Чаму патрапіць у садок як выйграць вайну?. 21.by

Чаму патрапіць у садок як выйграць вайну?

02.11.2012 11:52 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму патрапіць у садок як выйграць вайну?

           


Фото с сайта coswik.by
Фото с сайта coswik.by
Заспела нядаўна знаёмую за засяроджаным падлікам: "Да Новага года за малога мы здалі 300 тысяч, на свята пойдзе столькі ж, і, напэўна, баксаў 200 трэба адкласці на выпускны..."

У калькуляцыі мамы не было б нічога дзіўнага, калі не ўлічваць, што яе сын — дашкольнік, які наведвае звычайны дзіцячы садок.

У садок як на вайну

Афіцыйна ў сацыяльна арыентаванай Беларусі з дашкольнай адукацыяй усё "шакаладна". Паводле справаздачы Міністэрства адукацыі за першую палову бягучага года, "нарматыў забяспечанасці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту месцамі ў дашкольных установах выконваецца з перавышэннем устаноўленых нарматываў ва ўсіх абласцях і ў горадзе Мінску". І нават калі дзе-нідзе адзначаюцца пэўныя праблемы (скажам, з перапоўненасцю больш як 500 дзіцячых дашкольных устаноў або з чэргамі на дзіцячыя садкі), агульную "спрыяльную сітуацыю" гэта не псуе.

Рэальная карціна выглядае інакш, і зусім не крыху. На сярэдзіну 2012 года на чарзе ў дзіцячыя садкі, як прызнае рэспубліканскае ўпраўленне дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі, стаяла прыкладна 15 000 маленькіх беларусаў (амаль утрая больш, чым летась!). Пры гэтым, напрыклад, у сталіцы маладыя бацькі становяцца ў тую чаргу ледзь ці не па дарозе з раддома, і ўсё адно праз 2-3 гады ніякіх гарантый, што ўдасца трапіць у дзіцячы садок каля дома, няма. А калі ўсё ж удасца, то шчасце можа аказацца вельмі сумніўным: у групе больш за 30 чалавек (пры санітарных нормах не больш за 15 — у групах дзяцей ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў, і не больш за 20 — у групах малышоў ва ўзросце ад 3 да 7), а выхаванцам не хапае самага элементарнага — ад аркушаў для малявання да ложкаў і шафаў...

"У нашым раёне трапіць у найбліжэйшы садок — гэта як выйграць вайну, — робіць вялікія вочы Людміла, якая жыве ў сталічнай Каменнай Горцы. — Спачатку ў адзін садок на 290 месцаў бралі ўсіх па чарзе і асобна — са шматдзетных сем'яў, потым — толькі са шматдзетных, хто не патрапіў раней, а потым усё стала проста: немаленькі ўнёсак — і віншуем, вы залічаны!"

Паводле інфармацыі ўпраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска, на ўліку па мікрараёне Каменная Горка знаходзіцца больш за 5 тысяч дзяцей, якія маюць патрэбу ў афармленні ў дзіцячыя сады. Усе дзіцячыя сады Фрунзенскага раёна працуюць з перагрузкай 140%.

Рыхтуй грошы загадзя

Але пачнём усё ж ab ovo — з моманту, калі дзіця пажадана (або неабходна з фінансава-бытавых прычын) аддаваць у дзіцячы сад. Вопытныя бацькі раюць заняцца гэтым пытаннем — тэлефанаваць і абыходзіць навакольныя садкі не пазней як у лютым-сакавіку таго года, калі дзіця пойдзе ў ДДУ (дзіцячую дашкольную ўстанову). У лепшым выпадку з першых жа крокаў вы пачуеце: "Месцаў няма". Або...

"Два гады назад, перш чым аддаваць сына ў садок, я пайшла на разведку, — узгадвае маці-адзіночка Алена. — Загадчыца аблюбаванага садка, які знаёмыя вельмі хвалілі, паведаміла: "Ведаеце, у нас садок з басейнам, вельмі многа жадаючых. Калі хочаце да нас патрапіць, то трэба ўнесці "дастойную" суму на патрэбы ўстановы". — "Але ж я адношуся да вас па прапісцы..." — "А гэта не мае значэння, ваша чарга падыдзе яшчэ няхутка, таму мы маем права адмовіць". — "А калі ў мяне няма такіх грошай? Я выхоўваю сына адна..." — "Гэта было ваша рашэнне, у нас месцаў няма. Усяго добрага, паспрабуйце звярнуцца ў суседні садок". У суседнім намякнулі, што дзіця возьмуць, калі ў мяне знойдуцца знаёмыя будаўнікі, каб дапамагчы з рамонтам даху. І толькі па трэцім адрасе — далёка ад дома, затое блізка да маёй працы — нас унеслі ў спіс".

"Для мяне адзінай магчымасцю ўладкаваць дачку ў садок стала згода працаваць у ім жа выхавальніцай, — прызнаецца яшчэ адна маці-адзіночка. — У іншых месцах за афармленне вымагалі "спонсарскую дапамогу" альбо матэрыялы на рамонт. А на маё абурэнне не раз даводзілася чуць фразу "Навошта вы нараджалі дзіця, калі не ў стане яго ўтрымліваць?", і ў вочы, і за спінай. Такое адчуванне, што ў нашай краіне размнажацца дазволена толькі людзям з заробкам "папіццот" і больш, якія ніколі не захварэюць і не застануцца без падтрымкі..."

Вайсковец Аляксандр, бацька дашкольніка, расказаў, што ўладкавацца ў абраны садок дапамаглі "сувязі" ў раённай адміністрацыі. Для маці дваіх дзяўчынак Алены цаной пытання сталі некалькі слоікаў фарбы і ўваходныя дзверы ў групу, а для бацькі разнаўзроставых хлопчыка і дзяўчынкі прадпрымальніка Віталя — пасадачны матэрыял для клумбаў.

З паборамі ў дзіцячых садках трэба заканчваць! Калі няма магчымасцей з бюджэту, то можна павялічыць аплату. Пакуль што яна толькі харчаванне кампенсуе", — адзначыў міністр адукацыі РБ Сяргей Маскевіч падчас прамой лініі "Народнай газеты".

Каму жалюзі — мала, каму сурвэткі — многа

Пераважная большасць бацькоў, з якімі давялося гутарыць падчас падрыхтоўкі матэрыялу, прытрымліваюцца пазіцыі "для камфорту свайго дзіцяці грошай не шкада". Толькі вось уяўленні аб тым, што камфортна, неабходна і дастаткова дзятве, у кожнага розныя.

Пенсіянерка Надзея Аляксееўна апошні раз мела справу з ДДУ 20 год таму, калі аддавала малодшую з трох дочак: "Я шмат чаго забылася, але гэта памятаю добра: ніякіх "добраахвотных" унёскаў, не кажучы ўжо пра прымусовыя, мы не рабілі. Максімум таты праводзілі сваімі сіламі касметычны рамонт: фарбавалі падваконні і плінтусы, а мы дапамагалі мыць вокны ды шторы. Не было гаворкі пра зборы на навагоднія ці васьмісакавіцкія ранішнікі, а на Дзень настаўніка з кветкамі прыходзілі толькі тыя, хто меў жаданне... Цяпер жа ў садкі ходзяць абедзве мае ўнучкі, і тое, што я чую ад дочак пра таварна-грашовыя стасункі з бацькамі, — гэта жах. Чаму бацькі мусяць за свае грошы мяняць вокны ў групавых пакоях і набываць дываны? Якая камісія патрабуе для дзетак жалюзі замест штор? І што за "выпускныя" могуць быць у садку, да якіх трэба рыхтавацца, як мы калісьці да школьнага балю?!"

"Нас на першым жа сходзе папярэдзілі, што ў садку склаліся свае традыцыі і на Дзень настаўніка загадчыца, а таксама "набліжаныя асобы" абавязкова мусяць атрымаць кветкі і падарункі, — не хавае абурэння Вераніка, жыхарка сталічнага мікрараёна Зялёны Луг. — І гэта не кажучы пра тое, што бацькі "скідваліся" на набыццё ў групу пыласоса, магнітафона, штор, некалькіх камплектаў цацак... Мне не шкада заплаціць за рэчы, якія рэальна патрэбны дзецям, але рабіць паднашэнні людзям, ад якіх я пакуль што нічога добрага не бачыла... З якой радасці?"

Выдатны падыход атрымліваецца: калі грошы з бацькоў бяруць "налам", можна паскардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі, а калі па квітанцыі — дык гэта добраахвотная дапамога.

Трэба паднімаць аплату!

"Задзяўблі ўжо гаворкі пра паборы! — не хавае раздражнення тата дзвюх дзяўчынак Аляксей. — Людзі аддаюць дзіця ў сад, каб яно там было дагледжана, каб ела, гуляла, спала, займалася і развівалася. Плацяць за гэта 15 баксаў у месяц і скардзяцца, пачуўшы найдрабнейшую просьбу аб дапамозе. Майце сумленне, шаноўныя! Што такое сёння 15 баксаў? На гэтую суму малое нават тыдзень не пракарміць. А з садка чамусьці ўсе патрабуюць: "Я ж падаткі заплаціў, і во, квітанцыя за месяц". Такія героі на сходах сядзяць, маўчаць, а потым пачынаецца: ім па 50 тысяч на цацкі ў групу і падарункі для імяніннікаў — шкада, па 20 тысяч на акварыум у жывы куток — шкада. Няхай бы ўжо хутчэй паднялі плату за дзіцячыя садкі разоў гэтак у два-тры — і ў выхавальнікаў будзе большы заробак і стымул працаваць з нашымі дзецьмі, а тыя, каму на ўсё шкада грошай, няхай сабе хоць да школы дома сядзяць..."

Умоўна бясплатна

Не раз і не два чыноўнікі ад адукацыі паўтаралі як мантру, што паборы ў садках забаронены. Але пры гэтым рабілі і робяць розныя цікавыя дапаўненні і агаворкі. Так, летась падчас анлайн-канферэнцыі міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заўважыў: "Мы арыентуем дашкольныя ўстановы на тое, каб яны працавалі з бацькамі, спонсарамі, прыцягвалі іх сродкі на паляпшэнне матэрыяльнай базы, спецыяльныя праграмы для дзяцей, але праз апякунскія саветы, бацькоўскія камітэты і зусім празрыстым афіцыйным чынам на добраахвотнай аснове, а не прымусова".

Галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Мінгарвыканкама Алена Макарэвіч на пытанні бацькоў адказвае, што "практыка раздаваць квітанцыі з рэквізітамі сада, але без пазначэння пэўнай сумы ў нас існуе. Бо хтосьці з бацькоў можа даць тысячу, хтосьці дзесяць, а хтосьці наогул не можа сабе гэта дазволіць".

Выдатны падыход атрымліваецца: калі грошы з бацькоў бяруць "налам", можна паскардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі, а калі па квітанцыі — дык гэта добраахвотная дапамога. Калі цісне адміністрацыя — гэта парушэнне і паборы, а калі настойваюць на сваім іншыя, магчыма, больш заможныя актывісты з бацькоўскага камітэта, то гэта не прымус. Круціся, як хочаш...

Сёння месяц знаходжання дзіцяці ў дзяржаўным садку каштуе менш, чым дзень у прыватным.

А можа, так і трэба?

З сітуацыяй вакол ДДУ адвечнае беларускае пытанне, здаецца, усё ж не мае сілы. Вярхі ўжо не могуць рабіць выгляд, што быццам усё ў парадку, нізы не хочуць адчуваць сябе "кантынгентам з малочнай фермы". І штосьці мусіць змяніцца. Толькі ў якім кірунку?

Здавалася б, самае простае выйсце — будаўніцтва новых дзіцячых садкоў. І іх, як ні дзіўна, будуюць. Толькі значна больш павольна, чым новыя жылыя раёны, у якіх нараджаюцца і ўстаюць у чаргу на садкі ўсё новыя і новыя дзеці.

Як альтэрнатыва — развіццё сеткі камерцыйных садоў. Іх колькасць пакрысе сапраўды павялічваецца, але да якасці паслуг і выканання санітарных норм па-ранейшаму шмат пытанняў. Сярэдні ж кошт — 500 еўра ў месяц — перавышае сярэдні заробак па краіне (у верасні 2012 года — крыху больш за 4 мільёна рублёў). Сямейныя дзіцячыя садкі на дадзены момант з большага функцыянуюць нелегальна, бо іх афіцыйнае адкрыццё і ўтрыманне ў бюракратычнай сістэме настолькі ж простыя, як запуск касмічнага шатла. Развіццё платнай адукацыі ў хатніх умовах, адраджэнне прафесіі гувернёраў — таксама радасць не для ўсіх, зыходзячы з расцэнак "звычайнай" няні ад 2 у.а. за гадзіну.

Лагічны крок — павелічэнне платы за дзіцячыя садкі з перспектывай пераходу на самаакупнасць. Аплачваць поўны кошт паслуг адразу і афіцыйна, без дадатковых збораў, павялічыць, нарэшце, зарплату і прэстыж прафесіі педагогаў ды нянек — усё гэта правільна. Але, на жаль, і ў гэтым выпадку ніхто не можа гарантаваць, што грошы ў поўным аб'ёме дойдуць да адрасатаў, а паборы на невядома чые "патрэбы" спыняцца раз і назаўсёды.

А мо варта нарэшце прызнаць элітарнасць не толькі вышэйшай, але і дашкольнай адукацыі?

Лічбы для роздуму 

У Беларусі на сёння працуе больш як 4000 дзіцячых дашкольных устаноў. Пры гэтым захоўваецца дэфіцыт месцаў у садках і пераўкамплектаванасць груп ад 20 да 40%.

Толькі ў Мінску дзейнічае амаль 20 прыватных дзіцячых садкоў, але некаторыя з іх афіцыйна зарэгістраваны па іншым профілі (як развіццёвыя цэнтры і іншыя ўстановы, не разлічаныя на паўнацэннае знаходжанне ў іх дзяцей цягам усяго дня).

Паводле звестак камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, на пачатак верасня бягучага года ў мінскіх ДДУ не былі закрыты 280 ставак выхавальнікаў і больш за 200 — памочнікаў выхавальнікаў.

Месяц знаходжання ў муніцыпальным або ведамасным дзіцячым садку каштуе сама меней 80 тысяч (у яслях з 3-разовым харчаваннем). Пры гэтым, як падлічылі ў Мінадукацыі, бацькоўская плата кампенсуе толькі 40% выдаткаў на ўтрыманне дзіцяці ў садку.

Мінімальны кошт знаходжання дзіцяці ў камерцыйным садку — 400$ за месяц, дзённы — ад 25$—30€. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"У нашым раёне трапіць у найбліжэйшы садок - гэта як выйграць вайну, - робіць вялікія вочы Людміла, якая жыве ў сталічнай Каменнай Горцы. - Спачатку ў адзін садок на 290...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика