Гэта — снежань...
23.03.2013
—
Новости Общества
|
Як там у песні? Перафразуючы — "Такого снегопада, такого снегопада во век не знали здешние места...". І сапраўды — завея, замець... Адно слова — цыклон! Назаўтра, калі ён сышоў, толькі і размоў было, што на тэму "дзе, хто і колькі" — гадзін прастаяў (на прыпынках ды ў заторах), вёрст прайшоў, аварый пабачыў... І што перажыў: — Раніцай з пад'езда выйшаў, — расказвае прыяцель, — машыны няма... Скралі?! Прыгледзеўся — не, дзякуй Богу: краёк бакавога люстэрка з гурбы тырчыць. ...Гаспадару — сам жа машыну ставіў — той краёк разгледзець лягчэй было. Трактарыстам цяжка: адзін, казалі, расчышчаючы вуліцу, на падобную "гурбу" пару "коўшыкаў" снегу насыпаў — пацвердзіў крылатае: на каго Бог, на таго і людзі. Ёсць порах! Горад, дзень, вірлівы праспект. З яго (насустрач) — знаёмая постаць: сусед... Надоечы бачыліся, размаўлялі, так што цяпер, кіўнуўшы, можна размінуцца, але... На плячы ў яго — штось белае... Спыняю... Здымаю з пухавіка пёрка, пытаю: — Што — сыплецца? — Дык пух жа не пясок, — усміхаецца той, пацвярджаючы мудрае: можна пры сустрэчы абмяняцца вітаннямі. Але лепей — усмешкамі. Не пра боты Дзве жанчынкі — дзве сястры, адной маці дочкі. Бацькі ў іх, праўда, розныя. Як і ўзрост: старэйшая — яшчэ даваенная, малодшая — ужо пасля... Днямі ў госці зайшлі. — Як вам мая абноўка? — спытала маладзейшая, выцягнуўшы нагу і пакруціўшы наском прыгожага бота. — Надоечы па зніжках купіла. — Мне таксама трэба было б, — цяжка ўздыхнула старэйшая. — Але ж гэту зіму ў старых дахаджу, а да новай — уга... Можа, ці дажыву яшчэ... І што тады? Дачка ж мае боты насіць не будзе, нявестка — таксама. Яшчэ выкінуць — новыя. ...Дзве жанчынкі, дзве сястры — родныя і розныя. Умела ўзяць... Чуткам пра тое, што сын яе ў горадзе гуляе "з нейкай бабай і дзецьмі", маці не верыла. Бо не хацела: не дурны ж ён, не стары, не брыдкі, не калека, не зломак... Пакліча — сем дзевак прыбяжыць. Аднак дзеўкі яго чамусьці не вабілі — да ўдавы прыкіпеў! "Счаравала, — шумела вёска, — нечым апаіла, далібог!.. Да варажбітак едзь, — раілі матулі. — Вокны ёй пахвашчы... Прасіся... Забарані!" Маці (сама ўдава) усё слухала, усё перажывала, але сына маліла аб адным: "Думай"... Мусіць, запозна гэта было? Мусіць, ён усё ўжо вырашыў? Ажаніўся, удачарыў яе дзяцей, роднае праз год дабавіў... Бабуля не дзяліла іх (што ўжо тут дзяліць?): чым магла дапамагала. Выраслі — азірнуцца не паспела. А сама — паслабела. На зіму сын у горад забраў, да сябе. Акрыяла там — хоць партрэты пішы: шчочкі ружовыя, апраткі чысцюткія... І паправілася крыху. "Ведама, — усміхаецца, — добрае ўжываю, нічога не раблю..." І праз паўзу, з гонарам: "...Нявестка не дае — усё сама ды сама... Яшчэ і падлогі кожны вечар памые. Я ёй — пасядзі, нахалеру? А яна — каб паветра свяжэйшае было. Вы ж да свежага дома прывыклі?" ...Беларуская прымаўка: "Пазычай — як умееш, аддавай — хораша". Адна пчала мёду не наносіць Самае складанае мастацтва — быць на зямлі чалавекам. не так важна, кім пры гэтым працуючы. Пракопавіч вось — дворнікам: прыбірае ў доме пад'езды, чысціць тратуары — акуратна, сумленна, з павагай да жыльцоў... Што, дарэчы, узаемна! Бо снег пасля тога цыклону поруч з ім раскідвалі з дзясятак мужчын. Казалі: — У нас — сапраўдны суботнік. Дзед папраўляў: — Талака! Пошукі слоў Здалёк... Сінонім — паводле анекдота — гэта слова, якое мы ўжываем, калі не ведаем, як напісаць патрэбнае. <І>Нямала , напрыклад, гэта шмат, гэта процьма, гіблота, хмара, лавіна, гэта да халеры, мільён, ці без ліку, па вушы, па горла, як сабак, хоць вазамі вазі і г.д. У слове вёска памылкі, відаць, не зробіш. А, між тым, сінонімы ёсць, бо яе, невялічкую, можна назваць засценкам, вялікую — ужо сялом, яшчэ большую і з прыкметамі горада (места) — гарадскім пасёлкам, мястэчкам... З хат яны... А яшчэ — з катэджаў (паводле слоўніка — невялікіх жылых дамоў у прыгарадзе), з асабнякоў (дамоў багатых уласнікаў), з маёнткаў — панскіх сядзіб (яны да нас, здаецца, вяртаюцца?), часам — нават з палацаў (вялікіх, раскошных, багатых будынкаў)... Апошнія, вядома ж, ужо з "наваротамі", гэта значыць, з летнімі садамі, з гаражамі, з лазнямі, само сабой — з усімі выгодамі. Што ўжо казаць пра ванныя?! Дык вось, пакойчыкі гэтыя калегі па пяру ўсё часцей называюць — лазенькамі. Недакладна, як падавалася. Бо лазня ўсё ж ад слова лазіць — на палок. Тут жа... Зрэшты, тут — гарачая вада, тут цёпла, тут, паводле слоўніка, спецыяльнае памяшканне, дзе мыюцца. Тут, урэшце, таксама можна залезці — у ванну. Дык чаму б не лазенька? Тым больш — калі гэтак гучыць? Без адказу Коратка гэту гісторыю распавесці цяжка, але... Адна з нашых жанчын запрасіла да сябе італьянца (дарэчы, прафесара). Той прыляцеў — на тры дні. І, на жаль, адразу ж меў непрыемнасці. Першая: у аэрапорце яго затрымалі, каб высветліць, ці не на продаж вязе тры пакуначкі сыру. Другая — і там жа, у аэрапорце — дзяўчына, якая разумела хіба па-руску, выпісала яму страхоўку на два дні (замест трох), чаго ён не заўважыў... Трэці "сюрпрыз" атрымаў назаўтра, калі з "прымаючым бокам" паўдня прастаяў у чарзе на рэгістрацыю — прычым... марна, бо як высветлілася, за яе трэба было папярэдне, у банку, заплаціць пошліну... Але і на гэтым прыгоды італьянца не скончыліся: на паслязаўтра зноў была доўгая і... марная (з-за памылкі са страхоўкай) чарга на рэгістрацыю — давялося наведаць дзяржстрах. І толькі ў дзень адлёту... Гэтая гісторыя міжволі нагадала іншую, на першы погляд — нічым не падобную. Знаёмец на службовай машыне суправаджаў замежную фуру з каштоўным грузам. Кіроўца яе (на нашай тэрыторыі) сказаў (справа жыццёвая), што добра б спыніцца — ля "маленькага дамка" па вялікай патрэбе. Што прасцей, як здавалася, бо тыя дамкі ля дарогі ёсць! Але ж замежнік аказаўся з форсам: не падабаліся яму — ні цёплая прыбіральня з брудным унітазам, ні халодная ў лесе, без унітаза ўвогуле. У надзеі на нешта лепшае яны ехалі далей... А спыніліся ў чыстым полі, раптам. Кіроўца той куляй выскачыў з кабіны — хацеў адбегчыся крыху, але дзе там — снег па калені... Што, магчыма, важна, абодва памянёныя госці ў краіне былі ўпершыню. Пытанне: чым іх трэба было карміць і паіць, што паказваць і расказваць, як забаўляць, каб згладзіць першае ўражанне, каб зацікавіць іх прыехаць яшчэ? Каб не чуць ...Тэлевізараў (дакладней — плазменных экранаў) у грамадскім транспарце іншых краін яшчэ не бачылі. Зрэшты, не так шмат дзе былі, не ўчора прыехалі ды і перамяшчаліся там пераважна пехам. Іншая справа тут, у Мінску: ездзіць даводзіцца шмат! "Тэлевізар" глядзець — таксама. Што паказваюць? Усё тую ж рэкламу — вокнаў, швабраў, нажоў, станікаў, нейкіх курсаў, магазина "Кали ласка" (менавіта так!)... І гэта шчасце, калі ехаць трэба хвілін 10-15. А калі з гадзіну? І дзень пры дні... Хоць-нехаць пазайздросціш тым, хто, не могучы выключыць "тэлевізар" (бо гэта ж не дома), "выключае"... сябе: затыкае вушы навушнікамі і заплюшчвае вочы. Каб б не чуць. Каб не бачыць. Яшчэ і ў дарозе. У гасцях як дома? Горад. Метро. У вагонах — доўгія лаўкі... Але ж спрэс занятыя. На адной — чародка замежнікаў, мусіць, студэнтаў: сядзяць, гамоняць пра штось. А побач — бабулька... Не іначай з рынка, бо з цяжкою сумкай і змарыўшыся... Моўчкі стаіць. Красамоўнае: "Панаехалі тут..." у яе на твары напісана. Радня... Да паўдня Бацька гэтай жанчыны і доўга жыў, і добра памёр: у лузе, з граблямі ў руках, на 98-м годзе жыцця. Дачцэ яго цяпер меней, але ж, мусіць, па бацьку пайшла — рухавая, бадзёрая, а ўжо памяць... У лютым, праўда, за тэлефон заплаціць забылася. Сказала (першы раз, на 91-м годзе жыцця!): "Напэўна, гэта старасць". І пра смерць пачала гаварыць. Маўляў, ні дзяцей у мяне, ні ўнукаў. Хто пахавае? Суседка суцешыла. І якія ж словы знайшла! Сказала: "Ты памерці не паспееш, як радня прыбяжыць!". ...Мела рацыю, бо гэта — ці не прыкмета часу: як даглядаць чыюсьці старасць, дык ахвотных вобмаль, як спадчыну прыняць — цэлая чарга. І смачна есці! ...Гасцінец перадалі: невялічкі пакунак з шакаладам, пакуль — нябачаным. Значыць, трэба пакруціць у руках. Назва на ўпакоўцы... Ніжэй — прыпіска (драбяза, як той казаў, але ж прыемная): "12 пасланняў для цябе"... Яно ж цікава, якіх? Пад першай цукерчынай, на абгортцы, надпіс: "Пустое хваляванне ні ў чым не дапаможа. Адпусці сітуацыю — убачыш, усё вырашыцца", пад другой — "Можа, лепей узяць паўзу і ўсё абдумаць?", пад трэцяй — "Навошта чакаць, калі можна зрабіць першы крок?" Смачныя цукеркі! Еў бы і еў! Досыць слушныя парады — чытаў бы і чытаў! Бо цікава ж, якія там яшчэ — у гэтым пакуначку. А ў іншым — будзе 12 іншых? Ці тых самых? На што толькі не ідзе разумны вытворца, чаго не прыдумае, каб "скарміць" нам сваю прадукцыю! Гэта — снежань... — Пасажыры, аплачваем праезд! — нясецца з хваста аўтобуса: высокая, "шырокая" (асабліва ў клубах) кандуктарка "плыве" па пустым праходзе, час ад часу спыняецца, каб, што называецца, "павісець над душой": "Што ў вас?" — Праязны, — кажу, што дакладна ведаю. — Прад'яўляйце! — загадвае жанчына. Гэта лёгка: дастаю кашалёк, адтуль праязны — першы, што трапіў пад руку, за... снежань. — Дзякуй, — здавальняецца жанчына. Можа, не ведае, што снежань — гэта зусім не сакавік? А можа, наадварот — болей верыць не таму, што напісана на маленькай казённай паперцы, а таму, што бачыць за вокнамі: там... снежань. Валянціна ДОЎНАР Ад рэдакцыі. Кніга мініяцюр журналісткі "Звязды" Валянціны Доўнар "Каб сказаць... І пачулі" прадаецца пакуль у кнігарнях. Пытайцеся. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як там у песні? Перафразуючы — "Такого снегопада, такого снегопада во век не знали здешние места...". І сапраўды — завея, замець... Адно слова — цыклон!
|
|