Пчала
31.08.2011
—
Новости Общества
|
"Божая працаўніца" — пчала — у культуры шмат якіх народаў стала надзвычай шматпланавым сімвалам; увасабленнем працавітасці і стараннасці, арганізатарскіх і творчых здольнасцяў, мудрасці і храбрасці, самаадданасці, беражлівасці. Часам пчала сімвалізавала таксама красамоўнасць. У старажытных славян пчала стала сімвалам кахання, таму што аб'ядноўвала ў сабе і радасць, асалоду (мёд), і гаркоту (джала) — тое, без чаго не абыходзіцца сямейнае жыццё. Пчолы заўсёды былі паплечнікамі нябесных бостваў. Дзікі мёд называлі "ежай багоў". Хрысціяне працягнулі гэту традыцыю: пчаліны мёд стаў сімвалам Хрыстовай дабрадзейнасці, а джала — яго пакутамі. Часам выяву пчалы можна сустрэць на надмагільных камянях як сімвал бессмяротнасці. Магчыма, таму, што абуджэнне пчалы пасля зімовага сну атаясамлівалася з уваскрэсеннем пасля смерці. Згодна са старажытнымі паданнямі, святымі пчолы сталі таму, што джалілі рукі тых, хто прыносіў пакуты Хрысту, і палягчалі яго ўласныя пакуты: яны прыляталі роем і пілі яго крывавы пот. Таксама лічыцца, што менавіта пчолы першымі разнеслі вестку пра Яго Уваскрэсенне. Пчалу заўсёды лічылі Божай угодніцай, таму што яна робіць воск на свечкі — "Богу ахвяру прыносіць". Сярод усходніх славян пчалярства лічылася адной з самых шаноўных і таямнічых спраў. Тыя, хто меў сто і больш вулляў, паводле народных уяўленняў, мелі дачыненне да нячыстай сілы, іх звалі знахарамі, калдунамі і ведзьмакамі. У дахрысціянскія часы ў народзе існавала паданне, што пчолы з'явіліся ў багне, таму іх ахоўнікамі лічылі вадзяніка. Лічылася, што пчала джаліць толькі грэшнікаў, што пчолы не любяць дрэнных людзей, а добрага чалавека пчала не кране. Сярод сялян існаваў звычай: "Чалавеку злоснаму, грахоўнаму лепш пчол не заводзіць!" Забіць пчалу без нагоды лічылася вялікім грахом, скрасці вулей ці калоду — страшэнным злом, разбурыць вулей — "разбурыць храм Божы". Паўсюдна лічылася, што гаспадар павінен размаўляць з пчоламі як з разумнымі істотамі, быццам яны з'яўляюцца членамі яго сям'і. Ім трэба расказваць сямейныя навіны. Калі пчолы на некалькі хвілін змаўкалі, а потым гулі роўна, значыць, прымалі навіны добра; калі ж выляталі з вулляў і злосна гулі — чакай непрыемнасцяў. Лічылася, што пчолы не "шануюць" таго гаспадара, які любіць есці мёд, і дрэнна ў яго вядуцца. Калі рой вылецеў і сеў на сухую галіну зялёнага дрэва — гэта прадказвала смерць гаспадара ці яго сваякоў. Чужы рой, які наведаў вашу гаспадарку, лічыўся добрай прыкметай, знакам дабрабыту ў хаце і гаспадарцы. Прыкмячалі: на які хлеб "пайшла" пчала, "той на зерне будзе ўраджайны". Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Божая працаўніца" — пчала — у культуры шмат якіх народаў стала надзвычай шматпланавым сімвалам; увасабленнем працавітасці і стараннасці, арганізатарскіх і...
|
|