"Сватаў Янка-беларус Украінку Юлю..."
24.11.2012
—
Новости Общества
|
Што было — было. Чысцюткая праўда, між іншым! Аўцюк адзін шафёрам працаваў — грузы перавозіў. Але ж аднойчы (ну собіла так) нехта памёр, і менавіта яго, аўцюка, на грузавой па бацюшку адправілі. Ён, ну вядома ж, не адмовіў — з'ездзіў, прывёз... Потым па звычцы ў пуцявым лісце запісаў: маршрут Аўцюкі — Мазыр; груз — поп, вага — тры з паловай тоны... Прыкладна гэткія ж "прыпіскі" ўбачылі асобныя чытачы і на чарговым конкурсным здымку. Бо яно ж і насамрэч (кіньце вочкам на верхні здымак) грузяць той гарбуз, як сапраўднага велікана. А ці трэба, ці варты ён падобнай пашаны? Спадар Гарачоў з Іўеўшчыны сумняваецца, піша: Вы паверце мне на слова, (Хлушу вельмі рэдка я): У Лучыне, у Кусянковай, Памідоры гэткія! Спадарыня Кусянкова з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне, агародніца і сапраўды вядомая: сваім досведам па вырошчванні культур (памідоры, дарэчы, адна з любімых) не раз з чытачамі "Звязды" дзялілася. А таму на чарговым конкурсным здымку і яна не магла не заўважыць, скажам так, элементаў нацяжкі: Ну й мужчыны ў нас пайшлі: Гарбуза не паднялі! Калі ўдвух ім "слаба", Хай паклічуць бабу! Яна, трэба разумець, падыме. Нават адна. І пагрузіць, і завязе. Бо дужая, бо смелая, бо ўмелая... Карацей, не злічыць усіх яе вартасцяў! Прычым як досыць нечаканых (ад таго ж спадара Гарачова: Хоць Кляшчук аб'ехаў свет, Быў ажно пад Польшчаю, А ці бачыў, што ў кабет Грудзі ёсць і большыя?) ...да цалкам відавочных. І найпершая тут — стараннасць, працавітасць. Бо той жа гарбуз (на нечы погляд — вялікі, на нечы — не вельмі) трэба было пасадзіць, потым паліць, падрыхліць... І нарэшце, разам з героямі здымка і спадарыняй Аляхновіч са Слуцка пацешыцца: З дачы восенню з'язджаем З вельмі важкім ураджаем: Трэба хітрасць прымяняць, Каб "на борт" яго падняць. "Фрукт" закоцяць у машыну, Хай у ёй "прасядуць" шыны Ды тады ж прамовіць зяць: — Трэба новую купляць. Ён, значыць, прамовіць. А вы, цесць з цешчай, думайце, бо зяць, як вядома, любіць узяць — ды хоць чым... У аднаго з такіх вось, кажуць, цешча памерла. "Якое гора! — спачуваюць яму знаёмцы і пытаюць: А што ж у яе было?". — "Ды так, нічога асаблівага, — уздыхае зяць, — шафа, канапа...". А хацелася ж, мусіць, большага? Зяцю... Хацелася і цешчы — пакуль жывая была. Чаго? Ведае гэта спадарыня Гудачкова з Жыткавіч. Яна досыць цікавую размову падслухала: Цешча — зяцю: — Прыязджай, Вырас добры ўраджай — Дапаможаш звезці... Чухаў доўга "рэпу" зяць, Каб ёй шчыра адказаць: — Згодны... хіба з'есці. Вось на гэта ахвотнікаў шмат! Сужэнцы Астроўскія з Мінска, паглядзеўшы на здымак, пішуць: Беларус — ён есць нямала, Пачынае — зранку: Як звычайна: бульба, сала, Потым — гарбузянка... Трэба разумець, гэта каша такая? З гарбуза. Тут вось што цікава: самога слова "гарбузянка" ў тлумачальным слоўніку няма. А вось у вершах нашых чытачоў — з Мінска, з Мёршчыны — ёсць. Спадар Тычко, прынамсі, піша: Дзед вазіў унука ў сваты, Мусіць жа, няўдала? Бо прывёз гарбуз дахаты, Як раней бывала... Ды не "парыцца" жаніх, Хоць няўдача выйшла: — Пачастую ўсіх сваіх Гарбузянкай пышнай. Ну сапраўды: не з пустымі ж рукамі дамоў прыехаў — прывёз... Хоць нешта... Пра яго, гэтае нешта, і радкі спадарыні Гудачковай: Мужыкі ў край багаты Дружна ездзілі ў сваты. Не пашчасціла ў Галі — Гарбуза вось атрымалі... Мо й карысць ад неспадзеўкі: Будуць семкі замест дзеўкі. А што — набытак: па-любому, як моладзь кажа, рукі занятыя. Хоць яно і крыўдна. Перажываюць за кавалера сужэнцы Астроўскія: Пэўна, цяжка пераносіць Хлопцу гэтакі канфуз, Калі дзеўчына выносіць Да сватоў такі гарбуз? Адно тады можа суцешыць. Што? Мікалай Валянцінавіч Старых з Гомеля, паглядзеўшы на здымак, прыгадаў вядомую бяседную песню "Быў у мяне белы конь" і зрабіў свайго роду перапеў: Мае Ясь сваё аўто. Ён цяпер багаты. Узяў і з'ездзіў у сяло Да дзяўчыны ў сваты. Ды, напэўна ж, не чакаў Выніку такога. Гарбуза вось атрымаў — Самага буйнога. Зрэшты, адмаўляць сватам з дапамогай гарбуза (як слушна заўважае спадар Гарачоў) не ў нашых традыцыях. Гэта хутчэй у суседзяў: Сватаў Янка-беларус Украінку Юлю... Ды прывёз дамоў гарбуз. Ну, а мог бы... дулю. Што таксама... фрукт, хоць кашы з яго і не зварыш. Але ж тут цікава іншае: тое, што гарбуз не ў машыну мужчыны "коцяць", а якраз наадварот — з яе. Прыехаўшы са сватоў. Каля дома жаніха... А можа і не... Нечаканая думка наконт гэтага ў Міхаіла Паўлавіча Дубовіка з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна: Дзядзькі з вёскі Аўцюкі На "прыколы" мастакі: Скінуць ля варот гарбуз... Гляне бацька: вось канфуз! А што гэта азначае, Хай у донькі папытае. Вам цікава было б пачуць, што яна скажа? І што потым бацька?.. Нам таксама. Іншы дыялог, магчыма, дарэчы: дачка на сябе ў люстэрка глядзіць ды ўголас плачацца: "Татка, я такая страшная, такая страшная! Паглядзі — лупатая, вочы маленькія, нос кручком"... Бацька ў адказ: "Ну што ты, доня мая!.. Ты ж сама на сябе нагаворваеш! У цябе і фігурка ладная, і ножкі прыгожыя, і тварык што трэба"... Павесялела дачка ад добрых слоў, выйшла з пакоя. Бацьку б падумаць пра яе, паляжаць — ды канапа занятая: кошка на ёй упоперак... "Ну во, яшчэ адно пудзіла! — усклікае мужык. — Псік, халера!" Але ж мы не пра кошку, не пра дзяўчат. Мы — пра гарбуз, які могуць і ў іншыя месцы павезці. Куды? Як лічыць спадарыня Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна: Ураджай на славу — Едзе на выставу! Мы для гэткай справы Не шкадуем лавы! З таго ж канверта і вельмі слушнае меркаванне (асабліва — для мужчын): Кашу, браце, еш з гарбуза, Замінаць не будзе пуза! Больш за тое: Што такое "Прастамол", Мы з рэкламы знаем, Калі верыць — прастатыт Тут жа адступае... Як ж вам раю, мужыкі, Семкі гарбузовыя. Як заводныя быкі, Будзеце здаровыя! Піша так Валерый Гаўрыш з горада Чавусы. І мае рацыю, што пацвердзіць любы з дактароў... Бо гарбуз ёсць гарбуз: Можна ўзяць у абярэмак Два, вагою меншыя... Але з гэтага хоць семак Хопіць аж да пенсіі... Як лічыць спадар Гарачоў. То няхай так і будзе: няхай хопіць і гарбузікаў, і здароўя ўсім нашым мужчынам, усім жанкам аж да самай пенсіі, а потым да смерці! Хай будзе ў іх яды, як на Дзяды, а работы, як у нядзелю! Хай водзяцца грошы, бо, гледзячы на конкурсны здымак, сужэнцы Астроўскія справядліва зазначылі: Гэтым летам у наш край Завіталі змены: Вырас добры ўраджай, Падраслі і цэны. Што крыўдна, у адрозненне ад гарбузоў падрастаюць яны не толькі летам. Але ж пра іх — размова асобная. Напрыканцы гэтай (і як заўсёды) паведамляем вынікі: на думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя подпісы да папярэдняга здымка (на ім, нагадаем, была кабета з двума сабачкамі і мабільнікам) склалі спадарыня Бурко з вёскі Капланцы, што на Бярэзіншчыне, спадарыня Чыгрынава з вёскі Забалацце, што на Вілейшчыне, спадарыня Века з вёскі Малыя Аўцюкі, што на Калінкавіччыне, а таксама спадар Гарачоў з вёскі Даўнары, што на Іўеўшчыне, спадар Трайкоўскі з Мінска і спадар Старых з Гомеля. З гэтым вось, апошнім меркаваннем вялікага чытацкага журы пагадзілася і журы маленькае — рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам "Звязду" на першы квартал 2013 года накіроўваецца ў Гомель. Вызначыла пераможцу і рэдакцыя часопіса "Вожык". Ім, пераможцам (дакладней, пераможцай) стала спадарыня Чыгрынава з Вілейшчыны. Хочаце, каб у новым годзе гэтыя выданні прыходзілі да вас? Тады падпісвайцеся альбо доўга, уважліва паглядзіце на чарговы конкурсны здымак, прыдумайце подпіс (можна некалькі... Дасціпных, кароткіх — не больш за восем радкоў) і дашліце ў рэдакцыю. Чакаем. Валянціна Доўнар, Фота Анатоля Клешчука. Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі на гэты раз не прайшлі строгага конкурснага адбору Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што было — было. Чысцюткая праўда, між іншым! Аўцюк адзін шафёрам працаваў — грузы перавозіў. Але ж аднойчы (ну собіла так) нехта памёр, і менавіта яго, аўцюка, на...
|
|