Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным. 21.by

Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным

06.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У нас. Напярэдадні, ды яшчэ ў сам дзень 2 кастрычніка, многія прадказвалі такі лік: 1:3. Праўда, на карысць зусім іншай каманды. У выніку на полі мінскага стадыёна "Дынама" сапраўды было забіта чатыры мячы, аднак тры з іх трапілі ў вароты "Баварыі", што маглі прадбачыць адзінкі найбольш упартых і адданых заўзятараў БАТЭ.

Зразумела, мы не будзем зараз займацца прафесійным разборам матча, які ўжо стаў легендарным (і тут няма залішняга пафасу). Хай гэта робяць спецыялісты. І ўсё ж было б легкадумна сцвярджаць, што дзве запар перамогі, атрыманыя барысаўскім клубам над грандамі еўрапейскага футбола ("Лілем" і "Баварыяй") маюць толькі спартыўнае значэнне.

Я не люблю замежнае слова "брэнд", хоць часта яго цяжка замяніць якімсьці іншым. БАТЭ паступова становіцца адным з галоўных брэндаў сучаснай Беларусі. На Захадзе мала ведаюць пра нашу краіну. А калі нешта і чулі, то, хутчэй за ўсё, пэўныя прапагандысцкія стэрэатыпы. Так выпадае, што ў хуткім часе які-небудзь немец ці француз, пачуўшы назву "Беларусь", імгненна выдасць: "А, гэта там, адкуль БАТЭ". І ўжо зусім, відаць, не разлічваў на буйную еўрапейскую славу невялікі па памерах Барысаў.

Тое, што ў нацыянальныя брэнды, пазнавальныя ва ўсім свеце, прабілася менавіта футбольная каманда, невыпадкова. Гэта заканамерны вынік той палітыкі, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве. Яна ў пэўным сэнсе гэтага слова спортацэнтрычная. Дарэчы, вялікае захапленне кіраўніцтва краіны спортам, бывае, выклікае крытыку з боку апазіцыі. Але такая палітыка дае плён. Не магло б атрымацца такой з'явы, як БАТЭ, без тых новых спарткомплексаў, што пабудаваны апошнім часам, без тых вялікіх фінансавых укладанняў, якія зроблены ў гэтую галіну. Іншая справа, што часам самі спартыўныя функцыянеры не могуць эфектыўна скарыстацца гэтай падтрымкай. Але толькі не БАТЭ. Тут атрымалася вельмі добрае спалучэнне адразу некалькіх фактараў: добрая эканамічная база ў выглядзе самога завода БАТЭ, якасны менеджмент, прадстаўлены Анатолем Капскім, таленавіты трэнер Віктар Ганчарэнка і ўпэўненая ў сваіх сілах зладжаная каманда.

Часта можна пачуць, што нам не хапае ідэалагічных слоганаў, якія аб'ядноўвалі б краіну. Хто ведае, можа, зараз нараджаецца адзін з такіх слоганаў: "Працуйце так, як гуляе БАТЭ. І будзе вам поспех!"

Вакол нас. Першая навіна не толькі на постсавецкай прасторы — вынікі выбараў у Грузіі. Апазіцыйны рух "Грузінская мара" перамог праўладны "Адзіны нацыянальны рух".

Зразумела, чаму парламенцкія выбары ў параўнальна невялікай краіне выклікалі такую хвалю каментароў і вялікую зацікаўленасць у многіх сталіцах. Грузінскі прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі — стапрацэнтна празаходні палітык, абсалютна непрымальны для Масквы. Пасля вайны 2008 года Расія прыклала вялікія намаганні, каб усталяваць добрыя і трывалыя стасункі з лідарамі апазіцыі ў Грузіі. Ніно Бурджанадзэ і Георгій Хаіндрава, былыя высокапастаўленыя члены каманды Саакашвілі, былі набліжаны Крамлём. І тут раптоўна ўсплыла фігура ўплывовага бізнэсмена Біндзіны Іванішвілі, які наблытаў шмат чаго ў картах вялікай палітычнай гульні, што вядзецца вакол Грузіі. Чаго ад яго чакаць? Куды ён павядзе краіну? На якія знешнепалітычныя сілы зробіць стаўку?

Пакуль адназначна можна прадказаць толькі наступнае. Іванішвілі, хутчэй за ўсё, стане прем'ер-міністрам Грузіі. Усё астатняе не зусім зразумела. З аднаго боку, ён робіць заявы пра неадменнасць еўраатлантычнай інтэграцыі, з другога — абяцае нармалізаваць адносіны з Расіяй. Аднак гэтыя мэты амаль несумяшчальныя.

А што ж Беларусь? Чаго нам чакаць ад выніку тых выбараў? І вось тут грузінскі прыклад вельмі паказальны. Курс нашай краіны на постсавецкай прасторы пракладзены так, што хто б ні перамог на выбарах, нам забяспечаны добрыя двухбаковыя адносіны. Застаючыся верным саюзнікам Расіі, Беларусь захоўвала добрыя адносіны з афіцыйным Тбілісі, нават атрымлівала ад яго палітычную падтрымку ў сваіх спрэчках з Еўрасаюзам. Падчас адносна нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне Мінск задаволіла б перамога любога з кандыдатаў: Януковіча, Юшчанкі альбо Цімашэнкі. І гэтыя прыклады можна працягваць. Ва ўсялякім разе, для Беларусі Грузія застаецца важным партнёрам у рэгіёне. Нельга адмаўляць і таго, што нашай краіне прыйдзецца адыграць сваю ролю ў аднаўленні адносін Масквы і Тбілісі.

З гісторыі. 4 кастрычніка 1980 года — дзень, які добра памятаюць у Беларусі. Тады, 32 гады таму, у аўтакатастрофе загінуў першы сакратар ЦК Кампартыі рэспублікі Пётр Міронавіч Машэраў.

Вакол гэтай смерці ходзіць шмат чутак. Маўляў, хацелі прызначыць Машэрава прэм'ерам саюзнага ўрада замест хворага Касыгіна, але не ўсім у Крамлі (ці то на Лубянцы) гэта было даспадобы. Што тут сказаць? Асабіста я не прыхільнік канспіралагічных тэорый. Ды і ўсе факты сведчаць, што ў той кастрычніцкі дзень адбыўся незвычайны, але трагічны выпадак, збег акалічнасцяў. Нарэшце, не ў норавах брэжнеўска-андропаўскага кіраўніцтва было забіваць сваіх калег па партыйнай вярхушцы.

Але гаворка зараз не пра гэта. Машэраў быў сапраўдным феноменам у нашай гісторыі. Так, ён быў партыйным функцыянерам. І ўсё ж карыстаўся вялікай усенароднай павагай. Дарэчы, як да яго і Кірыл Мазураў. Гэта была плеяда выдатнага т.зв. "партызанскага прызыву" ў беларускай уладзе. Казлоў, Прытыцкі, Сурганаў — усе яны (і многія іншыя) таго мазураўска-машэраўскага гатунку. У БССР той парой амаль не было дысідэнтаў — толькі невялічкія групкі інтэлігентаў-нонканфармістаў. Чаму? Улада была надзвычай набліжана да народа, у адрозненне ад сітуацыі ў Маскве ці Ленінградзе. Партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай у Беларусі быў сапраўды ўсенародны, і калі вышэйшыя пасады сталі займаць выхадцы з партызанскіх атрадаў і падпольных груп, якіх многія памяталі па сумесных баях, то людзі адчулі давер, успрынялі гэта як гістарычную справядлівасць.

Безумоўна, Машэраў быў сынам свайго часу. Але ён валодаў неардынарным палітычным талентам. Шмат з таго, што зараз спецыяльна падрыхтаваныя тэхнолагі раяць сваім "падапечным" у адносінах з публікай, у Машэрава ішло само сабой, з вопыту, ад душы. Проста кажучы, ён адчуваў людзей, і людзі давяралі яму.

Пра гэтага чалавека можна пісаць і пісаць... Лепш за ўсё — проста падзякаваць і ўшанаваць памяць таго, хто аддаў усе свае сілы, каб Беларусь стала годнай краінай, і людзі ў ёй жылі не горш за астатніх.

Каментарыі дасылайце на адрасы:

gіgіn@bеltа.bу

і іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нас. Напярэдадні, ды яшчэ ў сам дзень 2 кастрычніка, многія прадказвалі такі лік: 1:3. Праўда, на карысць зусім іншай каманды. У выніку на полі мінскага стадыёна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика