...І "птушка" вылятае!

21.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускія фатографы раскрылі сакрэты дарэвалюцыйных фотамайстроў.

Аб'ектыў... унутры фотаапарата!

Віцебскія фотамастакі Уладзіслаў Андрэеў і Кацярына Грынеўская робяць фотаздымкі літаральна так, як гэта было ў ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. Каб так працаваць, яны вельмі доўга шукалі ў букіністычных крамах і па знаёмых кнігі і часопісы дарэвалюцыйных часоў, у якіх апісваліся рэцэптура і працэс вытворчасці здымкаў. У выніку працэс вырабу здымкаў у іх такі ж, як у той час, — цалкам ручны. (Сёння гэта называюць "хэнд мэйд".) Безумоўна, тыраж фотаздымкаў заўсёды абмежаваны. А значыць, кожны здымак з'яўляецца ўнікальным. Работа над стварэннем адной фотакарткі можа па часе доўжыцца да некалькі тыдняў: ад пачатку вырабу фотапласцінак да варкі эмульсіі для фотапаперы і гэтак далей. Калі фота ў выніку атрымаецца няўдалым, трэба будзе ўсё пачынаць нанова. Таму і страхуюцца: на ўсякі выпадак робяць па некалькі кадраў.

Фатаграфуюць апаратам у драўлянай "форме" з "гармонікам". Каб набыць гэты "агрэгат", некалькі гадоў таму абышлі крамы па продажы рарытэтных прадметаў, шукалі адпаведныя прапановы і ў інтэрнэце. У выніку набылі фотаапарат у віцебскай антыкварнай краме. Каб рабіць ім здымкі, трэба выкарыстоўваць спецыяльныя фотапласцінкі, зробленыя са шкла, альбо фарматную фотаплёнку... Чытачы старэйшага ўзросту, безумоўна, памятаюць такія фотаапараты, з якіх, паводле слоў дарэвалюцыйных і савецкіх фатографаў, павінна была "вылятаць птушка".

Цікава тое, што Уладзіслаў перарабіў фотаапарат. І ў выніку аб'ектыў знаходзіцца не са знешняга боку, а... унутры! Для зручнасці ўстанавіў на яго затвор з яшчэ аднаго старога фотаапарата. Зрабіў і драўляны штатыў. Мастакі вырабляюць самастойна спецыяльную эмульсію, якая наносіцца на пласцінку. Варыцца эмульсія на працягу дня. Пры гэтым трэба пільна сачыць за тэмпературай і перыядычна правяраць "страву" для будучай фотакарткі градуснікам. Галоўнае — сумесь не перагрэць: тэмпература павінна быць максімум +55 градусаў. Па колеры гатовая эмульсія павінна быць блакітнай.

Друкуюць фота на звычайнай паперы або кардоне, якія спецыяльна апрацоўваюць — пакрываюць фотаэмульсіяй. Яна акуратна наносіцца пэндзлем на паперу мінімум у тры слаі... І якасць аднаго і таго ж надрукаванага кадра ў залежнасці ад колькасці эмульсіі і яе слаёў, ад таго, як правёў пэндзлем, можа быць абсалютна рознай.

Іншыя "фанаты" старой методыкі фота проста купляюць паперу, якую вырабляюць і сёння ў заводскіх умовах. І потым, як, напрыклад, у савецкія гады, друкуюць фота пры святле чырвонага ліхтара. І ў выніку з "нічога" атрымліваецца звычайны цуд — на паперы з'яўляецца выява. Аказваецца, і зараз старую паперу (як і растваральнікі, замацавальнікі і іншае) можна купіць нават у Мінску. Але каштуе ўсё гэта вельмі дорага. Праяўляльнік каштуе пад 60 тысяч беларускіх рублёў за невялікую шклянку. А хапае яго, каб надрукаваць прыкладна 30 невялікіх фота. Дарэчы, самы вялікі фармат фота, якое вырабілі ўмельцы "АрГентума",— 62 на 90 сантыметраў.

Добраму фатографу дапамагаюць... яйкі

Уладзіслаў і Кацярына ў творчым дуэце з 2007 года. Ён літаральна "захварэў" на фотасправу яшчэ ў 1980-я, яго напарніца — у пачатку 2000-х. Уладзіславу першаму прыйшла ідэя аднавіць традыцыі вытворчасці здымкаў па старых тэхналогіях. Зараз іх аб'ядноўвае творчая майстэрня "АрГентум". Тое, чым разам займаюцца, называюць аўтарскім праектам аднаўлення старых тэхналогій фатаграфіі. Зразумела, па класічнай рэцэптуры.

— Сам працэс фатаграфавання патрабуе ўдумлівасці без усякай спешкі. Так званая "піктарыяльная фатаграфія", якой мы займаемся, у перакладзе значыць "маляўнічая". І як назва аднаго з кірункаў у мастацкай фатаграфіі, была ўведзена ў сусветную практыку ў 1890-х гадах. Падыход да фатаграфіі як да мастацтва, якое адрозніваецца ад жывапісу толькі тэхнікай атрымання выявы, быў характэрны з самага пачатку яго вынаходства. У Расійскай імперыі, у склад якой на той час уваходзіла і сучасная Беларусь, піктарыяльная фатаграфія пачынае развівацца з некаторым спазненнем, — расказвае Уладзіслаў Андрэеў, які раней працаваў фотакарэспандэнтам у абласной газеце. — Працуючы ў рамках культу прыгажосці, фатограф упрыгожваў свет. Так робім і мы з Кацярынай.

