Зімовыя праявы. 21.by

Зімовыя праявы

12.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зіма. Толькі што выпаў свежы снег. Усё наваколле, як акінуць вокам, белае, чыстае, светлае свята. Лагодны спакойны дзень у вёсцы, нікім і нічым не парушаны, не прадзьмуты злым ветрам, не працяты калючым марозам. У такую пару свет бачыцца па-асобаму — чароўна, у пэўнай меры загадкава і таемна. Дарэчы, такое пачуццё ў сэрцы нараджаюць зімовыя праявы, давайце ж будзем успрымаць іх з некаторай доляй фантастыкі. Тады простыя з’явы і знаёмыя краявіды стануць незвычайна прывабнымі і хвалюючымі.

Вальс сняжынак

Свеціць яркае сонца, вельмі хораша і неяк урачыста. Невялічкая шэрая хмарка затрымалася над нашай вёскай, і ў паветры замільгалі лёгкія сняжынкі. Не, яны зусім не спяшаюцца дадолу, а нешта вытвараюць. Я пільна ўзіраюся ў гэтую лёгкую вольную кругаверць, намагаючыся знайсці ў ёй нейкі парадак і сэнс.

І мне бачыцца тут цэльнае і шматграннае жыццё. Больш буйныя сняжынкі крыху падобныя на белых матылёў у сонечны летні дзень, яны плывуць паволі і дастойна, у нейкім задуменні. Па ўсім відаць, што ім надта не хочацца апускацца на зямлю, дзе ўжо ляжаць мірыяды ім падобных. Там цесна і нецікава, не тое што ў высокім сонечным небе. Яны хочуць як мага больш пабыць у паветры, побач са сваімі сяброўкамі, атрымаць прыемную асалоду. А лягуць на зямлю — усё, канец лёгкасці і свабоды.

А вось маленькія сняжынкі-крупінкі паводзяць сябе зусім інакш. Яны, бы тыя маладыя гарэзы, жвавыя і няўрымслівыя, то раптам закружацца лёгкім табунком, то памкнуцца ўбок, то ўверх, гледзячы куды падзьме ветрык. Ён крыху сваволіць у паветры, ад чаго сняжынкам няма спакою. І хоць яны зараз у яго поўнай уладзе, ветрык не злоўжывае гэтай сваёй сілай.

Ветрык ласкавы і добры, яму вельмі хочацца пазабаўляцца, пажартаваць з мілымі даверлівымі сняжынкамі, і ніякай тут яму рады. Вось ён заціх, потым ледзьве ўздыхнуў, гэтак асцярожна, каб не спалохаць сняжынкі. І тыя, быццам адказваючы на такі пяшчотны знак і дотык, спачатку закружыліся паволі, потым хутчэй. Потым быццам разышліся па парах, потым утварылі нешта падобнае на кола.

Гляджу зачаравана на гэты незвычайны малюнак і раптам разумею: ну, далібог, сняжынкі танцуюць прыгожы танец, які вельмі нагадвае вальс. А ласкавы ветрык, у якой ролі выступае зараз ён? Безумоўна, дырыжор, таленавіты і вельмі ўважлівы. Цудоўнае відовішча: бяздоннае неба, яркае сонца, і ў яго зыркіх промнях крышталёвыя сняжынкі, што танцуюць вальс.

Хлопчык у інеі

Нешта мяне вельмі пацягнула на вуліцу. Выйшаў — і спыніўся ў захапленні: уся вёска цешыцца ў белай кіпені. Гэта перамешаны са снегам незвычайна густы і пышны іней. Ён ляжыць у садзе на дрэвах, на кустах, не абмінуў ніводнай, нават самай маленькай раслінкі ці травінкі, якія дзе-нідзе тырчаць з-пад снегу.

Кожнае дрэва аздоблена па-свойму, тут прырода — як вельмі таленавіты мастак з высокім густам. Старыя бярозы апусцілі свае доўгія гнуткія галіны, упрыгожаныя белымі чысценькімі карункамі, што проста дзіва, як трымаюцца на дрэве.

У кроне ліпы тоўстыя пасмы, ад чаго галіны яшчэ больш апусціліся да зямлі і нагадваюць шацёр, у які так хочацца зайсці. А вось клён не вельмі прыняў такую аздобу. Яго галіны больш кароткія і жорсткія, на іх цяжка ўтрымацца дзівоснаму ўбранню, асабліва калі падзьме вецер...

З хаты выбег хлопчык, цягне за сабой лёгкія саначкі. Ён прыехаў на выхадныя з горада да бабулі ў госці і, відаць па яго настроі, проста шчаслівы. А чаму б і не: побач мяккі роўны пагорак, санкі коцяцца ўніз без аніякай натугі метраў сорак. Ніякіх табе машын, пешаходаў, міліцыянераў, дзе такое задавальненне ў вялікім горадзе.

Хлопчык спыніўся ў пачатку пагорка, узяўся ззаду за санкі, разбегся, часта перабіраючы нагамі, і спрытна кульнуўся ў іх. Санкі шпарка панесліся ўніз. Хлопчык аж крычыць ад задавальнення, і я добра яго разумею. Хто з нас, чыё дзяцінства прайшло ў вёсцы, не адчуваў радасці ад такіх саначных забаў узімку. Як жа тады карцела на вуліцу. Памятаеце, у Якуба Коласа: “Не сядзіцца ў хаце//Хлопчыку малому,//Кліча яго рэчка,//Цягнуць санкі з дому”.

Імчыш, бывала, з гары, спатыкнуцца нечакана санкі, і ты паляцеў у снежную гурбу ці стукнуўся аб нешта. Крыху баліць, ды не бяда, цягнеш саначкі хутчэй наверх, каб зноў паўтарыць такі незвычайны палёт, ад якога захоплівае дыханне і замірае сэрца. Бягуць навыперадкі такія ж хлапчукі, як ты, расчырванелыя, вясёлыя, гаманлівыя, і нічога больш цікавага для іх зараз няма на ўсім белым свеце.

Вось і гэты хлопчык праляцеў уніз, хуценька развярнуў свой лёгкі «транспарт» і карабкаецца наверх. Зноў разбег, зноў спрытна куляецца ў санкі — і тут нечаканая «аварыя». Санкі на ўсёй хуткасці стукаюцца ў малады клён, які расце на краі пагорка. З дрэва шуганула нешта падобнае на снежную лавіну, і ў вокамгненне хлопчык становіцца ўвесь белы. Ён глядзіць на сябе, толкам не разумеючы, што здарылася.

«Ну, — думаю я, — зараз будзе плачу» — і спяшаюся хлопчыку на дапамогу. А той раптам крычыць звонкім вясёлым голасам:

— Бабулька, хадзі да мяне! Паглядзі, які я.

Бабуля якраз корпаецца каля хаты на двары і спяшаецца да веснічак — што там з унукам. А ён сядзіць на саначках і зноў:

— Хутчэй, бабулька! Глядзі, я ўвесь белы-белы. Ну зусім снежны...

Тая падыходзіць да саначак, асцярожна падымае ўсяго заснежанага ўнука, хоча яго хутчэй абтрэсці, а ён раптам упарціцца:

— Не трэба, не трэба. Я хачу пабыць такім яшчэ, можа, хто-небудзь зараз убачыць мяне, такога снежнага. Во будзе цікава. А што, бабулька, ці ж не прыгожа? Ну скажы.

Бабуля не можа ўтрымацца ад смеху. Гэта ж трэба: яе любімы ўнучак ператварыў нечаканае здарэнне на снежным пагорку ў маленькі вясёлы снежны «спектакль»…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зіма. Толькі што выпаў свежы снег. Усё наваколле, як акінуць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика