Феномен Салярцінскага. 21.by

Феномен Салярцінскага

23.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Славуты сын віцебскай зямлі, на жаль, мала вядомы ў роднай Беларусі. Сучаснікі пісалі пра прафесара кансерваторыі Салярцінскага, што ён меў фенаменальную памяць. Мог узяць любую кнігу, бегла яе перагартаць і вярнуць са словамі: "Праверце". Якую б старонку яму ні называлі, ён тут жа прачытваў яе на памяць. А калі часам і памыляўся, то ў дробязях. На памяць ведаў сімфоніі. А яшчэ валодаў 26 замежнымі мовамі і 100 дыялектамі!

Сын пра бацьку

Салярцінскі — музыказнаўца, музычны і тэатральны крытык, спецыяліст у пытаннях эстэтыкі і псіхалогіі, вядомы на ўвесь свет. Івана Іванавіча Салярцінскага, 110-я гадавіна з дня нараджэння якога будзе святкавацца сёлета, смела можна параўнаць са знакамітымі мастаком Шагалам, філосафам Бахціным, кампазітарам Шастаковічам і іншымі "зорнымі" людзьмі.

У Віцебску, дзе ў снежні 1902 года нарадзіўся Салярцінскі, недалёка ад цяперашняга будынка музея Шагала стаіць помнік, побач — музычнае вучылішча, якое носіць яго імя. І на фестываль імя Салярцінскага, які праводзіцца вось ужо больш за дваццаць гадоў, з задавальненнем прыязджаюць "зоркі" класічнай і фальклорнай музыкі першай велічыні.

Бацька Салярцінскага быў старшынёй акруговага суда, потым тайным саветнікам, з 1906 года — сенатарам. Вось што пра гэта і пра гісторыю роду Салярцінскіх расказвае сын Івана Іванавіча — Дзмітрый Іванавіч. Ён жыве ў Санкт-Пецярбургу, але штогод стараецца прыехаць у Віцебск, каб узяць удзел у чытаннях, прысвечаных жыццю і творчасці бацькі, якія праходзяць падчас правядзення фестывалю імя Салярцінскага. Дзмітрый Салярцінскі таксама мае непасрэднае дачыненне да "свету музыкі" — дзясяткі гадоў быў дырэктарам Вялікай канцэртнай філарманічнай залы ў паўночнай сталіцы Расіі.

— Наша прозвішча прыдумалі ў праваслаўных семінарыях. Бо з канца 17 стагоддзя семінарыстам давалі новыя прозвішчы ўзамен іх "простых". Слова "салертус" у перакладзе з латыні значыць "майстэрскі", "умелы". Наш продак Сяргей Аляксандравіч Салярцінскі быў прафесарам духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, — расказвае ён. — Дзед мой, стацкі саветнік, у снежні 1898 атрымаў прызначэнне на пасаду старшыні акруговага суда ў Віцебску, куды ён пераехаў з Петразаводска. У Віцебску ажаніўся з беспасажніцай, юнай Кацярынай. І ў 1902 годзе ў іх нараджаецца першынец — Іван. На вуліцы Гогаля ў Віцебску стаяў дом, дзе нарадзіўся бацька. Ужо праз некалькі месяцаў пасля нараджэння майго бацькі дзеда адправілі служыць у Харкаў, дзе ў 1907 годзе ён памёр. Засталася яго ўдава з трыма малымі дзецьмі. Жылі яны вельмі сціпла. Пры гэтым Кацярына Іосіфаўна сама вучыла дзяцей французскай мове... У 1920-х Іван Іванавіч Салярцінскі пазнаёміўся і пасябраваў з лепшымі прадстаўнікамі інтэлігенцыі. Тады ў Віцебску з поспехам праходзілі канцэрты сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам знакамітага Мікалая Малько, у якога потым ён і вучыўся. На канцэрт звычайна збіралася гарадская інтэлігенцыя. Гэтыя імёны сёння ведае ўвесь свет: Марк Шагал, Казімір Малевіч, філосаф і паэт Леў Пумпянскі, Міхаіл Бахцін. Частым слухачом быў і Іван Салярцінскі, на той час сямнаццацігадовы хлопец. Менавіта ў Віцебску, дзе ён жыў да 18 гадоў, у Івана Салярцінскага зарадзілася любоў да сімфанічнай музыкі.

Яго ўніверсітэты

У 1921—1924 гадах Іван Салярцінскі вучыўся ў Петраградскім універсітэце, дзе вывучаў рамана-германскую філалогію і іспанскую класічную літаратуру. Паралельна штудзіраваў гісторыю тэатра ў Інстытуце гісторыі мастацтваў, які скончыў у 1923-м. Потым у гэтай жа ВНУ скончыў аспірантуру. Цікава, што ў названым інстытуце, ужо выкладаючы на славесным аддзяленні курсы логікі і псіхалогіі, іншае аддзяленне наведваў як студэнт.

У сярэдзіне 1920 гадоў браў прыватныя ўрокі дырыжыравання. З 1923-га выкладаў гісторыю музыкі, літаратуры, тэатра, псіхалогію, эстэтыку і шэраг іншых дысцыплін у розных ВНУ Ленінграда. У тым ліку ў кансерваторыі, дзе ў 1939-м стаў прафесарам. У 1934—1941 ён працаваў таксама ў выдавецтве пры філармоніі. Пасля стаў яе мастацкім кіраўніком, сумяшчаючы гэтую дзейнасць з працай у Кіраўскім тэатры.

Падчас вайны разам з калектывам Ленінградскай філармоніі Іван Іванавіч Салярцінскі быў эвакуіраваны ў Новасібірск, дзе і памёр у 1944 годзе. Другое фартэпіяннае трыа Шастаковіча, напісанае ў тым жа годзе, прысвечана памяці яго сябра Салярцінскага...

"Зоркі" збіраюцца ў Віцебску

З некаторымі "зоркамі" класічнай і народнай музыкі, якія бяруць удзел у віцебскім міжнародным фестывалі імя Салярцінскага, арганізатары вядуць перамовы не адзін год. І нават не з-за высокіх ганарараў, а таму, што гэтыя артысты пастаянна на гастролях за мяжой — выступаюць на лепшых канцэртных пляцоўках свету.

Фестываль летась прайшоў ужо ў 23 раз. Яго ганаровым куратарам па традыцыі стаў сын Івана Салярцінскага. Трэба думаць, што наступнае свята музыкі, прысвечанае юбілею майстра, парадуе шматлікімі сюрпрызамі.

Дарэчы, ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама падтрымалі ідэю карэспандэнта "Звязды" даць імя Салярцінскага, акрамя ўсяго іншага, і адной з вуліц горада.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Славуты сын віцебскай зямлі, на жаль, мала вядомы ў роднай Беларусі. Сучаснікі пісалі пра прафесара кансерваторыі Салярцінскага, што ён меў фенаменальную памяць....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика