Адам Мальдзіс: "Я над гэтай тэмай — беларусы за мяжой — працаваў апошнія чатыры гады і ўсё жыццё". 21.by

Адам Мальдзіс: "Я над гэтай тэмай — беларусы за мяжой — працаваў апошнія чатыры гады і ўсё жыццё"

09.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння мы распачынаем новую рубрыку пра беларусаў свету. Спадзяёмся, паважаныя чытачы, яна вам спадабаецца і вы больш даведаецеся пра нашых суайчыннікаў за мяжой.

Кандрацьеў Іван Кузьміч

(па іншых крыніцах — Казіміравіч)

(9 (21). 6. 1849, в. Каловічы Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 19. 5 (1. 6). 1904)

Рускі пісьменнік, жывапісец, акцёр, падарожнік.

Нарадзіўся І. Кандрацьеў у сям'і рэкрута царскай арміі. Мяркуецца, што яго маці зарабляла на хлеб жабраваннем. Пасля яе смерці хлопчык стаў вучыцца ў Смаленскай школе ваенных кантаністаў. Адтуль пераведзены ў фельчарскую школу пры Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У канцы 1860 г. па невядомых прычынах нечакана аказаўся ў Вільні: служыў у канцылярыі папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, выступаў у вандроўных тэатральных трупах (нейкі час быў нават памочнікам рэжысёра, выступаў з вершамі на старонках газеты "Виленский вестник", дзе падпісваўся як "малады селянін Вілейскага павета". Дэбютам яго трэба лічыць верш "Вільня, 22-га кастрычніка 1868 г.", напісаны з нагоды аднаўлення з руін і асвячэння Прачысценскага сабора. Пасля І. Кандрацьеў аказаўся ў Маскве. На конкурсе п'ес для народнага тэатра яго твор нечакана атрымаў залаты медаль.

У Маскве, гаворыцца ў аўтабіяграфіі І. Кандрацьева, ён "цалкам аддаўся літаратуры, з'яўляючыся ў розны час у некалькіх маскоўскіх перыядычных выданнях сакратаром. Побач з вершамі і апавяданнямі пісаў раманы, драмы і паэмы ("Вялікі разгром", "Салтычыха", "Гуны", "Ярмак — заваёўнік Сібіры", казка ў вершах "Снягурка"). Склаў на 703 старонках гістарычны даведнік "Сівая даўніна Масквы", біяграфію "Аляксандр Сяргеевіч Пушкін" і нават "Талковы і даведачны біблейскі слоўнічак". У Маскве І. Кандрацьеў зблізіўся з многімі рускімі жывапісцамі (у тым ліку з Аляксеем Саўрасавым і Ісакам Левітанам), выручаў іх у цяжкіх абставінах, а таксама з сям'ёй Чэхава, нашчадкамі Някрасава. Перакладаў на рускую мову творы Гейнэ і Гётэ, Байрана і Пятраркі, беларускія народныя песні.

І. Кандрацьеў трагічна загінуў ад ран, выпадкова нанесеных яму ў вулічнай бойцы. Пасля яго засталіся вядомымі некалькі тужлівых песень стылізаваных пад народныя. Сярод іх — папулярная песня "По диким степям Забайкалья".

Вядучыя рубрыкі Святлана Карпучок і Яраслаў Мальдзіс.

 

Гатовы да друку энцыклапедычны даведнік пра беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі за мяжой. Пра тое, як ствараўся даведнік, што атрымалася, як будзе выдавацца, дзе і шмат іншае наша гутарка з грамадскім навуковым рэдактарам выдання, доктарам філалагічных навук, прафесарам Адамам Мальдзісам.

— Адам Іосіфавіч, як ствараўся даведнік і што ў выніку атрымалася?

— Атрымалася, на маё прыемнае здзіўленне, лепей, чым мы ў свой час меркавалі. Чаму так? Мы над гэтым энцыклапедычным даведнікам працавалі з невялікім перапынкам чатыры гады, пачалі ў 2006 годзе, потым быў вымушаны перапынак з-за фінансавых праблем, але ўсё роўна гэты перапынак быў напоўнены работай. Трэба было сачыць за прэсай і вылоўліваць, як гаворыцца, нашых суайчыннікаў з самых розных крыніц. І гэта праца была даволі актыўнай і плённай, таму што якраз у Расіі былі рассакрэчаны многія з тых, хто быў у разведцы, хто працаваў на космас, на стварэнне атамнай энергетыкі і г.д. Адзін прыклад прывяду: у Расіі Іван Колас, пісьменнік, родам з Палесся, які пісаў кнігі, дзе гаварыў праўду пра палескае падполле, якое выглядала крыху інакш, чым лічыла мясцовае начальства, таму ён доўгі час быў у "падвешаным" стане. А калі былі поўнасцю рассакрэчаны дакументы, аказалася, што ён зрабіў столькі гераічных учынкаў на тэрыторыі Беларусі як разведчык: быў у Польшчы, на парашуце спусціўся, калі пачалося там варшаўскае паўстанне, выбраўся адтуль з каштоўнымі паперамі. Гэта не спадабалася пэўным военачальнікам, таму іх паклалі пад сукно. Можа быць таму, гэта маё меркаванне, што ён свае матэрыялы непасрэдна Сталіну ўручыў, а Берыя хацеў, каб усё ішло праз яго. І доўгі час гэты Іван Колас быў у такім няпэўным стане, а калі ён стаў Героем Расіі, у 90-х гадах, калі аддалі яму належнае, то, зразумела, ён увайшоў у наш даведнік, мы атрымалі шмат матэрыялаў пра яго з самых розных крыніц.

І тут пра нашу распачатую работу даведаўся Валерый Казакоў, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі". Ён прыехаў да мяне паглядзець, што ж у нас ёсць. І калі я яму паказаў, колькі падрыхтавана артыкулаў (дзесьці больш за 1000), калі паглядзеў нашу базу звестак, у папках, картатэцы, камп'ютары, ён прапанаваў, каб мы разам гэту справу працягнулі. Калі гаварыць так шчыра, то я над гэтай тэмай працаваў апошнія 4 гады і ўсё жыццё, таму што дзе б я ні працаваў, увесь час назапашваў матэрыялы пра беларусаў за мяжой. За год набралася яшчэ каля 800 артыкулаў: і праз суполкі, і праз людзей. Чаму нам так хутка і лёгка гэта ўдалося зрабіць? Па-першае, вядома ж, Валерый Казакоў разаслаў запыты па аўтаноміях. Добра адгукнулася Заходняя Сібір (а гэта Цюменская, Новасібірская, Томская вобласці), Іркуцк, Санкт-Пецярбург (суполка "Белыя росы", старшыня Мікалай Русакевіч), яны даслалі амаль палову гэтых матэрыялаў. Зразумела, патрэбна было іх апрацоўваць паводле нашых матэрыялаў, паводле навуковай канцэпцыі, перакладаць. І сёння мы маем дзесьці пад 2000 артыкулаў. Выданне будзе арыгінальнае, упершыню выйдзе такі даведнік.

Добра, што перад гэтым выйшла кніга "Беларусы замежжа". У гэтым выданні я таксама ўдзельнічаў, матэрыялы браліся з нашай базы звестак, але там гэта накшталт, тэарэтычнай манаграфіі, гэта не даведнік, там змешчаны матэрыялы пра двух-трох прадстаўнікоў з розных краін, а ў даведніку — 1800. Гэта наша сузор'е, наша донарская кроў. Часта за мяжой кажуць, што ў нас нічога не было і няма сёння, але ж так гісторыя разгортвалася, што беларусы за мяжой былі каталізатарамі грамадскага, навуковага працэсаў. Калі ўспомніць, Бенядыкт Дыбоўскі адкрыў возера Байкал для навукі, яго флору і фаўну, Эдуард Пякарскі навучыў якутаў грамаце, стварыў алфавіт і г.д., Аляксандр Пальмбах тое самае зрабіў для Тувы (Тувінская АССР). Ян Чэрскі трапіў у Сібір як ссыльны, але і ён, і іншыя ўраджэнцы Беларусі гады ссылкі ператварылі ў гады плённай працы і засталіся ў гісторыі, а мы іх не ведаем фактычна, і многіх не ведаем. Дык вось самае каштоўнае, цікавае ў даведніку — гэта людзі, гэта цэлае "сузор'е" беларусаў. Дарэчы, слова сузор'е ў дачыненні да беларусаў замежжа першым ужыў у адным са сваіх артыкулаў В. Казакоў. То, можа быць, такую назву для даведніка і возьмем "Беларускае сузор'е памежжа"?!.

— Я ведаю, што менавіта сёння ў Віцебску ў рамках Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету падчас "Славянскага базару" адбудзецца пасяджэнне Каардынацыйнай рады пры Міністэрстве культуры, на якой будзеце прысутнічаць і вы, а таксама кіраўнікі беларускіх суполак з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Малдовы. Дык можа там пытанне з назвай і вырашыцца? Што наогул вы чакаеце ад гэтага пасяджэння?

— Найперш далажыўшы, што зроблена, што гатова для перадачы ў выдавецтва, а гэта выдавецтва "Кнігазбор", мы даўно з ім супрацоўнічаем, уручым кожнаму з 22 прадстаўнікоў беларускага замежжа ліст са зместам даведніка, са спісам тых, хто ўвойдзе, каб людзі вырашылі, колькі асобнікаў хацела б мець суполка. Каб такім чынам, па папярэдніх заяўках, вызначыцца з тыражом. Думаю, вырашым пытанне і з назвай.

— Калі плануеце выдаць даведнік?

— Недзе ў лістападзе. Гэта рэальна.

— Гэты даведнік будзе прысвечаны беларусам блізкага замежжа?

— Тут, бачыце, калі браць тэрмін "блізкага замежжа", выходзіць, што Узбекістан ці Кыргызстан, ці Якуція — гэта блізкае замежжа, а ўжо, скажам, Чэхія і Славакія — гэта ўжо далёкае замежжа, таму тут лепш сказаць беларусам памежжа, краін, якія мяжуюць з намі, уключаючы ўсю тэрыторыю былога Савецкага Саюза плюс Польшча. Бо тут розныя прынцыпы. На тэрыторыі памежных краін ёсць этнічныя беларусы: скажам, Беласточчына, у Віленскім краі многа беларусаў, у Латгаліі ў Літве, у Расіі таксама ёсць многа. Але найболей беларусаў, якія захавалі сваю мову, песні, звычаі, у Сібіры. Мы якраз адзначаем цяпер 100-годдзе масавага перасялення ў Сібір беларусаў у пошуках зямлі. Яны даволі танна куплялі там зямлю і асядалі, дзякуючы рэформам Сталыпіна, а Сталыпін жа ў свой час працаваў губернатарам у Гродне. Вось тады выехала, па маіх падліках, каля 700-800 тысяч чалавек. І яны аселі вёскамі ў глухой тайзе і захавалі беларускія традыцыі нават больш, чым мы ў Беларусі. На адлегласці 100 км там вёска ад вёскі знаходзіцца. Асабліва ярка гэта відаць у Цюменскай, Новасібірскай, Томскай, Іркуцкай абласцях, дзе ладзяцца канцэрты, фестывалі на беларускай мове. Цікавы факт: Бенядыкт Дыбоўскі, удзельнік паўстання 1863 года, які быў сасланы ў Сібір, у сваіх матэрыялах пакінуў такі запіс: "Мяне хацелі пасяліць у адной вёсцы, а лепей я пасялюся ў беларускай вёсцы. Гэта відаць, што беларуская вёска, і па гаворцы, і па вышыўцы, бо ў гэтых вёсках не ведаюць, што такое мат"... Такія вось духоўныя традыцыі захавалі нашы суайчыннікі.

Хто ўвойдзе? Беларусы, але не толькі тыя, што нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, а і тыя, якія нарадзіліся на іншых тэрыторыях, але мы ведаем, што яны беларусы і засведчылі гэта. З пісьменнікамі лягчэй, тут мова відаць, цяжэй з фізікамі, вайскоўцамі і г.д. Мы ўвесь час хвалімся Соф'яй Кавалеўскай, таму што яна, маўляў, нарадзілася на тэрыторыі Віцебскай губерні, але ж гэта зямля сёння не беларуская, гэта паўночныя тыя раёны, якія адышлі да Пскоўскай губерні, разумееце, гэта будзе супярэчыць духу нават Хельсінкскіх пагадненняў, калі мы будзем на суседнія тэрыторыі замахвацца. Там, дзе мы ведаем, што гэта сапраўды беларус і ён гэта засведчыў, то ён увойдзе. Іншая рэч, калі ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, няважна, якой ён нацыянальнасці. Напрыклад, Шагал нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі ці нехта іншы — мы яго ўключаем. Мы не будзем у гэты даведнік уключаць нашчадкаў беларусаў. Чаму? Гэта вельмі важнае пытанне, таму што даведнік тады разрасцецца неймаверна. Скажам, кампазітар Ігар Стравінскі — сын ураджэнца Беларусі, але ці адчуваў ён сябе беларусам? Тут мы нацяжку рабіць не можам. Мы ведаем, што продкі Глінкі паходзілі з беларускага памежжа, але прыпісваць яго да беларускіх кампазітараў мы не можам. Або Дзмітрый Шастаковіч, дзед яго быў палітычным ссыльным пасля паўстання 1863 года і выехаў у Сібір, ён цікавіўся, па маіх звестках, прыязджаў на радзіму сваіх продкаў на Мядзельшчыну, але ж гэта не дае падставы ўключаць яго ў даведнік. Можна скласці асобны даведнік, кшталту "Нашчадкі беларусаў", і гэта будзе цікавы даведнік. Той жа самы Дастаеўскі, продкі яго тут.

У даведнік увойдуць ураджэнцы Беларусі, тут ужо не мае значэння, хто ён, таму мы і выкарыстоўваем такі тэрмін, бо, скажам, на тэрыторыі Расіі дзейнічалі ўраджэнцы Беларусі: і палякі, і яўрэі, і татары і г.д. У падзагалоўку мы акрэслім гэта абавязкова. Дарэчы, маё назіранне, калі я быў у Вялікабрытаніі і сустракаўся з суайчыннікамі. Скажам, ён нарадзіўся ў Беларусі, а ажаніўся з украінкай — стаў украінцам, з полькай — стаў палякам, англічанкай — англічанінам. Значыць, меў рацыю польскі пісьменнік Ігнацій Красіцкі, што мы, мужчыны, кіруем светам, а намі — жанчыны... Вось гэтыя моманты трэба браць пад увагу, таму што, скажам, у ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі з кожным годам пры перапісе насельніцтва колькасць беларусаў змяншаецца. Гэта найбольш адчуваецца ў Расіі, пры апошнім перапісе там зафіксавана дзесьці каля 800 тыс. беларусаў, а пры папярэднім — каля 1млн 200 тыс. Значыць, ідзе працэс дэнацыяналізацыі. Але гэта не датычыцца Сібіры, і я разумею чаму — таму што яны ў сваіх вёсках як жылі, так і жывуць, і ніякага ўплыву амаль няма. крыху ёсць, бо, вядома, людзі вырываюцца ў свет, але заўсёды традыцыі перадаюцца. Працэс глабалізацыі непазбежны, і мы тут нічога не зробім, павінны гэта ўлічваць і вельмі далікатна ставіцца, бо гэта выклікае неразуменне нашых суседзяў. "Ага, Дастаеўскі беларус. Ну, гэта вы, хлопцы, дарэмна сказалі". І сапраўды дарэмна. Ці, скажам, вядомы французскі паэт Гіём Апалінэр. Ён жа стрыечны брат Каруся Каганца (Кастравіцкага). Іх продак нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, быў сасланы ў Сібір, дык вось адзін трапіў у Францыю і стаў французскім паэтам, а другі ў Беларусі стаў беларускім пісьменнікам. Значыць, у гэтым выпадку мы можам гаварыць толькі пра карані. І такіх людзей з беларускімі каранямі шмат. Паводле маіх звестак, чвэрць Галівуда — гэта ўраджэнцы Беларусі, якія ў пошуках лепшага хлеба выехалі ў свой час, эмігравалі, ці іх нашчадкі. Напрыклад, папулярны артыст Генры Форд. Мяне некалькі разоў трывожылі з Амерыкі: маўляў, знайдзіце продкаў, яго любімая бабуля з Мінска дзесьці ў 1906-1913 гадах выехала ў ЗША. І праз Нацыянальны гістарычны архіў знайшлі. Або мы ведаем, што быў у Беларусі вядомы разведчык Леў Маневіч, ён трапіў у наш даведнік, а днямі прыходзіць да мяне жанчына з Гомеля, Валянціна Лебедзева, з матэрыялам пра другога Маневіча — Абрама (1881 г. нараджэння) — знакамітага мастака, які выстаўляўся і ў Парыжы, і ў ЗША, куды эміграваў. Класік нашага выяўленчага мастацтва, а мы пра яго нічога не ведалі. Такім чынам кожны дзень папаўняецца наша база звестак на некалькі новых адзінак.

Ну і, зразумела, улічваем пэўную планку значнасці, усіх даць немагчыма, беларусаў за мяжой каля трох з паловай мільёнаў. Адны захавалі сваю самасвядомасць, другія не. Мы бяром так: калі вайсковец, але не Герой Савецкага Саюза ці не Герой Расіі, то не ніжэй за генерала. З навукоўцаў бяром дактароў навук, кандыдатаў навук — толькі тады, калі ён, скажам, яшчэ адначасова лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР ці нешта іншае. Зразумела, калі чалавек нечым выключны, то ён таксама ўваходзіць у даведнік. У нас ёсць нават адзін рабочы, але ў яго некалькі дзясяткаў вынаходніцтваў, ён Асоба. Значыць, найперш — каб была Асоба.

— Вось выйдзе гэты даведнік. А што далей?

— А далей трэба будзе рабіць другую частку даведніка, якая магла б называцца "Беларускае сузор'е далёкага замежжа". Але, адкрыта кажучы, я думаю, што трэба перадаваць эстафету больш маладому пакаленню, і ёсць каму перадаць, і гэта некалькі ўстаноў, але найлепей, мне здаецца, падыходзіць адроджаны пры Міністэрстве культуры Інстытут беларускай культуры. Тым больш што ў тым праекце дзяржаўнай праграмы, прысвечанай беларусам у свеце, значацца ўжо даведнікі па краінах: "Беларусы ў Расіі", "Беларусы ў Польшчы" і г.д. (Беларусы, напрыклад, у Ізраілі фактычна зрабілі дзяржаву: 3 прэзідэнты былі беларусамі, а колькі прэм'ер-міністраў. Цяперашні прэзідэнт Шымон Перэс нарадзіўся ў Вішневе Валожынскага раёна.) На маю думку, гэтыя даведнікі могуць выходзіць і не ў Беларусі, а ў тых краінах. Мы гатовыя перадаць матэрыялы. Напрыклад, у Літве ёсць Алесь Адамковіч, які выдаў першую кнігу пяцітомніка "Беларусы ў Літве" — "Беларусы ў Вільні" (праўда, гэта не даведнік), чаму б яму не працягваць гэту справу.

Працяг павінен быць. Памятаю, адна з членаў аўтарскага калектыву ўздыхнула і спытала ў мяне: "Адам Іосіфавіч, а калі ж гэта скончыцца?" На што я мусіў быў адказаць: "Скончыцца тады, калі скончыцца жыццё". Таму што заўсёды адбываецца працэс перамяшчэння людзей: прыязджаюць у Беларусь, пакідаюць яе. Дарэчы, цікавымі былі б і даведнікі "Уклад рускіх у беларускую культуру", "Уклад палякаў у беларускую культуру" і г.д. Так што працы хопіць усім ахвотным.

— Адам Іосіфавіч, у рэдакцыі да вас прапанова. Пакуль даведнік не выйшаў, мог бы яго аўтарскі калектыў перадаваць, скажам, кожны тыдзень у "Звязду" па адным-два артыкулы пра нашых суайчыннікаў за мяжой, каб беларусы іх больш ведалі?

— А чаму б і не.

Святлана Карпучок.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гатовы да друку энцыклапедычны даведнік пра беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі за мяжой. Пра тое, як ствараўся даведнік, што атрымалася, як будзе выдавацца, дзе і шмат...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика