Сімволіка колераў. 21.by

Сімволіка колераў

10.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Даследчыкі гісторыі традыцыйнай культуры беларускага народа прыйшлі да высновы, што найболей старажытнымі і, разам з тым, найболей распаўсюджанымі колерамі беларусаў былі белы (шэры, колер адбеленага лёну) і чырвоны (ярка-карычневы). Пры ўсёй рознакаляровасці нашага ландшафту, пры ўсёй яго стракатасці і зменлівасці (пачынаючы ад вясновага красавання садоў і заканчваючы жоўта-бардовымі фарбамі восеньскага лесу) асноўнымі колерамі традыцыйнага адзення і розных саматканых атрыбутаў упрыгожвання хаты сталі толькі два: белы і чырвоны. Так, у каляровай гаме покрываў і палавікоў шырока былі прадстаўлены зялёны, карычневы і чорны, але ўсё ж асаблівую эстэтыку святочнай імпрэзы стваралі галоўным чынам белыя, шчодра абсыпаныя чырвонымі зоркамі-арнаментамі ручнікі, фартухі, кашулі... І гэта зусім не выпадкова.

 Вядома, што ў шматлікіх еўрапейскіх і азіяцкіх народаў адмысловай павагай карыстаюцца жывёлы белага колеру. Напрыклад, у Шатландыі белыя каровы лічыліся татэмамі, святымі жывёламі, ад якіх пайшоў людскі род, таму іх малако забаранялася ўжываць у ежу. Культ белых жывёл да нашага часу захоўваецца ў краінах Усходу. На Сіяме святымі лічацца белыя сланы, у афрыканскіх краінах — белыя ваўкі, на Аравійскім паўвостраве — белыя валы, у Кітаі — белыя коні. У Старажытным Егіпце жывёл з белай плямай на целе прыносілі ў ахвяру багіні Ізідзе. У сербаў і балгараў убачыць першы раз на год белую авечку ці белага матылька азначала, што год будзе добры і шчаслівы, у справах будзе поспех. Чэхі лічылі: калі вясельны картэж сустрэнецца з белай каровай — гэта абяцае нараджэнне здаровых дзяцей, з чорнай — пагражае бясплоддзем.

 На Беларусі заўсёды адмысловай павагай карысталіся грацыёзныя птушкі — белыя буслы, якія "прыносяць дзяцей" і "пакідаюць іх у капусце". Калі статак кароў увечары вяртаўся з поля, прыглядаліся, карова якой масці ідзе першай: калі наперадзе ішла "чарноха", то заўтра чакай непагодлівага надвор'я, калі "бялоха" — будзе яснае неба.

 Акрамя гэтага, беларусы цэнтральнай Міншчыны (р. Свіслач) параўноўвалі душу памерлага чалавека з птушкай: "Душа чалавечая як галубок: белы — калі ляціць на неба, і чорны — калі ляціць у пекла". Каб абараніць населены пункт ад эпідэміі халеры, беларусы Гарадзеншчыны імкнуліся знайсці валоў белай поўсці, якімі яшчэ не пачыналі араць. Такіх валоў запрагалі ў саху і абворвалі імі зямлю вакол вёскі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даследчыкі гісторыі традыцыйнай культуры беларускага народа прыйшлі да высновы, што найболей старажытнымі і, разам з тым, найболей распаўсюджанымі колерамі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика