І ў... 68 гадоў ісці вучыцца не позна. 21.by

І ў... 68 гадоў ісці вучыцца не позна

12.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

56-гадовая Святлана Рыжова з Баранавіч яшчэ нядаўна ніяк не магла зразумець, што людзі знаходзяць у камп'ютары, чаму так доўга за ім сядзяць. А цяпер сама гатова праводзіць перад маніторам цэлыя вечары.

"Цяпер я магу знаходзіць розную інфармацыю ў інтэрнэце, умею карыстацца электроннай поштай, — распавядае яна. — Знайшла ў інтэрнэце свайго аднакласніка, з якім калісьці, 45 гадоў таму, у 2 класе за адной партай сядзела! І мы зараз падтрымліваем зносіны. Ён працуе ў Санкт-Пецярбургу, і столькі за гэтыя гады адбылося ўсялякіх падзей! А яшчэ знайшла сваю сяброўку, якая зараз жыве ў Канадзе!"

Святлана Юр'еўна прыйшла на камп'ютарныя курсы, арганізаваныя Баранавіцкім гарадскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, каб адвесці душу. "Я толькі выйшла на пенсію, і тут жа зламала нагу. Было вельмі сумна — і тут пачула па радыё пра гэтыя курсы. Запісалася і стала хадзіць на заняткі... У нас тут была сітуацыя: недзе на трэцім занятку я так захапілася, што забылася ў класе свой кіёк, з якім хадзіла пасля пералому. Была кантрольная работа, я баялася, што не спраўлюся, а аказалася, што ў мяне ўсё атрымалася. І я выбегла пасля занятку на вуліцу, адчуваючы сябе такой шчасліваю! Раптам чую, мяне клічуць. Павярнулася, а за мной бягуць з маім кійком... І як я ішла без яго?" — усміхаецца Святлана Юр'еўна.

"Мне падарылі камп'ютар, трэба было яго асвоіць, — распавядае яшчэ адна наведніца курсаў, 68-гадовая Яўгенія Пілюшына. — Цяпер я ўжо размаўляю з мужам па скайпе, ён зараз часова ў Маскве...". Яўгенія Аляксееўна навучылася набіраць тэкст, працаваць з ім. "Учора да мяне прыходзілі госці, я ім паказала ўласнаручна набраную і раздрукаваную старонку", — з гонарам гаворыць яна. І дадае: "Я вельмі ўдзячная за гэтыя курсы. У Аксаны Юр'еўны, нашай выкладчыцы, добрыя педагагічныя здольнасці. Я ўсім кажу, што ў нас вельмі добры выкладчык. Я неяк ужо пачынала вучыцца на падобных курсах, і тады вучоба здалася мне такім манатонным і сумным заняткам... А з Аксанай Юр'еўнай зусім іншая справа".


— Дзякуючы камп'ютарным курсам, нашы жанчыны зноў становяцца студэнткамі. Вядуць канспекты і вельмі сур'ёзна ставяцца да хатніх заданняў! Гэта вельмі ўдзячныя студэнткі! Яны вельмі стараюцца, ставяцца з такой кранальнай сур'ёзнасцю да любой заўвагі і расцвітаюць ад самай найменшай пахвалы, — усміхаецца іх выкладчыца Аксана.

***

Камп'ютарны гурток існуе ў тэрытарыяльным цэнтры з 2008 года. За гэты час навучанне прайшлі 150 чалавек. А зусім нядаўна, у лістападзе мінулага года, быў створаны новы клас з абсталяванымі 6 камп'ютарнымі месцамі, падлучанымі да інтэрнэту. "Сумесна з Баранавіцкім экалагічным саюзам і з Шведскім бокам мы ўвасобілі ў жыццё праект "Стварэнне месцаў доступу да рэсурсаў інтэрнэт для сацыяльна неабароненых жыхароў Баранавіч", — кажа дырэктар Баранавіцкага ТЦСАН Вольга ЗЯНЬКЕВІЧ. — Навучаем пенсіянераў і дзяцей з няпоўных і няўдалых сем'яў. Наш цэнтр рэалізуе праект з пажылымі людзьмі. А цэнтральная гарадская бібліятэка, што размешчана побач з намі, працуе з дзецьмі. У іх абсталяваны тры працоўныя месцы. Дзяцей вучаць не проста загружаць фільмы, а карыстацца інтэрнэтам як сістэмай ведаў".

— Што датычыцца пажылых людзей, то наша задача дапамагчы ім пераадолець пачуццё адзіноты, даць магчымасць зносін адзін з адным, ды і проста палегчыць ім жыццё, — пераканана Вольга Леанідаўна. — Мы вучым сваіх падапечных аплачваць паслугі праз інтэрнэт, запісвацца з яго дапамогай да доктара, вучым, як даведацца расклад цягнікоў — гэта значыць выкарыстоўваць па максімуме неабходную інфармацыю, якую можа даць глабальная сетка. Гэта дазваляе ім пазбегнуць чэргаў і сэканоміць сілы. Вучым мець зносіны па скайпе з дзецьмі, якія жывуць далёка. Сацыяльныя сеткі — гэта таксама новы спосаб зносін, пошуку аднадумцаў, старых знаёмых і іншых людзей, з якімі іншым спосабам ніколі б не пазнаёміўся.

Ахвотных навучыцца працаваць на камп'ютары шмат, кажуць у тэрытарыяльным цэнтры. Але сярод іх ёсць людзі, якія не хочуць ісці вучыцца ў групе. Таму цяпер на базе каледжа лёгкай прамысловасці і гарадскога аддзела моладзі сабрана валанцёрская група са студэнтаў, якія прыходзяць да пажылых людзей на дом і навучаюць іх працы з камп'ютарам. "Самае галоўнае пры гэтым — мы вучым маладых людзей кантактаваць з пажылымі, — сцвярджае Вольга Зянькевіч. — А пажылыя падапечныя дзякуючы гэтаму нават павышаюць свой аўтарытэт ва ўнукаў. "Я сказала ўнуку, што ўзяла песню ў інтэрнэце... І ён мяне нават больш запаважаў пасля гэтага!" — хвалілася мне адна жанчына.

Праект разлічаны на год. Дзякуючы яму, плануецца навучыць рабоце з камп'ютарам 120 чалавек. У тэрытарыяльным цэнтры перакананы, што магчымасць віртуальных зносін, якая з'явіцца ў іх падапечных пасля заканчэння камп'ютарных курсаў, упрыгожыць і ўзбагаціць іх жыццё.

Святлана БУСЬКО,

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
56-гадовая Святлана Рыжова з Баранавіч яшчэ нядаўна ніяк не магла зразумець, што людзі знаходзяць у камп'ютары, чаму так доўга за ім сядзяць. А цяпер сама гатова...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика