АЛЁ, Народ на провадзе. 21.by

АЛЁ, Народ на провадзе

09.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каму як пашанцуе   У нас, на Мёршчыне, дзе ў старажытнасці праходзіў шлях "з варагаў у грэкі" і дзе проста безліч азёраў, рэк і рэчак, як і варта чакаць, багата рыбаловаў. Ёсць сярод іх проста фанаты-аматары, ёсць — так званыя прафесіяналы. Першыя абабягаюць берагі не толькі блізкіх вадаёмаў: летам з вудамі, спінінгамі і донкамі, зімой з блешнямі, мармышкамі і жарліцамі ў пошуках удачы яны могуць "заблудзіцца" нават да суседзяў на Браслаўшчыну. Для шалёнага сабакі сем вёрст не круг, як той казаў! А ўсё дзеля чаго? Дзеля таго, каб пацешыць душу падчас самога "працэсу". І, вядома ж, каб прынесці ў сям'ю хай невялікі, але свой улоў.

Што да так званых прафесіяналаў, то, нідзе не працуючы, яны увесь свой вольны час (а ён у іх вольны ўвесь!) аддаюць пошукам здабычы, а потым — абмену... На што? Гэта як пашанцуе: калі — на грошы, калі — адразу ж на вядомыя напоі. Бо, каб паласавацца рыбкай, многія пенсіянеры (і асабліва адзінокія жанчыны), загадзя купляюць тую "бомбу" ці дзве...

Дык вось. Аднойчы двое сябрукоў-"прафесіяналаў", як ні цяжка было, падняліся зацемна, можна сказаць, навобмацак паставілі па дзесяць жарліц (больш не дазваляе рыбнагляд) і з нецярплівасцю (пасля ўчарашняга "трубы смылелі") сталі чакаць, назіраць за сігналізатарамі паклёвак. І вось — шчасце якое! — засвяціўся сцяжок у аднаго! Пашанцавала: шчупачок!.. Кілаграма на паўтара будзе! І ўжо на лёдзе!

Праз нейкі час усміхнулася ўдача і другому. Ён, праўда, "крыміналку" падняў, рыбінку грамаў на трыста. Па законе ды і на добры толк яе трэба было б адпусціць пад лёд. Але ж дзе там — у якасці даважку сябрукі і яе ўзялі. Склалі здабычу ў пакет і, як заўсёды, адзін з іх подбегам ірвануў да вёскі, у дамоўлены "пункт абмену". Прыбегшы да "заказчыцы" ў хату, стаў рыбак даставаць "прадукцыю" і разгубіўся: няма ў пакеце даважка: толькі быў — і раптам знік, як той казаў. Выпаў, відаць... Праз дзірку ў пакеце.

Але ж гэта не бяда: з дарогі рыбку падняць — не з вады.

Паабяцаў рыбак, што ўмомант гэта зробіць:. І хуткім крокам — адна нага тут, другая там — рушыў...

Як на тое ліха, па той самай вулцы, у той жа самы час адзін з вяскоўцаў ішоў на абед. Па баках, мусіць, не дужа вароніў — больш пад ногі глядзеў. Таму ў адным месцы і стаў, як укапаны: што за ліха, думае, жывы шчупачок на вуліцы ляжыць! Ну ці ж не ўдача?!

...Як бачым, злавіць рыбку можна, не толькі рана ўстаўшы і добра памерзнуўшы на возеры, але і на асфальце.

Як каму пашанцуе.

Альфрэд Тычко,

в. Ідолта, Мёрскі раён.

Усё ў ажуры...

Гэту гісторыю любіў распавядаць наш бацька, а адбылася яна даўно, гадоў сто таму.

У нашу вёску Горна (адкуль, дарэчы, родам паэты Алена Таболіч, Юрка Голуб, Данута Дабрыніна-Чыркун, вядомы афтальмолаг Уладзімір Кулік ды іншыя), царскія ўлады прыслалі настаўніка. Не ў памяці ўжо, дзе яго пасялілі, а вось харчавацца ён павінен быў у людзей — у сем'ях сваіх вучняў, кожны дзень у новай...

Вось даходзіць чарга да хаты Максімчыхі. Хвалюецца кабета: як жа прыняць такога шаноўнага чалавека, чым жа яго накарміць?

Стала ў іншых жанчын выпытваць, што яны гатавалі, што настаўнік найбольш любіць.

Сказалі: гарбату...

Ну што тут будзеш рабіць: падалася кабета ў краму, на апошнія грошы купіла яе, а вось як гатаваць-падаваць, хоць забі, не ведае. І пытацца няёмка, і чытаць не ўмее...

Ну і зрабіла ўсё, як розум падказаў: гэта значыць, увесь пачак (настаўніку ж! Каму іншаму, можа, і шкада было б...) усыпала ў казанок, закіпяціла, адцадзіла. Потым смачнейшае (гэта, вядома ж, гушчу) высыпала ў міску і на стол — да іншых страў паставіла.

Што сама? Ды вядома ж — прывеціла настаўніка, пасадзіла, стала непадалёк, каб нешта падаць, калі спатрэбіцца, а заадно — паглядзець, як жа чалавек будзе есці.

Трэба сказаць, што апетыт у настаўніка быў неблагі: і тое ён да сябе падцягнуў, пакаштаваў, і гэта... На міску з гарбатай хіба не глядзіць. А гаспадыні ж крыўдна: грошы заплачаны! Дык Максімчыха яму:

— Ешце ж, паночку, ешце... І гарбатку нашу бярыце.

Настаўнік ёй:

— Дзякуй... Я ж ем...

Максімчыха:

— Г... ты ясі... Гарбату еш!

...Без каментарыяў, як кажуць. Але ж... з успамінам.

Ужо ў нашы часы ўнук той самай Максімчыхі стаў брыгадзірам у мясцовым калгасе. Шкодная праца: здароўе на ёй страціць, як ката з печы скінуць — лёгка. Вось і той унук прафесійную хваробу займеў, гэта значыць, чым больш працаваў, тым часцей зазіраў у чарку, а радзей — на фермы ды палі. Бульбяное ў той год толькі напалову засеяў (ці то насенкі не хапіла, ці то часу...).Факт, што гуляла зямля: пад жоўтай свірэпай.

А тут, як на ліха, у вёску ўпаўнаважаны прыязджае. Як водзіцца, перш-наперш палуднуе ў брыгадзіра (вядома ж, з не адной яечняй і не адной чаркай...). Потым удваіх яны едуць на палі з так званай "рэвізіяй". Але ж гаспадар не дурань: блізка да таго бульбянога поля прыезджага не падвозіць — здалёк паказвае: тут, маўляў, бульба пасаджана, сінім цвіце.

Правяраючы:

— А жоўтым што?

— Жоўтым?.. Ды новы гатунак — ракаўстойлівы.

...Трэба сказаць, што той упаўнаважаны ў сельскай гаспадарцы разбіраўся, як свіння ў памідорах. Таму "наверх" і далажыў, што ў брыгадзе поўны парадак: "усе палі засеяны, усе сенажаці"... Усё цвіце. Значыць, быць ураджаю.

Мікалай Іванавіч Іголка,

г.п. Зэльва.

Калі жанчына кажа "не"...

...Гэтая маршрутка ехала з Мінска ў Рагачоў, і ўсё было, як звычайна. Там, дзе трэба, яна спынялася: нехта выходзіў, нехта — заходзіў... У тым ліку, у Бабруйску — высокая і, па сённяшніх мерках, досыць прывабная дзяўчына ("макароніна", як сказаў бы пра яе гумарыст Задорнаў)...

Але яна, мусіць, гэтага не чула. Апынуўшыся ў салоне, пакруціла галавой, выбрала сабе месца, села, тут жа дастала "мабілку". "Ну ты што?" — досыць гучна спытала ў некага. Той, у каго пыталася (як высветлілася потым, яе кавалер), нешта адказаў. На што дзеўка заявіла, як адрэзала: "Я не паеду!" Ён, відавочна, пачаў угаворваць. Аднак не на тую нарваўся! "Не!.. Нізавошта!.. Я не сяду ў машыну!, — праз кароткія паўзы, на ўвесь салон кідала дзяўчына, — Я ведаць цябе не хачу!.. Хопіць трымаць мяне за дурніцу! Мне ўсё сказалі! Ты ж іншую завёў! Не прыязджай! Не сяду... Не паеду... Нават не мар!"

Пасажыры заклапочана пераглядваліся, ківалі галовамі, угору падымалі вочы... Некаму гэтае высвятленне адносін перашкаджала чытаць, некаму драмаць. Усім яно было нецікавым! Але "макароніна" ні на што не звяртала ўвагі: яна доўга і больш чым настойліва адмаўляла хлопцу ў сустрэчы.

Потым ён, мусіць, спытаў, дзе ж яна знаходзіцца? "У маршрутцы" — адказала дзеўка. І праз паўзу дадала, што людзі побач сапраўды ёсць, што чуюць... І няхай сабе...

Хлопец пасля гэтага размову скончыў: яму, відаць, няёмка стала. Сціхла і дзеўка. Маршрутка тым часам даехала да рагачоўскага вакзала. Людзі падаліся на выхад. Следам за імі рушыла і "макароніна": выйшла з салона і...

Пасажыры вачам не паверылі: лёгенька, роўненька пайшла да... легкавіка з запэцканымі нумарамі. Рашуча адчыніла ў ёй дзверцы і, забыўшыся на шматлікія "Не!", "Нізавошта!" і "Ніколі!"... села. Машына тут жа рванулася з месца — далей ад людзей, якія аж перагіналіся ад смеху.

...Гумарыст Задорнаў, значыць, правільна заўважыў: калі жанчына кажа "не", то насамрэч гэта "так", але... пазней.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каму як пашанцуе У нас, на Мёршчыне, дзе ў старажытнасці праходзіў шлях "з варагаў у грэкі" і дзе проста безліч азёраў, рэк і рэчак, як і варта чакаць, багата...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика