Ці з'явіцца ў Беларусі Дзень партызанаў і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны?
05.04.2012
—
Новости Общества
|
"Векапомныя дні: фронт у тыле ворага" — пад такім загалоўкам 24 сакавіка 2012 года былі змешчаны матэрыялы "круглага стала" газеты "Звязда". Нагадаем, яго ўдзельнікі — ветэраны вайны, гісторыкі, музейшчыкі, журналісты — звярнуліся да грамадскасці краіны з просьбай выказаць меркаванні адносна прапановы аб усталяванні 20 МАЯ памятнай даты — Дня партызанаў і падпольшчыкаў. І адразу ж у рэдакцыю пачалі паступаць пісьмы, тэлефанаванні, у якіх чытачы выказваюць свае думкі адносна гэтай ініцыятывы. "Гэта будзе НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ!" — гавораць нашы чытачы. Радзівон Шпец, вёска Гуркі Шаркаўшчынскага раёна: "Партызанскі рух быў часткай Вялікай Айчыннай вайны. З першых дзён варожага нашэсця жыхары Беларусі пачалі ўсенародную вайну супраць фашысцкіх акупантаў. Шэрагі народных мсціўцаў раслі з кожным днём. Хачу коратка расказаць, як у гады Вялікай Айчыннай вайны і я, будучы падлеткам 15 гадоў, стаў партызанскім разведчыкам. Выхоўваўся я ў сям'і дзядзькі (роднага брата маці). Пры расстрэле фашыстамі Шаркаўшчынскага гета многім яўрэям удалося ўцячы ад куль. Асобныя з іх знайшлі прытулак у нас. Я ім насіў у схованку есці, мы пасябравалі. Са з'яўленнем партызанскіх груп на тэрыторыі раёна яны пайшлі ў партызаны і па начах наведвалі нас. Па іх заданні я хадзіў у Шаркаўшчыну з мэтай разведкі размяшчэння варожых сіл і іх узбраення. Шмат заданняў даводзілася выконваць, рызыкуючы жыццём. Аднойчы я быў затрыманы і дастаўлены ў камендатуру гестапа. Застаўся жыць выпадкова. Ад тых здзекаў у мяне на твары засталася метка — як сімвал вайны. Уся мая сціплая дапамога давала магчымасць партызанам наносіць удары па размяшчэнні фашысцкіх гарнізонаў у Шаркаўшчыне... Мне 83 гады, многія сведкі тых падзей ужо пайшлі з жыцця. Няўжо ў сувязі з гэтымі абставінамі я не магу мець статуса партызана-падпольшчыка?.. Лічу, што Дзень партызанаў і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны абавязкова павінен быць усталяваны як памятная дата". Уладзімір Жогла, былы вязень фашысцкіх канцлагераў у Германіі, г. Мазыр: "Днём партызанаў і падпольшчыкаў, на маю думку, павінна стаць дата 29 чэрвеня. У гэты дзень у 1941 годзе выйшла Дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей па мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў на разгром фашысцкіх захопнікаў пад лозунгам "Усё для фронту! Усё для Перамогі!" Ніна Саўрасава, урач, г. Мінск: "У адказ на матэрыял "Ці з'явіцца ў Беларусі Дзень партызанаў і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны" (за 24.03.2012) лічу сваім абавязкам выказаць словы падтрымкі. Не магу паверыць, што ў рэспубліцы, якая сярод усіх астатніх больш за ўсё аддала жыццяў і рэсурсаў партызанскай вайне, у якой усё насельніцтва ўдзельнічала ў падтрымцы партызанаў, а гэтая скрытая вайна мела такі размах, што зрывала планы фашыстаў на фронце і г.д., — і ў гэтай краіне дагэтуль дыскутуецца пытанне аб неабходнасці такога дня памяці? Ды мы кожны дзень павінны дзякаваць гэтым героям — партызанам і падпольшчыкам! Але ў цякучцы няма калі. Так, Дзень Перамогі — вялікі дзень, і Дзень вызвалення Беларусі — таксама. Але Дзень партызанаў і падпольшчыкаў павінен быць сярод нашых памятных дат! Гэтыя людзі заслужылі, каб пра іх памяталі і ўшаноўвалі ў асобны дзень — іх ратная праца была асаблівай, мне здаецца, больш небяспечнай і страшнай, чым у арміі. У нашай сям'і таксама былі партызаны: мой дзядуля і цётка, узнагароджаная ордэнам. Шкада толькі, што яны не маглі