Еўразона: два крокі наперад, крок назад. 21.by

Еўразона: два крокі наперад, крок назад

23.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра рэальную пагрозу другой хвалі крызісу ў Еўропе наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам і экспертам Л.Ф. Заікам.

— Наколькі рэальныя прагнозы і вартыя ўвагі высновы наконт другой хвалі крызісу, на якія сёння багатая медыя- прастора? Некаторыя эксперты нават гавораць, што мы зноў апынуліся перад тварам пагрозы Вялікай дэпрэсіі, а Еўрасаюз чакае непазбежны крах. Такія размовы маюць пад сабой глебу ці гэта некаторыя экстравагантныя эканамісты і палітолагі набіваюць сабе цану?

— Я так не думаю. Да аб'яднання Еўропа ішла многія дзесяцігоддзі. І раптам усё разбурыць? Не веру. Нагадаю, яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя папулярнаму тады лозунгу аб Злучаных Штатах Еўропы прысвяціў адну са сваіх публікацый вядомы рэвалюцыянер Ульянаў-Ленін. Ён дапускаў магчымасць часавых дамоў паміж дзяржавамі кантынента, разглядаў Злучаныя Штаты Еўропы як згоду "еўрапейскіх капіталістаў разам душыць сацыялізм у Еўропе", разам ахоўваць нарабаваныя калоніі ад Японіі і Амерыкі, якія набіралі моц.

— Жыццё, як вядома, унесла істотныя карэктывы ў гэтыя планы "еўрапейскіх капіталістаў". Аднак, тым не менш, лозунг пра Злучаныя Штаты Еўропы ў пэўным сэнсе быў рэалізаваны. Так?

— Сучасны Еўрасаюз пры жаданні можна назваць Злучанымі Штатамі Еўропы, ён аб'ядноўвае 27 краін. Праўда, не ўсе з іх уваходзяць у зону еўра, але еўрапейская інтэграцыя адбылася. Хаця, на мой погляд, з яе пашырэннем (калі параўнальна нядаўна адразу былі прынятыя ў ЕС 10 дзяржаў) у Бруселі паспяшаліся. Яго палітыкі правялі сваю еўрапейскую масавую калектывізацыю. Атрымалася ні тое ні сёе, адным словам, мезальянс. Першазаснавальнікі ЕС — Германія, Францыя, Італія і шэраг іншых, параўнальных з імі па эканамічнай моцы, узроўні валавога ўнутранага прадукту, вытворчай культуры і бюджэтнай дысцыпліне дзяржаў — значна пераўзыходзілі тады і пераўзыходзяць цяпер тых жа Грэцыю, Іспанію і Партугалію, якім дазволілі даволі хутка далучыцца да валютнага саюза ЕС — еўразоны. Як сёння паказваюць падзеі, гэта валютная інтэграцыя атрымалася хуткаспелай. Бо ў жыхароў Грэцыі, Іспаніі і Партугаліі як аграрных краін (па-нашаму іх можна назваць калгаснымі) і менталітэт, і псіхалогія, і традыцыі, і працаздольнасць рэзка адрозніваюцца ад жыхароў Заходняй і Паўночнай Еўропы. Таму я не бачу нічога жудаснага ў тым, калі б гэтыя краіны на пэўны час выйшлі б з зоны еўра, так было б лепш для еўрапейскай эканомікі і фінансаў.

— Значыць, палітыкі Германіі і Францыі маюць рацыю, калі выступаюць за двухузроўнёвую еўрапейскую інтэграцыю: адзін узровень для развітых еўрапейцаў, другі для ўсіх астатніх?

— Я згодны з такім падыходам. Ён дазволіць высокаразвітым краінам Еўропы не шукаць пастаянна ўсё новыя велізарныя сумы грошай для выратавання фінансаў сваіх легкадумных партнёраў па еўразоне, а рухацца далей, выконваць місію лакаматыва эканомікі Еўропы. Гэтыя некалькі вядучых краін задаюць тон у бізнэсе, тэхналогіях, інавацыях і г. д. Чаму яны і іх насельніцтва павінны цярпець з-за абуральнай безадказнасці асобных членаў ЕС, саступаць амерыканцам у канкурэнтнай барацьбе? Дарэчы, памятаю, неяк на адным форуме ў Мінску па праблемах бяспекі мы спыталі польскага калегу пра тое, ці не ідзе Польшча ў ЕС як бедны сваяк — з надзеяй паправіць свае матэрыяльныя справы? Так, адказаў нам прафесар. Па яго словах, калі адкінуць усё славеснае шалупінне наконт еўрапейскай інтэграцыі, то гэта было асноўным жаданнем большасці палякаў — жыць лепш дзякуючы далучэнню да ЕС. Хоць у цэлым яны не зусім былі гатовыя да такога радыкальнага кроку.

— Леанід Фёдаравіч, тады навошта трэба было так бяздумна пашыраць Еўрасаюз?

— Еўрапейскім палітыкам, як мне бачыцца, тады захацелася "паруліць" на большай тэрыторыі, чым тагачасны ЕС. Гэта як дачніку з 6-цю соткамі заўсёды хочацца мець большы зямельны ўчастак, а калі настае час яго апрацоўваць, то надыходзіць расчараванне. Памылкай такой гульні еўрачыноўнікаў у вялікую палітыку было ўключэнне ў еўразону краін, якія б я назваў не капіталістычнымі, а краінамі стыхійнага сацыялізму. А рэальнае жыццё, асабліва рэальная эканоміка, не падуладна такім гульням. Яна развіваецца па сваіх законах. Таму невыпадкова праблемы Еўропы пачаліся не з паўночных і заходніх краін, скажам, Даніі, Швецыі ці Вялікабрытаніі, а з паўднёвых Іспаніі, Грэцыі, Партугаліі. Яны ў сваіх даўгах перайшлі небяспечную рысу, калі замест вырашэння рэальных праблем з напаўненнем бюджэту іх кіраўнікі ішлі па лёгкім шляху: бралі і бралі ўсё новыя пазыкі. І дагуляліся, што краіны не толькі затрымаліся ў развіцці, але і рызыкоўна наблізіліся да мяжы, за якой ужо дэфолт становіцца рэальнай пагрозай. І тады іх палітыкі хапаюцца за самае простае: пачынаюць ліхаманкава эканоміць на ўсім, у тым ліку і сацыяльных выплатах, зніжаць пенсіі, аклады бюджэтнікаў і г. д. А гэта выклікае хвалі пратэстаў насельніцтва, што мы зараз і назіраем. З пашырэннем еўразоны Брусель зрабіў два крокі наперад, цяпер прыйдзецца рабіць крок назад.

— Італія належыць да кола заснавальнікаў ЕС, але там цяпер фінансавыя справы значна горшыя, чым у Польшчы. А Італія, агульнавядома, трэцяя эканоміка ЕС. І тым не менш там ужо лютуе жорсткі даўгавы крызіс у два трыльёны еўра!!! Адкуль, чаму?

— У нас панавала шмат міфаў аб Італіі, пакуль беларускі і беларусы не пачалі туды рэгулярна ездзіць, некаторыя там уладкаваліся на працу, пасяліліся, пусцілі карані. Яны з часам убачылі, што не ўсё так цудоўна пад прыгожым небам Італіі. Напрыклад, беларускія італьянцы мне казалі, што Італія — гэта своеасаблівы Савецкі Саюз. Там вельмі многае вырашаецца па сваяцкіх і сяброўскіх сувязях, там чыноўнікі любяць удакладняць, звяраць, залішне часта раіцца па дробных пытаннях з вышэйшым начальствам. Такімі норавамі былі моцна здзіўлены, у прыватнасці, былыя партработнікі з Беларусі, якіх лёс, скажам так, закінуў на Апенінскі паўвостраў. Дакладней, яны пераехалі туды жыць да сваіх дзяцей. Як гэта не парадаксальна гучыць, але Беларусь прасунулася далей Італіі па асобных жыццёвых і адміністрацыйных пазіцыях.

— І ўсё ж, як утварыўся такі касмічны доўг?

— Вельмі проста. Італьянскія палітыкі да нядаўняга часу любілі рабіць падарункі насельніцтву ў выглядзе высокіх зарплат чыноўнікаў і бюджэтнікаў, рэгулярна павышалі перад выбарамі ўзровень сацыяльных выплат і дапамог, пенсіі там заўсёды былі добрыя. І ўсё гэта рабілася з разлікам на сімпатыі электарату, на тое, што людзі зноў іх выберуць. Так і было на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. А вось цяпер Італія мае ўсе шанцы пайсці па шляху Грэцыі, калі не будуць прынятыя экстраныя меры. А калі заходнія банкі адразу прад'явяць да аплаты ўсе астранамічныя італьянскія даўгі, то можа быць нават і горш. Тады крызіс у Грэцыі здасца нам кветачкамі. Акрамя гэтага, і ў Францыі таксама ўзніклі свае фінансавыя праблемы. Гэтыя падзеі трэба разглядаць у рэчышчы развіцця сусветнага крызісу, які заціх, схаваўся, але не сышоў са сцэны.

— У Бруселі ўжо многія аўтарытэтныя эканамісты, фінансавыя аналітыкі ўсё больш гучна гавораць пра набліжэнне новай рэцэсіі ў ЕС. Вы давяраеце ім?

— Чаму б і не. Гэта пераважна людзі адукаваныя, сур'ёзныя, з вялікім досведам у еўрапейскіх справах. Дарэчы, крызіс 2008-2009 гг. прынёс Еўропе і карысць: эканоміцы ўдалося пазбавіцца ад лішняй вытворчасці, ад усяго штучнага, неэфектыўнага, непатрэбнага. І эканомікі шэрагу краін ЕС здолелі правесці мадэрнізацыю. Але крызіс тады не быў даведзены да лагічнага канца, яго можна параўнаць з моцнай бурай і ліўнем у перыяд засухі.

Такое ўражанне, што ад крызісу палітыкі вядучых краін Захаду спрабавалі адкупіцца: дадатковай эмісіяй, запазычаннямі ў вялікіх міжнародных банках. Вось так назапашваліся велізарныя даўгі не толькі Італіі. І ў выніку мы былі пастаўлены перад фактам: сусветная палітычная і эканамічная эліта аказалася няздольнай выкарыстаць крызіс у рацыянальных мэтах для аздараўлення эканомік. Замест гэтага эліта пачала паступова і марудна зводзіць у магілу "хворага" сваімі вітамінамі і прыпаркамі.

Наконт рэцэсіі ў ЕС. Яна азначае запавольванне вытворчасці, падзенне яе аб'ёмаў, зніжэнне занятасці, аслабленне пакупніцкага попыту, а значыць, і продажаў тавараў, што зараз адбываецца ў многіх краінах ЕС. Крызіс — гэта фаза крытычнага стану эканомікі, калі яна пераходзіць з аднаго якаснага стану ў іншы. А рэцэсія — хутчэй перадумова крызісу, чым сам крызіс.

— А калі неўзабаве зноў грымне глабальны крызіс, то што ён знясе ў першую чаргу?

— Ён яшчэ не грымнуў, па-першае. А па-другое, усю Еўропу, у тым ліку і нас, чакае рэструктурызацыя эканомікі, у першую чаргу прыйдзецца пазбавіцца ад неэфектыўных галін, прадпрыемстваў, якія выпускаюць састарэлую і неканкурэнтаздольную прадукцыю. Па другое, будуць прынятыя жорсткія меры па эканоміі бюджэтных сродкаў, у Бруселі ўжо пачынаюць усё больш сур'ёзна ставіцца да недысцыплінаваных членаў еўразоны. На мой погляд, такія маладыя члены ЕС як Літва, Польшча, Чэхія былі б больш прадказальнымі ўдзельнікамі еўрапейскага валютнага саюза. Дарэчы, Чэхія ўжо не спяшаецца пераходзіць на еўра, у Польшчы таксама моцна задумаліся аб мэтазгоднасці такога кроку. І я іх разумею, бо ім давядзецца пакрываць са сваіх бюджэтаў грубыя памылкі і недаравальныя пралікі ўрадаў паўднёвых краін.

— А як вострыя праблемы еўразоны могуць адбіцца на супрацьстаянні долара і еўра?

— Спаборніцтва паміж гэтымі дзвюма асноўнымі валютамі — выдатнае вынаходніцтва сусветнай эканомікі. Канкурэнцыя паміж доларам і еўра дазваляе і амерыканцам, і асабліва еўрапейцам быць у форме, рухацца наперад насуперак цяжкасцям. Зараз на парадку дня ЕС — выратаванне Італіі. Яе новы ўрад збіраецца прыняць жорсткія меры, у прыватнасці, замарожванне зарплат у дзяржсектары да 2014 года, павышэнне акцызаў на паліва, продаж дзяржаўнай уласнасці, паступовае павелічэнне пенсійнага ўзросту жанчын з 60 гадоў у 2014 годзе да 65 гадоў у 2026 годзе. Плануецца ўзрост выхаду на пенсію для жанчын і мужчын зраўняць. Нагадаю, стаўка па 10-гадовых аблігацыях італьянскага ўрада перавысіла 7%. Пры такім узроўні Грэцыя, Ірландыя і Партугалія ў свой час звярнуліся па фінансавую дапамогу Еўрасаюза. А Еўропе трэба спяшацца. Мне здаецца, што ў хуткім часе эканоміка ЗША вырашыць першачарговыя праблемы і зноў будзе адчуваць сябе ўпэўнена ў свеце, а долар на пэўны перыяд захавае статус галоўнай міжнароднай валюты.

— Але тут можа выйсці на міжнародную арэну Кітай са сваім юанем. Між іншым, чаму ЕС адмовіўся ад кітайскай дапамогі?

— Былі прычыны. Кітай, як сведчаць некаторыя крыніцы, у абмен на дапамогу хацеў, каб еўрапейцы пасадзейнічалі росту яго ўплыву ў МВФ, павышэнню статусу ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі альбо знялі эмбарга на пастаўкі Пекіну еўрапейскай зброі. У Еўропе палічылі гэтыя прапановы небяспечнымі.

Але Кітай могуць чакаць такія ж непрыемнасці, як і Грэцыю. Кітайцы гэтага баяцца больш за ўсё. У краіне вельмі хутка старэе насельніцтва, а дакладнай і адладжанай пенсійнай сістэмы няма. Як толькі будзе створана сучасная сістэма сацыяльнага забеспячэння, то бюджэт адразу гэта адчуе на сабе. Гэтаксама і ў Індыі. Да таго ж Кітай і Індыя не рабілі вялікіх, адэкватных сітуацыі, укладанняў у экалогію, а прыйдзецца інвеставаць туды сотні мільярдаў долараў.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра рэальную пагрозу другой хвалі крызісу ў Еўропе наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам і экспертам Л.Ф. Заікам. — Наколькі рэальныя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика