Лепшы прадпрымальнік 2010: "Крызіс найперш у галовах"
20.07.2011
—
Новости Общества
|
Пераможцы і лаўрэаты конкурсу "Лепшы прадпрымальнік 2010 года" атрымаюць свае ўзнагароды і дыпломы 22 ліпеня на адпаведнай цырымоніі, паведаміў журналістам Аляксандр ГРУЗДОЎ, дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі. Сёлета вынікі конкурсу падводзяцца 14 год запар, у 16 намінацыях камісіяй былі вызначаны 15 пераможцаў і 32 лаўрэаты. Усяго на першым этапе конкурсу (на ўзроўні абласцей і горада Мінска) прынялі ўдзел 966 суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, прычым найбольшую актыўнасць праявілі прадпрымальнікі Мінска і Магілёўскай вобласці: яны падалі па 256 і 170 заявак адпаведна. У другім этапе (рэспубліканскім) прынялі ўдзел 217 прадстаўнікоў айчыннага бізнэсу. Тут лідарства па колькасці ўдзельнікаў ужо 3 гады запар належыць Магілёўшчыне — адтуль пададзена 45 заявак. Як паведаміў Аляксандр Груздоў, магчыма, у наступным годзе правілы правядзення конкурсу "Лепшы прадпрымальнік года" будуць трохі зменены: — У наступным годзе мы будзем праводзіць гэты конкурс у 15-ы, юбілейны раз. Падрыхтоўка да яго ўжо інтэнсіўна вядзецца: рыхтуюцца і будуць накіраваны ва ўрад прапановы па істотным спрашчэнні працэдуры падачы заявак суб'ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці на ўдзел у конкурсе. Гэта дазволіць большай колькасці прэтэндэнтаў прыняць удзел у конкурсе, а таксама павялічыць канкурэнцыю сярод удзельнікаў, — сказаў ён і дадаў, што таксама, магчыма, будуць перагледжаны намінацыі (каб ахапіць большую колькасць напрамкаў прадпрымальніцкай дзейнасці) і будзе зроблена спроба павысіць статус звання "Лепшы прадпрымальнік". Аляксандр Груздоў таксама расказаў журналістам пра тое, што за мінулыя паўгода зроблена ў выкананні Дырэктывы №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", якая была падпісана летась 31 снежня: — Сітуацыя па вядзенні бізнэсу не пагоршылася — яна паляпшаецца. Можа быць не такімі тэмпамі, як хацелася б нам, аднак праца вядзецца — умовы вядзення бізнэсу мяняюцца ў лепшы бок. У прыватнасці, за перыяд дзеяння дырэктывы прынята 19 нарматыўна-прававых актаў: з іх 9 указаў, 1 дэкрэт, 1 распараджэнне Прэзідэнта, 4 пастановы Саўміна, 2 пастановы праўлення Нацбанка і па адной пастанове Мінфіна і Мінэканомікі, — сказаў ён і дадаў, што таксама ўжо падрыхтаваны яшчэ 32 праекты нарматыўна-прававых актаў у выкананне Дырэктывы №4. На брыфінгу таксама прысутнічалі і два пераможцы конкурсу "Лепшы прадпрымальнік 2010 года", якія падзяліліся сваімі думкамі наконт умоў вядзення бізнэсу ў нашай краіне: — За гэтыя паўгода (з моманту прыняцця Дырэктывы №4. — Аўт.) сітуацыя не змянілася: у тым сэнсе, што яна і так была добрая. І дзякуй Богу, што яна не мяняецца ў горшы бок, — лічыць дырэктар прыватнага транспартна-экспедыцыйнага прадпрыемства "Інтэртрансэкспедыцыя" Андрэй СМОЛЯР. — У мяне прадпрыемства ў Дзяржынскім раёне. Гэта малы горад, дзе ёсць магчымасць прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, дзе існуе ўвага з боку мясцовай адміністрацыі. Напрыклад, нашаму прадпрыемству быў летась выдзелены ўчастак зямлі пад пашырэнне вытворчай базы (будаўніцтва стаянкі і лагістычнага цэнтра) — гэта было зроблена літаральна не больш чым за 2 тыдні. Ён таксама адзначыў, што яго вопыт удзелу ў савеце па развіцці прадпрымальніцтва ў Мінскай вобласці, а таксама ў пасяджэннях Міністэрства па падатках і зборах наконт спрашчэння сістэмы падаткаабкладання сведчыць пра тое, што органы "дзяржкіравання актыўна ідуць на кантакт, пры тым гэта не маналог, а дыялог". Сяргей КУЧАРАВЕНКА, індывідуальны прадпрымальнік-пераможца ў намінацыі "Лепшы прадпрымальнік у галіне аказання паслуг" (акрамя таго, ён мае кампаніі "Глобус груп" "Глобус трэвэл") таксама бачыць змены да лепшага: — Калі б у 2004 годзе нехта з прадпрымальнікаў звярнуўся ў дзяржаўны орган па выдзяленне ўчастка для будаўніцтва на Нарачы, то які быў бы адказ? Запусцілі б гэтую паперу па вялікім коле, завалакіцілі б пытанне, і яно б не вырашылася. А сёння адно маё прадпрыемства рыхтуе дакументацыю і атрымала пляцоўку на Нарачы, другое прадпрыемства ўжо рэалізоўвае праект у Брэсцкай вобласці. І па любым праблемным пытанні мяне гатовы прыняць як мясцовы выканкам, так і аблвыканкам. Адзін мой званок — і, вядома, мне кажуць: "Сяргей Маратавіч, калі ласка, прыязджай і раскажы, што табе замінае, каб ты далей будаваў?" Я тыдзень таму прыехаў да першага намесніка губернатара, расказаў аб праблемах, ён падняў слухаўку тэлефона — і ўсе пытанні былі вырашаны па законе: хутка, без усялякай валакіты. Пра гэта яшчэ 3-4 гады таму нельга было марыць. Цікава, што Сяргей Кучаравенка перакананы: што пра такія адносіны да бізнэсу яшчэ не ведаюць замежныя інвестары: — Да мяне на Нарач прыязджаюць замежныя інвестары, каб укласці грошы. Але вельмі асцярожнічаюць: у вас няма парадку, у вас няма прыватнай уласнасці на зямлю, мы пабудуем, а нехта забярэ... Любыя прычыны называюць, а фактычна яны маюць інфармацыю дзесяцігадовай даўніны. У мазгах інвестараў яна яшчэ не паспела памяняцца. А зараз сітуацыя цалкам іншая: пішы паперу наконт выдзялення зямлі — на працягу 10 дзён табе дадуць адказ, і не проста адпіску, а нешта вырашаць. Калі мясцовая ўлада не будзе вырашаць — значыць, над ёй таксама ёсць улада, ёсць закон, які ў нас вельмі добра працуе. Ён жа лічыць, што сёння ў Беларусі ніякага крызісу няма: — Мусіруецца зараз гэты крызіс. Ёсць неўміручы твор "Сабачае сэрца", і там напісана, што крызіс у галовах. Вось у мяне крызісу няма, у калегі (паказвае на Андрэя Смоляра. — Аўт.) крызісу няма. І валюты ў мяне дастаткова. Проста прадпрымальнікам (і буйным, і дробным) трэба граматна і правільна ставіць бізнэс. У нас у асноўным бізнэс працуе як? Узяў за рубель у Расіі, прывёз у Беларусь і зрабіў з іх 2. Гэта аднапрыступкавы бізнэс. І так прывыклі працаваць 90% прадпрымальнікаў. Хто зараз пацярпеў з-за валюты? Той, хто атрымліваў імпарт з-за мяжы. А мы — не. Ён экспартуе паслугі (зноў ківае ў бок Андрэя Смоляра. — Аўт.), і я экспартую паслугі, ён транспартныя, а я — турыстычныя. І мне Расія плаціць у расійскіх рублях, а я санаторыям плачу ў беларускіх. Дык у гэтым годзе ў мяне не крызіс, а, наадварот, пад'ём: колькі на валюце афіцыйна мы зарабляем вы ведаеце, ды яшчэ сваіх там ёсць працэнтаў 15 нацэнкі. Таму проста прадпрымальнікам трэба задумацца, што бізнэс павінен быць не аднапрыступкавы, а шматпрыступкавы. І каб была валюта — навучыцеся яе зарабляць. Не ў нас купляць, а зарабляць за мяжой, — лічыць Сяргей Кучаравенка. Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пераможцы і лаўрэаты конкурсу "Лепшы прадпрымальнік 2010 года" атрымаюць свае ўзнагароды і дыпломы 22 ліпеня на адпаведнай цырымоніі, паведаміў журналістам...
|
|