Дарога да сімвалаў
14.03.2012
—
Новости Общества
|
Некалі Змітрок Бядуля, старанна аглядаючы жыццё ў пошуках мастацкага абагульнення, пісаў з Пасадца ў "Нашу Ніву": "Не вечна крыўдзе панаваць над праўдай! Працуйце, браты, з верай, што мы вам спагадаем і чым сіл паможам дзеля лепшай долі для ўсіх нас!". У нечым беларускі пісьменнік аказаўся шчаслівым чалавекам, бо ён дачакаўся лепшай долі. Вялікі і ў многім празорлівы кубінскі паэт Хасэ Марці (чые вершы ў перакладзе на беларускую мову прапануе чытачам "Звязды" Мікола Мятліцкі) загінуў у першым баі — 19 мая 1895 года — тае вайны за незалежнасць, галоўным ідэолагам якой ён якраз быў. Ён змагаўся дзеля таго, каб незалежная дзяржава на Кубе "забяспечыла сваім сынам шчаслівае жыццё на працягу многіх гадоў". Засталіся вершы, засталіся чатыры паэтычныя кнігі. І зараз радкі, напісаныя больш як 100 гадоў таму, узбагачаюць трапяткія сэрцы і бунтарскі дух кубінцаў. Кастусь ЛЕШНІЦА. Хасэ МАРЦІ (1853 — 1895) СА ЗБОРНІКА "ПРОСТЫЯ ВЕРШЫ" * * * Мной чута аб Фівах, Афінах, Негрыцыі і аб Іране, Ды ў ранішніх горных далінах Я выберу з ветрам спатканне. Нямала гучала гісторый Пра даўнія сечы, плямёны, Ды выберу ў летнім прасторы На кветчыне пчол перазвоны. Мной чута, як стогне дуброва, Каўтаючы ранішні вецер, Ды вы мне паверце на слова, Мне вецер — мілейшы на свеце. Аб лані мне ведама тое: Ў загоне ёй волі не мець, — Аб сэрцы стамлёным, якое Прывеціла сумную смерць. * * * Ненавіджу хлуслівы горад З вечным шумам, самотай дрэў, Я люблю узыходзіць на горы, Слухаць лаўра адвечны спеў. Я жадаю зрадніцца лёсам З беднякамі маёй зямлі, Мне рачулкі дасветнай плёсы Морскай шыры мілей былі. Ну а золата мне не трэба, Багацей з ім марнуе дзень, Мне — і лапік блакітны неба, Мне — і сонца жывы прамень. Хай жа золата льецца і срэбра, Хай у горане ўсё гарыць, Мне ж мілей, як у сінь паднеб'я Белы голуб ляціць. Шукае епіскап іспанскі Калоны для алтара, Ў маім жа храме гіганцкім Алтар — агнявая зара. У ім — дываны травяныя, Сцены з гонкіх ствалоў, І промні ляцяць залатыя З блакітных яго купалоў. І служка глядзіць з бажніцы, Узносіць малітвы дары, І мчыцца ў сваёй калясніцы У час узыходу зары. Сасновая шышка — каляска, Дзве птушкі, як коні, ляцяць, І ветру парыўнага ласка, Бярозы бяростай зіхцяць. Пад бокам — скала крутая, Забыўся салодкім сном, Кранула пчала залатая Мне вусны лёгкім крылом. Лістота агнём бліскоча — Ружовага ранку ўздых, І свет нарадзіцца хоча Наноў у грудзях маіх. Ражок пастушыны рана Спявае за бліжняй гарой. І сонца, паўстаўшы з туману, Рух доўжыць адвечны свой. Няхай жа епіскап іспанскі, Стары, што усё спасціг, Ў мой сонечны храм гіганцкі Уступіць хаця б на міг! * * * Я памерці хачу гэтак проста, Як трава памірае ў палях, Будуць зоркі гарэць над пагостам, Пахавальняю стане зямля. Хай жа здрайцаў хавае прырода Пад каменны маркотлівы звод. Быў сумленным, і мне ўзнагарода, Каб памерці вачамі на ўсход. * * * Сніліся мне з мармуру палаты. Там, маўкліва стоячы, спачылі Статуі каменныя герояў І душу я запаліў як факел. Ноччу размаўляў я з імі, ноччу. Бліз каменнага праходзіў строю, Цалаваў каменныя іх рукі, Ўздрыгвалі каменныя іх вусны, Стыглі іх каменныя бароды, Камень-вочы зорылі адкрыта, Пралівалі горка слёз каменне, — І каменныя трымалі пальцы З каменю часаныя мячы. Моўчкі цалаваў я рукі статуй. Ноччу размаўляў я з імі, ноччу. Бліз каменнага праходзіў строю І абняў з прытоеным рыданнем Статую героя — стылы мармур. "Адкажы мне, слаўны вой каменны, Чуў не раз, што п'юць твае нашчадкі З келіхаў атручаных чужачых Не віно, а толькі кроў сваю. Што яны сваю забылі мову, Размаўляюць скрозь на мове панства, Спажываюць горкі хлеб бясслаўя, Сеўшы шчыльна за ганебны стол. Ў балбатні губляюць непатрэбнай Свой агонь астатні. О, скажы мне, Ты, вой сонны, вечны, мармур белы, Можа, ўжо тваё сканала племя?!" Ды герой, якога так абняў я, На зямлю мяне зваліў ударам Грознага кап'я, і мне на горла Наступіў, адкрытыя далоні Бліснулі, як сонца. Грозным гулам Камяні азваліся; да ножнаў Зноў прыпалі рукі, спешна ў наступ Рушылі каменныя героі. Пераклад з іспанскай Міколы Мятліцкага. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалі Змітрок Бядуля, старанна аглядаючы жыццё ў пошуках мастацкага абагульнення, пісаў з Пасадца ў "Нашу Ніву": "Не вечна крыўдзе панаваць над праўдай!...
|
|