Надрукаванае застаецца
04.01.2012
—
Новости Общества
|
2012 год афіцыйна абвешчаны Годам кнігі. Савету міністраў краіны даручана зацвердзіць план мерапрыемстваў па правядзенні гэтага года. Якім ён будзе? Ці паспрыяе такая ўвага да кнігі сапраўднаму прарыву ў беларускай літаратуры і плёну ў кнігавыданні? Сваімі думкамі на гэты конт дзеляцца неабыякавыя да кніг людзі. Таццяна Бялова, дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі": — У такі складаны эканамічны час для Беларусі і для свету я вельмі рада, што на вышэйшым дзяржаўным узроўні пра кнігу не забыліся. Кніга сёння перажывае не горшы, але лепшы час. Яна ў нас сёння на розных носьбітах. Але захаваць саму кнігі на папяровым носьбіце сёння вельмі важна. І як паказваюць апошнія выставы ў іншых краінах свету, усе носьбіты адступаюць на задні план, на пярэдні выходзіць папяровая кніга. Год кнігі — гэта такі важкі імпульс для літаратараў і кнігавыдаўцоў. Наша выдавецтва, напрыклад, зараз распачынае вялікую праграму са школьнікамі ў падтрымку чытання. Любімая кніга на кніжнай паліцы: Я люблю Дастаеўскага. Вялікі пісьменнік, усё, што напісаў, люблю чытаць і перачытваць.
— Ідэя Года кнігі была закладзена падчас сустрэчы пісьменнікаў Беларусі з Прэзідэнтам. І падтрымана ім. Ідэя такая: зрабіць гэты год адным вялікім мерапрыемствам, адпраўным пунктам у паляпшэнні якасці літаратуры і кнігавыдання нашай краіны. 2012 год цікавы тым, што на яго прыпадае 130-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзе Максіма Танка. Выйшаў Указ "Аб абвяшчэнні 2012 года Годам кнігі", ёсць Указ "Аб дзяржаўнай падтрымцы нацыянальнага кнігавыдання". Гэтым прадугледжана ўсё, што магчыма ў сённяшніх умовах для таго, каб развівалася беларуская літаратура: пытанні ганарараў, зніжэнне ПДВ на беларускія кнігі, вызначана адказнасць выдавецтваў за несвоечасовую выплату ганарараў пісьменнікам і інш. Чаму сёння мала ведаюць беларускіх пісьменнікаў? Адказ просты: у бібліятэках няма новых твораў сучаснай беларускай літаратуры. Вельмі важна, каб кнігі даходзілі да бібліятэк. Каб людзі маглі спакойна браць іх і чытаць. Над гэтым мы ўсе разам таксама будзем працаваць сёлета. Будзе разглядацца пытанне паляпшэння рэкламы кнігі. Беларускае тэлебачанне займаецца рэкламай чаго заўгодна, але, на жаль, толькі не беларускай кнігі... Любімая кніга на кніжнай паліцы: Нядаўна я папоўніў сваю бібліятэку кнігай Уладзіміра Караткевіча, якая выдадзена на некалькіх мовах адначасова: беларускай, рускай, польскай, англійскай. Цікавае выданне. Для мяне яно важнае, таму што мае ўнукі вывучаюць англійскую мову і змогуць чытаць беларускую літаратуру па-англійску.
Спадзяюся, што сёлета будзе выдадзена шмат новых цікавых кніжак, адбудзецца шмат мерапрыемстваў, звязаных з распаўсюджаннем і рэкламай кніг; што фінансаванне кнігавыдавецкай справы павялічыцца. Хочацца, каб Год кнігі не застаўся проста гучнай назвай, а выклікаў нейкія станоўчыя зрухі. Самой мастацкай літаратуры гэта таксама павінна паспрыяць, бо яна натуральна ўваходзіць у кнігавыдавецкі сегмент. Калі будзе звернутая большая ўвага на кнігавыдавецкі працэс, то і мастацкая кніга будзе выходзіць значна часцей. Тым больш што цяпер якраз літаратурна-мастацкія выданні перажываюць найбольшы крызіс у сэнсе выдання і рэалізацыі. Любімая кніга на кніжнай паліцы: Для мяне кожны год ? гэта год кнігі. Не праходзіць і месяца, каб я не купіў новую кнігу. У выніку хатняя бібліятэка папаўняецца пастаянна. Самае каштоўнае ў ёй ? кнігі беларускіх пісьменнікаў з аўтографамі, даваенныя беларускамоўныя выданні.
— Моладзь перастала чытаць кнігі. Гэта самае страшнае. Ідзе хваля бездухоўнасці. Папса на тэлебачанні калечыць людзей. Кніга заўжды была выхавальнікам людзей. Але сёння гэтую ролю ўзяло на сябе тэлебачанне. І яно так выхоўвае і адштурхоўвае ад кнігі, што проста жах. Вельмі мала добрых перадач і фільмаў, мала перадач пра літаратуру, кнігі, пісьменнікаў, выступаў паэтаў... Па радыё ўсё ж такі ёсць... Сёння няма чытальнікаў літаратуры, знікла менавіта мастацкае чытанне на радыё і тэлебачанні, якое было ў канцы 1940-1950-х гг.. Кніга павінна выхоўваць самае лепшае. Тым больш што зараз ёсць магчымасць далучыцца да такіх твораў, пра якія раней мы і марыць не маглі: што не было перакладзена, што было пад забаронай. А зараз ідзе поўнае занядбанне. Паліграфія працуе выдатна, але церпіць змест... Ці будзе Год кнігі плённым, залежыць ад таго, якая работа будзе праводзіцца па папулярызацыі кнігі па радыё, тэлебачанні, у газетах, бібліятэках, школах, інстытутах. Са школы трэба прывіваць любоў да кнігі. Са школьнай праграмы выкідаюць многія творы, якія абсалютна неабходны! У гэтым ужо закладваецца непавага да кнігі. Любімая кніга на кніжнай паліцы: Мне вельмі цяжка назваць адну любімую кнігу, бо ў маёй бібліятэцы тысячы чатыры розных тамоў. Але я люблю чытаць Пушкіна, Лермантава, Чэхава.... Многа цудоўных кніг, кожная па-свойму выдатная. Творы Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Міхася Башлакова, Васіля Зуёнка. Усіх не назавеш... Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.
БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
2012 год афіцыйна абвешчаны Годам кнігі. Савету міністраў краіны даручана зацвердзіць план мерапрыемстваў па правядзенні гэтага года. Якім ён будзе? Ці паспрыяе...
|
|