Імперскія амбіцыі Еўрасаюза. 21.by

Імперскія амбіцыі Еўрасаюза

10.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У дыскусіі, якая адбылася ў красавіку 2011 года ў рамках "круглага стала", што праводзіўся газетай "Советская Белоруссия", я ўздымаў пытанне аб тым, што Еўрапейскі саюз імкліва ператвараецца ў імперыю, і гэта той факт, які неабходна браць пад увагу пры вызначэнні кірункаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Еўрасаюз, адмовіўшыся ад рэальнай дэмакратыі і толькі імітуючы яе, пры дапамозе сваёй палітыкі адмаўляецца разумець і прызнаваць, што суседнія з ім краіны могуць мець свой уласны шлях развіцця, які базуецца на ўласных каштоўнасцях і перавагах.

У адным з самых папулярных часопісаў свету Саmbrіdgе Rеvіеw оf Іntеrnаtіоnаl Аffаіrs гэтая тэма знайшла сваё развіццё ў чэрвеньскім артыкуле 2012 года Багданы Дзімітравай "Імперскае змяненне межаў у Еўропе: выпадак з Еўрапейскай палітыкай суседства". У сваёй навуковай працы даследчыца ўказвае, што дэбаты пра Еўрапейскую палітыку суседства неабходныя для таго, каб зразумець, у якога кшталту палітычнае згуртаванне трансфармуецца Еўрасаюз і якую ролю палітыка суседства ў гэтай трансфармацыі адыгрывае. Дзімітрава упэўнена, што Еўрапейскую палітыку суседства можна трактаваць як дэкларацыю імперскіх намераў ЕС.

Даследчыца дэманструе рэпертуар імперскіх тэндэнцый і стратэгій, пры дапамозе якіх Еўрасаюз рэалізуе свае амбіцыі.

Першай імперскай стратэгіяй (рэпертуарам інтэграцыі) з'яўляецца імкненне інтэграваць краіны, якія ўваходзяць у Еўрапейскую палітыку суседства, у сістэму прадпісаных ім нормаў для адпаведнасці правілам ЕС. Гэтыя нормы могуць экспартавацца без далейшага павелічэння тэрыторыі Еўрасаюза. Рэпертуар інтэграцыйных адносін мае на ўвазе, што суседзі ЕС з'яўляюцца падпарадкаванымі аб'ектамі, а не роўнымі партнёрамі Еўрасаюза. Гэта стратэгія грунтуецца на ўяўленні, што ЕС з'яўляецца "сілай дабра", каштоўнасці ЕС навязваюцца без уліку асаблівасцяў яго суседзяў і, як і ў выпадку з цывілізатарскай місіяй (пры дапамозе якой белыя каланізатары пакаралі Афрыку і Азію), грунтуецца на ўяўленні перавагі еўрапейскіх каштоўнасцяў.

У адпаведнасці з другой стратэгіяй мультыкультурнай імперыі, праз Еўрапейскую палітыку суседства Еўрасаюз стварае новыя межы і лініі падзелу сярод сваіх суседзяў.

На думку Дзімітравай, імперская палітыка трансфармацыі межаў, якая праводзіцца Еўрасаюзам, выкарыстоўвае менш прыкметныя, але больш назойлівыя інструменты кантролю, якія базуюцца на добраахвотным падпарадкаванні і прыняцці нормаў, якія навязваюцца.

Артыкул Дзімітравай важны для разумення сутнасці працэсаў, што адбываюцца на мяжы Беларусі. Па сутнасці, у свеце цяпер адбываецца трансфармацыя сфер уплыву, у якой найбольш магутныя канкуруючыя цэнтры спрабуюць вызначыць, у якіх геаграфічных межах яны могуць аперыраваць. Новыя часы — новыя ўяўленні аб імперыях. Цяпер імперыям не абавязкова ўключаць кантралюемыя дзяржавы ўнутр сваіх дзяржаўных межаў, калі на гэта не хапае грошай. Дастаткова кіраваць імі.

Узгадаю, што Беларусь як сусед Еўрасаюза ўваходзіць у арэал Еўрапейскай палітыкі суседства, часткай якой з'яўляецца ў тым ліку "Усходняе партнёрства". І Беларусь за ўсе гады існавання Еўрапейскай палітыкі суседства выслухала мноства папрокаў ад сваіх "еўрапейскіх партнёраў", што яна вельмі неактыўная ў рамках гэтай суседскай палітыкі, якая магла б прынесці столькі карысці для Беларусі. Пры гэтым пастаянна пералічваюцца розныя сумы дапамогі, якую атрымліваюць тыя або іншыя суседзі ЕС, якія паслухмяна ідуць на поўнае супрацоўніцтва з ЕС, і выказваецца шкадаванне, што Мінск, які ўпарціцца, ні на што падобнае разлічваць не можа. Дарэчы, сумы гэтыя дастаткова невялікія, але ў некаторых грамадзян Беларусі і яны распаляюць апетыты. Разумнае ўсведамленне ўласных нацыянальных інтарэсаў і ўсведамленне замаскіраваных імперскіх амбіцый ЕС прывялі да таго, што беларуская дзяржава вельмі асцярожна ўзаемадзейнічае з ЕС у рамках Еўрапейскай палітыкі суседства.

Сітуацыя з імперскай трансфармацыяй Еўрасаюза незвычайна адрозніваецца ад той дэмакратычнай рыторыкі пра неабходнасць Беларусі паважаць нейкі еўрапейскі выбар, ісці ў еўрапейскую сям'ю народаў, да якой яна "натуральна належыць". "Еўрапейская сям'я народаў" з'яўляецца ўсяго толькі клішэ, закліканым замаскіраваць рэальную практыку імперскага падпарадкавання суседніх з Еўрасаюзам дзяржаў, а сістэма "дэмакратычных нормаў" ад ЕС, якая навязваецца, — інструментам падпарадкавання ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі інтарэсам магутнага суседа. Пры гэтым адна з найважнейшых задач ЕС — разарваць адносіны паміж Беларуссю і Расіяй, Беларуссю і Украінай, каб зрабіць кожную з гэтых дзяржаў больш слабай перад тварам свайго імперскага ўплыву. Пры дапамозе добраахвотна прымаемых тым або іншым суседам Еўрасаюза інструментаў знешняга кантролю Бруселем сваёй ўнутранай і знешняй палітыкі, гэта краіна не можа разлічваць стаць членам ЕС, але абавязкова страціць суверэнітэт.

Сяргей КІЗІМА,

доктар палітычных навук,

загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дыскусіі, якая адбылася ў красавіку 2011 года ў рамках "круглага стала", што праводзіўся газетай "Советская Белоруссия", я ўздымаў пытанне аб тым, што...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика