"Упаўнаважаны афіцыйна апублікаваць!"
20.08.2011
—
Новости Общества
|
Афіцыйнае апублікаванне прававых актаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь з'яўляецца завяршальнай і неабходнай стадыяй нарматворчага працэсу. Менавіта таму заключны артыкул (пункт) прававога акта, як правіла, так і гучыць: "Уступае ў сілу з дня яго апублікавання". З датай афіцыйнага апублікавання акта знітаваныя дата ўступлення яго ў сілу і магчымасць прымянення закладзеных у ім нормаў. Такая функцыя надае асаблівую вагу сістэме афіцыйнага апублікавання і прад'яўляе да яе дастаткова жорсткія патрабаванні, бо з ёю звязана ўзнікненне прававых наступстваў. Афіцыйнае апублікаванне як рэалізацыя канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна нашай рэспублікі на інфармацыю аб прынятых прававых актах з'яўляецца адным з агульнапрызнаных міжнароднай супольнасцю правоў чалавека. Менавіта афіцыйнае апублікаванне служыць гарантыяй таго, што тэкст, які публікуецца, поўнасцю адпавядае арыгіналу, гэта значыць, таму тэксту, які прыняты адпаведным дзяржаўным органам і падпісаны кампетэнтнай службовай асобай. Беларусь мае значны вопыт, звязаны з забеспячэннем свабоднага доступу грамадзян да афіцыйнай прававой інфармацыі. Пры гэтым пастаянна аналізуецца вопыт іншых дзяржаў, і ў першую чаргу пераход ад традыцыйнай сістэмы апублікавання прававых актаў у перыядычных друкаваных выданнях да іх апублікавання толькі ў электронным выглядзе. Можна пагадзіцца з меркаваннем спецыялістаў, што традыцыйныя "папяровыя" тэхналогіі ва ўмовах няспынных інфармацыйных патокаў не могуць справіцца з праблемамі, якія паўсталі. Развіццё інфармацыйных тэхналогій і актыўнае выкарыстанне інтэрнэту ў нашай краіне дазваляе вучоным і практыкам аднесці да ліку актуальных і пытанне аб прававым рэгуляванні афіцыйнага электроннага апублікавання прававых актаў. Сістэма публікацыі прававых актаў у электронным выглядзе, безумоўна, мае свае перавагі, сярод якіх зніжэнне фінансавых, арганізацыйных і тэхнічных выдаткаў на распаўсюджванне прававых актаў, скарачэнне тэрмінаў іх апублікавання, магчымасць грамадзян у любы час і ў любым месцы азнаёміцца з тэкстамі прававых актаў. Да праблемных пытанняў электроннага апублікавання можна аднесці найперш пытанні забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Трэба, безумоўна, улічваць і тое, што яшчэ не ўсе грамадзяне маюць дастатковыя навыкі работы з камп'ютарам або гэтыя навыкі наогул адсутнічаюць, многія не маюць камп'ютара або доступу ў інтэрнэт. Калі казаць пра арганізацыю афіцыйнага апублікавання прававой інфармацыі ў дзяржавах СНД, то практычна там выкарыстоўваецца традыцыйны падыход, які грунтуецца на публікацыі прававых актаў у перыядычных друкаваных выданнях. У той жа час многія дзяржавы — удзельніцы СНД забяспечваюць доступ да тэкстаў прававых актаў у інтэрнэце. Так, у Расійскай Федэрацыі афіцыйным прызнаецца апублікаванне прававых актаў як у друкаванай, так і ў электроннай форме. Асноўнымі крыніцамі афіцыйнага апублікавання прававых актаў у Расіі з'яўляюцца друкаваныя выданні "Парламентская газета", "Российская газета", "Собрание законодательства Российской Федерации". Размешчаныя ў інтэрнэце на сайце НТЦ "Система" тэксты прававых актаў прэзідэнта і ўрада Расіі таксама з'яўляюцца афіцыйнымі. Прэзідэнт Расіі 22 чэрвеня 2011 года ўнёс у Дзяржаўную Думу законапраект, які пашырае спіс крыніц афіцыйнага апублікавання прававых актаў. Згодна з дакументам, у яго ўвойдзе створаны ў 2010 годзе афіцыйны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі, які забяспечыць аператыўнасць і сапраўднасць афіцыйных публікацый прававых актаў, а таксама свабодны да іх доступ. Пачаць публікацыю прававых актаў, падпісаных прэзідэнтам Расіі, на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі плануецца з 1 кастрычніка 2011 года. Ва Украіне і ў Рэспубліцы Узбекістан выкарыстоўваецца традыцыйная сістэма апублікавання прававых актаў у перыядычных друкаваных выданнях. Тэксты прававых актаў даступныя таксама ў электроннай версіі на адпаведных сайтах. У Туркменістане, Рэспубліцы Таджыкістан, Кіргізскай Рэспубліцы і Рэспубліцы Казахстан доступу да прававых актаў у электронным выглядзе не існуе. На сённяшні дзень, дзякуючы развіццю інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, у многіх краінах Еўропы права грамадзян на атрыманне свабоднага доступу да афіцыйнай прававой інфармацыі рэалізуецца з выкарыстаннем усіх магчымых сродкаў. Прычым колькасць такіх краін павялічваецца. У адных краінах прызнаецца афіцыйным апублікаванне прававых актаў у друкаванай і электроннай форме, у іншых афіцыйным лічыцца апублікаванне прававых дакументаў толькі ў друкаваных выданнях, у трэціх — апублікаванне толькі ў электронным выглядзе. Адной з першых краін Еўропы, якая прызнала афіцыйным апублікаванне прававых актаў у друкаванай і электроннай форме, была Нарвегія. У спіс краін, дзе электронная версія афіцыйнай газеты мае такі самы статус, што і яе друкаванае выданне, уваходзяць Французская Рэспубліка, Эстонская Рэспубліка, Італьянская Рэспубліка, Літоўская Рэспубліка, Рэспубліка Славенія, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і Фінляндская Рэспубліка. У большасці краін Еўрапейскага саюза распаўсюджванне прававой інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай выкарыстання электронных рэсурсаў. Дзяржаўныя органы і арганізацыі ўсё часцей аддаюць перавагу электронным версіям афіцыйнага апублікавання. Гэта не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў і з'яўляецца аптымальным спосабам, каб забяспечыць доступ да прававых актаў і задаволіць патрэбы грамадства і дзяржавы ў такім матэрыяле. У Беларусі прававыя акты публікуюцца ў афіцыйным друкаваным выданні "Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь", а пачынаючы з 2003 года — і ў яго электроннай версіі, якая размяшчаецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ідэнтычнасць тэкстаў забяспечвае Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Апошнім часам частка прававых актаў падаецца толькі ў электроннай версіі (пастановы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пастановы Савета Міністраў аб камандзіраванні службовых асоб, нарматыўныя прававыя акты абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню, тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты ды іншыя). Такім чынам, у нашай дзяржаве ажыццяўляецца паступовы пераход да афіцыйнага электроннага апублікавання прававых актаў, за якім — будучыня. Першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр ГАЎРЫШ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Афіцыйнае апублікаванне прававых актаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь з'яўляецца завяршальнай і неабходнай стадыяй нарматворчага працэсу....
|
|