ўжо нічога расказаць пра сваю вайну ні мне, ні майму сыну... Абсалютную падтрымку гэтай патрыятычнай ініцыятыве выказваюць і мае бацькі, Аляксандр і Паліна Манулік, таксама медыкі. Яўген Аксяновіч, вёска Глыбачка Ушацкага раёна: "Прачытаў у нумары 57 "Звязды" матэрыялы "круглага стала" і хачу выказаць сваю падтрымку прапаноў яго ўдзельнікаў аб усталяванні ў Беларусі Дня партызанаў і падпольшчыкаў. Таму што, па-першае, беларускі народ падняўся на бязлітасную барацьбу з акупантамі, чым унёс вялікі ўклад у справу разгрому гітлераўскіх захопнікаў; а па-другое, таму, што гэта было б папярэджаннем рэцыдыву фашызму. Гэты дзень, на маю думку, патрэбны не столькі для ўшанавання подзвігу непасрэдных удзельнікаў партызанскай вайны, якіх, на жаль, становіцца ўсё менш і менш, колькі для выхавання пачуцця патрыятызму ў іх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Калі пачалася вайна, я быў 15-гадовым падлеткам і на сваёй скуры зведаў, што прынёс народу "новы парадак" гітлераўцаў. Грабяжы, здзекі, расстрэлы прымусілі людзей узяцца за зброю. Ужо да пачатку 1943 года ў вёсках усталявалася ўлада партызанскіх злучэнняў, а фашысты займалі толькі гарады і чыгуначныя станцыі. Наша вёска Вялікае Сяло была на ўскраіне партызанскай зоны, а за 5 кіламетраў ад яе знаходзілася станцыя Загацце з нямецкім гарнізонам. Таму групы партызанаў, ідучы на чыгунку, апошні прыпынак заўсёды рабілі ў нас. У нашым раёне і ў суседнім Лепельскім стаялі брыгада імя К. Варашылава (камандзір Д.В. Цябут) і дыверсійная група атрада "Бальшавік" (у мястэчку Бабынічы) на чале з Савіцкім Алесем Ануфрыевічам. Ідучы на заданне на чыгунку, яны часта заходзілі да нас. Мая мама гатавала ім ежу. Заходзілі і іншыя партызанскія групы, якія ішлі ў суседні Асвейскі раён, дзе месцілася партызанская брыгада П.М. Машэрава. Я добра ведаў мясцовасць і таму вадзіў з іншымі вяскоўцамі партызанаў для пераходу за чыгунку. Мае ўспаміны пра "рэйкавую вайну" апублікаваны ў часопісе "Маладосць" (№ 5 за 2009 і № 5 за 2010 год). Я падтрымліваю прапанову аб усталяванні Дня партызанаў і падпольшчыкаў. У "Звяздзе" таксама абмяркоўваўся канкрэтны дзень свята. На маю думку, гэта не мае значэння. Няхай, скажам, гэта будзе дзень першага бою атрада Каржа ці дзень прарыву Ушацкай зоны. Важна, каб такі дзень быў усталяваны. Цяпер хацеў бы звярнуць увагу рэдакцыі вашай газеты на тое, што тыя з удзельнікаў партызанскага руху, хто своечасова не аформіў свой удзел у ім, цяпер наўрад ці могуць гэта зрабіць. Па існуючых правілах, пасведчанне ўдзельніка партызанскага руху можа атрымаць толькі той, хто мае сведчанне траіх удзельнікаў і характарыстыку камандзіра. Я, шчыра прызнаюся, ніколі не надаваў такому дакументу значэння, бо льготы мне не патрэбны, на хлеб надзённы зарабляў сваімі рукамі, а збіраць даведкі не было часу. А цяпер унукі (а іх у мяне аж васьмёра) пытаюцца: "Дзед, а дзе тваё пасведчанне партызана?". І вось я спахапіўся, ды позна: амаль усе мае партызанскія таварышы ці загінулі, ці памерлі пасля вайны, і ёсць у мяне сведчанне толькі ад Алеся Савіцкага. Як быць? Магчыма, цяпер, калі былых партызанаў можна пералічыць па пальцах, трэба змяніць парадак афармлення пасведчанняў?" Уладзімір Мухлаеў, ветэран Узброеных Сіл, ветэран педагагічнай працы, г. Мінск: "Паважаная рэдакцыя газеты "Звязда"! Прачытаў у газеце за 24 сакавіка 2012 г. выступленне ўдзельнікаў "круглага стала", зварот да грамадскасці краіны аб усталяванні Дня Памяці партызанаў і падпольшчыкаў 20 мая. Мы з жонкай Людмілай Міхайлаўнай падтрымліваем гэты зварот. У цяжкія для ўсяго народа Савецкага Саюза дні, у чэрвені 1941 