Хлеб наш надзённы і «галодная арыфметыка». 21.by

Хлеб наш надзённы і «галодная арыфметыка»

17.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У мінулым, калі сяляне вялі натуральную гаспадарку, з-за войнаў ды неўраджаеў здараліся так званыя галодныя гады. Галодным год называўся тады, калі хлеба і гародніны не хапала да новага ўраджаю, нават калі хлеб пяклі напалову з мякінай, а галоўнымі вітаміннымі прадуктамі былі крапіва, шчаўе ды лебяда.

«Адным з такіх галодных гадоў, — расказваў мой дзядзька, — быў 1921 год, калі наша тэрыторыя адышла да Польшчы. Тады ў нашай вёсцы часова па хатах размясцілі польскіх жаўнераў. Ім выдавалі сухі паёк — кансервы і хлеб.

І вось аднойчы раніцай жаўнер, які жыў у маіх суседзяў, паснедаўшы, паклаў рэштку хлеба на паліцу і пачаў збірацца на службу. За ім з печы ўвесь час уважліва назіраў сямігадовы Юзік, сын гаспадароў. І так яму хацелася хлеба, што ён не вытрымаў і, не зводзячы вачэй з паліцы, дзе ляжаў хлеб, пачаў сваё жаданне агучваць, праўда, у выглядзе песні, мяркуючы, напэўна, што так паляк нічога не западозрыць.

«Салдат пойдез на вуч-о-о-обу-у-у, а я хле-е-е-еба-а-а адрэ-э-эжу-у-у», — некалькі разоў праспяваў малы.

Жаўнер, пачуўшы Юзікаву «песню», адшпіліў свой шырокі рэмень і, паказаўшы яго Юзіку, на чыстай беларускай мове, прыпраўленай парай «моцных» слоў, сказаў: «Я табе, сукін кот, адрэжу!»

«Чэрствым, нячулым, — працягваў дзядзька, — аказаўся гэты салдат у адрозненне ад многіх нашых вяскоўцаў, якія ў галодныя гады дапамагалі адзін аднаму выжыць».

Далучаюся да гэтых дзядзькавых слоў, бо памятаю, як мая бабуля заўсёды частавала чым-небудзь майго сябра Стасіка, калі ён прыходзіў да мяне пагуляць.

А аднойчы ён прыйшоў, відаць, зусім галодны, бо, з’еўшы міску «забеленых» малаком клёцак, сказаў: «Якія смачныя клёцкі! Я такіх клёцак, здаецца, з’еў бы яшчэ мільён мільёнаў хатаў».

Бабуля засмяялася і наліла яму яшчэ поўную міску гэтых клёцак.

Вось яна якая, «галодная арыфметыка».

Цікава, а колькі людзей можна было б накарміць мільёнам мільёнаў хатаў клёцак?

А яшчэ бабуля расказвала, што адна маладая жанчына ў галодны год ніяк не магла навучыць малога сына маліцца.

«Ойчэ на, ктуры…» — спраўна паўтараў ён услед за маці, але, як толькі даходзіў да «хлеба нашэго», далей справа не ішла. Малы плакаў і крычаў: «Мама, хачу хлеба!» Разам з ім пачынала плакаць і маці, бо дзе яго было ўзяць таго хлеба.

І толькі калі пачалі пячы духмяны хлеб з жыта новага ўраджаю, хлопчык хутка вывучыў асноўную хрысціянскую малітву, у якой людзі на розных мовах просяць у Бога для сябе галоўнага — хлеба.

Аўгуст ВАЙЦЯХОВІЧ, жыхар в. Слабодка Браслаўскага раёна

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулым здараліся на Беларусі так званыя галодныя гады...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика