Як вы ставіцеся да пераходу на інтэграваныя тэсты падчас ЦТ?. 21.by

Як вы ставіцеся да пераходу на інтэграваныя тэсты падчас ЦТ?

11.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Людміла Хухлындзіна, начальнік Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы Белдзяржуніверсітэта:

— Мэта ўвядзення інтэграваных тэстаў — пашырыць кола спецыяльнасцяў, на якія абітурыенты змогуць падаваць свае дакументы. Логіка простая: чым больш шырокі набор экзаменацыйных дысцыплін у абітурыента на руках — тым больш шырокія ў абітурыента і магчымасці для выбару спецыяльнасці. Аднак тут узнікае шмат пытанняў. З аднаго боку, у Беларусі статус дзяржаўнай маюць дзве мовы — беларуская і руская. Таму інтэграваны тэст па дзвюх дзяржаўных мовах выглядае лагічна. Але моўная сітуацыя ў краіне такая, што нават у школах не рэкамендуецца ставіць у раскладзе побач урокі па рускай і беларускай мовах. Таму, выконваючы заданні тэста, у дзяцей, напэўна, таксама будуць цяжкасці з пераходам ад адной да другой дзяржаўнай мовы. І як у такім разе будуць паступаць у беларускія ВНУ расіяне? Ці беларусы, якія жывуць у замежжы? Не зусім зразумела таксама, як у адным тэсце можна будзе аб'яднаць адразу тры прадметы? Сёння на выкананне тэста па гісторыі адводзіцца 90 хвілін. Няўжо за 90 хвілін можна праэкзаменаваць веды адразу па трох дысцыплінах? Гэта ж велізарнейшы аб'ём падрыхтоўкі!

Пётр Ахрэмчык, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Доўскай гімназіі Рагачоўскага раёна:

— Тэарэтычна я, як настаўнік беларускай мовы і літаратуры, павінен быць дзвюма рукамі "за" ўвядзенне інтэграванага тэста па беларускай і рускай мове, бо ў гэтым выпадку матывацыя вывучэння беларускай мовы ў вучняў старэйшых класаў істотна павысілася б. Але рэальна гэта не палепшыць веданне роднай мовы, а толькі створыць дадатковыя цяжкасці для абітурыентаў. Калі ў адным тэсце будуць прадстаўлены заданні і па рускай, і па беларускай мове, то ў дзяцей абавязкова будуць складанасці і з арфаграфіяй, і з арфаэпіяй. Дзе пісаць "е", а дзе "я", дзе пісаць "а", а дзе "о"? І гэтак далей. Сапраўды, статус беларускай мовы трэба ўзнімаць, бо часам стаўленне да яе з боку асобных вучняў ды бацькоў амаль як да замежнай. І гэта вельмі крыўдна. Але ўвядзенне інтэграванага тэста павагу роднай мове не верне. Да таго ж, калі я правільна разумею, здаючы адзін тэст на ЦТ, абітурыент будзе вымушаны, па сутнасці, здаваць адразу два экзамены. Ці не так?

Ігар ВАРАКСА, намеснік дырэктара Ліцэя БДУ па вучэбнай рабоце:

— На маю думку, аб'яднанне некалькіх прадметаў ЦТ у адным тэсце не дазволіць дакладна высветліць за адведзены час узровень ведаў абітурыента ні па адным з прадметаў. Калі ж мы будзем дадаваць часу на выкананне тэстаў, то, напэўна, выйдзем за межы санітарных нормаў, таму што ў выпадку фізікі і матэматыкі экзамен можа доўжыцца да 6 гадзін. Ва ўсялякім разе, перад тым як аб'ядноўваць прадметы ў ЦТ, іх трэба нейкім чынам аб'яднаць на ўзроўні вывучэння. Тады, напрыклад, можна было б разглядаць магчымасць увядзення інтэграванага курса гісторыі. Што тычыцца аб'яднання беларускай і рускай мовы, то, з аднаго боку, бачыцца пазітыў, бо кожны абітурыент будзе ведаць абедзве дзяржаўныя мовы, але што рабіць тады з тымі абітурыентамі, якія не вывучалі беларускую мову (замежнікі) і валодаюць толькі рускай? Рабіць для іх асобны тэст? Такім чынам, пасля разважанняў над гэтай прапановай пытанняў застаецца больш, чым адказаў.

Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Размова ідзе пра спалучэнне ў адным тэсце рускай і беларускай мовы, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі і грамадазнаўства, фізікі і матэматыкі, хіміі і біялогіі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика