Прыгожымі датамі шчасця не здабыць. 21.by

Прыгожымі датамі шчасця не здабыць

24.11.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напэўна, не будзе памылкай сцвярджэнне, што надаваць нейкі адмысловы сэнс датам мы пачалі напярэдадні надыходу новага тысячагоддзя. І хоць сама тая лічба — 2001 — не была такой ужо прыгожай, пачалося ўсё менавіта з яе. Многія выданні і апытанні на гэтую тэму тады праводзілі, і зваротны адлік вялі, у тым ліку і "Звязда". Потым пайшлі адзінкі (01.01.01), двойкі (02.02.02) і гэтак далей. Прыгожае спалучэнне лічбаў адзначалася многімі, але збольшага такія "сіметрычныя" даты мала ўплывалі на жыццё. Па-сапраўднаму беларусы ў гэтым сэнсе "раскачагарыліся" і, як той казаў, адчулі смак, напэўна, напярэдадні набліжэння даты 07.07.07, калі многія пары менавіта ў гэты дзень пажадалі пабрацца шлюбам. Не менш прывабнай была і наступная дата — 08.08.08. І вось апошні "акорд" — 12.12.12. Кажуць, нас чакае вясельны бум...

Што важней: прыгожае спалучэнне лічбаў у пасведчанні аб шлюбе ці ўсё ж найперш пачуцці? А ў больш шырокім сэнсе: каханне ці яго пышная дэманстрацыя? На гэтую тэму сёння вырашылі паспрачацца журналісты "Звязды". Распачалі з "сіметрычных" дат, а затым увогуле перайшлі да сучаснага стаўлення да такой урачыстасці, як вяселле. Атрымаўся, можна сказаць, такі мужчынскі і жаночы погляды на гэтае свята.

Прызнаюся, мы з будучай жонкай калісьці таксама ледзьве не наступілі на такія "граблі": вырашылі, што было б неблага, каб дата ўступлення ў шлюб супала з днём яе народзінаў. Але потым хапіла розуму не рабіць гэтага, не спалучаць штучна дзве абсалютна розныя сямейныя нагоды. У выніку так само сабой атрымалася (яшчэ лепш, чым хацелася), што рэгістрацыя нашага шлюбу прыпала на вельмі прыгожае народнае летняе свята. І, як я жартую з той пары, каб і хацеў забыцца пра чарговую гадавіну вяселля, дык не атрымаецца! Тым больш што і зарплату доўгія гады выдавалі менавіта ў гэты дзень.

Я ўвогуле не супраць "сіметрычных" дат, мне яны таксама падабаюцца. І калі так супадае, што на яе можа прыпасці рэгістрацыя шлюбу, дык чаму б і не? Я пра іншае. Калі чуеш гісторыі, як людзі наўмысна гатовыя доўга чакаць, абы толькі атрымаць у дакуменце такую прыгожую дату, хочацца спытаць: дата для вас ці вы — для даты? Або калі проста падрыхтоўка да ўрачыстасці вядзецца ці не цэлы год, а тое і больш... Вяселле — гэта цырымонія, прысвечаная заключэнню шлюбу. Няхай урачыстая, але ўсяго толькі цырымонія.

Наша з жонкай вяселле мы спланавалі недзе за два месяцы, прычым зусім самастойна, так, як хацелі і, самае галоўнае, за свае грошы. Набылі заручальныя пярсцёнкі, мне касцюм, кашулю з гальштукам, жонцы — туфлі, узялі напракат вясельную сукенку, замовілі кавярню для самых блізкіх і сяброў. У ЗАГСе аплацілі відэаздымку і працу фатографа. Астатняе здымаў сам, дапамагаў сябар-сведка (пахвалюся, нашымі фотаідэямі потым скарысталіся многія знаёмыя). Праз сяброў замовіў некалькі аўтамабіляў. Але ці гэтыя будзённыя рэчы прыгадваем мы з жонкай праз гады?

...Машыны замаўляць я выправіўся літаральна напярэдадні вяселля. Спужаўся значна пазней: а калі б не атрымалася? Да нявесты і, адпаведна, у ЗАГС, мы так спазняліся, што думаў толькі пра хуткасць, таму калі ўскочыў у пакой — аслупянеў: ад хвалявання забыўся, што яна будзе ў... вясельным строі. Кавярню замовіць мы замовілі, але чамусьці не сказалі адміністратару, для чаго. Уяўляеце твары работнікаў (а кавярня адкрылася зусім нядаўна), калі на парозе ў іх з'явілася вяселле?!. Мабільнікаў тады не было, мы сваім заказам больш не цікавіліся, і калі б кавярня па нейкіх прычынах зачынілася, што б было? Маладосць... Памятаю крыўду сябрука-сведкі: як гэта ў яго (у яго!) маглі скрасці нявесту? ...Як пілі віно з белага туфліка маладой... Як нам сігналілі ўсе машыны на аўтатрасе, калі мы фатаграфаваліся ў бярозавым гаёчку. Як паабяцаў заўсёды аддаваць лепшыя кавалачкі ёй...

За гады свайго жыцця ў якасці госця і нават сведкі даводзілася бываць на розных вяселлях. А калі прыгадаць, што я некалі падпрацоўваў, фатаграфуючы ў тым ліку і вяселлі, дык лік такіх урачыстасцяў пойдзе, без перабольшвання, на дзясяткі. Напрыклад, памятаю тагачасныя вясковыя вяселлі, калі напачатку гулялі тры дні запар, пазней — два. Па традыцыі ўвечары каля дома, дзе ўсё праходзіла, збіраліся маладзёны, якіх афіцыйна на вяселле не запрашалі. І ім трэба было "выносіць": частаваць гарэлкай і закускай. Вельмі часта даходзіла да таго, што гэтыя самыя маладзёны літаральна бралі за грудкі маладога, свата ці якога госця і патрабавалі: вынось! Справа нярэдка заканчвалася бойкай...

Даруйце за невялікае лірычнае адступленне, гэта я да чаго хілю? Думаю, што не толькі мой асабісты досвед дазваляе сцвярджаць: паміж ступенню ўрачыстасці цырымоніі, шыкоўнасцю самога вяселля і далейшым шчаслівым або нешчаслівым жыццём сужэнцаў няма ніякай сувязі. Так, не адно дзясяцігоддзе ўсё добра ў сям'і, якая пехам учацвярых — маладыя ды сведкі — распісаліся ў пасялковым ЗАГСе. Пайшлі туды ў самым звычайным адзенні, а потым сціпла адзначылі гэту падзею дома. Зараз маюць вялікую гаспадарку, гадуюць ужо амаль дарослую дачку. А не склалася ў дзяўчыны, якая выходзіла за хлопца з багатай сям'і — з кватэрай і машынай. Калі вяселле — на зайздрасць усім! — два дні гуло ў самым цэнтры сталіцы... Зайздросціць неўзабаве не было чаму: сужэнцы разышліся, як у моры караблі, у бліжэйшыя год-два пасля вяселля, а ў маладзіцы на руках засталася дачушка.

Вось гэтае "на зайздрасць", а яшчэ больш, "каб не горш, чым у іншых", часам адыгрывае злую ролю. Збіраліся неяк на вяселле, думалі, ламалі галаву, што б такога адмысловага і ў той жа час карыснага падарыць маладой сям'і. Каб не памыліцца, спыталі ў іх. "Грошы. Мы крэдыт на вяселле бралі". Узяць з сабой грошы было, безумоўна, лягчэй, чым несці падарунак, але нам чамусьці стала крыўдна. За сябе, што так хацелі дагадзіць. За маладых, якія збіраліся частаваць нас, выходзіць, у доўг. Лепш бы яны на тыя грошы ў вясельнае падарожжа з'ездзілі, уражанні б на ўсё жыццё засталіся. Ці хаця б зрабілі свята па сваіх магчымасцях і найперш для сябе. А так сям'я потым цягам не аднаго месяца вяртала крэдыт... А бывае, і ўвогуле да жудаснага даходзіць. У Львоўскай вобласці 20-гадовы маладзён прадаў нырку дзеля арганізацыі добрага вяселля для сваёй каханай. А праз месяц памёр. Як высветлілася, перад запланаванай урачыстасцю хлопец з'ехаў быццам бы на заробкі, адкуль прывёз 15 тысяч долараў. На іх ён і арганізаваў шыкоўнае свята. І толькі калі ён памёр, маладая жонка і бацькі даведаліся пра паходжанне гэтых грошай...

Ніхто не спрачаецца: хочацца, каб было прыгожа, памяталася ўсё жыццё. Але ж і нейкая мера, якая здаровым сэнсам завецца, павінна быць. Я не заклікаю маладых пры паездцы ў ЗАГС перасесці, як некалі іх прабабулі з прадзядулямі, на конныя вазы (хіба толькі ў якасці экзотыкі). Цяпер жа паглядзіш на які вясельны картэж, дык што не машына — лімузін. "Звычайная" іншамарка ўжо не падыходзіць... Калі заручальныя пярсцёнкі, дык абавязкова ці не з-за мяжы замоўленыя: адмысловыя, з прысвячэннем-гравіроўкай. Але ж, нагадаю зноў, пярсцёнак толькі сімвалізуе шлюбныя вузы: сужэнцы носяць яго як знак вернасці адно аднаму. Ні проба каштоўнага металу, ні камяні на ім не могуць самі па сабе дадаць трываласці шлюбу. Пярсцёнак хоць і "не звычайнае ўпрыгажэнне", але ж найперш "двух сэрцаў адно рашэнне", як гучыць у вядомай песні.

Не падумайце, ніякай зайздрасці няма. Але я магу яшчэ зразумець, калі шыкоўнае свята робяць самастойныя людзі: іх права — куды грошы патраціць, якія фантазіі ўвасобіць у жыццё. Ва ўчарашніх школьнікаў ці нават студэнтаў і пярсцёнкі на пальцах, і лімузін, і чырвоная ікра для гасцей на святочным стале — усё за кошт бацькоў. І менавіта яны таму ў большасці выпадкаў "заказваюць музыку" ўсё па тым жа прынцыпе: "каб было не горш, чым у іншых". Толькі калі раней на вяселле кабана забівалі, каб гасцей накарміць, дык цяпер шакаладны фантан заказваюць — каб іх здзівіць і сябе паказаць. Шкада, калі праз гады ў памяці застанецца толькі гэты самы фантан, якім ужо нікога не здзівіш...

А самымі прыгожымі і "сіметрычнымі" датамі я лічу гадавіны вяселля. Любыя. За іх!

Сяргей РАСОЛЬКА

А каб памятаць і ніколі не забыцца!

Дата майго вяселля будзе самая прыгожая, якая толькі можа быць! Дакладна! Я, праўда, пакуль яшчэ не ведаю, які гэта будзе дзень, які месяц, але ўпэўнена — так яно і будзе! Таму што менавіта ў гэты дзень адбудзецца маё з выбраннікам вяселле! І калі б у мае планы ўваходзіла зарэгістраваць шлюб у бліжэйшы час, дык дата 12.12.12 якраз бы падышла, а чаму не?. Ты ж сам, Сяргей, падказаў цікавую думку: каб будучы сужэнец ні пра якіх абставінах не забываўся пра гэты дзень! А яшчэ хачу сказаць, што такая "сіметрычная" дата — неблагі пачатак для маладой сям'і, якая толькі распачынае свой шлях. Гэта як своеасаблівая жартоўная легенда, паданне, якое потым можна будзе расказваць дзецям і ўнукам. А там, дасць Бог, з'явяцца і іншыя ўспаміны, з жыцця.

...Не вер, калі чуеш ад дзяўчыны, што яна не хоча замуж. Усе туды хочуць! Пацвярджаю. Нават тыя, хто робіць здзіўленыя вочы і пачынае мармытаць сабе пад нос нешта накшталт: "Я? Нізавошта! Ні за якія пернікі!!!" І тыя, хто прытрымліваецца фемінісцкіх поглядаў, маўляў, "і без мужчын пражыць можна". Аднекваюцца ад аднаго з самых галоўных святаў у жыцці толькі тыя, каму няма гэтае самае свята з кім адзначыць, або тыя, у каго ёсць з кім, але — "не завуць".

Вяселле... Ёсць у гэтым слове нешта чароўна-прыцягальнае для кожнай дзяўчыны. Заплюшчым мы вочы: і вось яна, прыгожая сукенка а-ля Барбі і доўгі-доўгі вэлюм, і пялёсткі ружаў, і пацалунак пад гучнае "Гор-каааа!" І, дарэчы, марым мы пра гэта з самага дзяцінства, вось так! Пакуль хлопчыкі лазяць па дрэвах і гуляюць у танчыкі, мы ў пясочніцы майструем вясельны замак, а з лісця "шыем" сукенку для лялькі. А калі вырастаем, імкнёмся ўсе гэтыя мары ўвасобіць ў жыццё. Таму і рыхтуемся да вяселля грунтоўна, з мноствам ідэй і прапаноў! Каб не забыцца пра нешта, не ўпусціць. Вяселле — гэта ж не проста штамп у пашпарце, так? Таму і часу на падрыхтоўку павінна быць дастаткова.

Дарэчы, не толькі адны мы, дзяўчаты, "вінаватыя" ў доўгіх тэрмінах падрыхтоўкі да рэгістрацыю шлюбу. Напрыклад, зараз у сталічных ЗАГСах — "вясельны бум" на ..."летнія прапановы" наступнага года. Усе пятніцы-суботы, як стала вядома, ужо занятыя! Безумоўна, летам больш камфортныя ўмовы — і эфектную сукенку нявеста зможа прадэманстраваць, і прагуляцца можна, фотасесію адмысловую зладзіць. Вось і выходзіць аб'ектыўна: прынялі рашэнне зараз уступіць у шлюб — чакайце мінімум да восені наступнага года. Зноў жа — рэлігійныя пасты. Раней на гэта мала звярталі ўвагі, а цяперашняя моладзь ставіцца да іх паважліва. Вось і прымушаюць усе гэтыя акалічнасці планаваць вяселле не за тры месяцы, як было яшчэ, па тваіх словах, нядаўна, а за год, калі не больш.

А ёсць шмат часу — будзем думаць! Не толькі пра вясельную сукенку, але і пра замову рэстарана, запрашэнне гасцей. Вось ты пра лімузіны... Некалі ў майго бацькі быў матацыкл і ён быў "першым хлопцам у вёсцы". Чым, мабыць, і заваяваў маю маці, не без таго. Але ж прагрэс не стаіць на месцы, і чаму б цяперашняму "прынцу" не быць на белым... лімузіне! Ці кабрыялеце! Кожная дзяўчына марыць, што яна выйдзе замуж толькі адзін раз — назаўсёды. Значыць, і святкаваць трэба адпаведна!

Вяселлі як пад капірку, калі шчыра, надакучылі: традыцыйныя "выкупы" і стандартныя конкурсы. І ў пошуках нечага арыгінальнага мне найперш бачыцца не спроба прадэманстраваць навакольным свой дабрабыт і заможнасць, а найперш праява творчасці, крэатыў тых, каму потым жыць побач доўгія гады. Ты раней здымаў вяселлі, а мяне зараз просяць раз-пораз выручыць знаёмыя і сябры. Бачу, што свята можа запомніцца гасцям не проста як урачыстасць Андрэя і Насці, а як дзея ў стылі "007" ці міфаў Старажытнай Грэцыі, у стылі дыска і стыляг, Галівуда і кантры...

Доўгі час на падрыхтоўку да вяселля — гэта магчымасць... зэканоміць. Калі ў цябе шмат часу, ёсць шанц знайсці ўстанову, дзе правядзенне ўрачыстасці будзе каштаваць менш. Напрыклад, рэстаран толькі адчыніўся, і ім для раскруткі тваё свята — тое, што трэба, таму і зніжку дадуць. Калі на падрыхтоўку год, можна праз інтэрнэт ці знаёмых за мяжой набыць вясельныя аксэсуары, якія ў нас, не выключана, будуць каштаваць нашмат больш. А можна і сваімі рукамі ўсё зрабіць — гэта нават больш цікава! І адназначна такой прыгажосці ні ў каго не будзе.

Калі гаварыць пра вяселле з вялікай колькасцю гасцей, давайце будзем думаць не пра магчымы прымус з боку бацькоў, а пра сапраўднае свята яднання. Ці многія з нас часта бачацца з усёй сваёй шматлікай раднёй? Вяселле — гэта магчымасць сустрэцца з блізкімі людзьмі ў святочнай атмасферы, пазнаёміцца бліжэй са сваякамі сужэнца, магчыма, нават завесці на гэтай глебе нейкія дзелавыя стасункі. А чаму б не, калі выпадзе магчымасць!

У тым, што бацькі матэрыяльна паўдзельнічаюць у арганізацыі аднаго з галоўных святаў у жыцці сваіх дзяцей, таксама не бачу нічога дрэннага. Без іх і самога свята не было б, гэта самыя пачэсныя госці, думку якіх трэба ўлічваць. Тут можна нават згадаць пра нашы традыцыі. Сам жа напісаў пра колішняга "вясельнага" кабана да стала!

Для справядлівасці трэба адзначыць — ёсць у нас мінімалісты. Пайшлі, падмахнулі паперкі, і ўсё — сужэнцы. Некаторыя нават ўзялі моду распісвацца без бацькоў. Але я лічу, можна пабрацца без тых жа пярсцёнкаў і строяў, але без мам і татаў — гэта проста немагчыма ўявіць.

Ёсць рэчы, без якіх вяселле не вяселле, бадай што, можна і не жаніцца ўвогуле. Вось, напрыклад, пярсцёнкі. Гэта раней яны павінны былі быць абавязкова залатыя, гладкія — "на добрае, роўнае жыццё". Зараз — на любы густ: і з плаціны з брыльянтавымі ўстаўкамі, і формы рознай мудрагелістай, і неабавязкова, каб увогуле на заручальныя былі падобныя. Але сімвал кахання, як ні круці. А яшчэ вясельная сукенка! Прабачце, нашы каханыя, без касцюма-тройкі вы неяк абыдзецеся, а вось мы без урачыстага строю — ніяк. І без прычоскі. І без макіяжу. І манікюру. Добра, манікюр можна зрабіць самой.

Таксама яшчэ адзін складнік нават самага мінімалісцкага вяселля — гэта наяўнасць фотаздымкаў. Мне як фатографу зусім незразумела, як без гэтага ўвогуле можна жаніцца! Гэта ж памяць! І няхай вы з каханым запомніце "свой" дзень на ўсё жыццё, але падумайце, як будзе прыемна вашым дзецям, унукам і праўнукам глядзець на вас, маладых і шчаслівых.. А калі фотаздымкі яшчэ і крэатыўныя... Напрыклад, маладыя на дрэве. Ці маладыя на яхце (так-так, у нас таксама ёсць мора — Мінскае). А яшчэ спецыяльна для прыгожых фотакартак ужо муж і жонка едуць, напрыклад, пафатаграфавацца на... Кіпр! Ці ў Тайланд. На такое ідуць безнадзейныя арыгіналы, затое які эксклюзіў! На добрыя фотаздымкі ніякіх грошай не шкада!

З чым немагчыма не пагадзіцца, дык з тым, што немагчыма брацца шлюбам без кахання, бо каханне — самае ў гэтай справе галоўнае. А вяселле — справа дзясятая. Дакладней, другая.

Марына БЕГУНКОВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, не будзе памылкай сцвярджэнне, што надаваць нейкі адмысловы сэнс датам мы пачалі напярэдадні надыходу новага тысячагоддзя. І хоць сама тая лічба — 2001 — не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика