Дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення: дзіцяці ўсынаўленне не патрэбна, яму патрэбна родная сям'я. 21.by

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення: дзіцяці ўсынаўленне не патрэбна, яму патрэбна родная сям'я

12.10.2012 11:24 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення: дзіцяці ўсынаўленне не патрэбна, яму патрэбна родная сям'я

  • Надзея ДРЫЛА, фота Надзеі БУЖАН, Звязда

           


Пра дзяцей дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталля Станіславаўна Паспелава можа гаварыць, здаецца, бясконца. І нядзіўна, бо, як сама прызналася, цяжарнай адчувае сябе ўвесь час.

Пра памылкі, цыгарэты і эмацыйныя парывы


Ужо 23 гады я працую на ніве аховы дзяцінства. Калі б вы ведалі, колькі я памылак зрабіла, пакуль не зразумела, у чым рэч. Я сапраўды верыла, што калі забраць дзіця з неспрыяльнай сям'і і аддаць яго ў добрыя рукі — значыць зрабіць карысную справу. У мяне ёсць за што прасіць у людзей прабачэння. Хоць ужо дарослыя дзеці, якія былі ўладкаваны ў сем'і маімі рукамі, мне ў асноўным удзячны. Але я сабой не зусім задаволена.

Магчыма, буду выглядаць як цётачка, якая актыўна пілуе сук, на якім сядзіць. Але з кожным годам умацоўваюся ў думцы, што дзіцяці ўсынаўленне не патрэбна, яму патрэбна родная сям'я. Усынаўленне магчыма толькі тады, калі сапраўды бязвыхаднае становішча.

Ніколі не забуду той дзень, калі спужалася за жыццё ва ўсім свеце. Маленькі хлопчык задраў маечку — а там на жывоціку... сляды ад цыгарэт, якія тушылі п'яная мама з сужыцелем. Першае жаданне, калі я гэта ўбачыла, было схапіць яго, схаваць, нікому не аддаваць.

У маладосці мяне вельмі часта наведвала думка, каб самой усынавіць дзіця. Але, павінна прызнацца, усё ж такі ў выглядзе эмацыйных парываў. Разумею, што мая задача па жыцці — быць інструментам для вырашэння чужых праблем. Гэта ў мяне атрымліваецца. Ну колькі я ўсынавіла б дзяцей? Ну аднаго, ну ад сілы дваіх. Траіх? Наўрад ці — мы з сынам жывём у аднапакаёвай кватэры. Мне б органы апекі не далі дазволу. Цяпер я пра гэта не думаю, бо ўжо проста не паспею выхаваць дзіця — узрост.

Сярод супрацоўнікаў цэнтра ёсць тыя, якія з поспехам сумяшчаюць і працу, і біялагічнае бацькоўства, і ўсынавіцельнае. Я любуюся такімі людзьмі.

Усынаўленне — гэта крышку іншы шлях бацькоўства. Вынасіць дзіця можна рознымі органамі: можна жыватом, а можна сэрцам, галавой. Я, пэўна, тая цётачка, якая пастаянна цяжарная і выношвае дзяцей, але толькі ў галаве (смяецца)  Усынаўленне — гэта духоўная практыка і вельмі няпростая справа. Няпростая таму, што гэта справа даўжынёю ў жыццё, а таксама таму, што ў аснове ўсынаўлення ляжыць прыняцце чужога чалавека (дзіцяці) як свайго роднага. Усынаўленне без любові не бывае.

Пра выпадковых дзяцей, валасы і падазронасць


Фота: Надзея БУЖАН, ЗвяздаМногія думаюць, што самае галоўнае для ўсынаўлення — прайсці медагляд, мець жыллё, стабільную працу. Але гэта не так. Усынаўленне — гэта штодзённая праца над сабой. І калі ты лянівы душой, то нічога не атрымаецца. На жаль, і лянівыя людзі, здараецца, усынаўляюць. А пасля пакутуюць: "Чаму дзіця так і не палюбіла мяне? Я ж яму ні ў чым не адмаўляю, кармлю, апранаю". І тут адказ адзін: "Вы проста не напружылі сваю душу, каб знайсці шлях да сэрца дзіцяці".

Мяне вельмі пужаюць выпадковыя дзеці. Яго ніхто не чакаў, а ён адбыўся. Яму ніхто не рады, ад яго ўсе адбіваюцца. Людзям трэба рыхтавацца да свядомага бацькоўства. Часта бачу маму з навушнікамі, якой дзіця спрабуе нешта расказаць. Расказаў раз, два — не адчула водгуку. І дзіця — не дурное, яна перастала гуляць у гэтыя вароты. Праз 10 гадоў тая мама бяжыць да ўчастковага, псіхолага. Як жа так, у яго ёсць усё, але ён мяне зусім не слухае. Дарагая, калі ён хацеў з табой пагаварыць, ты хадзіла з заткнутымі вушамі... У сям'і адбыўся раскол. І гэтыя расколатыя сем'і — проста бяда на сёння.

Звярніце ўвагу: у дзяцей, якіх у сям'і не любяць, цьмяныя і ломкія валасы. Яны, як іголкі ў вожыкаў, тырчаць у розныя бакі, таму што не адчуваюць той энергіі любові, якая ім вельмі патрэбна. Іх рэдка гладзілі па галаве, вось валасы і сталі жорсткімі, а не бліскучымі і гладкімі.

Вымушана прызнаць, што наша грамадства пакуль яшчэ з насцярожанасцю ставіцца да ўсынаўлення. Мы не любім тых, хто адрозніваецца ад нас. Я гэта прыкмячаю, нягледзячы на тое, што я звычайная жанчына, у мяне звычайнае бацькоўства — такое, як у пераважнай большасці нашых жанчын. Але я працую з незвычайным бацькоўствам. Я ведаю, як людзі пакутуюць ад таго, што грамадства падазрона да іх ставіцца.

Пра сляды, тайну і партызанскія ўсынаўленні


Хоць я атэістка, тым не менш мне вельмі падабаецца адно біблейскае выказванне: і апошнія стануць першымі. Няхай сёння гэта сям'я з вялізнымі праблемамі, тата і нават мама ўлягаюць у спіртныя напоі. Прычым так улягаюць, што іншы раз забываюць забраць дзіця з дзіцячага садка. Але трэба даць ім, цяпер апошнім, шанц стаць у нечым першымі. Такія прыклады, калі людзі выпраўляюцца, ужо ёсць. І гэта ўсяляе вялікі аптымізм. Недапушчальная канфрантацыя паміж роднай сям'ёй, і ўсынавіцелямі, непаважлівае стаўленне да роднай сям'і, калі яно дэманструецца ўсынавіцелямі, — гэта непавага да дзіцяці.

Фота: Надзея БУЖАН, ЗвяздаМногія думаюць: "Мы ўзялі кветку з не вельмі добрага гаршка, перасадзілі — і ўсё будзе клас". Гэта не так. Дзіця ніколі не забудзе сваю родную сям'ю. У яго застануцца няхай не ўспаміны, а нейкія адчуванні аб нечым цёплым і вялікім ці аб халодным і маленькім. І задача ўсынавіцеляў не спрабаваць зацерці сляды, а спакойна і з павагай прыняць гісторыю жыцця дзіцяці, не спрабуючы пры гэтым даказаць сабе, дзіцяці і навакольным, што "мы добрыя, моцна цябе любім, а яна (твая мама, родная сям'я) — дрэнная, яна цябе кінула". Калі ставіцца да родных людзей дзіцяці з пагардай, калі лічыць яго ранейшы вопыт непрыглядным, значыць, выгадаваць здаровую асобу не атрымаецца. Нават калі цяперашні выхавальнік дзіцяці — чалавек высокіх маральных якасцяў.

Я катэгарычна супраць тайны ўсынаўлення, я — за адкрытае ўсынаўленне. Бо ведаю, як гэта тайна баліць усё жыццё ў кожнай сям'і, якая выбрала гэты зусім тупіковы шлях. Прачытала вопыт адной амерыканкі — аўтаркі вядомых работ па ўсынаўленні. Жанчыну ўсынавілі, калі ёй было 4 месяцы. Яна трапіла ў вельмі добрую сям'ю і адбылася. Цяпер у яе двое сваіх дзяцей, цудоўны муж, цікавая праца, вучоная ступень. Яна піша, што самы вялікі боль адчувала ў сваім жыцці ад тайны ўсынаўлення, "бо мне ніхто не расказаў, чаму гэта здарылася менавіта са мной".

Дзіця павінна ведаць праўду! Каб не было пасля шоку, калі тайнае стане яўным. Дзіцяці ж, па вялікім рахунку, усё роўна: нарадзілася яно "як усе" ці яго ўсынавілі, знайшлі ў капусце, прынёс бусел... Галоўнае, каб яго — любілі! Кожны мае права ведаць свае карані: жыць у гэтым веданні лягчэй, лягчэй прымаць рашэнні.

Думаю, што нейкае бязладдзе ў сферы ўсынаўлення магчымае ў тых краінах, якія не ратыфікавалі Гаагскую канвенцыю (Беларусь гэта зрабіла ў 2003 годзе. — Н. Д.). Усе расійскія дзеці, з якіх здзекаваліся ў амерыканскіх прыёмных сем'ях, аказаліся па-за Расіяй у выніку незалежнага, або, як я яго называю, партызанскага ўсынаўлення. Гэта значыць, замежнікі захацелі ўсынавіць — прыехалі, плацілі ці не плацілі — гэта асобнае пытанне (кожны распавядае, што плаціў), купілі, павезлі, пакалечылі і забілі. Хто ацаніў магчымасці гэтых сем'яў быць усынавіцелямі? Хто нясе адказнасць за тое, як яны выхоўваюць усыноўленае дзіця? Хто гарантаваў, што дзяржаўныя сацыяльныя службы будуць цікавіцца становішчам дзіцяці ў новай сям'і? Ніхто! Ніводны дзяржаўны орган краіны, якая прымае дзіця! Гэта проста нонсэнс! Дык вось, калі б усынаўленне адбывалася па артыкулах Гаагскай канвенцыі, — выключна праз пагадненні паміж кампетэнтнымі органамі дзяржаў — здзекаў з дзяцей і тым больш забойстваў не было б.

Пра адзінокіх мужчын, мышцы і складаныя рэчы


У групе, дзе мы ажыццяўляем псіхолага-педагагічную падрыхтоўку да ўсынаўлення, займаецца адначасова 15-18 чалавек. І мы радуемся, калі нехта з групы ўстаў і сказаў: "Я зразумела, гэта не мой шлях, я села не ў свае сані". Мы вельмі рады, што такая думка ўзнікла да таго, як дзіця трапіла ў сям'ю.

Фота: Надзея БУЖАН, ЗвяздаЧасам дзіця разглядаецца ўсынавіцелямі не як мэта, а як сродак для захавання сям'і. Вось усынавім — і будзе нам шчасце... Гэта ўсё не больш чым ілюзіі. Нам удаецца даказаць людзям, што не дадзена дзіцяці ўтрымаць сям'ю ад распаду... Прынамсі, я ніводнай такой сям'і не бачыла — ні біялагічнай, ні ўсынавіцельнай.

Звяртаюцца часам і адзінокія мужчыны. Хачу сказаць, што яны паспяхова спраўляюцца з выхаваннем. Выхоўваюць па некалькі дзяцей, на адным, як правіла, не спыняюцца, у адрозненне ад адзінокіх жанчын, якія раствараюцца ў адным дзіцяці. Я ж па натуры педагог той яшчэ закваскі, маё прафесійнае станаўленне прыпала на савецкія гады. Таму я моцнаму полу не давяраю і не разглядаю мужчыну як паўнавартаснага выхавальніка. У мужчыны, на мой погляд, іншыя задачы ў жыцці. Але тыя выпадкі сем'яў "мужчына — усыноўленае дзіця", якія мы змадэлявалі, выбіваюць з-пад мяне ўсю гэтую цвёрдакаменную глебу.

Дзеці з часам становяцца падобнымі да сваіх прыёмных бацькоў. Французскі філосаф Ламбразо даказаў, што падобнасць у рысах твару ўзнікае з-за таго, што дзеці навучаюцца напружваць мышцы пад тым жа вуглом, што мама. Тое ж самае з мужам і жонкай. Калі вы бачыце, што людзі аднолькава напружваюць мышцы, паказваючы эмоцыі, гэта сведчыць пра тое, што яны перанялі сістэму каштоўнасцяў адно аднаго, а значыць — прынялі, палюбілі адно аднаго.

Глыбока перакананая, што ў выхаванні дзіцяці павінны ўдзельнічаць усе сем'і, якія яму па-сапраўднаму дарагія: сям'я, якая нарадзіла, прыёмная і сям'я ўсынавіцеляў. Чым больш людзей любяць дзіця, тым яму лепш. Гэта вельмі складаныя рэчы. Наўрад ці той, хто будзе чытаць, пагодзіцца і раздзеліць гэтыя думкі з першага разу. Я да гэтага ішла 23 гады.

Пра эмоцыі, апошнія сокі і "смажаныя" артыкулы


Я чалавек вельмі эмацыйны. Некаторыя кажуць, што для кіраўніка гэта дрэнна. Але без эмоцый і пачуцця гумару ў нашай працы нельга. Быць неэмацыйным чалавекам і працаваць з асаблівымі лёсамі людзей немагчыма. Я не саромеюся праяўляць свае эмоцыі, таму людзі з лёгкасцю разумеюць, якую думку я хачу данесці да іх.

Пастаянна працую над тым, каб усё ж такі аддзяліць працу ад асабістага. У іншым выпадку гэта прывядзе да выгарання. Стараюся пераключацца з праблем кліентаў. Добра, што ў мяне цудоўныя калегі, якія дазваляюць гэта рабіць з лёгкасцю.

Адпачываю так, як і ўсе. Проста пераключаюся. Апошнім часам, гэта музыка і кнігі. На першым месцы, безумоўна, сын і яго праблемы. Увосень заўсёды дача, грыбы, яблыкі і выцісканне з іх апошніх сокаў. Таму абсалютна звычайнае ў мяне жыццё. Часам людзі не вераць, гавораць : "Ага, у цэнтры ўсынаўлення сядзіць і расказвае, што яна на агародзе працуе". Але ж вы бачылі, якія ў мяне рукі (смяецца ). Часам людзі думаюць пра нас не тое, што мы ёсць насамрэч. Мяне гэта не засмучае. Я да гэтага стаўлюся спакойна.

Мяне не вельмі любяць СМІ. Таму што я кажу тое, што думаю пра іх. Мяне абураюць непрадуманыя рэпартажы. Разгортваеш газету, а там побач з фотаздымкам хлопчыка аповед пра тое, як мама карміла яго разам з сабакамі. Ледзь не біяграфічныя звесткі дзіцяці прыводзяцца. Зразумела, гэта выбівае слязу ў паловы Чыжоўкі і Лошыцы. Як правіла, на такія "смажаныя" артыкулы ў мамы, хоць яна не пазбаўлена бацькоўскіх правоў, ці іншага законнага прадстаўніка дзіцяці ніхто дазволу не пытае. Гэта яўнае прыніжэнне і грэбаванне гэтымі людзьмі, у першую чаргу — дзіцем! Цяпер, са з'яўленнем інтэрнэту, газеты маюць неабмежаваны тэрмін жыцця. А праз 10 гадоў гэтаму Пецьку, напрыклад, у разведцы служыць. Яму не трэба гэта белетрыстыка. Я лічу, што гэта нанясенне агрэсіўнага ўдару па будучыні дзіцяці, гэта неакуратнае ўмяшальніцтва ў гісторыю яго жыцця. Не рабіце дзяцей сродкам для масавай інфармацыі. Дзіця — заўсёды мэта, яно сродкам, а тым больш масавай інфармацыі, быць не можа па азначэнні.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вынасіць дзіця можна рознымі органамі: можна жыватом, а можна сэрцам, галавой. Я, пэўна, тая цётачка, якая пастаянна цяжарная і выношвае дзяцей, але толькі ў галаве...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика