На Зэльвеншчыне арганізавалі зялёны маршрут "Зэльвенскі дыярыуш"
21.11.2011 12:36
—
Новости Общества
|
На Зэльвеншчыне арганізавалі зялёны маршрут "Зэльвенскі дыярыуш" На Зэльвеншчыне распрацаваны і дзейнічае зялёны маршрут "Зэльвенскі дыярыуш".
Дырэктар Зэльвенскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Валянціна Духцік на маё пытанне тлумачыць, што назва "Зэльвенскі дыярыуш" у аўтараў маршруту нарадзілася невыпадкова, бо край мае непаўторнае прыроднае багацце і проста ўнікальныя помнікі гісторыі і культуры. Гэта і стала цудоўнай асновай для арганізацыі зялёнага маршруту. …А чаму б не? І ў адзін з вераснёўскіх выхадных, калі прырода яшчэ была ў летнім палоне, мы з сябрамі вырашылі: "Едзем!" Пытанне: на чым? – не стаяла. Вядома ж, на веласіпедах, бо сам маршрут прадугледжвае ў асноўным такі від транспарта. Тут трэба адзначыць, што працягласць усяго зялёнага маршруту каля 110 кіламетраў. Можна падзяліць яго на дзве часткі. Выехаць з Зэльвы ў напрамку Ваўкавыска, а можна ў напрамку Слоніма. Выбралі Слонім. Але спачатку вырашылі зрабіць пятлю каля 20 кіламетраў і паехалі ўздоўж Зэльвенскага вадасховішча. Вадасховішча ўведзена ў эксплуатацыю ў 1983 годзе, мае плошчу 1190 гектараў і адносна яе займае 18-е месца ў рэспубліцы. Яго максімальная глыбіня каля 8 метраў, сярэдняя – каля трох. Чаша вадаёма – рака Зальвянка. У любую пару года на яго берагах можна бачыць рыбакоў-аматараў. Як і ў іншых вадаёмах рэспублікі, тут сустракаюцца шчупак і акунь, сярэбраны карась і ёрш, чырвонапёрка… Вадасховішча размешчана ў экалагічна чыстым рэгіёне, і на яго маляўнічым беразе пабудаваны дзіцячы лагер "Блакітная хваля", домікі адпачынку. А на левым беразе – цудоўная лесапаркавая зона плошчай звыш паўсотні кіламетраў. …Праз некалькі кіламетраў на невялікім пагорку пабачылі вельмі прыгожы Аляксандраўшчынскі сядзібны дом. Ён быў пабудаваны ў канцы ХІХ-га стагоддзя. У цаглянай аднапавярховай будыніне складаная кампа-зіцыя, дзе выразна прасочваюцца рысы неакласіцызму. Паміж вёскамі Аляксандраўшчына і Каралін на пагорку справа, нібы велічны помнік, узвышаецца астанец марэны Каралінскі. Ён сапраўды помнік, толькі прыроды, які ўтварыўся ў выніку актыўнага гравітацыйнага ціску ледавіка. Даўжыня астанца каля 40 метраў, шырыня – 6-7, а вышыня каля 9 метраў. Каб перабрацца на правы бераг вадасховішча, праехалі яшчэ некалькі кіламетраў і трапілі на мост, побач з якім будынак былой гідрастанцыі. Пасля калектывізацыі яна была пабудавана на Зальвянцы агульнымі намаганнямі каралінцаў. Тэхнікі ў той час было мала. На высыпцы земляной плаціны выкарыстоўвалася нават цяглавая сіла. Электрастанцыя пачала дзейнічаць у 1955 годзе. Яна доўгі час асвятляла населеныя пункты Каралінскага, частку Тулаўскага сельсаветаў Зэльвенскага і бліжэйшыя вёскі Слонімскага раёнаў. І толькі тады, калі электраэнергія прыйшла з Бярозаўскай цеплавой электрастанцыі, калгасы былі ўключаны ў агульную энергасістэму. Па правым беразе, па лясных чабаровых мясцінах, настоеных на водары ранняй восені, вырульваем на шашу Зэльва–Слонім і амаль адразу апынаемся ў біялагічным заказніку рэспубліканскага значэння "Медухава". У гэтым куточку прыроды плошчай звыш 1310 гектараў, які даўно прыцягваў увагу як вучоных, так і аматараў прыроды сваімі барамі, рэдкімі лекавымі раслінамі, разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету, рашылі прыпыніцца. Як хораша, як утульна пад хваёвымі шатрамі! Як цёпла на душы ў засені разнаколерных дубраваў і таемна пад аркамі грабу, дзе зеляніць дзераза… Праўда, не давялося пабачыць таполю бальзамічную, якая расце ў 136 квартале, пачуць спеў птушак (восень). Іх, дарэчы, на тэрыторыі заказніка аж 88 відаў. А з 19 відаў рэдкіх і знікаючых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, 10 на тэрыторыі ўрочышча выяўлены ўпершыню. Амаль побач у лясной цішыні затаілася невялікая вёсачка Варонічы, на ўскраіне якой прыпынак дызель-цягніка з паэтычнай назвай "Старая Весь". Такая назва і ў аграсядзібы-музея Сяргея Мікановіча, якая адкрылася пяць гадоў таму. Памятаю, як некалькі гадоў назад з захапленнем любавалася калекцыяй матылькоў у зэльвенскай кватэры Мікановічаў. Цяпер яна абаснавалася ў сядзібе-музеі, і ўжо нават замежныя госці з Кітая і ЗША, Вялікабрытаніі і Ірландыі, Германіі і Польшчы, Галандыі і Бельгіі, розных гарадоў Беларусі наведалі гэту ўнікальную ў сваім родзе аграсядзібу-музей. Не мінаюць яе і ўдзельнікі штогадовых велапрабегаў з удзелам замежных і беларускіх велатурыстаў па маршрутах Полацк–Гродна і Мінск–Слонім–Івацэвічы. Тут можна пабачыць цікавую пчаліную пасеку з вуллямі розных канструкцый, пачуць гісторыю пра пчалярства. А ў калекцыі насякомых, якая стваралася звыш 35 гадоў, прадстаўлена больш за 2000 экзэмпляраў з 14 атрадаў насякомых. У асноўным гаспадар сядзібы знаходзіў іх у розных раёнах Беларусі. З паўкіламетра ад сядзібы ў вярхоўі рэчкі Арцюхоўка можна не толькі пабачыць купальню дзікоў, але і пазнаёміцца з жыццём баброў, палюбавацца рэдкімі раслінамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу. У гэтых лясных мясцінах шмат грыбоў, ягад. І калі камусьці даспадобы лясная цішыня і жыццё на прыволлі ўдалечыні ад горада, можна прыпыніцца на сядзібе на некалькі дзён. Умовы для двух-трох чалавек тут ёсць. …Канчатковы пункт нашага маршруту прыпадаў на наведванне старажытнай царквы-крэпасці ў вёсцы Сынкавічы. Але спачатку па дарозе завярнулі да Саколляй гары ў вёсцы Шулякі. Гэта пукаты пагорак амаль акруглай формы даўжынёй каля 120 метраў і шырынёй каля 100. Існуе паданне, што гара насыпана ў час нейкай вайны і назву атрымала ад імя ваеннага начальніка Сокала. …Велічны Сынкавіцкі храм – "царква пад тытулам святога Міхаіла Архангела" – адзін з двух храмаў абарончага значэння XV-XVI стагоддзяў, якія захаваліся сёння ў Беларусі. Вакол храма, у архітэктуры якога спалучаюцца раманскі і гатычны стылі, захавалася мноства легенд і праўдзівых гісторый. Адна з іх, напрыклад, сцвярджае, што ў далёкім мінулым Сынкавіцкую царкву звязваў падземны ход з Жыровіцкім кляштарам. Быццам бы бачылі людзі нават уваход у падзямелле, але пазней ён быў засыпаны… На гэтым маршруце можна было наведаць яшчэ фермерскую гаспадарку Макеяў "Верас", дзе дзейнічае экамузей "Шлях льна". Асенні дзень быў караткаваты для такой вандроўкі. Ды нават тое, што пабачылі, пакінула ў душы цёплыя ўражанні. Бо не трэба ехаць у замор‘е за дзівосамі, іх шмат і на роднай зямлі. Нямала цікавага можна знайсці і ў напрамку Зэльвы–Ваўкавыска, а таксама прайсціся па тэматычных петлях, якія аб‘ядналі сакральныя помнікі рэгіёна, помнікі прыроды, зону Зэльвенскага вадасховішча і іншыя. А калі ў летні час вандроўка супадзе з вядомым Анненскім кірмашом, наогул будзе цудоўна. Вельмі добра, што Зэльвенскі райвыканкам выступіў ініцыятарам такога маршруту, які ў роўнай ступені адпавядае патрабаванням мясцовых жыхароў і турыстаў і ўносіць пэўны ўклад у ажыўленне мясцовай эканомікі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Зэльвеншчыне распрацаваны і дзейнічае зялёны маршрут "Зэльвенскі дыярыуш". Дырэктар Зэльвенскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі... |
|