Мая праўда
28.12.2012
—
Новости Общества
|
Вельмі рэдкі чалавек не любіць Новы год. Для большасці гэта — адно з самых лепшых, радасных свят. Нават стаўшы дарослымі, мы з лёгкасцю прыгадаем, у якім касцюме былі на навагоднім ранішніку ў дзіцячым садку ці школе. Ці як чакалі Дзеда Мароза з яго падарункамі, нават калі адчувалі, што ён неяк вельмі падазрона нагадвае бацьку... Памятаем пах навагодняга дрэва, пра якое і праз паўгода пасля свята нагадвалі выпадкова знойдзеныя іголкі хвоі... Іншая справа, што адзначаць Новы год можна па-рознаму, асабліва цяпер, калі з'явілася столькі магчымасцяў. Хочаш — у цёплую краіну едзь да мора-акіяна. Хочаш — на гарналыжны курорт у паўночную. Гатаваць самому зараз неабавязкова: хапае рэстаранаў-кавярняў на любы густ і кішэню. А можна і проста ў госці выправіцца. Карацей кажучы, варыянтаў процьма. Дык як лепш адзначаць свята? Сёння на тэму сустрэчы Новага паспрачаліся прыхільнік традыцый і аматарка навамодных тэндэнцый. Не здраджваць традыцыям!
...Мая пакуль не ўвасобленая ў жыццё мара: напрыканцы адыходнага года мы з братам, уключыўшы ўвечары пражэктар, гатуем пад нашай такой любімай усімі летам алычой-шатром вялікі кацёл юшкі. А побач на мангале шкварчаць, распаўсюджваючы ў марозным зімовым паветры (ад чаго так нясцерпна казыча ў носе) водар, шашлыкі... І калі ўсё амаль гатова, мы завём да жывога агню нашых жанчын... Не атрымліваецца пакуль тая мара: то дождж за каўнер залівае на Новы год, то завея перашкаджае, то проста элементарна не хапае часу на падрыхтоўку. Але, галоўнае, нашы жанчыны... Маці варыянты святочнага меню пачынае прадумваць, лічы, як працу на агародзе скончылі ўвосень. Нешта закупляе, выдумляе-рыхтуе... Жонка ж таксама павінна паказаць, што мамчын сыночак не абы-каму дастаўся, значыць, яе варыянт святочнага меню таксама "абструкцыі" не падлягае. "Сказала, прыгатую — значыць, прыгатую!" Пра цешчыны піражкі ці якую іншую смакату ўжо прамаўчу... Ну, і хлопцы, вядома, таксама не дурні. Гэтак жа рыхтуюцца. Толькі... па "сваёй" частцы. Вось і атрымліваецца ў выніку той самы пір, які — гарой! ...Бульба — у любым выглядзе, але (для мяне!) абавязкова. Курыца, фаршыраваная блінамі. Мяса "па-французску". Згаданая фаршыраваная рыба або рыба смажаная. Вэнджаная — асобна. Вядома, бутэрброды з чырвонай рыбай. Ну, ці там — з ікрой. Запечаныя тосты — не абмяркоўваецца. Грыбы вітаюцца любыя і ў любым выглядзе! Селядзец пад "шубай"... А халадзец з хрэнам?.. Паляндвіца, каўбаска — "пальцам пханая" (гэтак жа слінай папярхнуцца можна, праўда?)... Гурочкі хрусткія — са свайго агарода. Памідорчыкі, вядомая рэч, як жа без іх. Ну, пра розныя ананасы-мандарыны-апельсіны маўчу. Свята ж! А, салодкае яшчэ... Проста я не аматар. Пасля вышэйпералічанага... Натуральна, не кожны год і не ўсё адразу з вышэйзгаданага прысутнічае на нашым святочным сямейным навагоднім стале. Але ж тэндэнцыю ўлавілі? Уласна, усё — як у большасці беларусаў. Гатуецца гэтая смаката напярэдадні ўсімі сямейнікамі разам. Нехта бульбу абірае, хто- сьці яйкі для "мімозы" ачышчае... Працэс доўгі, займае практычна ўвесь дзень. К вечару ўсе некалькі, як правіла, стамляюцца, але падбадзёрваюць жартам адно аднаго, што, маўляў, бліжэйшыя дні гатаваць увогуле не давядзецца... Ці надакучвае такая падрыхтоўка? Вось вам прыклад з жыцця. Аднойчы мы з жонкай так і пастанавілі — хопіць, маўляў! Ды і нагода была — надыход трэцяга тысячагоддзя, міленіума, калі хто ўжо забыўся. Ну, і паехалі сустракаць Новы год (Сільвестр па-тамтэйшаму) за мяжу. Святкаваць планавалася ў шыкоўным рэстаране мясцовага атэля "Хілтан", як мы яго празвалі. Ну, вось, сядзім сабе ў нумары, нічога рабіць не трэба — чакаем! Чакаем, чакаем, калі нас на гатовае свята запросяць... І тут я лаўлю сябе на думцы, што нечага быццам бы не хапае... І нумар атэльны ўтульны, і тэлевізар працуе, і піва замежнае халоднае-смачнае... Усё выдатна, але ж... Ды і жонка (прыглядаюся цішком, бо памятаю "колькі можна, мы што, не маем права?") таксама нешта сабе думае... Карацей, пазней сышліся на думцы, што менавіта гэтых, такіх звыклых перадсвяточных клопатаў — нашынкаваць славуты тазік "аліўе" — нам і не хапіла. Разуменне прыйшло пазней, пасля сустрэчы Новага года. Цікава было, весела, смачна, але... неяк не па-нашаму. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў многіх краінах у большай пашане — Каляды, якія лічацца сямейным святам. Новы год там так шырока не адзначаюць. І вось замовілі мы нешта паесці, выпіць... Побач мясцовыя жыхары адзначаюць — цягнуць-пацягнуць свой келіх шампанскага за, у нашым уяўленні, вельмі сціпла сервіраванымі столікамі... А нашы турысты — спачатку тост за сустрэчу Новага года па расійскім часе, потым па беларускім, напрыканцы — па мясцовым! Весела, шумна, танцы... Не паспелі азірнуцца, а на талерках — пуста. Паспрабавалі яшчэ нешта замовіць, а кухня ўжо зачынена. Гляджу, нашы запаслівыя жанчынкі давай з пакетаў прыхопленую "на ўсялякі выпадак" з дому вэнджаную каўбаску даставаць, мужчыны — вадкае "паліва"... Можна, вядома, і пасмяяцца з таго: маўляў, не хапіла? Так, не хапіла — той атмасферы, якая звычайна пануе за нашымі навагоднімі сталамі дома. Вось сказаць колькі слоў пра той жа салат "аліўе". Дагэтуль нехта лічыць яго ці не сімвалам нейкага мяшчанства, дрэннага густу. Быў такі перыяд, калі гэты салат сапраўды надакучыў. Памятаеце, тады многія замянялі яго навінкай: з салодкай дэсертнай кукурузай, крабавымі палачкамі і рысам? А прайшло гадоў пяць, і аднойчы мы адчулі, што нечага не хапае. Нейкага сімвалу свята нароўні з мандарынамі, шампанскім, заліўной рыбай і вядомага фільма, адкуль і пайшла гэтая фраза. А каму не падабаецца "класічны" савецкі варыянт, раю замест варанай каўбасы дадаваць добрую вяндліну, а гурок увогуле не класці — у любым выглядзе. І абавязкова пасыпаць страву чорным молатым перцам. Смаката!... ...Адкуль пайшла традыцыя, каб стол на навагодняе свята быў застаўлены самымі разнастайнымі прысмакамі? Як мне падаецца, з савецкіх часоў — пары татальнага дэфіцыту. Памятаеце, як тады жартавалі: "У крамах пуста, а на стале — густа"? Калі трапляліся якія прадукты, іх беражліва адкладвалі на свята. Шчасцем было атрымаць набор прадуктаў з тагачасных "сталоў заказаў" (згодна са статусам атрымальніка!). І слоік таго ж кансерваванага гарошку, бляшанку шпротаў ці кавы, палку "сухой" каўбасы пакідалі якраз на свята. На стале вялікіх кулінарных вытанчанасцяў па той прычыне не было: селядзец пад адвараную бульбу, вінегрэт, бутэрброды са шпротамі, хатнія катлеты... Густы з цягам часу змяніліся, звычайныя прадукты перасталі быць дэфіцытам, больш за тое — у нас з'явілася магчымасць дазволіць сабе тое, чаго мы сабе раней і ўявіць не маглі. А вось гэтая традыцыя — загадзя рыхтавацца да зімовага свята — засталася. І мне яна падабаецца! Найперш тым, што яднае ўсіх родных: напачатку агульнай падрыхтоўкай (невыпадкова ж кажуць, што прадчуванне свята больш прыемнае за яго самога), а потым — за адным агульным сталом ва ўтульнай цёплай хаце. Таму — пад пах мандарынаў і хвоі і пад звон бакалаў — за наш любімы "аліўе"! Каб і на наступны год было гэтак жа! Р.S. Крыху адпачнём і — з новымі сіламі — адзначым Каляды. А потым — "стары" Новы год. А, яшчэ не забыцца пра канец свету па старым стылі. Традыцыя!.. Сяргей РАСОЛЬКА. Ах, не прапіце свята!
Словам, да святкавання Новага года я падыходжу з розумам! Напярэдадні пад'ядаю запасы цукерак, дазваляю сабе самую смачную каўбаску і г.д. А 30-31-га кажу сабе: "Стоп-стоп-стоп". Ну і навакольным кажу тое ж самае: "А давайце наладзім разгрузачныя дні!" "Ну, ты разгружайся, — чую ў адказ, — а нам — забяспеч!" І спакойна працягваюць мне ў рукі доўгія спісы прадуктаў для паходу па магазінах (проста я лепш за ўсіх набываю прадукты!). Ох... Яшчэ ніводнага разу мне не ўдалося перацягнуць каго-небудзь на свой бок. Так ці інакш... Даводзіцца набываць, мыць, чысціць, рэзаць, варыць, смажыць, запякаць, раскладваць, заліваць, настойваць, адкрываць, змешваць... Ну, а потым з сумным тварам кемарыць за агульным сталом, дзе, здавалася б, бясконцыя аб'ёмы ежы даволі хутка... заканчваюцца. А самае жудаснае, што на наступны дзень пасля гэтага здзеку з арганізма ўсе зноў... галодныя! Ідзі, маўляў, падрэж таго-сяго... А салаціку не засталося? Што, і буцікі ўчора з'елі? Угу, учора вы б і мяне з'елі, калі я б адным вокам за вамі не назірала... Вядома, калі я была адной нагой у дзяцінстве, то інакш глядзела на прысмакі. Ну, проста тады быў іншы час. Савецкі. Дэфіцытны. Галодны. Пайдзі ты, пабегай галодны 364 дні запар! Што называецца, увесь час у стане "сярэдзінка сытая, а канцы гуляюць". Зразумела, што хоць бы раз на год — на Новы год — можна і разабрацца з канцамі! Усе савецкія людзі адну ноч у годзе былі падобныя на людзей — з ежай, выпіўкай, і ўсёй сям'ёй. Бо гэта адно з лічаных свят, калі свята — ва ўсіх і кожнага! Салаты "Аліўе", "Зімовы", "Мімоза", шуба, бульба з курыцай, нарэзачка, рыбка і такая, і гэткая, яйкі, фаршыраваныя грыбкамі, тысяча і адна "закатка", у некага — бутэрброды з ікоркай... А яшчэ торт, прыгатаваны ўласнымі ручкамі, мора цукерак і фрукты — каму якія пашцасціла раздабыць. І ўсё гэта ў той колькасці, якая не лезе ў халадзільнік, але ўмяшчаецца ў страўніку. Што характэрна, яшчэ ў працэсе падрыхтоўкі ўсяго ядомага сям'я неаднойчы на працягу дня паспявае няблага "замарыць чарвячка", каб ацаніць, ці смачна атрымліваецца. Ежа, як вядома, — адно з самых даступных задавальненняў. Нават калі яна нятанная. У заможных краінах такая радасць была даступная ў любы дзень і гадзіну. Аднак калі будуеш камунізм, то... Савецкі чалавек не меў магчымасці ездзіць у адпачынак, рабіць рамонт, мяняць (!) норкавыя шубкі... Ён не мог нават проста прыйсці ў магазін і купіць. Проста купіць! Не тое, што яму падабаецца, а хоць бы што-небудзь... Патрэбны быў блат. Дык вось раз на год здараўся цуд: блат адшукваўся ва ўсіх! І металічныя тазікі маглі сабе дазволіць ламіцца ад "Аліўе"... Штосьці ў гэтым было... Мітусня вакол гаспадыні, смачныя пахі... Выцягванне са старых шаф посуду "для гасцей"... Поўны стол — як магчымасць аддзячыць сабе за гадавы працоўны подзвіг і як натхненне на наступныя 364 дні. Акрамя таго, у нашым жыцці было так мала... ой, ды што там наогул было? Гэта цяпер — і Сілічы, і Раўбічы, і Свіслач, і Нарач... І вясковыя сядзібы... І Літва, Польшча, Чэхія, Германія... І Егіпет з Кіпрам — на крайні выпадак... А тады? Уся радасць і была ў тым, каб ад'есціся пад моцнаградуснае суправаджэнне. Каб было што абмеркаваць пасля! Сёння ўсё, што мы можам паставіць на навагодні стол, даступнае нам у любы дзень. Ежы хапае. І выпіўкі таксама. Хочацца... свята! Эмоцый! Яшчэ, дарэчы, не цікавілася, што там сёлета прапануюць гарадскія ўлады ў гэтыя дні, але дзякуючы "Фэйсбуку" ведаю, што ў нашых суседзяў, напрыклад, у межах гарадскога навагодняга фестывалю 15 маскоўскіх паркаў з 30 снежня па 8 студзеня будуць насіць назвы кшталту Аліўе, Мандарын і Ілюзія, што будзе адлюстроўваць сутнасць іх навагодніх праграм. Па вечарах у парках можна будзе пабачыць выступленне французскага вулічнага тэатра Quіdаms. Навагодняя ноч будзе адзначана музыкай і феерверкамі. Дарэчы, у кожнай маскоўскай акрузе феерверк будзе мець свой колер! Ах, не прапіце свята! З другога боку, калі стол — не адмяніць (як у выпадку з маёй раднёй), то паспрабуйце накрыць яго згодна з правіламі змяншэння каларыйнасці страў. 1. Хлеб — з мукі грубага памолу. Або хлябцы. 2. Дадавайце алей у невялікай колькасці і напрыканцы гатоўкі. 3. Прыгатуйце бульбяное пюрэ без сметанковага масла. 4. Зменшыце порцыю мяса (зрабіце катлеты з нятлустай курыцы або ялавічыны, з дабаўленнем пакрышаных грыбоў, запякайце ў духоўцы). 5. Разбаўляйце сок з мінеральнай вадой 1:1, або піце зялёны чай, негазаваную ваду. 6. Прыгатуйце лёгкі дэсерт, а лепш з'ешце свой кавалак пірага на наступны дзень. 7. Не спрабуйце пакаштаваць усё, што бачаць вочы. А вось "Аліўе" прыгатуйце па рэцэпце адной расійскай "зоркі". Вам спатрэбяцца: 3 бульбіны, 1 морква, 2 яйкі, 2 марынаваныя агуркі, 150 г зялёнага гарошку, 200 г нятлустай варанай ялавічыны, 1 сочны яблык, 1 рэпчатая цыбуліна, 250 г тлустай смятаны, зяленіва пятрушкі і кропу. А наогул сустракайце Новы год... так, як хочацца! Галоўнае, каб гэта было! Калі я была студэнткай, давялося сустракаць Новы год адной. Толькі я і тэлевізар. На стале — мандарынкі з цукеркамі. Запаліла свечку, загадала жаданне (без шампанскага, вядома)... Свечка была, відаць, не надта якасная і моцна расцяклася па сурвэтцы... Раніцай я разгледзела ў тым, што засталося ад свечкі, прыгожае... сэрца. Я не жартую. Блізкія не дадуць схлусіць. Год, як вы разумееце, выдаўся знакавым па частцы пачуццяў. Гэта так, да слова... Святлана БАРЫСЕНКА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вельмі рэдкі чалавек не любіць Новы год. Для большасці гэта — адно з самых лепшых, радасных свят. Нават стаўшы дарослымі, мы з лёгкасцю прыгадаем, у якім касцюме...
|
|