Вандроўка па расійскай сталіцы
12.02.2013
—
Новости Общества
|
"Горад, у якім жыве людзей больш, чым ва ўсёй Беларусі... Страшны, брудны, з нахабнымі і няветлівымі насельнікамі", — прыкладна такія стэрэатыпныя думкі бегалі па маім "шэрым рэчыве" на працягу ўсяго шляху ў расійскую сталіцу. Але Масква сустрэла мяне бадзёрай, трошкі туманнай раніцай на Беларускім вакзале. Дзіўна, але я не спужаўся гэтага горада. Не ведаючы, куды ісці і баючыся кагосьці пытацца (у галаве ўвесь час тахкала: "Цябе абавязкова падмануць!"), я вырашыў пайсці за асноўным натоўпам, што вельмі энергічна выплюхнуўся на перон з майго цягніка, — куды-небудзь ужо выведуць. І не памыліўся: усе ішлі да метро — яно мне і было патрэбна, каб дабрацца да гасцініцы. Я купіў картку на некалькі паездак і схему метрапалітэна (без яе ніяк!). Так і пачалася мая вандроўка — са знаёмства з "падземным маскоўскім павуціннем". Рускага ў горадзе яшчэ пашукаць трэба! Пасля таго, як я спусціўся на станцыю, мне спатрэбілася яшчэ хвілін 15-20 на тое, каб разабрацца ў тым самым павуцінні. Спачатку я шукаў сваю станцыю — "Беларускую". Вось яна. Потым патрэбную мне "Паляжаеўскую". Ёсць. А потым была цікавая гульня "лабірынт" — шукаў, як праехаць ад адной да другой. Адначасова з гэтым нервова сачыў за сваімі клункамі, каб ніхто не падфутболіў, не наступіў, бо людзей было — не перадаць колькі. Яны туды-сюды бегалі, ішлі, валачыліся, крочылі, прапіхваліся, ляцелі — адным словам, усё рухалася. Здавалася, што нават сама станцыя таксама. Але вось ужо маршрут пракладзены — і я спакойна (наколькі гэта дазваляла навакольная мітусня) паехаў. Тут і спраўдзіўся адзін са стэрэатыпаў, пра які я зусім забыўся. Калі скажу, што вагон быў напоўнены больш чым на палову азіятамі, то дакладна не памылюся. Добра, калі кожны трэці пасажыр меў славянскае аблічча. Тады я падумаў: "Рускага ў Маскве яшчэ пашукаць трэба!". І яшчэ больш умацаваўся ў гэтай думцы, калі апынуўся ў гасцініцы. Амаль усе пакаёўкі і іншы некваліфікаваны персанал — гэта людзі з азіяцкай знешнасцю. Тое самае я ўбачыў пасля ў крамах, кавярнях і іншых месцах: прыбіральшчыцы, афіцыянты, прадавачкі — большасць азіяцкага паходжання. А вось славутасці самі трапляюцца Для тых, хто любіць збіраць аўтографы "зорак", Масква — выдатнае месца для "палявання". Сапраўднае сафары атрымліваецца: вышукваць нікога не трэба — самі трапляюцца. Праз вялікі ўплыў расійскага тэлебачання і прэсы на беларусаў можна з упэўненасцю сказаць, што той, хто глядзіць тэлевізар, тут, у "белакаменнай", адчуваў бы сябе "сваім" і хадзіў бы паўсюль сярод знаёмых. Зойдзеш у кніжную краму — а там прэзентацыя кнігі Веніяміна Смехава (большасць ведае яго па ролі Атоса ў "Д'Артаньяне і трох мушкецёрах"). Калі ласка, падыходзь, знаёмся, размаўляй. Завітаеш у начны клуб (гэта са слоў знаёмых, бо сам клубы не люблю) — а там Мікалай Валуеў, былы баксёр, а цяпер дэпутат Дзяржаўнай Думы. Падыходзіць ці не — гэта ўжо самі вырашайце. І гэтак далей. Кубачак кавы за 65 долараў Вы яшчэ не галодныя? А я чаго-небудзь пажаваў бы. Вось і знакаміты ГУМ, што месціцца на Краснай плошчы. Тут, напэўна, будзе якая-небудзь кавярня. Я зайшоў ва ўнівермаг і знайшоў доказы яшчэ аднаго стэрэатыпу: Масква — гэта самы дарагі горад. Бацькі расказвалі, што раней сюды, у маскоўскі ГУМ, ехалі па "дэфіцыт", бо тут можна было знайсці ўсё; таму былі тут заўсёды вялізныя чэргі. Сёння ў ГУМе, як і раней, можна знайсці ўсё, але чэргаў няма. Відаць, таму, што цэны сталі далёка не савецкія. Пра нятаннасць (мякка кажучы) сталіцы Расіі вельмі красамоўна скажа такі факт: у адной з ГУМскіх кавярань я знайшоў кубачак кавы па цане ў 2000 расійскіх рублёў (трошкі больш за 65 долараў). Гэта атрымліваецца, што на беларускія грошы — больш за 560 тысяч! Нішто сабе, ці не так? Вось вам і Масква. Таму ад "саўка" ў ГУМе застаўся толькі антураж, аздабленне, уніформа прадаўцоў. Аднак добрае месца для выратавання майго згаладалага страўніка я ўсё ж такі знайшоў — сталоўка № 57. Яна проста так і называецца. Адзінае месца, дзе ва ўнівермагу засталіся вялікія чэргі. Бо там і паесці можна смачна, і каштаваць гэта будзе не так шмат. Самі паглядзіце: першае, другое, трэцяе і кампот, як той казаў, абыдзецца вам у суму прыкладна ад 200 да 400 рублёў (ад 60 да 120 тысяч беларускіх). Сёння, пагадзіцеся, нават для Мінска цэны смешныя. А гэта цэнтр Масквы. Цікава, што і замежнікі хутка разумеюць, дзе лепей харчавацца, і таксама гатовыя адстаяць чаргу, якая, між іншым, даволі хутка ідзе. Гэта толькі рускія могуць аддаць за кубачак кавы больш за паўсотні долараў... Чырвоныя вочы сталіцы Чым яшчэ славіцца расійская сталіца? Правільна. Аўтамабільнымі заторамі. Яны тут і сапраўды даўжэзныя... Можна сказаць, што гэтыя заторы ўжо сталі часткай жыцця масквічоў. Калі едзеш раніцай на машыне, то па мясцовым радыё пастаянна чытаюць sms-кі слухачоў, якія пішуць нешта накшталт такога: "Я на Дзмітраўцы! Усе, хто тут са мною, трымайцеся! Мы вытрымаем!" Думаю, тых, хто побач, гэта сапраўды падбадзёрвае. А таксама гэта разбівае той стэрэатып, што масквічы вельмі няветлівыя, не любяць адзін аднаго. Аказваецца — няпраўда. І там людзі добрыя ды спагадлівыя. Я чуў, што самі масквічы кажуць, быццам напышлівыя ў асноўным прыезджыя, якіх у Маскве, вядома, нямала. Можа быць, і так. У любым выпадку праз пэўны час я перастаў баяцца насельнікаў "белакаменнай", калі чагосьці не ведаў, запытваўся — адказвалі і дарогу паказвалі. А яшчэ зраніцы, едучы ў машыне, здаецца, што ў Масквы чырвоныя вочы. І не таму, што яна па начах не спіць, а таму, што бачыш перад сабою толькі чырвоныя фары аўтамабіляў, якія цягнуцца наперадзе. Святло такое яркае, што немагчыма глядзець. Але, відаць, кіроўцы ўжо прызвычаіліся, бо не едуць, а літаральна лавіруюць паміж машынамі, слізгаюць у свабодныя месцы. Тут ніякі ліхач не справіцца — трэба мякка, ледзь не пяшчотна кіраваць. Думаю, калі хто хоча навучыцца добра кіраваць машынай, то пару разоў павінен з'ездзіць у Маскву. Тады ўжо нічога страшна не будзе. Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара. г. Масква Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Горад, у якім жыве людзей больш, чым ва ўсёй Беларусі... Страшны, брудны, з нахабнымі і няветлівымі насельнікамі", — прыкладна такія стэрэатыпныя думкі бегалі...
|
|