сустрэчы ў працоўных калектывах і прыёмы грамадзян, — лічыць Генеральны пракурор. — Усё гэта дазволіць адчуць праблемы людзей не проста седзячы ў сваім кабінеце, а праз непасрэдныя зносіны.

Рыгор Васілевіч мяркуе, што можна было б зрабіць сустрэчу кіраўнікоў службаў і аддзелаў, якія працуюць са зваротамі грамадзян — рэгіянальных і сталічных органаў улады. Менавіта з тым, каб паменшыць паток скаргаў на рэспубліканскі ўзровень. Генеральны пракурор таксама мяркуе, што працу старшынь райвыканкамаў і кіраўнікоў раённых адміністрацый трэба ацэньваць па колькасці зваротаў іх узроўню, якія прызнаны абгрунтаванымі вышэйшымі інстанцыямі.

— У апошнія 4 месяцы я вельмі шмат ездзіў па краіне і прымаў грамадзян, — паведаміў Рыгор Аляксеевіч. — Кожны пяты зварот прызнаны абгрунтаваным. І многія звароты, якія паступалі ў мой адрас, павінны былі б вырашыцца на мясцовым узроўні. Кожная шостая скарга з тых, якія датычацца прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, пацвярджаецца. Гэта вельмі сур'ёзнае і важнае пытанне, доўгатэрміновая задача для ўсіх органаў улады — праца са зваротамі.

Разумная адказнасць

У гутарцы з працоўнымі "Магілёўліфтмаша" і падчас размовы з журналістамі Генеральны пракурор Беларусі звярнуў увагу на Канцэпцыю ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання. Гэты дакумент Аляксандр Лукашэнка падпісаў напрыканцы мінулага года: канцэпцыя афіцыйна прымяняецца ад пачатку 2011 года.

— Мне хацелася б, каб не толькі пракуроры, але і суддзі вывучалі і прымянялі гэты дакумент, каб змянілі сваё стаўленне да сістэмы пакарання, — сказаў Рыгор Васілевіч. — Першы квартал пакажа тэндэнцыі ў гэтым пытанні.

Ён нагадаў, што па прыкладзе еўрапейскіх дзяржаў і з улікам сучасных рэалій трэба збалансаваць прыцягненне людзей да адказнасці. Большы акцэнт прапануецца рабіць на штрафах, а не на пазбаўленні волі, калі дзеянні правапарушальніка не замахваюцца на жыццё і здароўе чалавека.

— Трэба разумець, што гэта не бяздумнае паслабленне адказнасці, — папярэдзіў Рыгор Васілевіч. — Так, я супраць таго, каб за 50 долараў хабару давалі 8 гадоў пазбаўлення волі. Адказнасць павінна быць больш разумнай. Каб і чалавек усвядоміў недапушчальнасць такога ўчынку, і каб сям'я не надоўга страчвала свайго карміцеля, а грамадства — спецыяліста. Калі гэты чалавек здольны змяніць сваё стаўленне да выканання абавязкаў, то добра. Калі ж не атрымліваецца, то тады можна весці размову пра пазбаўленне волі, значныя тэрміны.

Генеральны пракурор лічыць, што тут трэба карыстацца прафілактыкай, грамадскімі работамі. Учыніў чалавек эканамічнае правапарушэнне — няхай падмяце вуліцу, з мяцёлкай паходзіць. Трэба ўлічваць цяжкасць злачынства і асобу, якая яго ўчыніла. І калі размова ідзе пра цяжкае злачынства, ад якога пацярпелі людзі, то тут не будзе ніякай лібералізацыі і сімвалічнага пакарання.

— Гэта канцэпцыя — сведчанне і гуманізму, і адказнасці кожнага грамадзяніна за выкананне сваіх абавязкаў, — падкрэсліў Рыгор Васілевіч.

Ілона Іванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рыгор Васілевіч сустрэўся з працоўным калектывам Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання і правёў прыём работнікаў прадпрыемства. Пракурорская абарона У...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика