АЛЁ, Народ на провадзе. 21.by

АЛЁ, Народ на провадзе

10.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Помнік"

З даўніх часоў хаты ў нашай вёсцы людзі ставілі вакол вялікай балоціны. Зімой, калі вада замярзала, дзятва каталася па ёй на каньках і санках, летам — на самаробных плытах-"лінкорах". Да таго ж добры кавалак берага свінні штолета прыстасоўвалі пад свае "гразевыя ванны". Тут жа было поўнае раздолле для качак і гусей.

Як бачыце, "вадаём" у вёсцы быў вельмі запатрабаваным. Але пры гэтым, як ні дзіўна, нейкай пэўнай назвы не меў. Пакуль...

Непадалёк ад яго стаяла хата маладога мужчыны (звалі яго Сямёнам), і разам з ім у той хаце жыла яго жонка Сахвея ды пяцёра дзяцей. Па тым часе гэта — сям'я як сям'я, сярод вяскоўцаў нічым такім не адметная. Хіба што...

Гаспадар, той самы Сямён, дужа ж любіў танцаваць!

Клуба ў той час у вёсцы не было. Гулянкі ладзіліся ў хатах — пад гармонік. Дык вось — варта было яму загучаць, Сямён тут жа выходзіў у круг, на сярэдзіну. А далей... Ногі яго пачыналі вырабляць такія дзівосныя выкрутасы, рукі выпісваць такія галаваломныя фігуры...

І ўсё б нічога, калі б падчас іх выканання, не чапляўся танцор за... танцорак — за розныя вабныя выступы на жаночых фігурах. У хаце тады раздаваўся гарэзлівы піск альбо залівісты смех, якога проста цярпець не магла Сахвея, жонка Сямёна: яна ўцякала з тых вечарынак, бо страшэнна раўнавала...

Гэта пачуццё яшчэ больш абвастрылася пасля Вялікай Айчыннай вайны: многія жанчыны, у тым ліку і зусім маладыя, засталіся ўдовамі. І таму пасля танцаў у Сямёнавай хаце ўсё часцей і часцей усчынаўся лямант, жаночы і дзіцячы плач, біўся посуд. Часам пасля такіх "выхаваўчых працэдур" Сямён хадзіў у сіняках і драпінах. Але ж не прызнаваўся, што гэта жончына работа, казаў, што ў лесе быў, што зачапіўся, паваліўся... Нехта верыў, нехта не. Але ж аднойчы...

— Усё! Хопіць! Лопнула маё цярпенне! — пракрычала Сахвея, кіруючыся да балоціны. — Не буду жыць з гулякам і бабнікам!

— Кінь, дурніца! Ну нічога ж не было, — ідучы следам, апраўдваўся мужык.

— Як не было?! Кабель ты пракляты... Вочы б цябе не бачылі... Пайду... Утаплюся!

З гэтымі словамі жанчына і сапраўды пайшла па вадзе. І ішла як быццам доўга, далёка... Але ж вада ўсё роўна была... да калена, бо лета на дварэ, самая спёка.

Убачыўшы, што намер, відаць, не спраўдзіцца і ўтапіцца не ўдасца, Сахвея ў адчаі спынілася на сярэдзіне "вадаёма" і... села.

— Уставай, ідзі назад, — прасіў яе мужык. — Тут не ўтопішся... Ідзі вунь на рэчку, там глыбей будзе...

— Дык ты, гад, хочаш, каб я ўтапілася?! Каб рукі табе развязала?! Дык жа не! Не дачакаешся, не будзе такога! На зло табе тапіцца не пайду!

Падабраўшы мокры падол спадніцы, Сахвея горда, падняўшы галаву, пакіравала да берага...

Пасля гэтага выпадку балоціну сталі называць Сахвеінай.

Што цікава, у 70-я гады мінулага стагоддзя калгасны брыгадзір, казалі, вырашыў яе акультурыць, прыдаць сучасны выгляд, развесці люстраных карпаў... На "аб'ект" падагналі і бульдозер, і экскаватар. Магутная гэта тэхніка. І зрабіла яна ўсё, што задумана. Але ж... вада пасля гэтага некуды сцякла і з'яўляецца цяпер толькі пасля паводак.

Месца між тым усё роўна называецца... Сахвеінай лужай.

У.С. ПІШЧУЛІН,

г. Мінск.

Цвёрда трымаўся юнак...

...Ніна Іванаўна, настаўніца нямецкай мовы, вітала ўкараненне новых педагагічных тэхналогій, для размоў з вучнямі заўсёды старалася выкарыстоўваць розныя гульнявыя элементы. Аднойчы, напрыклад, яна прынесла на ўрок экспанаты са школьнага музея.

— Будзеш сёння ў ролі палоннага, — працягнуўшы нямецкую каску, прапанавала Івану — не лепшаму з сямікласнікаў, але самаму росламу. — Выйдзі ў калідор. Па цябе хутка прыйдуць.

І сапраўды — амаль тут жа прыйшлі — два выдатнікі, у злінялых армейскіх пілотках. Яны пад рукі ўвялі "языка" ў клас, паставілі ля дошкі.

— Як прозвішча? — строга спыталі па-нямецку.

Іван "выдаў"...

— Колькі танкаў у часці?

"Аблом", як той казаў, — "немец" маўчыць...

Што ў такім выпадку рабіць, выдатнікаў вучыць не трэба, ім шматлікія фільмы "падказалі": ну вядома ж, "настукаць" па касцы: "Каліся, фрыц!"

Той жа замест гэтага... даў ім здачы.

— Нашых б'юць! — згледзеўшы тое, закрычаў нехта з класа, і дзеці кінуліся на "немца".

Усё адбылося настолькі хутка, што настаўніца разгубілася, не на жарт перапужалася і ледзьве спыніла бойку.

Потым, калі дзеці ўжо расселіся за парты, ціха прамовіла першае, што прыйшло ў галаву:

— Цвёрда трымаўся юнак на дапросе... Не выдаў ваенную тайну.

І толькі, нарэшце, калі ўрок ўжо скончыўся, бедная Ніна Іванаўна падумала, што выдаць яе, тую тайну, Ваня проста не мог — бо, вядома ж, не ведаў... А тым больш — як гэта сказаць па-нямецку. Таму, распачаўшы бойку, ён проста пацягнуў час — у чаканні званка.

Браніслаў ЗУБКОЎСКІ,

г. Мар'іна Горка.

Порткі для "хатняга нашэння"

У гісторыі Заходняй Беларусі 50—60-я гады мінулага стагоддзя былі перыядам прымусовай калектывізацыі. Людзі ўцякалі ад яе хіба па вярбоўцы, бо куды ты з'едзеш без пашпарта, хто цябе возьме на працу і дасць жытло...

Таму, відаць, нават у самых невялічкіх вёсках моладзі было не менш, чым у сучасным аграгарадку. У прыватнасці, на палявыя работы, на касьбу выходзіла чалавек па 60, а то і болей.

Дык вось неяк брыгадзір абвясціў: заўтра косім сена на Балотах (гэта — уздоўж Вяты. Яшчэ за польскім часам рэчку спрасцілі для сплаву лесу, прыкапалі канавы, атрымалася сенажаць, а вось назва — Балоты — засталася дагэтуль).

Назаўтра, з усходам сонца, на іх нібы чарада белых лебедзяў апусцілася: касцы, усе ў кужэльных кашулях (крамныя надзявалі толькі на свята) урэзаліся ў мурог сваімі "літоўкамі"...

Працавалі шчыра гадзіны са дзве, пакуль не паступіла каманда на перакур.

Сабраліся на яго каля берага — абмылі ў рэчцы рукі і твары, папілі вадзіцы, падаставалі курыва. Ім у асноўным быў тытунь-самасад, крамная махорка, "карашкі" — хіба ў некаторых.

Засмалілі і тут жа распачалі жарты, бо, вядома ж, згледзелі мужыкі, што Вінцук прыйшоў на касьбу ў ватных портках. Сказаў, што лягчэйшыя ўчора спэцкаў ушчэнт — гліну мясіў для муроўкі. Жонка памыла іх, а высахнуць не паспелі. Дык што рабіць? У "касцельных" жа на работу не пойдзеш, лепш ужо у ватніках...

Але хто ў гэта паверыць, калі тут жа знайшоўся сведка, які "бачыў", як Вінцук вечарам зайшоў да маладой удавіцы, як жонка застукала іх, і як мужык уцякаў — у адных сподніках...

Касцы, лежачы на жыватах (каб не застудзіць разагрэтыя спіны) рагаталі... Сусед Вінцука курыў махорку і акурак незнарок кінуў на ватнікі, якія памалу сталі смылець... Пацягнула едкім смуродам. Многія з мужыкоў закруцілі насамі.

Вінцуку між тым пачало прыпякаць, але ж ён лічыў, што гэта ад сонца.

Калі ж прыпякло мацней, ён схапіўся рукамі за азадак, зароў ад болю і куляй кінуўся ў рэчку. Такім чынам ён уратаваў сваё цела.

А што да портак... Ліха з імі, потым сказаў:

— Жонка латку паставіць і буду насіць. Бо гэта ж не касцельныя.

Альфрэд ТЫЧКО,

в. Ідолта, Мёрскі раён.

"За здароўе — маліцеся..."

Гэту гісторыю мне расказаў знаёмы святар.

Неяк, значыць, спыніў яго інспектар ДАІ і давай шукаць, да чаго б прыкалупацца, за што б такое штрафу ўляпіць? І тое праверыў, і гэта, нават у аптэчку зазірнуў — паглядзеў на лекі (ці не скончыўся тэрмін прыдатнасці)...

Не вытрымаў святар, кажа хлопцу: "Вось ты тут прыдзіраешся, нешта вышукваеш, а я ж штодня за тваё здароўе малюся і людзей пра гэта прашу". "Як гэта? — здзівіўся міліцыянер. "А так, — адказвае святар, — на кожнай службе выгаласы раблю: "Яшчэ молімся за краіну нашу, за ўлады і воінства яе". Ты ж з гэтай кагорты? Прадстаўляеш уладу? Значыць, малітвы нашы і за цябе".

Словы гэтыя даішніку, мабыць, даспадобы прыйшліся, але ж і ад гэтага ён сваю "рэвізію" не спыніў, закамандаваў: "Паміргайце фарамі". Кіроўца паслухаўся — некалькі разоў пераключыў святло. І ўжо потым, нібы разважаючы, дадаў: "Праца і сапраўды ў вас небяспечная: усё на ёй можа здарыцца... То буду прасіць у Бога сканання хрысціянскага бязбольнага, неганебнага, добрага адказу на судзе Божым" (паводле літургічных правілаў, такі выгалас падчас службаў сапраўды заўсёды вымаўляецца).

Але ж правяральшчык яго, мусіць, ніколі не чуў, бо вельмі ж быў уражаны! Ён неяк адразу прыгнуўся, прыціх, змізарнеў і, вяртаючы кіроўцу дакументы, ужо міралюбіва папрасіў: "За здароўе, бацюшка, маліцеся, а вось хрысціянскага сканання, ці як там у вас, прасіць не трэба".

Валерый ГАЎРЫШ,

г. Чавусы.

* Даслоўна святар прамаўляе: "Христианские кончины живота нашего, безболезненныя, непостыдныя, мирныя и доброго ответа на страшном судище Христовом просим".

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Помнік" З даўніх часоў хаты ў нашай вёсцы людзі ставілі вакол вялікай балоціны. Зімой, калі вада замярзала, дзятва каталася па ёй на каньках і санках, летам —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика