"Ідзі, дзяўчынка..." - Як я на правы здавала. 21.by

"Ідзі, дзяўчынка..." - Як я на правы здавала

26.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

А дзясятай раніцы ля будынка ДАІ збіраюцца групы. Выкладчыкі аўташкол раздаюць дакументы і вядуць натоўпы курсантаў па адпрацаваным маршруце: фота — тэорыя — пляцоўка — горад...

Зайцаў, дзе вы?

Я стаю ў поўнай разгубленасці. Мой стан папераменна пераходзіць ад мандражу да аморфнасці. Злева ад мяне — "сцяна плачу": там збіраюцца тыя, хто не здаў іспыты з першага разу. Куды мне ісці, што рабіць? Скончыўшы аўташколу паўтара месяца назад, да іспытаў у ДАІ я дабралася толькі цяпер. Калі экзамен здавала мая група, у мяне не было пашпарту. Потым не было машыны, на якой я вучылася ездзіць. Нарэшце, зоркі сышліся — мне прызначылі здачу.

І вось я прыйшла. Шукаю і не бачу выкладчыка, з чыёй групай павінна здаваць, ды і ўвогуле ніводнага знаёмага твару. Толькі цяпер разумею, што ў мяне няма ніякіх кантактаў — адно, візуальна бачыла выкладчыка некалькі разоў ды прозвішча ведаю: Зайцаў. У дадатак да свайго інструктара па кіраванні ўжо тыдзень дазваніцца не магу. Нічога не скажаш, мне шчасціць...

Паратунак на сінім "Опелі"

...Нарэшце прыязджае сіні "Опель-Астра". Нават не разгледзеўшы рэгістрацыйны нумар, разумею: мае. З машыны з кіпай папер у руках выходзіць мой інструктар Эдуард Антонавіч і той самы выкладчык Зайцаў. Кідаюся да апошняга: "Я здаю сёння з вашай групай!" — "Дакументы?" — "У мяне!" — "Добра, чакайце". Адчуваю небывалую палёгку.

На радасцях накіроўваюся да інструктара, які выйшаў на перакур. Кажу, што тэлефанавала яму і не магла дазваніцца. "А да мяне ніхто не мог дазваніцца, — усміхаецца Антонавіч, — я тэлефон згубіў". "Непрыемна, вядома, — думаю я, ідучы афармляць дакументы, — і праз гэта я страціла дадатковыя гадзіны кіравання".

Мая чарга — за хлопцам па прозвішчы Байкоў. Прыкмеціўшы для сябе хударлявую постаць у чорным паліто і такім жа аблавуху, вырашаю трымацца яго як арыенціра.

Назад шляху няма

Упарадкаваўшы дакументы, выкладчык вядзе нас усім кагалам да "будкі" з турнікетам — паста аховы. Я разумею: цяпер назад шляху няма. "Як на катаргу", — заўважае дзяўчына, што ідзе побач са мной. Праходзім пост і спыняемся ля ганка невялічкага дамка. "Зараз пойдзем фатаграфавацца. Кожны заходзіць, гучна называе сваё прозвішча, распісваецца і забірае пашпарт. Не шумець!" — настаўляе выкладчык. Заходзім у маленькі, дрэнна асветлены пакойчык з люстэркам, потым — у такі ж самы, толькі па баках стаяць стол і лавы, на якіх мы пакідаем вопратку і рэчы. Дзяўчаты пачынаюць прычэсвацца і фарбаваць вусны. Хлопцы — іх усяго трое — стаяць з флегматычным выглядам. Кожны заходзіць па чарзе ў фотакабіну і праз пару хвілін выходзіць. Нарэшце іду і я. Называю прозвішча. "Сядайце. Нахіліце галаву крыху ўлева. Дастаткова. Глядзіце ў аб'ектыў". Фота зроблена.

