Маладыя і таленавітыя
23.06.2011
—
Новости Общества
|
Па ўсім свеце годна абараняюць гонар краіны школьнікі і навучэнцы, якія перамагаюць на фестывалях, конкурсах, алімпіядах
На прэстыж, добрае імя Беларусі працуе кожная такая перамога. Скажам, сёлета навучэнец ліцэя Беларускага дзяржуніверсітэта Яўген Аніскевіч заваяваў залаты медаль 45-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі, а “бронза” — у яго аднакашніка Аляксея Краўцова. Між тым на алімпіядзе спаборнічалі школьнікі, ліцэісты, гімназісты з 11 краін СНД і Балтыі, а таксама з Румыніі, Балгарыі, Македоніі. Традыцыя перамагаць — вельмі важная для творчых талентаў. І грамадства шмат робіць для таго, каб яна не парывалася. На нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з лаўрэатамі прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі ў Палацы Рэспублікі быў і Міхаіл Кавальчук з 71-й мінскай школы. Летась на Мендзялееўскай алімпіядзе ён не проста стаў абсалютным пераможцам — набраў рэкордную суму балаў за ўсю яе гісторыю! Міхаіл плануе звязаць жыццё з фармацэўтыкай, медыцынай, марыць сінтэзаваць лекі ад ракавых захворванняў. Кожны такі талент — вялікая каштоўнасць для краіны. І яны, вядома ж, не з’яўляюцца на “голым месцы”. Напрыклад, хімія, біялогія, інфарматыка ў Беларусі даўно ў вялікай пашане. Між іншым, гэта хімікі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прапанавалі салігорскім калійшчыкам новую тэхналогію гранулявання солі. Цяпер яна ўкаранёна і дае штогод значны дадатковы валютны прыбытак. Мала хто ведае, але і высокая якасць беларускіх дарог дасягаецца з удзелам інтэлектуалаў: вучоныя прыдумалі такія бітумы, што значна павялічваюць даўгавечнасць асфальтавага пакрыцця. Да дзясяткаў розных алімпіяд, фэстаў, конкурсаў, якія адкрываюць магчымасці юным талентам праявіць сябе, сёлета дадаліся яшчэ два творчыя тэлепраекты: “Я спяваю” і “Дзеці новага пакалення”. Так, у краіне расце дастойная навуковая і творчая змена. Лепшае таму пацвярджэнне — 26 узнагарод высокай пробы, што заваявалі летась нашы школьнікі на міжнародных алімпіядах. Паспяхова выступалі яны і на маладзёжных Дэльфійскіх гульнях, на розных музычных фэстах і конкурсах. “Краіна дае ўсім унікальныя стартавыя магчымасці, — адзначыў Прэзідэнт. — Скарыстайце іх разумна як для сябе, так і для Айчыны. Хай вашы медалі і прызы з часам прынясуць рэальную карысць Беларусі”. Ён паабяцаў, што і ў далейшым пераможцы міжнародных алімпіяд, прызёры прэстыжных творчых конкурсаў і фэстаў могуць разлічваць на падтрымку дзяржавы. Лепшыя з іх атрымалі ўзнагароды. Варта нагадаць, што спецфонд Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі заснаваны ў сярэдзіне 90-х, і за гэты час амаль 23 тысячы юных талентаў і іх выкладчыкаў адчулі клопат дзяржавы. А напярэдадні сустрэчы з Прэзідэнтам таленавітыя юнакі і дзяўчаты атрымалі пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў спецфонду ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Як вядома, сёлета 120-я ўгодкі пісьменніка, а сам музей — гэта, зазначыў міністр культуры Павел Латушка, “сімвал нашай культуры, нашай нацыі, нашага беларускага слова”. Ён нагадаў, што ўпершыню прынята і рэалізуецца дзяржпраграма “Культура Беларусі” на 2011–2015 гады, у якой прадугледжана і значная падтрымка творчай моладзі з боку дзяржавы. У прыватнасці, у лепшых беларускіх студэнтаў з’явілася магчымасць стажыроўкі ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, Маскоўскай дзяржкансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага, іншых вядомых навучальных установах. “Лаўрэатамі спецфонду ў чарговы раз сталі пераможцы і прызёры міжнародных і ўсебеларускіх спаборніцтваў, — удакладніла начальнік аддзела падтрымкі і развіцця культурна-адукацыйных ініцыятыў Інстытута беларускай культуры Вікторыя Ігнаценка. — У прыватнасці, гэта ўсебеларускі конкурс маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, VI адкрытыя маладзёжныя Дэльфійскія гульні краін СНД, Х Міжнародны конкурс юных кампазітараў імя Юрыя Семянякі і іншыя”. Для ўдзельнікаў сустрэчы ладзілася экскурсія па музеі “Шляхамі Максіма Багдановіча”. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па ўсім свеце годна абараняюць гонар краіны школьнікі і навучэнцы, якія перамагаюць на фестывалях, конкурсах, алімпіядах
|
|