15 крокаў. Паміж мінулым і будучым...
19.04.2011
—
Новости Общества
|
Я не пра ўсё расказаў... Пра нешта тады не мог, пра штосьці не хацеў... Кавалак інфармацыі аднавіўся ў памяці толькі пасля першага наведвання месца трагедыі, бо дагэтуль я не ўяўляў, нягледзячы на тэлесюжэты, што і дзе канкрэтна адбылося... У панядзелак праца неяк не ішла. Шчыра кажучы, я ўвогуле хацеў крыху раней збегчы дадому, але пасля абеду патэлефанавала жанчына з праблемай, якую трэба было вырашаць дастаткова тэрмінова. Нагадаўшы самому сабе пра сумленне, літаральна прымусіў звязацца з міністэрствам, каб даведацца, ці змогуць спецыялісты дапамагчы чалавеку, прычым аператыўна. На тым канцы ветліва выслухалі, уніклі ў сутнасць пытання і паабяцалі хутка ва ўсім разабрацца. Адзінае, папрасілі аформіць пісьмовы запыт ад рэдакцыі. Нейкі час зноў вагаўся: зараз яго напісаць або адкласці справу на заўтра. Зноў прымусіў сябе сесці за камп'ютар. Калі практычна аформіў той запыт, зразумеў, што не магу да канца ўсвядоміць адной акалічнасці ў справе заяўніцы. Яе маглі не зразумець і работнікі міністэрства. Набраў працоўны нумар жанчыны, каб удакладніць звесткі, але там адказалі, што яна ўжо пайшла дадому. Хатні нумар маўчаў: раз, другі, трэці... Час ішоў, я дасядзеў практычна да канца працоўнага дня. Нарэшце нехта з сямейнікаў адказаў, што жанчыны яшчэ няма. Я нават крыху ўзлаваўся — дарэмна згубіў час, можна ж было адразу перанесці справу на заўтра. Я выйшаў з рэдакцыі тады, калі выйшаў. Ні пазней, ні раней. І патрапіў у той самы састаў... Думаю, кожны пасля прыкладна гэтак жа прааналізаваў той дзень 11 красавіка ад раніцы да часу выбуху і задаваўся пытаннем: чаму для яго асабіста або родных, знаёмых, калег па працы, проста старонніх людзей усё склалася менавіта так, а не іначай?.. Мне было некалькі прасцей, бо я не турбаваўся за жонку. Раней яна захварэла, але, не далячыўшыся, зноў выйшла на працу, што дало паўторнае ўскладненне. Угаворамі і нават прымусам за выхадныя атрымалася пераканаць яе застацца дома. Таму і хацелася крыху раней збегчы з працы. ...Я спяшаўся зрабіць званкі. Тэлефон з унутранай кішэні курткі выцягнуў, стоячы пад аркай пешаходнага пераходу. Нумар набраў, ідучы да эскалатараў уздоўж правага боку перона — азіраючыся па баках, кінуўшы позірк назад, на лесвіцу пераходу, з жахам азіраючыся на калоны. Рукі трэсліся, адной рукой не атрымлівалася набраць, у другой была сумка. Жонка адказала на мой званок, калі я толькі ступіў на эскалатар, і ён узняў мяне літаральна на вышыню дзвюх прыступак. Размова была кароткай, тэлефон я пачаў хаваць назад, яшчэ не даехаўшы да канца. "Я ў метро на "Кастрычніцкай". Тут выбух. Са мной усё добра. Дзе Саша, не памятаеш? На змене?". На яе пытанне, што здарылася, адказаў, што не ведаю: шмат дыму, усе ўздымаюцца па эскалатары, патэлефаную пазней з паверхні. Саша — мой малодшы брат. Ён працуе ў метро, абслугоўвае эскалатары. Працуе на некалькіх станцыях, у тым ліку і на "Кастрычніцкай". З 12 красавіка яго павінны былі на месяц замацаваць менавіта за "Кастрычніцкай" станцыяй, бо тутэйшы брыгадзір збіраўся пайсці ў водпуск. Саша працуе ў розныя змены, я іх увесь час блытаю, не магу запомніць. На шчасце, памятала жонка, яна адразу адказала, што брат сёння дома. І гэта мяне неяк заспакоіла... Я не ведаю, як тут правільна сказаць... ...Назаўтра з раніцы брат выйшаў на сваю змену на "Кастрычніцкую"... Давялося пабачыць тое, што многія, напэўна, не хацелі б бачыць па ўласнай волі. Нервы ва ўсіх работнікаў былі на мяжы. Ад цяжкіх думак выратоўвала толькі праца, бо была пастаўлена канкрэтная задача — запусціць станцыю як мага хутчэй... Толькі адно з яго аповеду: прыбіральшчыцы трэба было выконваць сваю працу, а для гэтага ёй неабходна прайсціся па ўсім пероне — з аднаго канца ў другі. Жанчына заходзілася ў плачы, ёй было страшна. Брата выклікалі, каб ён правёў яе. Крок у яго шпаркі, і жанчына прасіла ісці цішэй. Потым Саша правёў яе назад... Гаварыў я з жонкай, як мне падалося, ціха. І яна мне потым пацвердзіла: так. А я не мог да канца зразумець: сапраўды ціха ці мне пасля выбуху так падаецца? Крыкаў на той момант ужо не было чутна, ды іх, наколькі памятаю, практычна і не было, толькі адразу ж пасля выбуху пачуў некалькі жаночых галасоў. Пад нагамі былі нейкія палкі, кавалкі бетону ці тынкоўкі, паўсюдна — і на падлозе, і ў паветры — пыл. Нейкі спецыфічны пах, які нагадваў пра сябе яшчэ і ўвечары — ужо дома. Ні рэчаў, ні целаў не памятаю, колькі разоў патрапілі на вочы ланцужкі цёмных плям на пероне... Недзе злева і спераду ад мяне памятаю мільганне постацяў... Ужо потым прыгадаў, што, калі ішоў уздоўж правага боку перона, мільганула думка: я ж павінен быць побач з саставам. Але з гэтага боку яго не было. Людзі ўздымаліся па эскалатары вельмі шчыльна, стаялі літаральна на кожнай прыступцы. Старых людзей у той момант не памятаю, гэта была пераважна моладзь, падлеткі... Недзе паперадзе на эскалатары хлопец таксама падносіў да вуха тэлефон... Сказаць услых слова "выбух", прыгадваю, было чамусьці цяжка, магчыма, таму я і гаварыў ціха. Але зноў жа памятаю, як пасля гэтага слова азірнулася дзяўчына, што ехала наперадзе, і паглядзела мне ў вочы... І потым, наверсе, каля выхаду з метро, людзі размаўлялі па мабільніках нейкімі прыглушанымі галасамі. Нават стоячы літаральна побач, нічога немагчыма было пачуць. Толькі шавяленне вуснаў... Ці так проста падалося?.. Першы раз слова "тэракт" я пачуў у аўтобусе-"сотцы", на якім ехаў у рэдакцыю. Гэта было прыкладна хвілін праз 20 пасля выбуху. Сказалі яго раз ці два розныя людзі. Сказалі гэтак жа ціха, як я нядаўна паведаміў пра выбух жонцы, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся... Адно кароткае слова — як раптоўная здагадка — і цішыня. Прыгадваючы, я думаю што ў гэты момант такія ўнутраныя здагадкі былі ў большасці пасажыраў аўтобуса... Размоў увогуле было няшмат, пераважна асобныя словы, фразы. Побач стаяў мужчына невялікага росту, які нібы наважваўся мне нешта сказаць ці спытаць, але ў апошні момант быццам бы перадумваў і двойчы з паўзамі мармытнуў: выбух... выбух. Жанчына ў скураным плашчы сказала, што выбухаў было два. Калі меркаваць па гадзінніку на маім тэлефоне, жонцы першы раз я патэлефанаваў у 17.55. Ужо з паверхні ад уваходу на станцыю — у 17.57 — калегу па кабінеце. "Паша, ты дзе зараз? На працы?" У галаве мітусіліся думкі, што трэба нешта рабіць, трэба нейкім чынам перадаць інфармацыю ў рэдакцыю, магчыма, нешта прадыктаваць... "Не, я ўжо да метро падыходжу!" — бадзёра адказаў той. "У метро выбух, станцыі, хутчэй за ўсё, зараз зачыняць, можаш не ісці нават"... У 17.59 набраў брата, гэтак жа коратка сказаў пра выбух, што са мной усё добра, што патэлефаную пазней. У 18.03 званю першаму намесніку рэдактара, гэтак жа коратка паведамляю пра выбух. Пытаюся: "Людміла Іванаўна, мне ў рэдакцыю ехаць?" Невялікая замінка, падчас якой прымаю рашэнне ўсё ж ехаць. Яшчэ адзін званок жонцы ў 18.03. Пасля гэтага на месцы заставаўся яшчэ хвілін 10-12. Цяжка параненых на той момант яшчэ не выносілі, да пад'ехаўшай машыны "хуткай дапамогі" першыя некалькі пацярпелых накіраваліся самі. Зразумела, што нешта здарылася, але маштабы невядомыя. Вырашаю ехаць у рэдакцыю, бо робіцца відавочным: у наступны аўтобус я магу ўжо і не сесці. ...Я невыпадкова даю храналогію сваіх званкоў. Памятаю, што ў галаве была адна думка: хутчэй патэлефанаваць. Хутчэй, бо потым не будзе магчымасці, сігналы будуць глушыцца. Пра тое, што сеткі папросту "лягуць" ад колькасці званкоў, першы раз я падумаў толькі ў рэдакцыі, і тое гэтая думка неяк не вельмі адклалася ў свядомасці. Там, на платформе, я думаў менавіта так: сігнал будзе глушыцца. Чаму я так думаў, не мог зразумець да таго моманту, калі ў чацвер не патрапіў на "Кастрычніцкую"... У момант выбуху я не паспеў выйсці з вагона. Ён зварухнуўся, быццам бы нават падскочыў, нахіліўся, як палуба карабля ў шторм, асвятленне неяк рэзка ўпала, мільганула, ахутаў нейкі паўзмрок. Я прысеў і на нейкі час так і застыў. Калі выходзіў з вагона, было адчуванне, што выходжу апошнім, хоць, вядома ж, побач былі людзі. Калі раздаўся гэты гул і са столі нешта пасыпалася, першай думкай, там, у вагоне, было, што здарылася аварыя: ірвануў газавы балон, сарваўся, выйшаў са строю які грувасткі цяжкі механізм ці са столі нешта абрынулася. Я перапалохаўся, але не так моцна... Чаму ж потым, калі я ішоў да эскалатараў, прычым у нязвыклы для мяне бок, страх літаральна пранізваў і я чакаў паўторнага выбуху, з жахам азіраючыся на калоны? А на паверхні зямлі, на аўтобусным прыпынку, сэрца гэтак жа апякло думкай, што сметніца таксама можа ірвануць? ...У чацвер на станцыі я знайшоў адказ на гэтыя пытанні. Я ўсім гаварыў, што не бачыў целаў, узарванага вагона, што выйшаў з вагона адразу пад аркай пешаходнага пераходу... У вагоне — чацвёра дзвярэй. Выбух адбыўся каля другіх дзвярэй другога вагона. Я павінен быў выйсці з першых дзвярэй трэцяга вагона. Ступіўшы на платформу, перш чым павярнуць да лесвіцы пешаходнага пераходу, трэба было зрабіць некалькі крокаў прама насустрач бомбе... Я казаў ужо, што мне пашчасціла. Я ўсё зрабіў як звычайна, толькі — пасля выбуху... Што я бачыў, дагэтуль дакладна сказаць не магу... Дайшоў да калоны наперадзе... Напэўна ж, целы, раскіданыя рэчы... Памятаю, вельмі густы дым наперадзе, такі, што бачнасць была толькі на некалькі метраў. Пашкоджанняў вагона дакладна не бачыў. З памяці іншыя падрабязнасці зніклі. Яна, памяць, нібы перакрэсліла гэтыя крокі і ўключыла свядомасць толькі пад аркай, пакінуўшы яшчэ страх і разуменне, што ўсё гэта, хутчэй за ўсё, — не аварыя... За спінай было не так страшна, там было больш святла — напэўна, таму і развярнуўся ў той бок. А потым у дылетанцкай падсвядомасці, як я разумею, узніклі ўспаміны пра сюжэты адносна тэрактаў... Вядома, так хутка нічога ніхто б не "заглушыў"... Я не баюся заходзіць у метро. І жонку літаральна прымусіў пайсці туды на наступны дзень. Калі ў чацвер адчынілася станцыя "Кастрычніцкая", зноў прымусіў, павёў, паказаў, як выходзіў. Яна сказала, што, калі ўсё пабачыла на свае вочы, зразумела, чым для мяне магла скончыцца дарога дадому. Нават змерыла адлегласць, якая аддзяляла мяне ад месца выбуху — 15 жаночых крокаў... Або нейкіх 6-8 метраў... Мы працуем разам і практычна заўсёды разам вяртаемся дадому. Але яна мяне заўсёды цягнула ў першыя вагоны, нават злавалася за маю звычку — ездзіць у сярэдзіне саставу, незадаволена ідучы да таго месца, дзе мы звычайна чакалі цягнік... Гэта толькі для мяне мае асаблівае значэнне: я выязджаў на паверхню на адным з эскалатараў, за працу якіх адказвае і мой брат... Быццам бы напісаў выключна пра асабістае... Думаю, што гэта не зусім так. Дакладней, увогуле не так. У адной з газет пабачыў фотаздымак пацярпелага хлопца, які з раненнямі ног знаходзіўся ў бальніцы. Ён расказваў журналістам, што ехаў у вагоне ў сярэдзіне саставу — як звычайна. Стаяў каля дзвярэй. На "Кастрычніцкай" адчыніліся дзверы, ён ступіў на платформу. Выбух... Казаў, што бачыў з правага боку дым, целы ў крыві... З левага ж было ўсё нармальна, хадзілі людзі, не разумеючы да канца, што адбылося... Мне яго твар падаўся знаёмым, падавалася, што ён быў адным з тых людзей, хто стаяў паперадзе мяне і ступіў на платформу першым... Я нават быў упэўнены, што гэты хлопец стаяў злева і паперадзе мяне... І свой выхад з метро ён апісваў так, як яго прыгадваў і я... Патэлефанаваў яму ў бальніцу. Пачалі высвятляць дэталі пра вопратку, пра навушнікі... Быццам бы мы ўсё ж не стаялі побач... А ўжо на мой матэрыял у "Звяздзе" ад 13 красавіка быў водгук на інтэрнэт-сайце газеты ад Кацярыны Волкавай: "Мы з вамі ехалі ў адным вагоне. Усе вашы словы быццам мае... Нам "пашчасціла" ва ўсім, пра што вы напісалі". Асабіста я не знаёмы з Кацярынай. І ўжо тут я не ўпэўнены, што мы сапраўды ехалі ў той дзень і ў той час у адным вагоне, хоць гэта цалкам верагодна... Але мы маглі ехаць разам у любы іншы момант, з абсалютна ЛЮБЫМ чалавекам — стаяць побач. Тым і жудасныя дзеянні тых нелюдзяў, што ахвярай мог стаць кожны, хто ў той момант аказаўся паблізу... Думаю, практычна не знойдзецца па ўсёй краіне сем'яў, у якіх нехта з родных, блізкіх, сяброў, калег, суседзяў, знаёмых калі і не пацярпеў падчас выбуху, дык ехаў у тым саставе. А калі і не ехаў, дык збіраўся. Або праехаў станцыю раней на некалькі хвілін, або на некалькі — пазней... У кагосьці паміж жыццём і смерцю было 15 крокаў, а ў некага аказалася на крок ці два менш... 14 красавіка ў нас з жонкай была чарговая гадавіна наваселля. У той дзень у краме побач з домам заўважыў знаёмца. "Андрэй?! Ты што тут робіш?" ...Мы нарадзіліся ў адным пасёлку, вучыліся некалі ў адной школе, хоць ён некалькі маладзейшы за мяне. Я ведаю яго старэйшага брата, яны абодва — майго малодшага, у нас агульныя знаёмыя. Хаты нашых бацькоў — у некалькіх хвілінах хады. А бачыліся мы некалькі разоў за год, пераважна летам падчас майго водпуску, які мы праводзілі ў маці. Мы заходзілі ў краму, саўладальнікам якой Андрэй быў, нават заказвалі праз яго мэблю... "Ды жыву ў гэтым жа доме! З самага пачатку, як яго пабудавалі!" Нашы пад'езды — яго другі і мой другі — насупраць адзін другога, праз двор — метраў 300. Як мы за столькі гадоў ніводнага разу нідзе не сутыкнуліся, а пабачыліся толькі зараз?.. ...Жыццё — такая рэч... Як і іншыя, я разумею, што так, як мы жылі раней, да 11 красавіка, мы ўжо жыць, на жаль, ніколі не будзем... Але — яно, жыццё, працягваецца... Сяргей РАСОЛЬКА. Дабрачыннасць Дастаткова набраць нумарДа 20 красавіка ў кругласутачным рэжыме працуе гарачая тэлефонная лінія для пералічэння грамадзянамі па ўваходным званку Br2 тыс. Грошы будуць пераведзены на дабрачынны рахунак Мінгарвыканкама па збору ахвяраванняў для пацярпелых у выніку тэракта на станцыі метро "Кастрычніцкая". Грамадзянам, якія жадаюць пералічыць грошы, неабходна набраць нумар 8 810 055 03 03 (поўнасцю 11 лічбаў) з любога стацыянарнага тэлефона Рэспублікі Беларусь. Для тых, хто пазваніў, будзе гучаць тэкст: "Ваша дапамога пацярпелым прынята". Паводле звестак на 17 гадзін 15 красавіка, 28 тыс. 590 званкоў паступіла на тэлефонную лінію па збору ахвяраванняў пацярпелым у метро, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама. Тэракт у метро прызнаны страхавым выпадкам"Белэксімгарант" выплаціць усім пацярпелым і сем'ям загінулых ад выбуху ў метро страхавую кампенсацыю па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі і медыцынскім страхаванні дзяржаўнай страхавой кампаніі Тамара Міклашэвіч. Памер страхавой кампенсацыі складзе 300 еўра ў эквіваленце пры лёгкіх цялесных пашкоджаннях, якія не прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці; 600 еўра — пры лёгкіх цялесных пашкоджаннях, якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці; 1,8 тыс. еўра — за менш цяжкае цялеснае пашкоджанне, 3 тыс. еўра — за цяжкае цялеснае пашкоджанне або ў выпадку смерці. Ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў будзе ўстанаўліваць Дзяржаўная служба судова-медыцынскіх экспертыз.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я не пра ўсё расказаў... Пра нешта тады не мог, пра штосьці не хацеў... Кавалак інфармацыі аднавіўся ў памяці толькі пасля першага наведвання месца трагедыі, бо...
|
|