Адзінае права на памылку

...Трэба адказаць на камп'ютары на дзесяць пытанняў за пятнаццаць хвілін. Дапускаецца адна памылка. Тым часам з кабінета выходзяць людзі з выразам палёгкі і радасці на тварах: здалі! "Вось бы нам усім так!" — каментуе рудавалосая дзяўчына ў акулярах. "Я так баюся, так баюся! Я вар'ятка!" — панікуе ў адказ маленькая дзяўчына з грывай кудзерыстых каштанавых валасоў. Тут дзверы кабінета адчыняюцца і правяраючы праводзіць інструктаж, потым называе прозвішчы... На маніторах ужо свецяцца нашыя імёны і толькі што зробленыя фота. ...Высвечваюцца пытанні. Ад хвалявання я не разумею напісанага і перачытваю іх па некалькі разоў. Стараюся расслабіцца і ўзяць сябе ў рукі. З цяжкасцю гэта ў мяне атрымліваецца. Пакуль што ўсё ідзе добра, пытанні і сітуацыі мне знаёмыя... Адзін за адным, падбадзёрваючы, высвечваюцца на маніторы зялёныя надпісы "правільна". Фармулёўка сёмага пытання на веданне дарожных знакаў выклікае прыступ панікі: я не магу зразумець, чаго ад мяне хочуць. Націскаю наўгад варыянт адказу — і экран быццам перакрэслівае трывожна-чырвоны надпіс: "няправільна". Сэрца падае кудысьці ўніз. Гэта было маё адзінае права на памылку, а наперадзе яшчэ тры пытанні! "Але ж на большасць ужо адказала", — супакойваю сябе. Дзякуй Богу, больш не памыляюся. "Экзамен здадзены!" — паведамляе камп'ютар. Фу-у-ух...

"Вы бацьку свайго з моста скіньце..."

На аўтадроме — чарга з машын і людзей. Даведваемся, што сёння здаём эстакаду і дыяганальную паркоўку. "Клас! Дыяганалка — лёгка!", "Не-е-е, толькі не эстакада..." — рэагуюць у групе. Я задаволеная: з гэтымі элементамі ў мяне ніколі праблем не было, у адрозненне ад заезду ў гараж.

...Пільна прыглядаемся, хто і як выконвае экзаменацыйныя элементы. Усё гэта рабілі ў аўташколе, хоць пад'езд да эстакады там быў амаль прамы, а тут — бакавы. Нягледзячы на гэта, я адчуваю сябе спакойна — усё хваляванне знікла пасля тэарэтычнага экзамену. Хоць і перажываю, што апошні раз сядзела за рулём паўтара месяца таму. Вось і мая чарга... "Ідзі, дзяўчына, толькі не калаціся!" — настаўляе інструктар. А я нібы ператварылася ў робата. Іду да машыны, і ногі падкошваюцца. Дзіўна, мне здавалася, што я супакоілася. Механічна, дрыжачымі рукамі сцягваю з сябе паліто, аўтаматычна сядаю ў машыну, перадаю правяраючаму дакументы. Ён нешта пытае, я нешта адказваю. І ўпадаю ў ступар. Усё змешваецца ў галаве, і я не ведаю, за што хапацца: ці то ўключаць перадачу, ці то апускаць "ручнік"... А можа, машына заглушаная, і трэба яе спачатку завесці? З цяжкасцю ўтаймоўваю свае думкі, пераконваюся, што рухавік заведзены, наладжваю сядзенне і люстэркі — і кранаюся. На павароце баюся зрабіць вялікі радыус, але сцерагуся і занадта вузкага. Неяк вырульваю да эстакады. Заязджаю, не паспяваючы выраўняць руль — спадзяюся зрабіць гэта на хаду, як рабіла ў аўташколе. Не ўдаецца, і машына ідзе бокам. Разумею: нешта не так. Пярэдняе кола выехала за межы і саскочыла з эстакады. Я ў паніцы тармажу. "Вы бацьку свайго з мосту скідайце, а не мяне. У мяне дзеці ёсць, іх карміць трэба", — зусім недарэчна папракае правяраючы. На аўтамаце вяртаюся на зыходную, забіраю дакументы, паліто, выходжу з машыны. Усё адбылося за некалькі хвілін...

Дзіяна СЕРАДЗЮК

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А дзясятай раніцы ля будынка ДАІ збіраюцца групы. Выкладчыкі аўташкол раздаюць дакументы і вядуць натоўпы курсантаў па адпрацаваным маршруце: фота — тэорыя —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика