У ПАГОНІ ЗА ІМГНЕННАЙ ВЫГАДАЙ
19.07.2011
—
Новости Общества
|
Рэха публікацыі "Я — былы меліяратар, а потым — эколаг, жахнуўся, калі прачытаў у "Звяздзе" за 9 ліпеня "ЖУРАВІНЫ АЛЬБО ТОРФ...". З публікацыі даведаўся, што прынята пастанова пачаць частковае знішчэнне запаведнікаў, заказнікаў і тэрыторый, якія асабліва ахоўваюцца, каб на іх здабыць нейкую колькасць торфу. Лічу, што дакладней было б назваць рубрыку "ЖЫЦЦЁ АЛЬБО СМЕРЦЬ". Як хутка мы забыліся пра жахі чарнобыльскай катастрофы! А здарылася яна таму, што мы гналіся за імгненнай выгадай. Я доўга насіў у партаманеце выразку з газеты "Правда" за студзень 1986 года. Партманет укралі. Шкадую не грошай, што там былі, не ключоў ад кватэры, а гэтую выразку — помнік чалавечай бязмозгасці. У газеце пісалася, што калектыў Чарнобыльскай АЭС, ідучы насустрач 27-му (здаецца) з'езду КПСС, прыняў сацыялістычныя абавязкі выпрацаваць дадаткова некалькі мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі за кошт скарачэння тэрмінаў рамонту чацвёртага энергаблока. Чым абярнуліся тыя "сацыялістычныя абавязацельствы" 26 красавіка 1986 года — не забудзем не толькі мы, не забудзе чалавецтва! І вось праз чвэрць стагоддзя новы сюрпрыз, новы "падарунак" нам падрыхтавалі, каб пераадолець сённяшнія эканамічныя цяжкасці. Пройдуць гады, дзесяцігоддзі і стагоддзі, і людзі не ўспомняць пра гэтыя эканамічныя цяжкасці. Але заўсёды будуць помніць, якую пустку мы ім пакінулі, бо вымушаны будуць жыць сярод яе. Здзівілі каментары да гэтай пастановы такога вядомага вучонага, як прафесар Іван Ліштван. Гэта ж не першакласнік, які толькі пачынае жыццё і зусім не ведае нашай гісторыі! Прафесар выказвае думку, што асаблівага ўрону заказнікам не будзе нанесена, таму што плошчы, на якіх плануецца здабываць торф, нязначныя... Усё, як вядома, пачынаецца з малога. Пачнуць з таго, што адхопяць спачатку частку прыродаахоўных тэрыторый. А потым пачнуцца "сустрэчныя планы". Знойдуцца "энтузіясты", якія на няшчасці нашых (і іх!) нашчадкаў захочуць зрабіць сабе службовую кар’еру. А што потым?.. Гэтым людзям начхаць, што ад тарфяных балот сінявокай Беларусі застанецца толькі пясок, глей і... успаміны. Можа так здарыцца, што ідэі знішчэння ахоўных тэрыторый дзеля здабычы на іх торфу будуць увасоблены ў жыццё. Дык няўжо ж некаму так хочацца, каб нашы нашчадкі бачылі баброў, барсукоў, зайцоў, ліс, ласёў, буслоў, ластавак... толькі ў кніжках, як мы сёння бачым шаблязубых тыграў і мамантаў? Але ж тыя жывёлы загінулі з-за прыродных катастроф, а мы ўчыняем рукатворныя катастрофы глабальнага маштабу. Нельга распараджацца прыродай, як сваёй лыжкай ці міскай. Гэта ўласнасць усяго жывога на зямлі. Звяры, птушкі, рыбы, насякомыя таксама хочуць жыць. Навошта адымаць у іх жыццё, знішчыўшы іх дом? Лічу, што ў барацьбу за захаванне прыроды павінны ўключыцца і цэрквы ўсіх канфесій. Бо Гасподзь стварыў Сусвет не толькі дзеля патрэбаў людзей. Думаецца, тэма павінна працягвацца на старонках "Звязды". Уладзімір Шулякоўскі, пісьменнік. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Я — былы меліяратар, а потым — эколаг, жахнуўся, калі прачытаў у "Звяздзе" за 9 ліпеня "ЖУРАВІНЫ АЛЬБО ТОРФ...". З публікацыі даведаўся, што прынята... |
|