Леанід Бразінскі. Інтэрв'ю ў гандбольным інтэр'еры. 21.by

Леанід Бразінскі. Інтэрв'ю ў гандбольным інтэр'еры

21.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Узрост узбагачае чалавека толькі тады, калі ён развіваецца, назапашвае досвед і ператварае яго ў жыццёвую мудрасць. Заслужанаму трэнеру СССР па гандболе, былому "коўчу" зборнай Партугаліі, памочніку Спартака Мірановіча па залатым СКА Леаніду Бразінскаму споўнілася 60. Лічба важкая, але яна не дамінуе над чалавекам, не перашкаджае і зараз займацца справай жыцця на даволі высокім узроўні, дзяліцца вопытам. Цяпер Леанід Іванавіч узначальвае не толькі магілёўскі клуб "Машэка", але і жаночую зборную Беларусі, з якой змагаецца за пуцёўку на чэмпіянат Еўропы. Каб сустрэцца з юбілярам, карэспандэнт "Звязды" наведаў трэніровачны лагер зборнай у Стайках. Убачыў дзяўчат у добрым настроі, а таксама атрымаў ад вядомага трэнера грунтоўныя адказы на кожнае пытанне.

— Леанід Іванавіч, вам 60, але ў дзень народзінаў усё роўна шмат працы...

— Зараз у нас адна праблема: прыйшоў перыяд адборачных матчаў з камандай Азербайджана. У нас тыдзень падрыхтоўкі і гульні — у сераду ў Баку, а ў нядзелю сустрэнемся ў Магілёве. Рыхтуемся. Гэтым і жывём дзеля таго, каб перайграць Азербайджан.

— Цяпер наша зборная займае трэці радок у сваёй групе...

— Але нельга Азербайджан лічыць аўтсайдарам, бо яна таксама добрая каманда. З саюзных часоў яны славіліся жаночым гандболам больш, чым мужчынскім. Зараз мы будзем гуляць з імі для таго, каб заняць трэці радок. Ну а пасля будзем вырашаць іншыя задачы.

— У такім выпадку каманда ўжо рыхтуецца на наступныя цыклы?

— Чаму? Павінны гэты да канца давесці. Мы будзем спрабаваць зрабіць усё, каб трапіць на чэмпіянат Еўропы.

— Падбор выканаўцаў задавольвае?

— Тое, што мы маем — сёння лепшае ў краіне. Хацелася б узмацніць пэўныя пазіцыі, але гэта ўжо справа будучыні. Над гэтым мы будзем працаваць.

— Вы працуеце першы цыкл з жаночай зборнай. Ці цяжка сумяшчаць працу ў мужчынскай і жаночай камандзе?

— Не. З клубам зусім іншая праца. Гэта розныя рэчы. У зборную прыязджаюць тыя, хто хоча гуляць. Тут больш з'яўляешся псіхолагам. Галоўнае — добрая атмасфера, камандны дух. Зборная збірае тых, каму гэта падабаецца, хто атрымлівае задавальненне. Зразумела, за тыдзень іх гуляць не навучыш. У клубах ёсць час працаваць. Там робяць за грошы. Псіхалагічна прасцей. Людзі ведаюць, для чаго гуляюць.

— У снежні вы наведалі чэмпіянат свету, які прымала Бразілія, і пасля адзначылі, што сучасны жаночы гандбол вам нагадвае мужчынскі перыяду 70-х. Гэта камплімент?

— Жаночаму, але не мужчынскаму. Раней гандбол крыху быў цікавейшы тым, што былі асобы, на якіх прыходзілі паглядзець балельшчыкі. У гэтым і ёсць інтарэс спартыўных гульняў. Жанчыны пакуль не дасягнулі ў гандболе такога атлетызму, які характэрны мужчынам. Аднак, калі не валодаеш сілай, шукаеш іншыя шляхі: праз тактыку, хітрасць. А мужчынскі гандбол стаў атлетычным, з моцнымі кідкамі, і многія рэчы проста забыліся. У жанчын крыху інакш.

— Ці параўноўвалі ў думках сваю каманду з удзельніцамі чэмпіянату?

— Так, там былі каманды мацнейшыя за нашу. Чаму? Цяпер шмат што залежыць ад унутранага чэмпіянату. Уявіце, у вялікай Бразіліі ўсяго восем камандаў. І каб паляпшаць узровень, яны накіравалі сваіх лепшых гандбалістак гуляць у Еўропу за аўстрыйскую каманду. Вось адкуль поспех (на мінулым чэмпіянаце свету бразільянкі занялі 5-е месца. — Т.Ш.).

— Леанід Іванавіч, а як вы ставіцеся да такіх паняццяў, як "суперклуб", "базавы клуб зборнай"?

— І пазітыўна, і адмоўна. Далёка за прыкладам хадзіць не трэба. У Расіі ёсць каманда "Чэхаўскія мядзведзі". Напэўна, яны зрабілі ўсё для зборнай, сабралі лепшых расійскіх гульцоў, ёсць цудоўныя ўмовы і фінансавыя магчымасці. Аднак ім няма з кім гуляць. Вось і ў нас ёсць мінскае "Дынама" і БГК ім. Мяшкова, ім таксама ў нас няўтульна, мала месца, адсутнічае раўназначны спарынг. Каб мець добрую зборную, трэба, каб гандбалісты гулялі ў моцных чэмпіянатах. Нашы мужчыны не запатрабаваны ў Еўропе. Але выніку дасягнуць якраз тыя, хто там выступае. Ну а калі і рабіць суперклубы, дык хочацца, каб больш там было беларусаў. Заяўляць у турніры, каб яны "абкатваліся", вопыт назапашвалі. Праўда, на такія праекты трэба выдаткоўваць грошы. А ў нас ёсць тыя, хто кажа, што спартыўныя гульні не медальныя. Гэта памылка. Пачынаюць крытыкаваць хакейнае "Дынама", якое збірае 15 тысяч. А гэтым усё сказана. Людзі ідуць на хакей, відовішча, на штангу столькі не прыйдуць. Так, гульнявыя віды дарагія, але любімыя.

— Калі нашых гандбалістаў у Еўропе няшмат, дык дзяўчат гуляе там каля сямі. Добры паказчык?

— Добры. Дзяўчаты гуляюць і ў Расіі, Польшчы, Аўстрыі, Румыніі. Гэта ўжо пра нешта кажа. Касцяк у зборнай ёсць. Наша задача — развіваць працу з моладдзю, уладкаваць чэмпіянат. Каб дзяўчаты надалей развіваліся, гулялі ў моцных еўрапейскіх камандах.

— Не хвалюецеся, што будзе адток талентаў?

— У футболе ёсць закон, які забараняе спартсменам выступаць за зборную, калі ты ўжо выступаў за іншую, нават за юнацкую. Гэта даволі сур'ёзна і правільна. І я не разумею, чаму ў гандболе не прымуць падобнае рашэнне. Я не супраць, каб беларускі гулялі ў іншых краінах. Калі ласка. Толькі, каб грамадзянства не мянялі.

— Вы неяк зазначылі, што лічыце прафесіяналамі тых гандбалістаў, якія атрымліваюць заробак у 10-20 тысяч еўра?

— А беларускі гандбол у такім выпадку паўпрафесійны?

— Мы яго хочам зрабіць прафесійным. Наш прафесіяналізм у тым, што трэніруемся двойчы на дзень.

— Ведаеце, для нашых гульцоў — гандбол асноўная праца, але яны з невялікай перавагай перамаглі неяк Люксембург, калісьці саступілі Кіпру, зборнай, гандбалісты якой маюць яшчэ іншую працу. Дык хто ў такім выпадку прафесіянал?

— Вось. Я часта прыводжу гэты прыклад, бо сам жыў у гэткім асяродку сярод такіх самых банкіраў, якія трэніраваліся і гулялі не горш.

— Прыклад іншай адказнасці?

— Там з дзяцінства выпрацавана структура. У Партугаліі шмат дзіцячых камандаў. Грошы дзяржава выдаткоўвае відам спорту не з-за значнасці, а зыходзячы з колькасці тых, хто ім займаецца. Трэніруюцца двойчы там толькі легіянеры, іншыя прыходзяць увечары. Між іншым, гандбол для іх — з'ява часовая, работу кінуць не могуць, добрая праца — яна назаўжды. І гэта не толькі тычыцца Партугаліі.

— У апошняе дваццацігоддзе сітуацыя ў гульнявым спорце змянілася. Фіны ў хакей перамагаюць рускіх, а ў гандболе ў лідарах Францыя, клубы якой наш СКА калісьці перамагаў без асаблівых перашкод.

— Усё ідзе ад правільнай сістэмы. У іх няма задачы абавязкова і адразу ўсіх перамагчы. У Даніі 500 клубаў, а ў нас 8. Я не скажу, што ў іх усе трэнеры выдатныя. Не, можа, нашыя больш прафесійныя. Толькі перамагаюць звычайныя таленавітыя людзі. Гэта як у тэатры. Наведаеш адзін і той жа спектакль у нашым тэатры, і, напрыклад, у маскоўскім "Ленкаме" — адчуеш розніцу. Яны бяруць колькасцю. Вядома, сярод тых 500 клубаў можна выбраць 20 гульцоў, якіх навучаць, у дадатак яны маюць добры дзіцячы чэмпіянат.

— Леанід Іванавіч, ці можна вашы сённяшнія адчуванні, уражанні ад гандбола параўнаць з тымі часамі, калі працавалі разам са Спартаком Мірановічам у СКА?

— Калі трэнеру 60, ён робіцца мудрым, мае досвед, можа даць параду. Мы неяк з Мірановічам у Стайках праводзілі ў дзень пяць трэніровак са СКА і моладзевай зборнай! Цяпер ёсць мудрасць, аднак сіл пакрысе менее. Аднак трэнер павінен удзельнічаць у самім працэсе.

<І>Пасля апошняга пытання дыктафон мусіў спыніцца. Прычына і сапраўды важная. Павіншаваць Бразінскага ў Стайкі прыехаў кіраўнік гандбольнай федэрацыі Уладзімір Канаплёў. У гэты, ужо цёплы сакавіцкі дзень гучала сапраўды шмат шчырых слоў. Аднак вясна нараджае не толькі ўпартых і мэтанакіраваных людзей, але і веру, надзею. Спадзяёмся, новае жыццё нашай жаночай гандбольнай зборнай з вопытным трэнерам будзе багатым на пазітыў, а з усім астатнім з дапамогай Леаніда Бразінскага дзяўчаты развітаюцца. Будзем верыць.

Тарас ШЧЫРЫ. Фота Надзеі Бужан.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узрост узбагачае чалавека толькі тады, калі ён развіваецца, назапашвае досвед і ператварае яго ў жыццёвую мудрасць. Заслужанаму трэнеру СССР па гандболе, былому...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика