Дадайце... жыцця!. 21.by

Дадайце... жыцця!

07.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёлетні Сусветны дзень здароўя прысвечаны праблемам старэння, і не проста падаўжэння працягласці жыцця, а такога падаўжэння, якое дадасць гадам жыцця, фізічнай і разумовай актыўнасці. Пажылыя мужчыны і жанчыны могуць весці паўнацэннае жыццё, калі будуць клапаціцца пра сваё здароўе пастаянна, штодня.

Паводле слоў кіраўніка краінавага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь Ягора ЗАЙЦАВА, у сучаснай Еўропе многія 65-70-гадовыя людзі не адчуваюць сябе пажылымі. Аднак для гэтага патрабуецца некалькі ўмоў. На працягу ўсяго жыцця трымацца здаровага ладу жыцця; пражываць у такім наваколлі, якое будзе ўладкаваным і прыстасаваным для патрэб не толькі маладых; адчуваць салідарнасць паміж пакаленнямі, мець доступ да сучасных метадаў абследавання і лячэння.

У Беларусі, паводле прагнозаў, доля асоб пенсійнага ўзросту ў 2025 годзе складзе амаль 30 працэнтаў, а доля дзяцей — 17. Насельніцтва нашай краіны старэе хутчэй, чым насельніцтва свету ў цэлым. Як і для іншых краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, для нас характэрна старэнне насельніцтва без павелічэння працягласці жыцця. Беларусы жывуць даўжэй, чым пяць гадоў таму, але прыкладна столькі ж, колькі і да перабудовы.

Як вядома, дзесьці да 24 гадоў чалавек актыўна развіваецца, аднак далей біялагічныя працэсы запавольваюцца, чалавек становіцца ўсё менш і менш актыўным, а значыць, паступова можа сутыкнуцца з яшчэ дзвюма магчымымі падставамі для ўзнікнення ляноты. Першай такой падставай становіцца, як правіла, вылет дзяцей з сямейнага гнязда, другой — уласны выхад на пенсію з далейшым бяздзеяннем. А як толькі чалавек перастае за сабой сачыць, падтрымліваць актыўны ва ўсіх сэнсах лад жыцця, пакутуе псіхіка. Аднак акрамя псіхічных расстройстваў, у пажылых распаўсюджаны і хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, вострыя і хранічныя цэрэбраваскулярныя захворванні, да якіх адносіцца, напрыклад, інфаркт міякарда, новаўтварэнні, уралагічная паталогія і іншыя хваробы мочапалавой сістэмы, пераломы, касцёва-мышачныя хваробы і г.д.

Верагоднасць развіцця захворванняў залежыць ад многіх фактараў, і на некаторыя з іх чалавек сам можа ўплываць. Скажам, адмовіцца ад курэння, не злоўжываць алкаголем, абмежаваць харчаванне пасля 60 гадоў. Умеранае харчаванне абавязкова павінна спалучацца з пасільнай фізічнай нагрузкай. Людзям ва ўзросце пасля 65 гадоў рэкамендуецца не менш за 150 хвілін на тыдні займацца аэробікай сярэдняй інтэнсіўнасці (аэробіку можна замяніць і на іншую нагрузку). Кожны занятак павінен доўжыцца не менш за 10 хвілін. Сілавым практыкаванням, у якіх задзейнічаны асноўныя групы мышцаў, варта прысвячаць 2 ці болей дзён на тыдні. Акрамя таго, 3 і болей разоў на тыдні неабходна выконваць практыкаванні на раўнавагу — каб папярэдзіць рызыку падзення.

Аднак трэніроўкі неабходны не толькі мышцам, але і мозгу. І тут не важна, ці спатрэбіцца вам замежная мова — важная сама па сабе разумовая дзейнасць, якая спрыяе абнаўленню арганізма, дапамагае пераадольваць фізічную немач і працягнуць жыццё. Для вучоных не сакрэт, што менш адукаваныя людзі старэюць хутчэй.

Важным для любога чалавека, які жадае не проста доўга жыць, а жыць якасна, з'яўляецца і псіхалагічны камфорт, задаволенасць, спакой, размеранасць, адсутнасць панікі па прычыне ўнутраных і знешніх змен, а таксама таго, што наперадзе чакае смерць, гаворыць намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, галоўны пазаштатны спецыяліст па прафілактыцы і здаровым ладзе жыцця Людміла НАРОЙЧЫК. Функцыянальны, не каляндарны, узрост вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а станам здароўя, узроўнем разумовай актыўнасці, здольнасцю абслугоўваць сябе.

Ніколі не варта забывацца і пра рэгулярныя агляды ва ўчастковага ўрача ці ўрача агульнай практыкі. Любое хранічнае захворванне паскарае старэнне хворага органа, а таму трэба своечасова лячыць любыя захворванні, выконваць усе рэкамендацыі вузкіх спецыялістаў. "У кожнай вобласці сёння працуюць герыятрычныя службы, а ў Мінску такая служба створана на базе 14-й гарадской паліклінікі, — кажа галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя Беларусі Вадзім СУШЫНСКІ. — Для азнаямлення з асаблівасцямі лячэння найбольш распаўсюджаных хваробаў, множнай паталогіі працуюць у нас і "школы трэцяга ўзросту". Аднак даступнасць медыцынскай дапамогі не адыграе сваёй станоўчай ролі, калі кожны з нас сам не перастане скарачаць адведзеныя яму гады".

Святлана БАРЫСЕНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлетні Сусветны дзень здароўя прысвечаны праблемам старэння, і не проста падаўжэння працягласці жыцця, а такога падаўжэння, якое дадасць гадам жыцця, фізічнай і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика