Венесуэла апладзіруе беларускім будаўнікам. 21.by

Венесуэла апладзіруе беларускім будаўнікам

23.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Венесуэле пачалася зборка грузавікоў МАЗ і трактароў "Беларус"

Будаўніцтва беларускіх жыллёвых і прамысловых аб'ектаў у Венесуэле знаходзіцца на завяршальнай стадыі.

Заводы пабудаваны, на чарзе — масавая зборка тэхнікі

Зборка беларускіх трактароў і грузавікоў наладжана ў штаце Барынас, у прамысловай зоне Санта-Інэс. Аб'ект уключае ў сябе адразу два заводы: адзін — па вытворчасці грузавікоў МАЗ, другі — трактароў "Беларус".

Хутка з канвеера сыдуць першыя МАЗы. Іх тэставая зборка вядзецца спецыялістамі Мінскага аўтамабільнага завода з удзелам венесуэльскіх рабочых, якія прайшлі навучанне на галаўным прадпрыемстве ў Беларусі. А вось першыя трактары з канвеера ўжо сышлі. Пакуль іх толькі 18 адзінак, затое трох розных мадэляў.

Адпачынак на рацэ Пагуэй, штат Барынас.

Будаўнічы аб'ект вырас літаральна на вачах, за рэкордныя тэрміны. Колькі ж часу прайшло ад закладкі першай цагліны ў падмуркі прамысловых будынкаў да сыходу з канвеера першага трактара? Адзін з кіраўнікоў будоўлі, намеснік гендырэктара ЗАТ "Белзамежбуд" Віктар Цыбулька, сцвярджае, што акурат адзін год — з сакавіка мінулага па сакавік гэтага года. На рэалізацыю ж усяго праекта кантрактам прадугледжана 15 месяцаў.

Як паведаміў Цыбулька, "у мэтах скарачэння тэрміну рэалізацыі праекта, зыходзячы з даручэнняў Прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы, праектныя, вышукальныя і будаўніча-мантажныя работы вяліся паралельна".

З адного боку гэта дазволіла паскорыць тэмпы будаўніцтва, з другога — ставіла перад праекціроўшчыкамі і будаўнікамі дадатковыя сур'ёзныя задачы. У першую чаргу гэта тычылася каардынацыі агульных намаганняў і зладжанай работы ўсіх падраздзяленняў. Апроч таго, беларусы працавалі, практычна ігнаруючы святы.

Маштабы аб'екта

Каб наш чытач уявіў маштабы будаўніцтва, прывядзём памеры толькі галоўнага цэха МАЗа. Ён размешчаны на плошчы, роўнай памеру пяці футбольных палёў. Увогуле ж земляныя работы вяліся на плошчы каля 18 га. Тут пабудавана 40 тыс. кв.м вытворчых і больш за 5 тыс. кв.м адміністрацыйна-бытавых плошчаў. Вытворчая магутнасць першай чаргі завода разлічана на выпуск 10 тыс. трактароў і 5 тыс. грузавікоў у год.

Намеснік гендырэктара ААТ "МАЗ" Рыгор Капач удакладніў: "У першы год плануем сабраць 1000 цягачоў, у другі — 3000". На поўную магутнасць завод выйдзе да 2015-га года, тут будут збіраць 5 тысяч МАЗаў пяці мадыфікацый.

Звыш 150 грамадзян Беларусі прынялі ўдзел у рэалізацыі праекта непасрэдна на тэрыторыі Венесуэлы. Побач з імі працавалі больш за 500 венесуэльскіх рабочых і інжынераў.

Як браты Чавесы ацанілі ход будаўніцтва

Уга Чавес наведаў нашу будаўнічую пляцоўку 21 лютага гэтага года. Разам з ім былі прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва краіны: віцэ-прэзідэнт Эліяс Хаўа, міністр навукі і тэхналогій Рыкарда Менэндэс, а таксама губернатар штата Барынас Адан Чавес.

Візіт доўжыся больш за паўтары гадзіны і асвятляўся ўсімі тэлеканаламі. Прэзідэнт Чавес, дэталёва азнаёміўшыся з ходам будаўніцтва, так ацаніў намаганні калектыву беларускіх будаўнікоў ЗАТ "Белзамежбуд":

"Венесуэльскае Палессе".

"Гэта цуд! Я прыязджаў сюды амаль два гады таму, калі мы выбіралі ўчастак пад будаўніцтва... Дзіўна, сапрады дзіўна, як хутка вырас гэты завод-аўтагігант!"

Затым Чавес перад аб'ектывамі камер выклікаў сапраўдную авацыю: "Давайце паапладзіруем беларускім будаўнікам, народу Беларусі, Прэзідэнту Лукашэнку! Хачу выказаць сардэчную ўдзячнасць Аляксандру, сябру, Прэзідэнту, за ягоную жалезную волю дапамагчы Венесуэле".

У сваю чаргу, родны брат венесуэльскага прэзідэнта — губернатар Адан Чавес — заявіў, што "два пабудаваныя заводы маюць першараднае значэнне для прамысловага развіцця рэгіёна і пераўтварэння яго ў адзін з палюсоў індустрыяльнага развіцця ўсёй краіны".

"Венесуэльскае Палессе"

Увогуле Венесуэла — краіна розных ландшафтаў. Ёсць тут і заснежаныя горы, і непралазная сельва, і нават пустыні з салянымі азёрамі.

Наша будаўнічая пляцоўка знаходзіцца ў рэгіёне Лос Льянас. У перакладзе з іспанскай мовы гэта значыць "раўніна". Але беларусу тутэйшая зямля нагадае, хутчэй, Палессе: тут скрозь нізіны, заліўныя паплавы, балоты, рэкі з крыштальна чыстай вадой...

Уявіце сабе раўнюткая поле з сакавітай травой, статкам кароў і белымі чаплямі, што пільнуюць жабак. Толькі замест стогадовага дуба пасярэдзіне пейзажу ў вочы кідаецца... самотная пальма.

Як і нашы палешукі, тутэйшыя "льянэрас" традыцыйна займаюцца сельскай гаспадаркай, жывёлагадоўляй, прамысловым развядзеннем рыбы. Нацыянальны строй мясцовых жыхароў нагадвае вопратку паўднёваамерыканскіх каўбояў. Галоўны музычны жанр тут — "харопа", песня выконваецца пад акампанемент дробнай чатырохструннай гітары "куатра" і вялікай канцэртнай... арфы. Танцуюць сяляне сапраўды па-каўбойску, уздымаючы пыл аж да столі. Галоўная страва ў штаце Барынас — смажаная ялавічына і фаршыраваная "качама" — рыбіна, якая на смак і па памерах нагадвае нашага карпа.

А вось буйных прамысловых прадпрыемстваў у штаце Барынас няма. Кіраўніцтва краіны абрала гэты штат для нашага буданіцтва, каб даць штуршок у прамысловым развіцці роднай для сям'і Чавеса зямлі.

Немалаважным стала і тое, што яшчэ бацька Чавеса, у сваю бытнасць губернатарам штата Барынас, запрашаў сюды беларусаў пабудаваць буйное прадпрыемства, а таксама ўдзельнічаць у мадэрнізацыі сталіцы штата — горада Барынаса. Такім чынам, мара бацькі сённяшняга Прэзідэнта Венесуэлы ў пэўнай ступені здзейснілася.

Асноўных цяжкасцяў, з якімі сутыкнуліся будаўнікі ў "венесуэльскім Палессі", было названа дзве. Па-першае, гэта сезон дажджоў, які доўжыцца з красавіка па кастрычнік.

На працягу 2011 года ў сувязі з праліўнымі дажджамі ў некалькіх штатах Баліварыянскай Рэспублікі ўводзілася надзвычайнае становішча. Непасрэдна ў прамысловай зоне Санта-Інэс неаднаразова адбываліся падтапленні пад'язных шляхоў — са сваіх берагоў выходзілі шматлікія ручаі, якія падчас працяглай залевы пераўтвараюцца ў небяспечныя рэкі.

Але будаўніцтва працягвалася. Вялося яно нягледзячы і на другую перашкоду — спякоту. Са снежня па люты тэмпература паветра была 35-40°С.

Як беларусы ратавалі кракадзіла

У сувязі са сціслымі тэрмінамі будаўніцтва часу на адпачынак у беларусаў амаль няма. Вольны час большасць скарыстоўвае на вывучэнне іспанскай мовы.

Але без адпачынку, як кажуць, і вырай не рай. А Венесуэла, без перабольшвання, краіна райская. Таму ў рэдкія вольныя гадзіны нашы суайчыннікі займаліся спортам альбо ладзілі вандроўкі. Таварыскія матчы па футболе і баскетболе, адпачынак на пляжах Карыбскага мора і каля вадаспадаў штата Мерыда, рыбная лоўля... Усё гэта — шчырыя згадкі для расповеду на радзіме.

Пра рыбалку асобна. Яна вялася ў высакагорных азёрах, да якіх трапіць можна толькі на кані. З цягам часу беларусы навучыліся не толькі лавіць фарэль і піранью, але і гатаваць іх па-венесуэльску. Гэта значыць, што на гарнір ішлі адвараная юка, смажаныя бананы і сакавітае авакада.

Не абышлося і без прыгод. Здараліся яны, калі пляцоўку наведвалі нечаканыя госці — экзатычныя жывёліны. Да вадзяных пацукоў "чыгвіры", грымучых змей і буйных яшчарак ігуан яшчэ так-сяк прызвычаіцца можна. Але быць з кракадзілам?

Аднаго разу зубастая рэптылія невядома як трапіла ў катлавіну перад самым пачаткам бетонных работ. Ратавалі паўтараметровага алігатара грамадой. Справядліва мяркуючы: калі ў Беларусі дружнай грамадзе воўк не страшны, то ў Венесуэле — кракадзіл.

Андрэй Смірноў,

Каракас — Мінск, спецыяльна для "Звязды".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Венесуэле пачалася зборка грузавікоў МАЗ і трактароў "Беларус" Будаўніцтва беларускіх жыллёвых і прамысловых аб'ектаў у Венесуэле знаходзіцца на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика