"Супрацьпажарныя" тытунь і бялізна - ці адказнасць — што выратуе ад пажару?. 21.by

"Супрацьпажарныя" тытунь і бялізна - ці адказнасць — што выратуе ад пажару?

02.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З 17 лістапада ў краінах ЕС уступае ў сілу закон, згодна з якім абсалютна ўсе цыгарэты будуць вырабляцца па спецыяльнай тэхналогіі і мець "паменшаную схільнасць да ўзгарання": цыгарэтная папера ў іх будзе прамочаная ў двух месцах спецыяльным растворам, які менш прапускае кіслароду. У такіх месцах гарэнне замаруджваецца і цыгарэта гасне, калі курэц не зацягнецца ў гэты момант. Адпаведна здымаецца рызыка ўзгарання прадметаў, на якіх можа аказацца запаленая цыгарэта. Такія тытунёвыя вырабы ўжо прадаюцца ў некаторых краінах свету, напрыклад, у некаторых штатах ЗША, у Фінляндыі, у Аўстраліі. Здавалася б, на першы погляд, дробязь, так? Што гэта за тэма — цыгарэты са спецыяльнай паперай? Але так можна падумаць, калі не ведаць сумнай статыстыкі: у Беларусі больш за палову ўзгаранняў у жылых дамах адбываецца з-за незатушаных цыгарэт. Ахвярамі ў такіх выпадках становяцца каля 70 працэнтаў ад агульнай колькасці загінулых на пажарах... Сёння гэту "цыгарэтную" тэму мы абмяркоўваем са старшым інспектарам Цэнтра даследаванняў у галіне бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алегам МАЛЕВІЧАМ.

 

— Алег, а што нам перашкаджае пераняць замежны вопыт?

— Сапраўды, калі знойдзены дзейсны сродак у барацьбе з "цыгарэтнымі" пажарамі, чаму ім не скарыстацца? Аднак гэтаму перашкаджае цэнавы фактар. Як аказалася, пры выкарыстанні самазатухаючай паперы французскай вытворчасці рознічны кошт пачка цыгарэт павялічыцца ў тры-чатыры разы. Натуральна, для айчынных курцоў гэта будзе істотная сума. Акрамя Францыі, вытворчасцю спецыяльнай паперы для цыгарэт займаюцца яшчэ толькі ў ЗША. Але амерыканскі аналаг яшчэ даражэйшы.

— А спробаў самім распрацаваць патрэбнае не было?

— Вы маеце рацыю, распрацоўка айчыннай паперы для "супрацьпажарных" цыгарэт была б выйсцем. Аднак для гэтага патрэбны час. Балазе, пачатак таму пакладзены: пытанне аб распрацоўцы самазатухаючых цыгарэт уздымалася сёлета ў маі на Савеце Міністраў і было ўключана ў Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх на 2010-2012 гады.

У пачатку наступнага года навукова-даследчы інстытут пажарнай бяспекі і надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сумесна са спецыялістамі лабараторыі БДУ правядуць шэраг даследаванняў, мэта якіх — распрацаваць унікальны раствор для прамочвання цыгарэтнай паперы. Гэты раствор, маючы супрацьпажарныя ўласцівасці, не павінен шкодзіць здароўю і ўплываць на смакавыя характарыстыкі тытунёвых вырабаў.

— Выпуск цыгарэт па спецыяльнай тэхналогіі — адзіны спосаб скараціць колькасць пажараў?

— Давайце падзелім ваша пытанне на дзве часткі. Калі вы маеце на ўвазе ўсё тыя ж тэхналогіі... Яшчэ адным спосабам знізіць лічбу пажараў, якія ўзнікаюць пры курэнні ў ложку, магла б стаць пасцельная бялізна, якая мае больш высокую тэмпературу загарання. Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях сумесна з канцэрнам "Беллегпрам" ужо вядуцца работы па стварэнні супрацьпажарнай бялізны. Як і ў выпадку з цыгарэтамі, поспех будзе залежаць у першую чаргу ад канчатковага кошту слабаўзгаральных пасцельных рэчаў. Такім чынам, ці будуць выкарыстаны на практыцы новаўвядзенні, якія мы разгледзелі, пакажа час. Але я хачу сказаць пра іншы бок пытання, які мае дачыненне да ўсіх курцоў і не патрабуе ніякіх матэрыяльных укладанняў дзеля бяспекі саміх гэтых людзей і членаў іх сем'яў. Кардынальна змяніць сітуацыю і зменшыць колькасць ахвяр можна будзе толькі тады, калі курцы ўсвядомяць асабістую адказнасць за жыцці блізкіх ім людзей. Памылкова думаць, што аматары пакурыць у ложку не здагадваюцца пра небяспеку сваёй звычкі. Але ім прасцей думаць, што сітуацыя заўсёды знаходзіцца пад кантролем. Менавіта гэтая саманадзейнасць, асабліва ўзмоцненая дозай алкаголю, і робіцца прычынай пажару. За дзевяць месяцаў года з-за неасцярожнага абыходжання з агнём у краіне загінула 650 чалавек. Большасць з іх заснулі, не патушыўшы цыгарэту. Толькі адзін прыклад. Нядаўна ў вёсцы Галубіца Петрыкаўскага раёна загінула пяць чалавек адразу: 41-гадовы галава сям'і, 37-гадовая маці, 5-гадовая дзяўчынка і двое дзяцей, якім не споўнілася і годзіка. Выратавацца ўдалося толькі 10-гадоваму сыну, які паспеў выбрацца праз акно і паклікаць на дапамогу суседзяў. Была надзея, што выжыве і адна з малодшых дачок — маці паспела перадаць яе праз акно суседзям. Калі жанчына зноў знікла ў дыме, каб паспрабаваць выратаваць яшчэ каго з родных, абрынуўся дах дома. Наступным днём у бальніцы памерла ад атрыманых апёкаў і траўмаў цудам выратаваная дзяўчынка. Расследаванне прычын пажару паказала, што ўзгаранне адбылося з-за незатушанай цыгарэты, ад якой пачалі тлець пасцельныя рэчы... Гэта жудаснае здарэнне ў чарговы раз пацвердзіла, што агонь не шкадуе ні дарослых, ні дзяцей. Таму людзі, якія працягваюць выпрабоўваць свой лёс і лёсы блізкіх людзей і гуляць з-за сваёй небяспечнай звычкі курыць у ложку, павінны памятаць: стаўка ў такой гульні — жыццё.

Сяргей РАСОЛЬКА. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 17 лістапада ў краінах ЕС уступае ў сілу закон, згодна з якім абсалютна ўсе цыгарэты будуць вырабляцца па спецыяльнай тэхналогіі і мець "паменшаную схільнасць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика