Мадэрнізацыя не азначае "перабудова"
05.02.2013
—
Новости Общества
|
У нас. Палітычная мадэрнізацыя, пра якую так настойліва гаварылі ўвесь 2012 год, нарэшце стала набываць акрэсленыя рысы. Ва ўсялякім разе, нарада, што адбылася ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 31 студзеня, стала значным крокам на гэтым шляху. У нашым выпадку нават само слова "нарада" не зусім падыходзіць. Хутчэй гэта была дыскусія аб тым, як далей павінна развівацца выбарчая сістэма ў Беларусі. Стала вядома, што напярэдадні ўдзельнікі гэтай дыскусіі так і не здолелі прыйсці да нейкага кампрамісу, таму і было вырашана вынесці размову на вышэйшы ўзровень. Сапраўды, думак і спрэчак наконт таго, якімі быць выбарам у Беларусі, шмат. Мажарытарнымі альбо прапарцыянальнымі? А магчыма, змешанымі? Пашыраць правы палітычных партый альбо даць больш паўнамоцтваў грамадскім аб'яднанням? І гэта далёка не поўны пералік тых пытанняў, якія абмяркоўваюцца ў палітычных колах. І ў апошні студзеньскі дзень шмат у чым з'явілася яснасць. Па-першае, мадэрнізацыя не азначае карэнную ломку ці другое прышэсце "перабудовы". "Мы не маем сёння на мэце што-небудзь змяніць. Мы вядзём дыскусію аб удасканаленні заканадаўства. Гэта, дарэчы, тое, што я абяцаў пасля апошніх выбараў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы паглядзім прапановы, і калі гэта нам падыходзіць сёння — мы прымем, не — значыць, не прымем". Па-другое, вырашана не палітызаваць залішне грамадскія аб'яднанні. А менавіта гэта адбылося б, калі б ім далі права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Так, "Белая Русь" і БРСМ праяўляюць высокую ступень палітычнай актыўнасці, нават большую, чым некаторыя партыі. Аднак грамадскіх арганізацый у нас больш за дзве тысячы, і нельга прыклад дзвюх з іх рабіць заканадаўчай нормай. Іншая справа, што трэба павышаць ролю саміх палітычных партый. Беларускае грамадства дасягнула такога ўзроўню свайго развіцця, што звыклае дзяленне толькі на прыхільнікаў Прэзідэнта і "апазіцыянераў" выглядае занадта прымітыўна. І сярод тых, хто ўстойліва падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, могуць быць людзі з рознымі палітычнымі поглядамі. А ў лагеры яго праціўнікаў хапае і радыкальных нацыяналістаў, і сацыял-дэмакратаў, і лібералаў. Нарэшце, наш палітычны свет павінен перастаць быць двухпалярным. Вакол нас. Сервалу, невялікай афрыканскай жывёліне, падобнаму на нашу рысь, не надта пашанцавала. Звычайна ён знаходзіцца на перыферыі ўвагі біёлагаў, журналістаў і турыстаў, значна саступаючы па папулярнасці вялікім кошкам — ільвам, леапардам і гепардам. Раптоўна ў пачатку 2013 года імя гэтага сарамлівага драпежніка замільгацела ў навінах. На гэты раз палітычных — такую назву выбрала французскае камандаванне для вайсковай аперацыі супраць ісламістаў у Малі. Пачаўшыся 11 студзеня, аперацыя ўжо амаль скончылася. Французскія войскі разам са сваімі саюзнікамі з Заходняй Афрыкі ўзялі пад кантроль асноўныя гарады і дарогі на поўначы Малі. Ісламісты і туарэгі-сепаратысты адступілі ў пустыню. Франсуа Аланд прыбыў у старажытны Цімбукту і атрымаў лаўры пераможцы і збавіцеля. Аднак адразу сталі гучаць крытычныя галасы адносна ваеннай актыўнасці Францыі ў Афрыцы. Інтэрвенцыя ў Малі — гэта ўжо другая французская аперацыя на кантыненце за няпоўныя два гады. Папярэдняя — "Харматан" — праводзілася разам з іншымі краінамі НАТА супраць Лівіі і скончылася звяржэннем Муамара Кадафі. Ужо тады ваенныя эксперты казалі пра слабасці французскага камандавання, асабліва ў сферы лагістыкі і забеспячэння войск. Зараз гэтыя недахопы сталі яшчэ больш відавочнымі. Зразумела, што ніякага разгрому арміі ісламістаў і туарэгаў не адбылося. Яны без бою пакінулі буйныя гарады і перайшлі да тактыкі партызанскай вайны. Гэта значыць, паўтарылі вопыт талібаў у Афганістане, які аказаўся вельмі паспяховым. Акрамя таго, "маленькая пераможная вайна" паказала, што ўдзел у ваеннай арганізацыі НАТА не павялічвае баяздольнасць асобных дзяржаў, а пагаршае яе. Французы аказаліся няздольныя правесці самастойна нават абмежаваную вайсковую аперацыю ў сваёй былой калоніі без дапамогі ЗША, Вялікабрытаніі і Германіі. У іх папросту не знайшлося адпаведных ваенна-транспартных самалётаў. Цікава, што самая рэзкая крытыка дзеянняў французскіх ваенных прагучала з Амерыкі. Вашынгтон у апошні час выказвае заклапочанасць скарачэннем ваенных бюджэтаў сваіх еўрапейскіх саюзнікаў і з задавальненнем тыкае іх носам у дапушчаныя памылкі. А што ж Малі? Пакуль там святкуюць аднаўленне адзінства краіны. Але на галоўнае пытанне — ці скончылася вайна? — адказу пакуль няма. З гісторыі. Часам даводзіцца чуць, быццам беларускаму народу не хапае герояў. Трэба проста ведаць айчынную гісторыю. 1 лютага споўнілася б 100 гадоў Сяргею Восіпавічу Прытыцкаму. Гэта сапраўды легендарная постаць у беларускай гісторыі. Здаецца, што гэты чалавек пражыў нібыта некалькі жыццяў: падпольшчык-рэвалюцыянер, вязень польскай турмы, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху, дзяржаўны дзеяч. Ён быў надзвычай мэтанакіраваным. Так, належаў да Камуністычнай партыі, якая мела вельмі складаную і неадназначную гісторыю. Але Прытыцкі з той кагорты камуністаў, пра якіх здымалі фільмы, пісалі кніжкі, і кожнае слова ў іх не было нацяжкай, пустой ідэалагізаванай фразай. Ён сапраўды верыў у тое, што гэта партыя прывядзе да вызвалення Заходняй Беларусі з-пад польскага прыгнёту, шчыра адстойваў свабоду сваёй Радзімы і сацыялістычны лад у гады Вялікай Айчыннай. У пасляваенны час Прытыцкі быў адным з таго пакалення "партызанскага прызыву", хто і пабудаваў Савецкую Беларусь — па-свойму ўнікальную краіну, што стала падмуркам для сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Сяргей Восіпавіч дасягнуў вяршынь улады. Хіба мог ён падумаць у тым змрочным 1936-м, калі польскі суд выносіў яму смяротны прыгавор, што праз трыццаць гадоў стане старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, афіцыйным кіраўніком беларускай дзяржавы і дэ-юрэ віцэ-прэзідэнтам СССР? Захавалася шмат успамінаў пра Прытыцкага. Усе, хто з ім сустракаўся, узгадваюць яго вялікую чалавечую прыстойнасць, адданасць справе, чуллівасць. Прыгожы, адкрыты, спакойны, упэўнены — такім застаўся ён у памяці людзей. А найбольш трапную характарыстыку даў Пётр Машэраў, які артыкул пра Прытыцкага назваў коратка, годна і дакладна — "Народны герой". gіgіn@bеltа.bу іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нас. Палітычная мадэрнізацыя, пра якую так настойліва гаварылі ўвесь 2012 год, нарэшце стала набываць акрэсленыя рысы. Ва ўсялякім разе, нарада, што адбылася ў...
|
|