Не манаполія, а баланс. 21.by

Не манаполія, а баланс

29.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што хвалюе жыхароў культурнай сталіцы, высвятляў памочнік Прэзідэнта Беларусі па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка пабываў у Нясвіжскім раёне, дзе сустрэўся з калектывамі цэнтральнай раённай бальніцы і завода медпрэпаратаў.

Гэта адно з чатырох буйных прадпрыемстваў Нясвіжчыны, якое выпускае ў асноўным інфузійныя растворы. На заводзе няпростае фінансавае становішча, невялікія заробкі. І прыезд чыноўніка такога рангу пойдзе толькі на карысць завадчанам. Мікалай Іванчанка абмяркуе сітуацыю, што тут склалася, а таксама планы па стварэнні вытворчасці плазмы крыві і мадэрнізацыі завода з міністрам аховы здароўя. Справа ў тым, што ў раёне ёсць яшчэ адно прадпрыемства, якое выпускае аналагічную прадукцыю медыцынскага прызначэння.

— Манапалізаваць гэты кірунак дзейнасці, відаць, будзе няправільна. Галоўнае, каб, па магчымасці, у далейшым у развіцці двух прадпрыемстваў быў вызначаны баланс. Каб тут не захапіліся імкненнем да інвестыцый, забыўшы пра самае галоўнае — людзей, — падкрэсліў Мікалай Іванчанка. — Трэба імкнуцца да таго, каб прадукцыя была канкурэнтаздольнай, экспартаарыентаванай, а сацыяльны аспект ішоў наперадзе камерцыйнага. Таму варта ўсё ўважліва прааналізаваць, ацаніць і не прымаць імгненных рашэнняў.

Мікалай Іванчанка запэўніў, што заводу медпрэпаратаў будзе надавацца ўвага яшчэ і таму, што сёння ў краіне робіцца стаўка на развіццё сельскіх рэгіёнаў, а Нясвіж, акрамя ўсяго, з'яўляецца і культурнай сталіцай Беларусі. І горад павінен адпавядаць гэтаму статусу ва ўсім: у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, сацыяльна-бытавой сферы.

Апошнім часам у Нясвіжы шмат увагі надаецца развіццю рэгіёна, стварэнню належных умоў жыцця, працы, адпачынку насельніцтва.

— Мы імкнёмся развіваць населеныя пункты, дзе пражывае больш за 4 тысячы чалавек (такія, як Сноў, Гарадзея), так бы мовіць, у роўных прапорцыях. І гэтыя пасёлкі не ўступаюць райцэнтру: тут з'явіліся новыя амбулаторыі, басейны, — канстатаваў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко.

Шмат змен адбылося і ў самім горадзе. Адкрыты новыя кавярні, стаянкі, гасцініцы, рэканструююцца паркі. Але з цягам часу павінна быць зроблена яшчэ больш. У чацвёртым квартале пачынаецца будаўніцтва радзільнага дома на 35 месцаў, падрыхтавана дакументацыя па рэканструкцыі і пашырэнні да 600 месцаў старога Дома культуры.

Апошнія два гады ў рэгіёне ўвялі ў эксплуатацыю 31 тысячу квадратных метраў жылля. Сёлета, нягледзячы на тое, што зменшылася крэдытаванне, пры гадавым заданні ў 10 тысяч квадратных метраў ужо пабудавалі 10,5 тысячы, а да канца года будзе ўзведзена 14 тысяч квадратных метраў. У адным з мікрараёнаў адвялі пляцоўку для індывідуальнай забудовы на 340 участкаў. У парадку чаргі тут могуць атрымаць надзелы для будаўніцтва ўсе, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. "Сёлета заканчваем работы па асвятленні вуліц, добраўпарадкаванні дарог. Да канца 2015 года падвядзём прыродны газ. За кошт гэтага блакітнае паліва паступіць і ў бліжэйшыя населеныя пункты", — падзяліўся планамі Іван Крупко.

Пра змены, якія адбываюцца ў горадзе і раёне, добра ведаюць нясвіжане. Але іх хвалюе і добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, будаўніцтва дзіцячых кавярняў і пляцовак. Як зазначыў старшыня райвыканкама, дзве гульнявыя пляцоўкі ўжо зроблены, заканчваецца абсталяванне яшчэ адной. А ў перспектыве на тэрыторыі былой воінскай часці мяркуецца ўзвесці вялікі комплекс, дзе будуць і месцы адпачынку для дзяцей, і аўтастаянкі, і кропкі грамадскага харчавання, і боўлінг, і забаўляльныя аб'екты. Што датычыцца санвузлоў на аўтавакзале, то яны будуць прыведзены ў належны стан (пра будаўніцтва новых гаворка пакуль не ідзе). Плануецца рэканструкцыя старога будынка вакзала — яна ўключае і абсталяванне новых санітарна-гігіенічных месцаў унутры.

Так, пытанні ёсць, але не ўсё адразу магчыма вырашыць. У раёне ўскладаюць надзеі на аддачу ад будаўніцтва новых прадпрыемстваў — з іх з'яўленнем больш сродкаў будзе паступаць у мясцовы бюджэт. А гэта значыць, што з'явяцца новыя магчымасці для развіцця тэрыторыі горада і раёна.

Разам з тым, заўважыў Мікалай Іванчанка, самі жыхары павінны таксама падтрымліваць у належным стане двары, пад'езды, тэрыторыі вакол індывідуальных забудоў. Толькі дзякуючы агульным намаганням улады і насельніцтва горад стане яшчэ больш прыгожым і ўтульным.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што хвалюе жыхароў культурнай сталіцы, высвятляў памочнік Прэзідэнта Беларусі па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика