Маладзечанец: “27 гадоў я піў, а цяпер − цвярозы!”
07.01.2012
—
Новости Общества
|
Пра тое, што ў Маладзечне існуе група падтрымкі ананімных алкаголікаў, “РГ” першы раз напісала ў верасні 2010 года. Маладзечанец, прачытаўшы артыкул, вырашыў памяняць сваё жыццё і прыйшоў на сход арганізацыі. Гарэлку ён не ўжывае больш за год. Удзельнікі групы проста збіраюцца разам і расказваюць адно аднаму пра сваю праблему, дзеляцца вопытам. Разам працуюць над праграмай выздараўлення − гэта 12 крокаў, якія кожны з іх мусіць прайсці. Юра – алкаголік, які прыйшоў у групу пасля артыкула ў “РГ”. − Я ведаў пра існаванне гэтай супольнасці, але не ведаў, што група існуе ў Маладзечне. Напэўна, каб чалавек захацеў сюды хадзіць, ён мусіць дайсці да самага дна. Яно ў кожнага сваё, для мяне − калі перастаў паважаць сябе. Летась у жніўні я зразумеў, што гэта значыць. Жонка збіралася сысці ад мяне і забраць дзяцей, усё ў жыцці, за што ні вазьміся, хісталася і валілася ў бездань. Тады выпадкова трапіў артыкул у “РГ” пра гэту групу. Пачытаў, падумаў, пайшоў. Да гэтага столькі разоў збіраўся змяніцца, кінуць піць, казаў сабе, што ў мяне ж характар, усё змагу. Сілы волі хапала толькі на некалькі месяцаў. Авыздараўліваць пачаў, калі зразумеў, што ніякіх лекаў ад алкаголю не існуе і існаваць не можа. У групе ананімных алкаголікаў мы проста расказваем, што нас клапоціць, калі ёсць жаданне − прыпамінаем штосьці. Ніхто нічога не выцягвае, не павучае. Тут галоўнае, каб ішло ўсё ад сябе. Можа, і газету тую жонка падсунула, але ніякага ціску на мяне не было, я сам захацеў прыйсці. Не для дзяцей, не для жонкі, не для работы − для сябе. Ва ўсім свеце ананімныя алкаголікі (“А. А.” ) працуюць па праграме − 12 крокаў. Напрыклад, першы − прызнаць сваё бяссілле перад алкаголем, прыйсці да высновы, што мы не кіруем сваім жыццём. Я падумаў, так, ну прайду 12 крокаў, дык а што тут людзі год робяць, чаго яшчэ ходзяць? Не ўсё так проста. І мой год у “А. А.” прайшоў, а толькі цяпер, напэўна, разумею першы крок. Ну праўда, 15 гадоў кідаў-кідаў піць і ніяк не мог кінуць. Ці ж не бяссілле? Цяпер магу ўсе справы адкласці, але групу абавязкова наведаю. У мяне сям’я шчаслівая, я працую, я цвярозы. Было пра што расказаць і астатнім удзельнікам “А. А.” Юрась, алкаголік: − Кадзіраванне, падшыванне, іголкаўколванне − усё гэта было, але я працягваў піць. Памятаю, неяк маці з жонкай закрылі мяне ў кватэры і пайшлі. Галоўнае, у доме грошы ёсць, а выйсці не магу. Каля дома крама, я тады ледзь не падавіўся слінай! Чацверты паверх, мабільнікаў не было яшчэ. Ну што рабіць, па сцяне дома ідзе труба, вось я схапіў грошы і палез па ёй уніз, пабег у краму, купіў бутэльку − і з якім жа смакам піў тое “чарніла”! Сёння хачу падзяліцца радасцю − я цвярозы! Два гады і 12 дзён. Любы алкаголік вам адразу ж скажа, колькі дзён ён не п’е, бо гэтая дата значыць нават больш, чым дзень нараджэння, таму што да яе ўсё жыццё прапітае. Часта пытаюцца, як жа наша група спрацавала? Я і сам не ведаю, як. Галоўнае, што я цвярозы. Мяне зараз распірае ад цвярозага жыцця. Я спортам зноў займацца пачаў, працу выдатную знайшоў, таксама са спортам звязаную. Прыйшоў сюды, ажно тросся ўвесь. Мне гавораць, што галоўнае цяпер − хадзіць у групу. Падлічыў свой “алкагольны марафон” − колькі часу п’ю. Атрымалася прыкладна 26-27 гадоў! Тут вучышся жыць з гэтай хваробай, слухаеш, як іншыя спраўляюцца. Напрыклад, ёсць так званая тэхніка бяспекі: калі пачынаеш наведваць “А. А.”, то рэкамендуюць першыя паўгода пазбягаць забаўляльных мерапрыемстваў, каб не сарвацца. Гэта цяпер я магу нармальна праводзіць час, пакуль астатнія п’юць, разам з імі − і не піць. Разумееце, гэта нармальна, калі чалавек не п’е, а мы жывём у грамадстве, дзе піць нармальна. Гэта мы не зменім. Таму трэба мяняцца самім. Я цудоўна разумею гэту цягу піць і калі добра, і калі дрэнна. Але так толькі праблемы зальеш і ўсяго таго, а я навучыўся іх пераадольваць. Я навучыўся весяліцца без алкаголю, а гэта цудоўна − і хапае сілы даўжэй, і помніш потым усё. Кожнаму дню радуюся, а звычыйны чалавек так не ўмее − проста лаўлю сябе на думцы “Я цвярозы!” − і раблюся шчаслівым. Андрэй, алкаголік: − Быў на ранішніку ўнучкі сёння і там так востра адчуў, што на гэтым свяце жыцця я пакуль яшчэ чужы. У мяне каварная хвароба, таму што вельмі часта наведваюць думкі, кшталту, ну вось жа, не п’ю я, дык адзначыць можа каньячком? Тады прыгадваю гісторыі зрываў астатніх з групы, ды і са свайго жыцця прыкладаў процьма. Як прачынаешся пасярод ночы і ляціш у “рэанімацыю” (пункт кругласутачнага продажу піва) ці ў аптэку… Не прыйдзе ніякі дзядзька ў белым халаце і не дасць цудадзейную таблетку. Цяпер я разумею, што толькі праграма дазваляе выйсці з замкнёнага кола. Тамара, алкаголік: − Заўтра будуць хаваць аднаго з удзельнікаў нашай групы, пайду развітацца з ім. І, ведаеце, я рада за нашага сябра, таму што ён адышоў цвярозы, а апошнія гадзіны быў са сваімі блізкімі. Для таго, каб жыць вечна, трэба памерці. Разумееце, алкаголік можа прыдумаць тысячу апраўданняў, каб толькі выпіць. Я сябе памятаю, як завярала нарколага, што я цяпер “Ні-за-што! Вось я цяпер абсалютна сур’ёзна: ні-за-што больш не буду піць” і як лёгка парушала такую клятву. Вісеў у мяне на сцяне плакат: “Памятай пра блізкіх”. Думала, буду глядзець, перастану піць. Ага, яшчэ чаго! Мне трэба выпіць, сто версій сабе прыдумаю. Маўляў, і крыўдзілі мяне тыя сваякі, і не спачувалі. Карацей – я ахвяра, і чаму ж мне не выпіць. Мне нічога не перашкаджала прыйсці ў храм на падпіцці. Мае адносіны з Богам тады былі выключна гандлярскія. А калі я п’яная ішла на працу, то думала так: “Божа, калі ты ёсць (ён мне яшчэ павінен быў гэта даказваць), зрабі так, каб мяне не выгналі з працы”. І нават узамен нічога не абяцала. А калі вярталася з працы, са спакойным сумленнем ішла па бутэльку − мяне ж не выгналі, значыць, нармальна ўсё. Я не ведаю, чаму я паверыла ў “А. А.”. Проста падумала, што калі яны цвярозыя, то і я буду. Я зразумела, што алкагалізм настолькі моцны, наколькі ён нявыказаны. Цяпер кожную раніцу я прашу Бога “Дай мне жадання не піць і сілы не піць”. І паўтараю гэта шосты год запар. І я цвярозая. Зоя ХРУЦКАЯ. Даведка “РГ”. “Ананімныя алкаголікі” − сусветная супольнасць мужчын і жанчын, якія дзеляцца адно з адным сваім досведам, сіламі і спадзяваннямі для таго, каб дапамагчы сабе і іншым пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці. Адзіная ўмова для таго, каб уступіць у групу – гэта жаданне больш не піць. Супольнасць створаная ў 1935 годзе, калі ў горад Акрон (ЗША) прыехаў па сваіх справах адзін бізнесмен, якому нядаўна ўдалося кінуць піць. Ён вырашыў сустрэцца з кімсьці з мясцовых алкаголікаў, каб падзяліцца досведам вылечвання. Сустрэўшыся з доктарам, які пакутаваў ад гэтай звычкі, мужчыны замянілі выпіўку гутаркай. Потым яны пачалі дапамагаць іншым алкаголікам і з цягам часу пераканаліся, што чым больш дапамагалі іншым, тым менш ім самім хацелася выпіць. У Беларусі “А. А.” існуюць з 1990 года.
Аб'ява: Удзельнікі групы “Ал-Анон” (група падтрымкі для сваякоў алкаголікаў) збіраюцца кожную нядзелю: у Маладзечне − у вучэбным памяшканні касцёла святога Казіміра па Вялікім Гасцінцы (каля ГЦ “Модуль”), пачатак у 15.30; у Смаргоні − у Доме моладзі пры касцёле, пачатак у 16.30.
Удзельнікі групы “АА” (“Ананімных алкаголікаў”) збіраюцца: у Маладзечне − у вучэбным памяшканні каля касцёла паблізу ГЦ “Модуль” па чацвяргах – у 19.00, па нядзелях – у 13.30; у Смаргоні – па нядзелях (16.30), серадах (19.00) і пятніцах (19.00)у Доме моладзі пры касцёле. Удзельнікі групы “Дарослых дзяцей алкаголікаў” збіраюцца ў Смаргоні − па нядзелях у 14.00 у Доме моладзі пры касцёле. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра тое, што ў Маладзечне існуе група падтрымкі ананімных алкаголікаў, “РГ” першы раз напісала ў верасні 2010 года. Маладзечанец, прачытаўшы артыкул, вырашыў...
|
|