г., апублікавана Дырэктыва Саўнаркама СССР і ЦК ВКП(б) аб арганізацыі партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп для барацьбы з нямецкімі войскамі. На абарону Айчыны ўзняліся і маладыя, і старыя. Жыхары гарадоў і пасёлкаў, знаходзячыся на акупаванай тэрыторыі, ішлі ў лясы, стараючыся не толькі выжыць, але і сваёй дзейнасцю аказваць дапамогу рэгулярным часцям Савецкай Арміі. Мы — дзеці вайны: мне ў той час было 6 гадоў, жонцы — 3, перажылі голад, бяспраўе, бачылі палаючыя дамы, загінулых — ні ў чым не вінаватых людзей, родных. А колькі маладых беларусаў было вывезена ў Германію на прымусовыя работы, і ніхто сёння не можа сказаць, колькі з іх не вярнулася ў родны дом... І таму: 1) Мы падтрымліваем удзельнікаў "круглага стала", што патрыятызм партызанаў і падпольшчыкаў трэба ўвекавечыць — усталяваць Дзень партызанаў і падпольшчыкаў. 2) Лічым, што гэтай невялікай групе яшчэ жывых патрыётаў трэба дазволіць бясплатны праезд на ўсіх відах гарадскога і прыгараднага транспарту, бо толькі іх мужнасць дала магчымасць сёння бясплатна карыстацца транспартам навучэнцам і студэнтам. 3) Прапануем распрацаваць памятны медаль — як від заахвочвання педагогаў, якія прапрацавалі ў школах, каледжах, ВНУ 30 гадоў і больш, за патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Надзея Рудак, кіраўнік гуртка "Патрыёт", загадчыца Музея баявой і партызанскай славы імя Марата Казея сярэдняй школы № 28 г. Мінска: "Наш музей створаны ў 1967 годзе, вялікую ролю ў гэтым адыграла сястра Марата Казея Арыядна Іванаўна (яна больш як 30 гадоў працавала ў 28-й школе) і партызаны брыгады імя Ракасоўскага, якія дапамаглі сабраць унікальны матэрыял. У школьным музеі — больш за 360 экспанатаў асноўнага фонду. Прычым ёсць надзвычай цікавыя: матроскі касцюмчык Марата Казея, у якім ён быў сфатаграфаваны, яго куфайка, папка; шмат рэчаў і фотаздымкаў партызанаў брыгады імя Ракасоўскага. Напрыклад, асобная вітрына прысвечана сям'і Чуліцкіх, якая цалкам (пяць чалавек!) удзельнічала ў партызанскім руху. Каля тысячы чалавек за год наведвае музей — ён сапраўды працуе. Сярод нашых гасцей не толькі школьнікі, але і ветэраны, настаўнікі. Экскурсіі праводзяць вучні 5—11 класаў, члены сектара экскурсаводаў. Але, у прынцыпе, кожны навучэнец 28-й школы можа правесці экскурсію па музеі. Часта вучні проста заходзяць у музей — глядзяць экспанаты, узгадваюць сваіх ветэранаў: а вось у майго дзядулі (ці прадзядулі, ці дзядзькі) гэта таксама ёсць... Яны бачаць экспанаты — і генетычная памяць пра вайну абуджаецца. ГЕНЕТЫЧНАЯ ПАМЯЦЬ ВАЙНЫ Ў БЕЛАРУСІ — ЖЫВАЯ! Нягледзячы на тое, што ідэалагічная атака на нашу краіну скіравана ў тым ліку і супраць беларускіх партызанаў. У інтэрнэце публікуюцца дзіўныя ўспаміны нейкіх бабулек-дзядулек, якія расказваюць нейкія неверагодныя рэчы — што партызаны былі большым злом, чым нацысты. Гэтыя рэчы не павінны заставацца без адказу. У нашым музеі на прыкладзе брыгады імя Ракасоўскага расказваецца аб карнай экспедыцыі гітлераўцаў, у ходзе якой на вачах маці застрэльвалі дзіця... Партызанскія экспанаты дапамагаюць вучням разабрацца, дзе праўда, а дзе хлусня, і асэнсаваць нашу гісторыю. Гэта будзе вельмі добра, калі сярод іншых памятных дат у календары з'явіцца Дзень партызанаў і падпольшчыкаў. Думаю, у Беларусі наўрад ці хто выступіць супраць — таму што падпольны і партызанскі рух тут насамрэч быў народны. Падрыхтавала Таццяна ПАДАЛЯК Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Векапомныя дні: фронт у тыле ворага" — пад такім загалоўкам 24 сакавіка 2012 года былі змешчаны матэрыялы "круглага стала" газеты "Звязда". Нагадаем,...
|
|