— Мы імкнёмся адрадзіць традыцыі, прыўносячы іх у свае працы, увабраўшы лепшае з сучасных дасягненняў у фотамастацтве. Будуем сваю творчасць на прынцыпе канцэптуальнага аўтарскага "НЕГАТЫВізму". "АрГентум" адлюстроўвае сучасныя сюжэты, перанесеныя на негатывы і фотапаперу, у лепшых традыцыях піктарыяльнага бром-сярэбранага, салянага і альбумінавага друку. Дарэчы, у творчасці фатографаў-піктарыялістаў былі найбольш распаўсюджаны рамантычныя і ідылічныя пейзажы, кветкі, розныя прадметы, якія ўвасабляюць прыгажосць, вобраз жанчыны, — дадае Кацярына Грынеўская, па адукацыі гісторык. — Для пашырэння творчых магчымасцяў фатографа і зніжэння дакументальнасці фотавыявы былі распрацаваны спецыяльныя спосабы друку. Напрыклад, вадкі калодый, бром-сярэбраны, пігментны, алейны і іншыя, а таксама некаторыя іх разнавіднасці. Такі друк дазваляў істотна мяняць малюнак выявы, вар'іруючы кантрастам, ступенню прапрацоўкі дэталяў і паўтонаў. Вялікую мастацкую нагрузку несла на сабе фактура паперы, якая выкарыстоўваецца для адбітка, яе колер і г.д. Піктарыялізм фактычна скончыў сваё існаванне ў савецкай Расіі а другой палове 1930-х гадоў...

Кацярына і Уладзіслаў ужо засвоілі некалькі спосабаў друку. Не паверыце, для прыгатавання раствораў для прымянення аднаго з іх — альбумінавага — выкарыстоўваецца... бялок узбітага яйка. Значыць, не толькі будаўнікі мінулага выкарыстоўвалі яйкі для работы (падмешвалі ў раствор, каб цэгла лепш замацоўвалася). Для прыгатавання эмульсіі выкарыстоўваюць і харчовы жэлацін. Творчы дуэт хоча аднавіць як мага больш тэхнік друку.

Майстар-клас для масквічоў

Сёння творы фатографаў разам з творамі іншых фотамастакоў знаходзяцца ў маскоўскім Цэнтры сучаснага мастацтва "Вінзавод", які лічыцца адным з самых прэстыжных. Ёсць работы і ў мінскай галерэі "Ў" і віцебскай "Сцяна", а таксама ў прыватных калекцыях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска...

Да канца года ў Маскве запланаваны яшчэ мінімум дзве выставы. Адна з іх якраз прысвечана старым тэхнікам фатаграфіі. А яшчэ ў адной вядомай маскоўскай галерэі пройдзе персанальная выстава віцебскага творчага дуэта.

Паводле слоў нашых землякоў, маскоўскія мастацтвазнаўцы, якія бачылі іх фатаграфіі, адразу не паверылі, што ў правінцыйным беларускім горадзе навучыліся рабіць фота такое ж, як у царскія часы. У Маскве Кацярына і Уладзіслаў правядуць майстар-клас...

***

Фотаздымкі мінулых стагоддзяў зараз усё больш запатрабаваны ва ўсім свеце. На сучасных аўкцыёнах такія прыраўноўваюць да карцін. Адпаведна каштуюць яны "вар'яцкіх" грошай. Фотаздымкі разам з жывапісам сталі цаніцца калекцыянерамі.

Усё больш людзей пачынаюць калекцыянаваць рарытэтныя фатаграфіі. Як і вяртацца да выкарыстання тэхналогій мінулага пры фатаграфаванні. У краінах Еўрасаюза, ды і ў той жа Маскве, усё больш прафесіяналаў. Аматары таксама вяртаюцца да плёнкі, фотапласцінкі. Фота на продаж з выкарыстаннем апошняй можа каштаваць ад 1000 еўра. Такія вялікія грошы плацяць за эксклюзіў, за ўнікальнасць фотаздымка. Нават калі з аднаго кадра друкуецца некалькі копій — усё роўна кожны экзэмпляр каштоўны.

"Фішка" надрукаваных фотаздымкаў, зробленых па старой тэхналогіі, яшчэ ў тым, што іх можна захоўваць па 100 і больш гадоў. У адрозненне ад лічбавых фота, надрукаваных пры дапамозе сучаснай тэхнікі для тыражу фота. Таму фота па старой тэхналогіі і збіраюць у калекцыі за мяжой, як творы жывапісцаў, і перадаюць у спадчыну.

Віцебскія фотамастакі пры дапамозе старых тэхналогій адлюстроўваюць цяперашнюю прыгажосць Прыдзвінскага краю для нашчадкаў. Каб апошнія змаглі ўбачыць фота 100-гадовай даўніны, 200-гадовай і г.д. А адрозняць іх, ад сапраўды старадаўніх, калі на фота адна і тая ж карціна (напрыклад, адноўлены віцебскі храм), толькі прафесіяналы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віцебскія фотамастакі Уладзіслаў Андрэеў і Кацярына Грынеўская робяць фотаздымкі літаральна так, як гэта было ў ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. Каб так працаваць, яны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика