Проста зрабіце сабе падарунак.... 21.by

Проста зрабіце сабе падарунак...

08.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мая праўда

Нядаўна беларускія медыкі выступілі з чарговымі ініцыятывамі па барацьбе з курэннем. Так, апроч іншага, прапануецца зрабіць усе бары і рэстараны зонамі, цалкам свабоднымі ад тытуню. Плануецца забараніць продаж цыгарэт на стэндах, якія падсвечваюцца. На самі пачкі тытунёвых вырабаў мяркуецца наносіць адлюстраванні пашкоджаных у выніку курэння органаў чалавека.

Абодва сённяшнія аўтары рубрыкі выступаюць у падтрымку захадаў па забароне курэння: як ні дзіўна, і курэц са стажам, і чалавек, які прынцыпова ніколі не курыў і нават, можна сказаць, не спрабаваў. Толькі вось падыходы — як гэта трэба рабіць — ім бачацца рознымі. У кожнага з тых, хто спрачаецца, і розны погляд на ўзнікненне і развіццё такой з'явы, як курэнне тытуню.

Не трэба "лячыць" метадамі Кашпіроўскага

...Сваю першую цыгарэту я выкурыў (хутчэй, паспрабаваў), напэўна, як і ўсе мае равеснікі, у даволі юным узросце. Колькі было дакладна гадоў, ужо і не памятаю. Гэта была такая своеасаблівая гульня, якая вельмі казытала нервы: знайсці папяросу або цыгарэту, схавацца недзе — абавязкова з сябрамі — і прыкурыць...

Знайсці цыгарэту было галоўным. Тады ў мужчын на вёсцы была такая звычка: з зарплаты купляць адразу 100 ці 200 пачкаў. Напачатку "Астры", якая каштавала, калі не падводзіць памяць, 10 капеек. Потым — "Прымы" па 12 капеек. Усё гэта складвалася ў сетку-авоську і падвешвалася недзе на цвіку. Калі сетка была поўнай, у бацькі можна было "стрэльнуць" употай адразу цэлы пачак — на ўсю кампанію. Калі пачкаў заставалася няшмат, можна было расклеіць адзін з іх і асцярожна выцягнуць крыху сціснутую цыгарэту. Дагэтуль памятаю пах таго сапраўднага тытуню і якасць паперы ў дробненькую чырвоную палоску, якая пры курэнні, як той казаў, шкварчэла. Яшчэ чамусьці памятаецца бацькава балгарская "Шыпка".

У сярэдніх класах мы ўсёй нашай вулічнай кампаніяй перайшлі менавіта на балгарскія цыгарэты з фільтрам. І сёння памятаю гэты асартымент у нашым пасялковым газетным кіёску. "Ту-134", "Сцюардэса", "Апал", "Радопі", "Фенікс", "Вега"... Дзве апошнія маркі чамусьці былі ў нашым фаворы: "заказвалі" найперш іх. Увесь асартымент у мяккіх пачках каштаваў па 70 капеек. Пра мятны "Салем" у цвёрдай зеленаватай пачцы па паўтара рублі хадзілі толькі легенды: у нас яго не прадавалі і чамусьці ўсе вельмі хацелі яго паспытаць. Дарэчы, невялічкае адступленне — пра мятныя цыгарэты. Дагэтуль не магу зразумець іх папулярнасці. Ужо ў студэнцкія часы (хто памятае тагачасны мегахіт групы "Нэнсі" "Дым цыгарэт з ментолам"?), якія супалі з часамі дэфіцыту, школьны сябар дэманстраваў, як са звычайнай цыгарэты можна было зрабіць мятную. Трэба было праколатым шарыкам, калі не памыляюся, валакардзіну пракачаць паперу на ёй і потым высушыць.

...Прадаць нам тытунёвыя вырабы, вядома, ніхто не мог. Прасілі старэйшых сяброў, братоў. Курыць бегалі на тэрыторыю бальніцы — на лаўкі, закрытыя з бакоў вялікімі елкамі. Пазней курылі, калі кампаніяй ездзілі ў грыбы. Таму наш "сезон" курэння быў выключна летам — у жніўні, перад самай школай. Потым — ні-ні. Увогуле, памятаю, што ў школе запісных хуліганаў, якія маглі на пераменцы пакурыць за рагом, было не больш, чым пальцаў на адной руцэ. Дырэктар і яго намеснік ведалі іх у твар і раз-пораз звыкла накіроўваліся ў вядомае месца — паганяць. А пасля дзесяцігодкі ў нас з пяці хлопцаў у класе не курыць толькі адзін (хоць часам просіць у кампаніі цыгарэту).

Студэнцтва — асаблівая пара жыцця ва ўсіх. Курылі і амаль усе хлопцы, і многія дзяўчаты. Калі на другім курсе працавалі на бульбе ў Лагойскім раёне, у абавязкі старшыні калгаса нароўні з праблемай размяшчэння і харчавання студэнтаў уваходзіла і забеспячэнне хлопцаў тытунём. Такое было наша патрабаванне. Выходзім пасля абеду са сталоўкі, пад'язджае кіраўнік і выдае кожнаму па пачцы-дзве цыгарэт. Або без фільтра дрэннай якасці, або такой жа — з папяровымі фільтрамі. І мы, стоячы ўчатырох на бульбаўборачным камбайне, які шчыруе, уздымае чорны пыл з тарфяніка, дзелім адну цыгарэту на дваіх.

Потым рынак "прарвала": усёй той колькасці марак ужо і не прыгадаеш. Кіёскі літаральна стракацелі разнастайнымі пачкамі ўсіх формаў і памераў. Як было не паспытаць то гэта, то тое? Чамусьці адзін час надзвычай папулярным быў "Bоnd", потым "LM", дзяўчаты тэатральна трымалі паміж пальцамі тонкія доўгія дамскія цыгарэты "Mоrе". Да таго ж перыяду адносіцца і ноу-хау гандляроў: продаж цыгарэт паштучна... На перапынку стаіш перад расчыненым акном у прыбіральні з цыгарэтай, а побач з табой — вядомы прафесар. Дакурылі і пайшлі разам — на яго лекцыю...

Дзеля чаго ўсё гэта расказаў? Зараз патлумачу. Недзе прачытаў, што больш курыць сталі падчас і пасля вайны. Напэўна, гэта ў многім сапраўды так. Прынамсі, для таго пакалення — нашых дзядоў, бацькоў і маці — мужчына і цыгарэта былі натуральным спалучэннем. У мяне ёсць старэнькі мутнаваты фотаздымак, дзе я, трохгадовы, сяджу ў кузаве драўлянага "БелАЗа" і быццам бы куру. На заднім плане ўсміхаецца дзядзька-франтавік, які і даў мне тую "беламорыну".

Чым можна было ў нашы часы вылучыцца ў кампаніі? Сцізорыкам, веласіпедам, радыёпрыёмнікам, пазней — бабінным, а потым і касетным магнітафонам. А як бавілі час маладзёны? Хадзілі ў выхадныя ў клуб на танцы. І менавіта цыгарэта была адным са спосабаў паказаць сваю даросласць. У цяперашняй моладзі ёсць нашмат больш спосабаў і баўлення часу, і самавыяўлення. Яно ж відаць, што многім з іх курыць — папросту нецікава.

...Я прапанаваў бы праблему курэння падзяліць на дзве часткі і кожную з іх вырашаць метадамі, якія ішлі б паралельна і дапаўнялі адно аднаго. Першая частка — курцы са стажам, другая — "пачаткоўцы".

Канстатуем відавочнае: курэнне — хвароба, курцы — хворыя людзі. Іх трэба лячыць, а не цкаваць. Пры гэтым было б добра, каб з іх думкай лічыліся, бо курцы — такія ж падаткаплацельшчыкі, як і тыя, хто не мае шкоднай звычкі. Што маю на ўвазе? Забаранілі курэнне недзе, каб ад дыму не цярпелі тыя, хто не смаліць? Пра-а-вільнае рашэнне, як той казаў. А для курцоў у абавязковым парадку — спецыяльна адведзеную "рэзервацыю"! Памятаю, чакаў самалёта ў лонданскім аэрапорце "Гатвік", папрасіў месца для тых, хто курыць. Закурыў і ўбачыў, як дым тут жа пацягнуўся да столі: над дарагім скураным крэслам у столі была адмысловая сістэма выцяжкі. Не тое што іншыя ў зале чакання, нават чалавек на адлегласці выцягнутай рукі не мог адчуць дыму ад маёй цыгарэты. Гэта было ў 1996 годзе. Скажыце мне, хто і дзе бачыў нешта падобнае ў нас, хаця б цяпер? Калі супрацоўнікі ўпотай пачнуць бегаць на вуліцу, гэта будзе лепш?..

Многія прапановы і забароны мне часам нагадваюць Кашпіроўскага: "Хворы! Устаньце, цяпер вы можаце хадзіць!" Матэрыяльна з боку іх ініцыятараў і выканаўцаў яны практычна нічога не каштуюць, гэта — фактычна загад. На маёй памяці сапраўды ёсць людзі, якія — у адзін момант і назаўсёды — кінулі курыць. Але іх вельмі няшмат. Таму што гэта — хвароба, якая патрабуе цярплівасці і часу. Прычым чалавек найперш сам павінен прыйсці да такой высновы.

Таму я асабіста з разуменнем стаўлюся да таго, што на цыгарэтных пачках павінны быць жудасныя малюнкі пашкоджаных органаў, што тытунёвыя вырабы не павінны рэкламавацца, а прадавацца ў спецыяльных месцах, згодны (паўтараю, пры ўмове арганізацыі курылак) на ўвядзенне зон, свабодных ад курэння. Нават на павялічэнне цэн на цыгарэты, як не дзіўна можа паказацца, згодны (зноў жа, калі мяне не стануць "лячыць" шокавай тэрапіяй). Але, прабачце, адлоўліванне на прыпынках грамадскага транспарту людзей, якія закурылі, мне нагадвае нейкі дзіцячы сад. Каб было чыста, спачатку трэба паставіць сметніцу, а не пачынаць заклікаць, што паперку ці недакурак трэба пакласці сабе ў кішэню...

А асаблівую ўвагу трэба скіраваць найперш на тых, хто толькі спрабуе пачаць курыць. Каб ім нават сам пачак на вочы не трапляў. Узмацніць захады па продажы цыгарэт непаўналетнім (бачна ж, што забарона продажу асобам да 18 гадоў — не заўсёды дзейнічае). З боку кіраўніцтва навучальнай установы, працадаўцы — захады па матэрыяльным заахвочванні тых, хто гатовы развітацца са шкоднай звычкай. Не грашыма, а рознымі бонусамі кшталту заахвочвальных паездак, экскурсій. Давесці да іх свядомасці, што курыць — не модна. Мяне здзіўляе, калі з кінафільмаў прапануюць выразаць сцэны з курэннем. Вячаслаў Ціханаў (ён жа Шцірліц) і Васіль Ліванаў (ён жа Шэрлак Холмс) — ці ведае іх цяперашняя моладзь? Няхай яны і надалей зацягваюцца ў фільмах сваімі цыгарэтай і люлькай. Юнакі і дзяўчаты павераць сваім цяперашнім кумірам. Вось няхай яны і рэкламуюць з усёй моцы здаровы лад жыцця і адмову ад курэня. Але каб быў сапраўдны плён, патрэбны час і цярпенне.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Проста зрабіце сабе падарунак...

– Хочаце яблык? Яблыкі падаўжаюць жыццё!

— Не, дзякуй.

— А цыгару?

— Яны таксама падаўжаюць жыццё?

— Не, яны скарачаюць яго. Потым гэта ўраўнаважваецца яблыкамі.

Жарт, які прыпісваюць Рэмарку, выклікае ўсмешку. У мяне — вельмі сумную. Ніякімі яблыкамі ці мандарынамі немагчыма перакрыць тую шкоду, якую наносіць арганізму тытунь. Гэта даказана. Агульнавядома. Не маю намеру зараз паўтараць.

Тытунь — цыгарэта, цыгара, кальян — гэта наркотык. Спадзяюся, і тут мне не трэба штосьці даказваць. Самі курцы, калі і пагаджаюцца з гэтым, то любяць дадаваць слова "слабы". Ох... Цукар не можа быць саладзейшы сам за сябе. Мармелад, шакалад, пірожнае... У аснове гэта — цукар. Ён не больш ці менш цукар, а проста... салодкі. І ўсё. У прынцыпе, можна ставіць кропку і больш не прыводзіць ніякіх аргументаў. Аднак курцы, тым не менш, спрабуюць абараніць свае "правы". Маўляў, гэта наша рашэнне, выбар і жыццё! Адчапіцеся са сваёй "прафілактыкай"! І нервова цягнуцца за каштоўным пачкам. Вунь з п'янствам змагайцеся, з гераінам... І павольна зацягваюцца канцэрагенамі.

Што да гераіну, то, будзьце ўпэўнены, барацьба вядзецца, і сур'ёзная. Дый з п'янствам таксама. Хоць я б не параўноўвала бутэльку віна ці нават гарэлкі з тымі ж цыгарэтамі. Алкаголь хоць нейкім бокам звязваецца з прадуктамі харчавання. Там існуюць хаця б умоўныя бясшкодныя дозы. Тытунь — адмысловае зло, нават з адной зацяжкі. Прычым усеабдымнае. Калі нехта выпівае ў маёй прысутнасці, я не п'янею. Калі ж нехта курыць, то... я атрымліваю амаль тую ж шкоду, удар па здароўі.

З падобным злом нельга змагацца літасціва, з разуменнем і ўваходжаннем у становішча. Паўмераў быць проста не можа. Бо зло... пераможа. І перамагае — колькасць курцоў у нашай краіне падрастае, паколькі прымяняюцца менавіта паўмеры. Гадоў, можа, трыццаць таму ў ЗША і шэрагу іншых развітых краін пачалося магутнае наступленне на тытунь. І вынік ёсць — колькасць залежных ад яго значна паменшала. Нацыя паздаравела. Чаго не скажаш пра нас.

Так, цалкам "пазбавіцца" ад курцоў немагчыма, як той казаў, па азначэнні. Вучоныя сцвярджаюць, што ў любой папуляцыі абавязкова ёсць людзі, схільныя да ўжывання тытуню, алкаголю, наркотыкаў. І гэта досыць стабільная "праслойка". Яна з цягам часу не папаўняецца і не змяншаецца. Астатнія члены грамадства, так бы мовіць, вагаюцца то ў адзін, то ў другі бок. На іх моцна ўплывае рэклама, у тым ліку ўскосная, даступнасць "зла" і некаторыя іншыя моманты. Дык вось, схільная да шкодных залежнасцяў "праслойка" была, ёсць і будзе, нават пры самых жорсткіх захадах — адсяканні рукі ці галавы... Такія залежныя раздабудуць патрэбнае ім рэчыва з-пад зямлі. Дарэчы, у сапраўды залежных са стажам абавязкова ў загашніку ёсць мінімум адна гісторыя пра тое, якім незвычайным чынам даводзілася здабыць аб'ект задавальнення.

У прыватных размовах і падчас адкрытых выступленняў урачы-нарколагі справядліва заўважаюць: пакіньце гэтых залежных у спакоі сам-насам са сваёй залежнасцю. Яны сваё знойдуць, і ніякія размовы аб тым, наколькі "гэта шкодна", на іх не паўплываюць. Не трэба прымусова ратаваць гэты "кантынгент"! Ну, вядома, чалавек скарачае сваё жыццё, ідзе насустрач інфаркту і раку. Гэта непазбежна, але ў лаяльным сучасным грамадстве — як быццам святое права выбару. А можа, наогул, і не выбару, а генетыкі. Знайшлі ж нібыта "ген алкагалізму"... Можа, і ген курца ёсць? А супраць прыроды... што скажаш?

Зноў жа нарколагі часам раяць сваякам залежных: змірыцеся, калі ваш залежны і слухаць нічога не хоча аб тым, каб зрабіць крок насустрач новаму жыццю. Іншая рэч, рана ці позна хто-ніхто адумваецца і пачынае прасіцца, маўляў, дапамажыце кінуць. Ну, не ведаў я ў 13 гадоў, што гэта такое, дурны быў... Гуманнае грамадства не можа сказаць на гэта: ай, ну ведаеш... не да цябе... табой больш — табой менш... Трэба дапамагчы. І тут я адыду ад тэмы. Скарыстаюся магчымасцю... Дзеля тых, хто здольны пачуць.

Амаль сто працэнтаў курцоў пэўны час проста не задумваюцца над тым, што робяць. І кожны кажа, што ў яго асаблівы выпадак і што вось асабіста ён курыць не больш за астатніх. Ды не важна, шаноўныя, колькі цыгарэт вы падпальваеце штодня — 2 ці 22. Проста трэба кідаць гэта!

Вядома, вы павінны быць гатовымі да непазбежных фізічна непрыемных адчуванняў, якія могуць доўжыцца ад 48 да 72 гадзін з моманту, калі вы перастанеце адкрываць злашчасны пачак. Гэта могуць быць слабыя дрыжыкі або нават тэмпература, таму што арганізм будзе вяртацца да нормы. Не трэба спрабаваць курыць менш ці па нейкай хітрай схеме. Канкрэтна выбірайце дзень і гадзіну.

Падбадзёрыць павінна наступная інфармацыя. Курэнне не вырашае абсалютна ніякіх праблем. Адмова ад курэння не дадасць вам новых і не пагоршыць старыя. Лепш за ўсё не паведамляць шырока аб сваім намеры кінуць курыць. Не варта і чакаць нейкай падтрымкі — не у космас ляціце! Вы проста робіце падарунак сабе асабіста. Цалкам можа быць, што яшчэ ніколі вы не рабілі для сябе нічога лепшага!

Калі ласка, прачытайце наступныя рэкамендацыі.

1. Адмоўцеся ад курэння ў выбраны дзень і гадзіну.

2. Калі вы выкурвалі, скажам, 40 цыгарэт за дзень, падрыхтуйцеся да 40 штодзённых жаданняў курыць. Вам абавязкова павінна хацецца курыць! Не трэба хаваць ад сябе гэта жаданне, заглушаць яго, інакш яно разарве вас. Наадварот, думайце пра гэта.

3. Прызнавайцеся сабе : "Так, я хачу курыць". І далей: "Але цяпер я выбіраю НЕ курыць!". Такі правільны выбар давядзецца рабіць, як было сказана вышэй, 40 разоў на дзень. Паступова жаданне закурыць будзе ўзнікаць усё радзей і неўзабаве знікне.

4. Як і раней, насіце з сабой цыгарэты і запалкі (сімвалы вашага свабоднага выбару). Калі ў чалавека аднімаюць тое, што ён жадае, нараджаецца пачуццё пазбаўлення, здольнае азлобіць, выбіць з раўнавагі. Зноў жа, гаварыце сабе: "Ніхто не аднімаў у мяне цыгарэты. Я магу закурыць. Але зараз я выбіраю НЕ курыць!".

5. Жывіце толькі бягучым момантам, не думайце пра тое, што адмаўляецеся назаўжды.

6. Як толькі вы вырашылі "НЕ курыць", падумайце аб перавагах. Вы не наносіце свайму здароўю істотную шкоду!

7. Нічым не замяняйце курэнне! Гэта будзе заглушэнне жадання, а заглушаць жаданне нельга. Не трэба нешта грызці, смактаць, заядаць і г.д. Няхай з вамі застаецца жаданне курыць. Вы ж цудоўна ведаеце, што яму супрацьпаставіць у гэтую хвіліну.

8. Не рабіце нейкіх рэзкіх змен у звычайным ладзе жыцця. Не варта адразу ж уставаць на лыжы ці купляць бегавую дарожку. Нічога ў вас не змянілася. Вы ўсяго толькі некалькі разоў на дзень робіце сабе падарунак. Адмоўцеся толькі ад курэння.

9. Не трэба імкнуцца пазбягаць знаёмых, якія кураць. І не пазбягайце рытуалаў, звязаных з курэннем. Калі, напрыклад, вы раней курылі і пілі каву, працягвайце піць каву і думаць пра тое, як хочацца курыць. Вы ж цудоўна ўмееце рабіць правільны выбар, і вы зробіце менавіта правільны выбар.

10. Памятайце галоўнае: адна зацяжка — і ўсё прапала. Курэнне — гэта звычка, і адна-адзіная цыгарэта нават праз 5 гадоў можа ўсё адрадзіць.

Гэтыя рэкамендацыі адной амерыканкі сталі колькі гадоў таму надзвычай папулярнымі ў ЗША і дапамаглі развітацца з цыгарэтамі вельмі і вельмі многім.

Паразважайце, калі ласка, вось над чым. Якія б захады ні прымаліся ў грамадстве супраць курэння, — гэта захады, скіраваныя не супраць вас менавіта, а ў абарону тых, хто таксама мае пэўныя правы. Хто зрабіў свой выбар — не курыць. Шкода пасіўнага курэння даказана, гэта не пустыя словы. Вакол нас усіх так шмат шкодных для здароўя фактараў, якія мы не ў стане "абясшкодзіць", што дадаваць сюды і курэнне — прынамсі, абсурдна.

Наступ на курцоў адназначна павінен быць жорсткім, усебаковым. І карысць будзе адназначнай. Для ўсіх бакоў. Гэта не тая сітуацыя, якая патрабуе ўваходжання ў чыёсьці становішча. Курцам не трэба чакаць, што яшчэ будзе прыдумана ў грамадстве для барацьбы з курэннем, не трэба і абурацца гэтаму. Грамадства яшчэ мае час на пошук новаўвядзенняў — у вас, дарагія, блізкія, знаёмыя і малазнаёмыя, гэтага часу вельмі мала. Змагайцеся са звычкай. Тым больш што цяпер вы ведаеце, як менавіта.

Святлана БАРЫСЕНКА

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тытунь — цыгарэта, цыгара, кальян — гэта наркотык. Спадзяюся, і тут мне не трэба штосьці даказваць. Самі курцы, калі і пагаджаюцца з гэтым, то любяць дадаваць слова...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика