«Капелюшы» ад Рагачоўскай гімназіі. 21.by

«Капелюшы» ад Рагачоўскай гімназіі

02.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каля 150 юных даследчыкаў у розных галінах навукі з'ехаліся ў Рагачоў, каб паспрачацца за тры "капелюшы": залаты, сярэбраны і бронзавы. Менавіта такія ўзнагароды чакалі пераможцаў адкрытага фестывалю "КалегіУМ-2013". Гімназія Рагачова пяты раз на вясенніх канікулах збірае школьнікаў не толькі Гомельскай вобласці. Сёлета былі прадстаўнікі нават расійскіх райцэнтраў Клімава і Кацельнікі.

Каб дзеці з розных гарадоў хутчэй адаптаваліся да ўмоў фестывалю, дарослыя стварылі для іх лабараторыю творчага майстэрства, мэтай якой было здружыць дзяцей. Дарэчы, арганізатары прапанавалі трактаваць тэкст вядомай казкі "Калабок" з пункту гледжання розных навуковых кірункаў: напрыклад, хіміі, англійскай мовы або права... І дзеці далі волю фантазіі. Яны параўноўвалі Калабка з аналагічным англійскім персанажам Джымі-пончыкам, вывучалі яго хімічны састаў пасля прагулкі па лесе і нават прыйшлі да высновы, што з пункту гледжання права толькі Ліса зрабіла добра, калі з'ела Калабка. Такім арыгінальным чынам, на погляд школьнікаў-філосафаў, яна абараніла яго ад негатыўнага ўплыву вуліцы. Чаго не зрабілі іншыя звяры ў лесе. Акрамя атмасферы агульнай весялосці, арганізатары змаглі дабіцца таго, што дзеці хутка перазнаёміліся, і працаваць разам далей ім было значна лягчэй.

Каб навукоўцы-пачаткоўцы адразу адчувалі вяршыню, да якой трэба імкнуцца, секцыі, у якіх яны прадстаўлялі свае работы, назвалі па імёнах вялікіх дзеячаў мінулага розных эпох: "Герадоты", "Эйнштэйны", "Ламаносавы", "Калумбы", "Шэкспіры" і "Пушкіны". Інтэлектуальны марафон доўжыўся тры дні пад куратарствам прафесіянальных навукоўцаў: выкладчыкі ГДУ імя Скарыны ўзялі будучых калег пад сваю апеку і судзілі іх строга, але справядліва.


Між тым, настаўнікі толькі здзіўляліся разнастайнасці інтарэсаў дзяцей. Кіраўнік секцыі "Герадоты" Таццяна Сталярова гаворыць, што дзеці прадставілі арыгінальныя краязнаўчыя даследаванні, напрыклад: "Гісторыя аднаго чалавека ў незвычайнай біяграфіі рудабельскай зямлі", "Званы гомельскіх праваслаўных храмаў у ХХ-ХХІ стагоддзях":

— Гомельскі гімназіст Кірыл Сафонаў зацікавіўся надпісамі на званах. Ён гутарыў з манахамі, свяшчэннікамі, рабіў фота і відэаздымкі. Усё гэта ён прадставіў, калі прэзентаваў сваю работу. Дарэчы, 10-класнік заняў першае месца ў інтэлектуальным марафоне і ў конкурсе красамоўнасці. Самая юная ўдзельніца фестывалю — пяцікласніца нашай гімназіі Аксана Ганчарова — расказвала пра калыханкі. Яна прымусіла ўсіх не толькі ўспомніць, але і праспяваць іх разам. А Анастасія Падалякова з нашай гімназіі, якая ўрэшце атрымала "Сярэбраны капялюш", прадставіла цікавае даследаванне на тэму: "Я памятаю цудоўнае імгненне...", ці Як гэта гучыць на беларускай эстрадзе". Аказалася, дзеці добра разумеюць недасканаласць тэкстаў, якія гучаць са сцэны і экрана.

— Школьнікі, якія прадстаўлялі свае даследчыя работы на секцыі "Ламаносавы" — а гэта будучыя хімікі і біёлагі, — здзівілі ўсіх сваімі даследаваннямі, — расказвае Марыя Храмцова, выкладчык біялогіі Рагачоўскай гімназіі. — Прэзентавалі яны свае работы вельмі эмацыйна і маляўніча. Наша 8-класніца Даша Сарокіна даследавала магчымасці натуральных фарбавальнікаў. Дзяўчынка сама іх атрымлівала з раслін, афарбоўвала тканіны і расказвала, дзе можна прымяняць: пры вытворчасці адзення для дзяцей, для тых, хто церпіць ад алергічных захворванняў, у харчовай прамысловасці... А яшчэ прадэманстравала, як можна велікодныя яйкі пафарбаваць лісцем маладой бярозы, сокам шпінату, чырвонакачаннай капусты або маркоўным. Картузава Алеся абгрунтавана даказвала, што хатнія прадукты больш карысныя: яны змяшчаюць больш бялку, чым купленыя ў краме. Абсалютным пераможцам і ўладальнікам "Залатога капелюша" стаў 10-класнік са Светлагорска Арцём Токачаў. Яго навуковая праца "Уплыў мінеральных угнаенняў на дынаміку нарастання зялёнай масы цыбулі, на колькасць і карэляцыю нітратаў і вітаміну С, у залежнасці ад дозы і віду мінеральных угнаенняў" уразіла ўсіх. Гэта, можна лічыць, інструкцыя для "прасунутага" фермера.

Дарэчы, пакуль дарослыя адзначалі практычную накіраванасць многіх работ юных даследчыкаў, яны самі спаборніцтва розумаў успрынялі як магчымасць займець новых сяброў. І цяпер у віртуальнай прасторы актыўна падтрымліваюць стасункі ў сацыяльных сетках. Нездарма мяняліся адрасамі, фота- і відэаздымкамі.       Дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі "Гімназія г. Рагачова" Галіна Рубісава:

— У нас згуртаваны калектыў. Сярод гімназій Гомельшчыны летась мы занялі першае месца па выніках ЦТ. З выпускнікоў толькі адзін вучань паступіў у сярэднюю спецыяльную ўстанову, а ўсе астатнія — у вышэйшыя. Вядома ж, для вучняў самае галоўнае — гэта асоба настаўніка, які вядзе іх за сабой і часта ўплывае на прафесійны выбар. І ў нас такія выкладчыкі ёсць: хімік Валянціна Рабіна і біёлаг Марыя Храмцова. Іх вучні на працягу многіх гадоў аддаюць перавагу медыцынскім ВНУ краіны. Пры тым, што гімназія шматпрофільная і нашы выпускнікі паступаюць у розныя вышэйшыя ўстановы: ёсць і лінгвісты, і тэхнары. Валерыя Лісейчыкава, шматразовая пераможца алімпіяд, зараз вучыцца на перакладчыка ў Беларускім лінгвістычным універсітэце. Лера Казлова і Дзіма Сіманаў абралі Інстытут журналістыкі БДУ. Мы актыўна ўдзельнічаем у алімпіядным руху. Заўсёды імкнёмся не толькі ствараць умовы для атрымання адукацыі, але і фарміраваць асобу, здольную быць карыснай сучаснаму грамадству. Асобна імкнёмся працаваць з адоранымі дзецьмі. У тым ліку для гэтага пяты раз праводзілі фестываль юных даследчыкаў "КалегіУМ". Члены вучнёўскага навуковага таварыства "Гімназічная акадэмія" паспяхова абараняюць свае навуковыя праекты на абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях. Штогод гімназіст бярэ ўдзел у сярэднім у 6-8 прадметных спаборніцтвах і конкурсах. У нас гэта завецца "школай алімпійскага рэзерву". Па колькасці пераможцаў і прызёраў алімпіяд навучальная ўстанова сярод лідараў абласнога рэйтынгу.

Гімназія Рагачова вядзе адлік сваёй гісторыі адразу з дзвюх дат: з 27 ліпеня 1999 года, калі на базе СШ № 1 была створана навучальная ўстанова новага тыпу, і з 1882 года, калі жыхарка Рагачова Марыя Анісімава адкрыла чатырохкласны прыватны пансіён. У 1906 годзе ён быў пераўтвораны ў жаночую прагімназію, у 1909 — у гімназію. Яе ўтрыманне ажыццяўлялася за кошт платы навучэнцаў, дапамогі з гарадскога і земскіх бюджэтаў і ахвяраванняў гараджан. У 1917 годзе ў Рагачоўскай гімназіі вучылася больш за 400 дзяўчат. Выпускніцы гімназіі атрымлівалі сярэднюю адукацыю, а тыя, хто скончыў дадатковы педагагічны клас, — права працаваць настаўніцай пачатковай школы. Да 1918 года гімназія з'яўлялася цэнтрам культурнага жыцця дарэвалюцыйнага горада.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каля 150 юных даследчыкаў у розных галінах навукі з'ехаліся ў Рагачоў, каб паспрачацца за тры "капелюшы": залаты, сярэбраны і бронзавы. Менавіта такія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика