Прылёт і адлёт птушак
04.10.2011
—
Новости Общества
|
У структуры беларускага народнага календара птушкам належыць важны гарманізуючы пачатак: яны сваім прылётам "маркіруюць" веснавое абуджэнне і разгортванне складанага і шматэтапнага цыкла земляробчых работ. Заціханне птушынага спеву і адлёт іх у вырай было знакам "згортвання", заканчэння цёплага летняга перыяду і падрыхтоўкі зямлі да чарговага этапу — зімовага спачыну. Паэтапнае разгортванне прасторы наваколля ў птушыным кодзе фіксавалася наступным чынам. Веснавое сонца і, адпаведна, першыя прыкметы пацяплення атаясамліваліся з жаваранкамі. Пасля жаваранкаў з'яўляюцца пліскі, затым, на 10-12 тыдні ад Каляд, прылятаюць вадзяныя птушкі, дзікія качкі і гусі... Потым прылятаюць буслы, жураўлі, кулікі, зяблікі, дразды і іншыя (пасля 15 тыдняў ад Каляд). Пазней — перапёлкі, драчы, жоўны і інш. Лічылася, што менавіта кулік прыносіў з-за мора пацяпленне, а таксама ключы, якімі адкрывалася вада, замкнёная на зіму лёдам. Ён ускрываў рэкі і "нараджаў" вясёлыя ручаі. Аб тым, што прыйшла паўнапраўная вясна-ўладарка, абвяшчалі ластаўкі. Яны пачыналі рабіць гнёзды пад дахамі (пад "каньком") хат і тым самым прыносілі чалавеку (сям'і) прыемную навіну: хата ў гэтым годзе будзе поўніцца шчасцем і дабрабытам. Сапраўднай вясной лічылі той дзень, калі ўпершыню кувала зязюля. Паводле назіранняў нашых продкаў, часцей за ўсё гэта было на Юр'я (на 17 тыдні ад Каляд). Выпяканне печыва ў выглядзе птушак, і найперш "жаўранкаў", тлумачыцца тым, што якраз гэтыя птушкі з'яўляліся першымі і самымі раннімі вестунамі набліжэння цяпла. Адразу пасля таго, як печыва дастануць з печы, гаспадыня выконвала абавязковае рытуальнае дзеянне — кідала назад у печ адну "птушачку", тым самым прыносячы ахвяру вясне, агню, добраму духу хаты, продкам... Назіранні за паводзінамі птушак дапамаглі нашым продкам бездакорна арыентавацца ў зменах надвор'я. Яны маглі прадказаць надвор'е як на некалькі дзён наперад, так і на больш аддаленую перспектыву. Напрыклад, ранні прылёт ластавак прадказваў дружную вясну. Лічылі: калі гракі прыляталі да 14 сакавіка (дзень святой Аўдакеі) — быць мокраму лету. Лепшым тэрмінам прылёту гракоў лічылі 17 сакавіка — дзень ушанавання святога Герасіма. На Беларусі казалі так: "Святы Герасім гракоў прыгнаў"; "Калі гракі сядзяць ужо ў гнёздах — вясна будзе дружная, праз тры дні можна выходзіць на поле. Калі лётаюць бязмэтна або іх увогуле не відаць — вясна будзе павольная, позняя". Да птушак беларусы ставіліся як да істот, якія звязаны з вы-раем, з месцам знаходжання душ памерлых продкаў. Таму іх прылёт з выраю ўспрымаўся як абвестка новага жыцця, адушаўленне-ажыванне прыроды. А ўжо пачынаючы са Спаса птушкі пачыналі збірацца ў вырай. Распачынаўся адваротны адлік часу, які таксама "маркіраваўся" паэтапным адлётам то адной, то другой птушынай сям'і. Аксана Катовіч, Янка Крук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У структуры беларускага народнага календара птушкам належыць важны гарманізуючы пачатак: яны сваім прылётам "маркіруюць" веснавое абуджэнне і разгортванне...
|
|