Астрамечаўскі варыянт
17.03.2012
—
Новости Общества
|
Суседзі з Ровенскай вобласці спасцігалі НЭПы Аляксея Скакуна У СВК "Астрамечава" Брэсцкага раёна пабывала прадстаўнічая дэлегацыя Ровенскай вобласці Украіны. З вопытам гаспадарання астрамечаўцаў знаёміліся кіраўнік абласной дзяржаўнай адміністрацыі Васіль БЕРТАШ, кіраўнікі адміністрацый шасці раёнаў Ровеншчыны, намеснік старшыні абласной Рады, кіраўнікі шэрагу абласных арганізацый і падраздзяленняў, а таксама прадстаўнікі адной з вядучых аграфірмаў Ровенскай вобласці "Зара" імя Плюцінскага". З названай гаспадаркай у "Астрамечава" адносіны асаблівыя. Справа ў тым, што старшыня беларускага СВК Аляксей СКАКУН лічыць сябе вучнем двойчы Героя Сацыялістычнай працы Уладзіміра Антонавіча Плюцінскага. Калі тры дзесяцігоддзі таму Аляксей Сцяпанавіч узначаліў праблемную гаспадарку Брэстчыны, ён не раз наведваўся да славутага суседа. А той шчодра дзяліўся з навічком навукай гаспадарання. Тыя ўрокі пайшлі на карысць. Удзячны вучань ніколі не забываў свайго настаўніка. І ўжо пазней, калі "Астрамечава" пачало грымець на ўсю краіну сваімі поспехамі, дружба двух кіраўнікоў працягвалася. Уладзіміру Плюцінскаму ўдалося захаваць сваё сельгаспрадпрыемства ў нялёгкія 90-я гады, нават павялічыць яго плошчу за кошт пакінутых земляў. Прадпрыемства — цяпер яно прыватнае — паспяхова функцыянуе. А калі вядомы аграрый скончыў свой зямны шлях, гаспадарку назвалі яго імем. І вось ужо паслядоўнікі Плюцінскага прыехалі ў Астрамечава, каб паслухаць калег, азнаёміцца з набыткамі, адным словам, павучыцца. Сёння доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт НАН і Акадэміі аграрных навук, старшыня Беларускага аграпрамысловага саюза, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксей Скакун нярэдка прымае розныя дэлегацыі. Бо ёсць што расказаць і што паказаць. Сельгаскааператыў "Астрамечава" — адна з буйнейшых гаспадарак рэспублікі. Сваю назву яна атрымала пасля рэарганізацыі калгаса-камбіната "Памяць Ільіча", які быў утвораны на базе чатырох эканамічна слабых гаспадарак Брэсцкага і Камянецкага раёнаў. Такое вялікае прадпрыемства было неабходна, каб забяспечыць кармамі комплекс па адкорме і вырошчванні буйной рагатай жывёлы на 10 тысяч галоў, які тады яшчэ будаваўся. Так пачала складвацца сістэма гаспадарання, якую пазней Аляксей Скакун вобразна назаве "НЭПам". Першы НЭП расшыфроўваўся як навядзенне элементарнага парадку. Тады гэта было найбольш актуальна. Другі стаў новай эканамічнай палітыкай гаспадаркі, калі аплата працы цесна ўвязвалася з працоўнай дысцыплінай і канчатковымі вынікамі. Інтэнсіўныя тэхналогіі дазволілі на тых жа кармах атрымліваць значна больш прадукцыі. І гэта паступова вывела гаспадарку з заняпаду. Праца станавілася больш механізаванай. Да перспектывы работы стала прыглядацца моладзь. Пачалі ўзводзіць больш жылля. Мяняўся побыт вяскоўцаў, увесь уклад іх жыцця. Трэці астрамечаўскі НЭП гучаў як навукова-эканамічны прагрэс. У ХХІ стагоддзі развіццё любой вытворчасці, любога прадпрыемства магчыма толькі ў гармоніі з навукай і высокімі тэхналогіямі, не раз падкрэсліваў старшыня СВК. На невялікім полі пры ўсім жаданні не захаваеш патрабаванні агратэхнікі. Пра чацвёрты НЭП загаварылі як пра магчымасць выпускаць новую экалагічную прадукцыю. Гаспадарка мае цэлую сетку падсобных вытворчасцяў. Зараз тут вырошчваюць норак і шыюць са шкур шапкі, футры, іншыя вырабы. Працуюць цэхі па вырабе віна і вытворчасці яблычных чыпсаў з яблык уласнага саду. Работа многіх такіх вытворчасцяў нясе ў сабе беражлівае стаўленне да сыравіны і вырашае пытанне занятасці насельніцтва. Але ж тут вельмі даражаць сваім уласным брэндам, таму астрамечаўская прадукцыя, малако гэта ці яблык, мае бездакорную экалагічную рэпутацыю. Адсюль вынікае пяты НЭП (па-беларуску будзе НЭВ), які мае на ўвазе ўстойлівае развіццё па схеме: навука — эканоміка — вытворчасць. Пра свае славутыя НЭПы Аляксей Скакун расказаў украінскім гасцям, праілюстраваўшы расповед асноўнымі лічбамі. Зараз гаспадарка мае 10,5 тысячы гектараў сельгасугоддзяў. З іх 7800 гектараў — ворыўныя землі. Жывёлагадоўчая галіна — гэта 14 тысяч галоў, з іх 2300 дойных кароў. Па выніках мінулага года не хапіла 80 літраў да надою ў 8 тысяч на адну карову. Сёлета ўсе фермы "плюсуюць", таму чакаецца, што надой перавысіць 8-тысячны рубеж. Летась рэнтабельнасць раслінаводства склала 77%, малочнай жывёлагадоўлі — 80%, садаводства — 230%. Вось пра гэта госці папрасілі даць больш падрабязную інфармацыю. Яны пажадалі наведаць сховішча яблыкаў, паглядзець цэх па вытворчасці чыпсаў. Убачанае вельмі зацікавіла, было мноства пытанняў. Не дзіўна: 290 гектараў саду даюць "Астрамечаву" нядрэнны прыбытак. Тут узвялі сучаснае сховішча, умеюць захоўваць ураджай. У сваім кароткім інтэрв'ю прадстаўнікам СМІ губернатар Ровенскай вобласці Васіль Берташ адзначыў, што падчас паездкі хацеў паглядзець, як працуюць дзяржаўныя сельскагаспадарчыя праграмы суседзяў, вывучыць заканадаўчы досвед у гэтым плане. — Ровенская вобласць таксама сельскагаспадарчы рэгіён, — працягваў Васіль Міхайлавіч, — таму мы хацелі ўбачыць тое, што можна ўкараніць у сябе. І ў СВК "Астрамечава", і пазней, падчас прыёму ў аблвыканкаме, прадстаўнікі ўкраінскай дэлегацыі са шкадаваннем гаварылі пра свой вопыт прыватызацыі — калі зямлю калгасаў падзялілі на вузкія палоскі. На іх думку, сённяшні стан аграрнай галіны паказвае памылкі і пралікі той палітыкі. Вядома, нельга было не спытаць у ровенскага губернатара пра нядаўнюю забарону на ўвоз ва Украіну беларускіх малочных і мясных прадуктаў. Васіль Берташ адказаў так: — Прыняты захад носіць часовы характар. Думаю, што забарона звязана з выпадкамі афрыканскай чумы, зафіксаванымі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Нашы санітарныя службы адрэагавалі такім чынам. І шукаць тут палітыку не патрэбна. Мы павінны гандляваць і настроены толькі на цеснае супрацоўніцтва, таму і прыехалі сюды. Святлана ЯСКЕВІЧ. Брэсцкі раён Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Суседзі з Ровенскай вобласці спасцігалі НЭПы Аляксея Скакуна У СВК "Астрамечава" Брэсцкага раёна пабывала прадстаўнічая дэлегацыя Ровенскай вобласці...
|
|