Няпрошаныя госці ў прыродзе
30.09.2011
—
Новости Общества
|
Усе аспекты экалагічнай небяспекі
![]() Што гэта за небяспека? Можа, і не страшна прывезці на здзіўленне знаёмым які “жывы сувенір”? Усё больш чым сур’ёзна. Прыклады? Летам 2006-га ў адным з беларускіх вадасховішчаў рыбак злавіў... піранью. Навукоўцы былі ўпэўнены: гэта “чорны жарт” нейкага акварыуміста, ды і суровы клімат не дае шанцаў крыважэрнай рыбцы на выжыванне. І ўсё ж... Нязваныя госці і самі мігруюць з усходу, поўдня, іншых кантынентаў. На барацьбу з інтэрвентамі кінуты лепшыя навуковыя розумы Беларусі, ёсць і адпаведныя аддзелы ў шэрагу міністэрстваў, і цэнтр па інвазійных відах жывёл і раслін (ад лацінскага invasio — напад, пранікненне) у Нацыянальнай акадэміі навук. У ліку небяспечных — малюск драйсена, прыхадзень з каспійска-чарнаморскага басейна. Селіцца “гронкамі”, забівае калектары водазаборнікаў электрастанцый. А яшчэ і таксічны: назапашвае бактэрыі батулізму. Наступае і амерыканскі паласаты рак, які прыбыў у басейн Нёмана з Польшчы, туды — з Італіі, у якую перамясціўся з Паўночнай Амерыкі. “Ён пераносчык рачынай чумы, да якой сам адаптаваўся, а ракі-абарыгены перад прышэльцам безабаронныя,” — непакоіцца вучоны А. Аляхновіч. Вялікі ўрон наносіць бульбяным палям каларадскі жук, а рыбаводы не могуць справіцца з ратанам, чорнай рыбай, якая трапіла ў беларускія вадаёмы з Далёкага Усходу. Ратан пажырае ікру прамысловых рыб. “Прывазныя” амерыканская норка і янотападобны сабака на тэрыторыі Беларусі выціскаюць іншыя віды жывёл, знішчаюць нямала вадаплаўных птушак. І ў раслінным царстве наступаюць прыхадні, найперш — злосныя пустазеллі. Прыкладам, горац Вейрыха з Далёкага Усходу можа ўтвараць зараснікі да двух метраў вышынёй. З далёкіх кантынентаў трапілі дробналіснік канадскі і галінсага дробнакветкавая — глушаць яны іншыя расліны на палях і ў агародах, змагацца з імі цяжка. Амброзія, родам з Амерыкі, таксама пустазельная каранцінная расліна, бо выклікае цяжкую алергію. І на барацьбу з баршчавіком Сасноўскага у Беларусі кінуты вялікія сілы: расліна з ядавітым сокам заняла ўжо сотні гектараў. Пералік няпрошаных гасцей можна доўжыць, іх няпроста выдварыць, яны прычыняюць вялікі ўрон. Міжнародныя эксперты сцвярджаюць: інвазія чужародных відаў у глабальным масштабе — другая па значнасці, пасля антрапагеннага забруджвання асяроддзя, прычына вымірання абарыгенных відаў раслін і жывёл. Таму заўсёды трэба падумаць: ці варта даваць беларускую прапіску агрэсіўным экзотам жывёльнага і расліннага свету? Іна Ганчаровіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усе аспекты экалагічнай небяспекі
|
|