Дзіця любові
12.05.2012
—
Новости Общества
|
Клуб дзелавых жанчын Беларусі адзначыў свой першы юбілей Каля мінскага Палаца спорту два аўтобусы — на 40 і на 20 месцаў. Побач з імі збіраюцца жанчыны ў элегантных сукенках, у вытанчаных туфліках, з сучаснымі, дасканала ўкладзенымі прычоскамі. Некаторыя — з сівізной у валасах. Але сапраўдны ўзрост гэтых жанчын бачны па іх вачах і ўсмешках, па тым, як яны звяртаюцца адна да адной ("Дзяўчаткі!"), і па асаблівай постаці, дынамічнай і зграбнай, якая бывае ўласціва жанчыне-кіраўніку. Ад іх рашэнняў залежаць заробкі тысяч людзей, поспех асобных галін у эканоміцы, міжнародныя стасункі краіны і не ў малой ступені — яе палітыка. Элітарны клуб "Дзелавыя жанчыны Беларусі" адзначае свой першы юбілей — 10 гадоў. Каб зразумець сутнасць таго, што сабой уяўляе Клуб, трэба прыглядзецца і прыслухацца да святочна настроеных пасажырак гэтых аўтобусаў. Вось адна расказвае пра поспехі ў бізнэсе, другая тлумачыць некаму па тэлефоне, дзе знайсці ў кватэры крэм ад сонечных апёкаў, а трэцяя разважае пра вытокі інтэлігентнасці ў нашым грамадстве і перарваную сувязь пакаленняў... Звычайныя жанчыны. Жаноцкія, неабыякавыя, слабыя. І моцныя.Старшыня Клуба Таццяна Сафроненка "прымярае" юбілейны торт-капялюш ад 1-й Мінскай птушка-фабрыкі. Аўтобусы, дарэчы, вязуць пасажырак у агракамбінат "Дзяржынскі", які на чале з генеральным дырэктарам, мужчынам, годна прымае прадстаўнічых гасцей — жаночую эліту краіны. Густоўна складзеныя букеты — кожнай, стол для дэгустацыі прадукцыі "Дзяржынскага" — усім, а потым — кароткі аповед пра аграпрамысловы холдынг, не зацягнутая афіцыйная частка пасяджэння Клуба — з прыняццем новых удзельніц, з юбілейным фільмам, з калектыўным фота, і... экскурсія па агратурыстычным цэнтры "Станькава", што належыць "Дзяржынскаму". Усё — на самым высокім узроўні, але галоўнае — з пяшчотай і сімпатыяй. Як і святочная вячэра з канцэртнай праграмай, песнямі ва ўласным выкананні ўдзельніц Клуба і шчодрымі падарункамі напрыканцы дня... Трошкі са спазненнем да юбілейнага выязнога пасяджэння далучаецца Надзея ЕРМАКОВА, кіраўнік Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. І ёй, вядома, адразу даводзіцца даваць інтэрв'ю перад тэлекамерамі: — Быць членам Клуба дзелавых жанчын складана, бо бракуе часу браць удзел у пасяджэннях, — прызнаецца яна. — Але Клуб — гэта неабходныя зносіны, бо часта жанчына-кіраўнік працуе ў атачэнні мужчын, і ў яе ўзнікае патрэба жаночых размоў, стасункаў, парад. Добра, што такі Клуб існуе. Старшыня Клуба Таццяна САФРОНЕНКА кажа, што ідэя аб'яднання беларускіх бізнэс-лэдзі належыць менавіта Надзеі Ермаковай. Клуб быў створаны, каб праз жанчын-кіраўнікоў дапамагчы Беларускаму саюзу жанчын. Але хутка і задачы, і змест сустрэч пашырыліся. Па-першае, Клуб дазволіў жанчынам-кіраўнікам з розных сфер бліжэй пазнаёміцца. Па-другое, у цяжкія часы яны дапамагалі адна адной з рэалізацыяй прадукцыі праз выстаўкі-продажы. Па-трэцяе, клуб ладзіць сацыяльныя і культурныя праекты, у тым ліку па падтрымцы асуджаных жанчын. Але самае галоўнае — яны сябруюць паміж сабой. — Мы вучымся адна ў адной, натхняемся, удасканальваемся і як кіраўнікі, і як асобы, і як проста жанчыны, якія хочуць быць прывабнымі і шчаслівымі, — дзеліцца Ніна ПЯТРОВА, генеральны дырэктар магілёўскага адкрытага акцыянернага таварыства "Стужка". Яны перажываюць за падораныя кветкі, уважліва слухаюць адна адну, цярпліва чакаюць, пакуль журналісты возьмуць інтэрв'ю ў Надзеі КАТКАВЕЦ, якая сёння ўзначальвае Дэпартамент аграпрамысловага комплексу АЭП, з цікаўнасцю аглядаюць заасад і партызанскі лагер у Станькава, шчыра пужаюцца падчас рэканструяванага партызанскага бою, і многія з іх па-дзіцячы горача пра нешта просяць у... Ляснога стража — так тут называюць пяцісотгадовы дуб... Каб уступіць у Клуб "Дзелавыя жанчыны Беларусі", трэба зрабіць добрую справу, падкрэслівае Таццяна Сафроненка, маючы на ўвазе дабрачыннасць, гатоўнасць некаму дапамагчы, актыўную жыццёвую пазіцыю і любоў да людзей і краіны. — Цяпер для гэтага не абавязкова быць кіраўніком, але для нас важна, як жанчыну характарызуе яе кіраўніцтва, — кажа яна. — Мы сёння, наадварот, дапамагаем членам нашага Клуба стаць кіраўнікамі. Рэкамендацыя Клуба дзелавых жанчын мае вагу. І мы ўжо шукаем сабе замену, прычым замену, якая захавае пераемнасць пакаленняў. На гэтым пасяджэнні мы прынялі сем новых членаў, і на наступнае маем ужо 12 заявак. Праз некаторы час я пачынаю здагадвацца, што сутнасць Клуба — у душэўнасці, і праз душэўнасць, праз сэрца — усё астатняе. Напэўна, таму ў іх многае атрымліваецца. Напэўна, таму яны і самі адчуваюць патрэбу ў такіх стасунках і, нягледзячы на занятасць, знаходзяць час для сустрэч і агульных спраў. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Клуб дзелавых жанчын Беларусі адзначыў свой першы юбілей Каля мінскага Палаца спорту два аўтобусы — на 40 і на 20 месцаў. Побач з імі збіраюцца жанчыны ў элегантных... |
|