Гэтай восенню пакіньце сабе кавалачак лета...
14.09.2011
—
Новости Общества
|
Восень ужо паспела сустрэць нас не толькі сонцам, але і праліўнымі дажджамі. Прыйшоў час схаваць на паліцах басаножкі і зручныя "в'етнамкі", мікра-шорты і доўгія сарафаны. Чым жа ў гэтым сезоне запаўняць свае шафы? Ці ёсць другі шанц у скураной курткі? Якую вопратку ствараюць беларускія дызайнеры і што іх натхняе? На ўсе гэтыя пытанні адказала Ганна Драгацэнная, у мінулым студэнтка БДАМ, а цяпер — паспяховы дызайнер.
— Ганна, скажы, стаць дызайнерам — мара дзяцінства? Ці, можа, бачыла сябе кім-небудзь яшчэ? — Абсалютна не ўяўляю сябе за нейкай іншай работай. Мне здаецца, што шыць я любіла заўсёды. Памятаю, з сястрой пастаянна перакройвалі, перараблялі маміны ўборы. Яна вельмі злавалася, а нам так падабалася даваць некаторым рэчам новае жыццё, ствараць нешта прыгожае... — У якіх конкурсах ты паспела праявіць сябе і дзе, акрамя Беларусі, дэманстравала свой талент? — З 2008 года я ўдзельнічала ў "Млыне моды". Гэты конкурс паслужыў добрым штуршком у модны свет, дзякуючы чаму са сваімі паказамі я пабывала ў Берліне, Бруселі, Празе, Вене, Вільні. Ды ўжо цяпер і не ўзгадаеш усіх тых еўрапейскіх гарадоў. — А беларускія вядомыя людзі з заказамі звяртаюцца? — Па прыгожае адзенне да мяне ідзе зусім розны народ, а таксама, што прыемна, зоркі беларускай эстрады. Напрыклад, я працавала з выканаўцамі Алёнай Ланской, Вольгай Рыжыкавай, групай "U-Lіfe". — Што цябе натхняе на стварэнне ўбораў? — Складанае пытанне. Бо гэтае адчуванне, назавём яго так, прыходзіць нечакана, я б нават сказала, раптоўна. Гэта мімалётны парыў — ухапіўшы яго, імкнешся захаваць у сваім адзенні. На стварэнне вобразаў мяне падштурхоўваюць як людзі, так і разнастайныя прадметы. — на каго ж арыентавана твая вопратка? — Я імкнуся ствараць такія ўборы, якія маглі б спадабацца калі не ўсім, то шмат каму. Некаторае адзенне падыходзіць для паўсядзённага жыцця. Аднак мая маленькая слабасць — вячэрнія і вясельныя строі. — А якім тканінам аддаеш перавагу? — Я працую пераважна з натуральнымі тканінамі. Вельмі люблю шоўк, у асноўным выкарыстоўваю яго для вячэрніх убораў. — Зараз трохі аб цяперашнім сезоне. Чым павінна абавязкова абзавесціся дзяўчына, каб патрапіць у "лодку" моднікаў? — Па сутнасці, прынцыпова новых трэндаў у сезоне "восень-зіма 2011-2012" на паказах заўважана не было. Дызайнеры проста трохі відазмянялі старыя матывы. Адносна свежай ідэяй сталі класічная чорна-чырвоная клетка на штанах, спадніцах, паліто — словам, усюды; і чырвоны колер. Я б параіла модніцам не праходзіць міма сукенак гэтага колеру і адну абавязкова набыць у свой гардэроб. 1940-я падарылі гэтаму сезону спадніцы да калена, тонкую гарнітурную палоску і прынты ў гарошак. — А што з мінулых сезонаў не трэба далёка хаваць? — З лета пакідайце ўборы з кветкавым прынтам, прычым малюнак можа быць любы — дробны ці буйны. Смела апранайце сукенкі, блузкі з каўнерыкамі — вобраз школьніцы сёння ў модзе. Спадніцы-максі таксама не адпраўляйце на верхнюю паліцу. З мінулага сезона "восень-зіма" да нас вяртаецца футра, як натуральны, так і штучны. А скураным паліто і курткам таксама не трэба вісець на вешалках. — Што з трэндаў не прайшло міма твайго гардэроба? — Я абавязкова апрану камбінезон. Яшчэ, як і любой дзяўчыне, часам хочацца надаць больш рамантычнасці свайму вобразу, таму я не змагла прайсці міма карункаў. А як пахаладае, вы абавязкова ўбачыце на мне футра. Нам застаецца падзякаваць Ганне за добрую гутарку, а самім хутка бегчы па маленькую чырвоную сукенку. Ірына Рабушка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Восень ужо паспела сустрэць нас не толькі сонцам, але і праліўнымі дажджамі. Прыйшоў час схаваць на паліцах басаножкі і зручныя "в'етнамкі", мікра-шорты і...
|
|